сацыялагічная тэорыя, змест якой складаюць законы і катэгорыі, што вызначаюць працу як неабходную ўмову жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Аб’ектам С.п. з’яўляецца праца як з’ява і як працэс у іх сац. накіраванасці на чалавека, які працуе. Прадмет С.п. — сац.-тыповыя працэсы, якія адлюстроўваюцца ў адносінах чалавека да працы, яго прац. актыўнасці. Тыповым для С.п. з’яўляецца аналіз установак і паводзін чалавека ў залежнасці ад зместу і характару працы. У працэсе навукова-тэхн. прагрэсу тэхніка і тэхналогія вытв-сці ўдасканальваюцца. Гэта выклікае зменыпрац. функцый чалавека, суадносін ручной, механізаванай і аўтаматызаванай, а таксама фіз. і разумовай працы, ускладненне яе арг-цыі. Якасныя зрухі ў змесце працы ствараюць перадумовы для змены яе характару, што ў сваю чаргу ўплывае на змест працы, запавольвае або садзейнічае яе развіццю. Закон адпаведнасці вытв. адносін узроўню развіцця прадукц. сіл (К.Маркс) праяўляецца ў сферы працы ў выглядзе закону адпаведнасці яе характару і зместу; з’яўляецца адным з асн. законаў С.п. і стварае катэгарыяльны апарат дадзенай тэорыі.
С.п. развівалася пад уздзеяннем праблем, звязаных са зменай спосабу вытв-сці і адпаведнай зменай прац. адносін. Яе законы функцыянавалі і да ўзнікнення С.п. як навукі. Напр., закон падзелу працы ўзнік у рабаўладальніцкім грамадстве, эвалюцыйна развіваўся ў перыяд феадалізму і рэвалюцыянізаваў у 1950-я г. на этапе навукова-тэхн. рэвалюцыі. У працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай пачаў развівацца закон перамены працы, які рэвалюцыянізаваў амаль адначасова з законам падзелу працы. У капіталіст. вытв-сці пашырыў свае функцыі закон канкурэнцыі як асн. закон вытв-сці, які стымулюе развіццё законаў падзелу і перамены працы. З пачаткам фарміравання рыначнай сістэмы гаспадарання ў постсавецкіх грамадствах (1990-я г.) С.п. звязваецца з паводзінамі работадаўцаў і наёмных работнікаў у адказ на дзеянне эканам і сац. стымулаў да працы. Асн. акцэнт робіцца на эканам. стымулы, якія рэгулююць прац. паводзіны сац.-прафес груп. Большая ўвага аддаецца метадам аналізу і вырашэння прац. канфліктаў, сістэме сац. гарантый у сферы працы, сац. ін-там і механізмам сац. абароны работнікаў.
Літ.:
Штольберг Р. Социология труда: Пер. с нем. М., 1982;
Социология труда. М., 1993;
Маркович Д.Ж. Социология труда: Пер. с сербскохорв. М., 1997;
Адамчук В.В., Ромашов О.В., Сорокина М.Е. Экономика и социология труда. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТМА (ад грэч. asthma удушша),
1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз. напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.
2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВКБССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — М.М.Галадзед.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКЛА́СНАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА навучальная ўстанова ў Рас. імперыі. На Беларусі першыя аднакласныя пачатковыя вучылішчы існавалі пры манастырах каталіцкіх ордэнаў. Паводле Статута для прыходскіх вучылішчаў 1807 для дзяцей бедных рамеснікаў і сялян ствараліся аднакласныя пачатковыя вучылішчы з адным настаўнікам, якія мелі 6-месячны тэрмін навучання. Вучэбныя планы абмяжоўваліся практычнымі мэтамі. Паводле Статута 1828 дзейнасць аднакласных пачатковых вучылішчаў мела саслоўны характар. «Часовыя правілы для народных школ...» 1863 дазвалялі прыём у аднакласныя пачатковыя вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў; выкладалі Закон Божы, рус. мову, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, спевы. У сярэдзіне 1870-х г. на Беларусі было 50 аднакласных пачатковых вучылішчаў (36 з іх мелі жан.змены), у пач. 1890-х г. — 70 з 2-гадовым тэрмінам навучання. Паводле «Палажэння аб царкоўных школах праваслаўнага веравызнання» (1902) існавалі аднакласныя пач. школы царк. ведамства з 3-гадовым тэрмінам навучання (гл.Царкоўнапрыходскія школы). З павелічэннем ролі земстваў (1911) аднакласныя пачатковыя вучылішчы царк. ведамства не вытрымалі канкурэнцыі з земскімі школамі, дзе даваліся больш глыбокія веды, і сталі пераходзіць на земскае ўтрыманне (Віцебская, Магілёўская, Мінская губерні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ (ад анты... + лац. frictio трэнне),
матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.
Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазіты на аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГА́ДА ВЫТВО́РЧАЯ,
калектыў рабочых прадпрыемства, які сумесна выконвае адзінае вытв. заданне і нясе агульную адказнасць за вынікі работы; першасная ячэйка прац. калектыву. Брыгады вытворчыя бываюць: спецыялізаваныя (аб’ядноўваюць рабочых адной прафесіі, напр., брыгада слесараў), комплексныя (аб’ядноўваюць рабочых розных прафесій, для выканання асобных работ ці аперацый у іх складзе могуць стварацца спецыялізаваныя звенні), зменныя (ствараюцца з рабочых адной змены) і скразныя (аб’ядноўваюць рабочых, занятых у некалькіх зменах). Кіруе брыгадай вытворчай брыгадзір, які прызначаецца з членаў брыгады і, як правіла, не вызваляецца ад асн.вытв. работы. Найб. пашыраная форма аплаты працы рабочых брыгады вытворчай — здзельная заработная плата, якая размяркоўваецца паміж членамі брыгады з улікам адпрацаванага кожным рабочага часу і тарыфнага разраду. Для павышэння калект. зацікаўленасці і больш эфектыўнага выкарыстання прац., матэр. і фін. сродкаў брыгады вытворчай пераходзяць на брыгадны падрад: заключаюць дагавор з адміністрацыяй, паводле якога брыгадзе перадаецца частка маёмасці прадпрыемства, устанаўліваюцца вытв. заданні; заробленыя грошы размяркоўваюцца паміж членамі брыгады паводле прац. ўкладу кожнага, а пры калект. згодзе — з выкарыстаннем каэфіцыента прац. ўдзелу. З пашырэннем арэндных адносін брыгадна-падрадная форма арганізацыі і аплаты працы перарасла ў арэндны падрад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНУІ́ЗМ,
адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізму «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізму ўзмацнілася на пач.н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),
венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.
Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў індаеўрапейскай сям’і моў, адна з галін гэтай сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы). Па паходжанні германскія мовы ўзыходзяць да прагерманскай (агульнагерманскай) мовы, што існавала да н.э. У пач.н.э. ў ёй намецілася паступовае разгалінаванне на паўн.-, усх.- і зах.-германскія падгрупы. Паўн.-германская падгрупа ўключае ўсх.-скандынаўскія мовы (нарвежскую мову, ісландскую мову і фарэрскую — мову Фарэрскіх а-воў) і зах.-скандынаўскія (шведскую мову і дацкую мову). Найб.стараж. мова гэтай падгрупы — стараж.-ісландская (пісьмовыя помнікі 12 ст.). Усх.-германская падгрупа складаецца з мёртвых моў: бургундскай, вандальскай, гепідскай, герульскай і найб.стараж. — гоцкай мовы. Зах.-германская падгрупа ўключае англійскую мову, нямецкую мову, нідэрландскую мову, люксембургскую, фрызскую, а таксама афрыкаанс і ідыш. Асноўныя асаблівасці германскіх моў — перамяшчэнне зычных; моцны націск на першым (каранёвым) складзе; рэдукцыя ненаціскных складоў і адпадзенне зычных і галосных у канцы слова; камбінаторныя змены галосных у выніку асіміляцыі аблаут як парадыгматычны фактар і інш. З пункту погляду сучаснага становішча грамат. ладу германскім мовам характэрна імкненне да аналітызму.