тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл.Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).
Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл.Філагенез).
А.С.Леанцюк.
Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.
Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць ў хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.
Літ.:
Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ.Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял.Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл.арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс.чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац.груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),
прыгарад г.Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).
Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн.Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
рэвалюцыйная народніцкая арг-цыя ў Рас. імперыі ў 1876—79. Засн. ў Пецярбургу, назва з 1878. Арганізатары М.А. і В.А.Натансоны, А.Дз.Міхайлаў, Г.В.Пляханаў і інш. Складалася з «адміністрацыі» (кіруючы орган), груп «дзеравеншчыкаў», рабочай і дэзарганізатарскай. Філіялы арг-цыі меліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве і інш. Праграма — сял. рэвалюцыя, нацыяналізацыя зямлі, замена дзяржавы федэрацыяй абшчын. Прадугледжвала дзеянні, накіраваныя на «дэзарганізацыю дзяржавы» — знішчэнне найб. шкодных ці вядомых асоб з урада. Тэрарыст. акцыямі кіраваў «выключны камітэт». Па паліт. поглядах былі анархістамі, падтрымлівалі т.зв. федэралісцкі інтэрнацыянал, створаны М.А.Бакуніным. Выдавалі час. «Земля и воля», «Листок «Земли и воли» і інш. Урадавыя рэпрэсіі, рэзкае абвастрэнне паліт. незадаволенасці і наспяванне рэв. сітуацыі прывялі да стварэння фракцыі тэрарыстаў. Супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэв. прапаганды (Пляханаў і інш.) і абаронцамі паліт. барацьбы праз тэрор (Міхайлаў і інш.) прывялі да расколу «З. і в.» ў жн. 1879 на «Народную волю» і «Чорны перадзел». На Беларусі ў 1876—79 народніцкія гурткі існавалі пераважна сярод вучнёўскай моладзі — у Мінскай губ., Магілёве, Гродне, Горках. Сувязі з «З. і в.» ажыццяўляліся праз студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі, якія вучыліся ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (С.Кавалік, І.Грынявіцкі і інш.).
Літ.:
Ткаченко П.С. Революционная народническая организация «Земля и воля» (1876—1879 гг.). М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́Е ((Klee) Паўль) (18.12.1879, Мюнхенбухзе, каля г. Берн, Швейцарыя — 29.6.1940),
швейцарскі жывапісец і графік. Працаваў у Германіі, з 1933 у Берне. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1898—1901). З 1921 выкладаў у «Баўгаузе», у 1930—33 у Дзюсельдорфскай АМ. Чл. аб’яднання «Сіні коннік» (1911—14), адзін з заснавальнікаў маст.груп «Новая мюнхенская сецэсія» (1914), «Блакітная чацвёрка» (1924). Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П.Сезана і В.Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш. плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арган. ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ К. ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,
сістэма адносна ўстойлівых установак, перакананняў, уяўленняў, мадэлей паводзін, якія ўвасабляюць вопыт папярэдніх пакаленняў. Існуе на індывід. і паліт. узроўнях, праяўляецца ў дзейнасці суб’екта палітыкі. Уключае стэрэатыпы паліт. свядомасці і паводзін, уласцівых пэўнай сацыяльнай групе, устойлівыя традыцыі, дамінуючыя ўяўленні, тыповыя паліт. ўстаноўкі, каштоўнасці і арыентацыі. Характарызуе трываласць ведаў людзей у галіне палітыкі, іх разуменне сутнасці законаў, норм, грамадзянскіх правоў і абавязкаў, якія дзейнічаюць у краіне, фіксуе ўстойлівыя сувязі і адносіны паміж суб’ектамі грамадскага жыцця. У К.п. адлюстроўваюцца жыццёвыя інтарэсы і ўстаноўкі розных сац.груп і слаёў грамадства, класаў, нац. і канфесійных супольнасцей. К.п. выконвае функцыі назапашвання і перадачы паліт. вопыту, неабходнага для падтрымання ўстойлівасці і рэгулявання паліт. адносін, паліт. фарміравання асобы на аснове каштоўнасцей, што існуюць у грамадстве, забеспячэння грамадскіх суб’ектаў ведамі, неабходнымі для паспяховай дзейнасці ў сферы палітыкі, забеспячэння дыялогу і ўзаемаразумення паміж рознымі сац. групамі і слаямі грамадства. Найважнейшымі суб’ектамі фарміравання К.п. грамадства з’яўляюцца дзяржаўныя органы, паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, сродкі масавай інфармацыі, царква і інш. На развіццё К.п. уплываюць сац.-паліт. змены ў грамадстве, мэтанакіраванае ўздзеянне звонку і г.д.Навук. аналіз К.п. дазваляе суб’ектам палітыкі прагназіраваць паліт. паводзіны вял. мас людзей, садзейнічае прыняццю аптымальных і эфектыўных паліт. рашэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА,
маса малекулы, выражаная ў атамных адзінках масы; адна з канстантаў, якая характарызуе індывідуальнае рэчыва. М.м. роўная суме мас атамаў, што ўваходзяць у склад малекулы. М.м. (абазначаецца М або μ) уваходзіць у многія ўраўненні і суадносіны, якімі карыстаюцца пры разліках у хіміі і фізіцы. У хіміі і хім. тэхналогіі часцей карыстаюцца адноснай М.м. — безразмернай велічынёй, роўнай адносінам малярнай масы малекулы рэчыва да 712 малярнай масы атама вугляроду-12. Эксперым. вызначэнне М.м. неабходна для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў, а таксама пры даследаванні высокамалекулярных злучэнняў, уласцівасці якіх істотна залежаць ад іх М.м. (гл.Малекулярная маса палімера).
Асн. метадам вызначэння М.м. лятучых рэчываў з’яўляецца мас-спектраметрыя. Вызначэнне М.м. нелятучых і недысацыіруючых у растворах рэчываў заснавана на вымярэнні калігатыўных уласцівасцей (г. зн. уласцівасцей, якія залежаць ад колькасці раствораных часціц) — паніжэння ціску пары (апісваецца законам Рауля) і т-ры замярзання (гл.Крыяскапія), павышэння т-ры кіпення (гл.Эбуліяскапія) раствораў у параўнанні з чыстым растваральнікам. У асмаметрыі М.м. рэчыва (звычайна высокамалекулярнага) устанаўліваюць па значэнні асматычнага ціску, які ўзнікае пры раздзяленні кампанентаў раствору на паўпранікальнай мембране (гл.Осмас). Сярэднія значэнні М.м. палімераў устанаўліваюць па калігатыўных уласцівасцях разбаўленых раствораў, колькасці падвойных сувязей ці функцыянальных груп (метадамі функцыян. аналізу), а таксама па вязкасці, святлорассеянні іх раствораў і па рэалагічных характарыстыках для палімераў высокай ступені полімерызацыі.