вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Радунь—Астрына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 80 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Бастуны. 1137 ж., 448 двароў (1997).
Вядома з канца 14 ст. З канца 15 ст. да пач. 20 ст. належала Глінскім, Нарбутовічам, Сапегам, Палубенскім, Габаям, Тышкевічам, Волянам, Плямяннікавым і інш. З 1536 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 75 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Радунскага р-на. З 1962 у Воранаўскім р-не. У 1971—892 ж., 321 двор.
Сельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕШАЎ (Іван Якаўлевіч) (н. 23.10. 1924, в. Іскозы Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1985), праф. (1987). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1971 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Даследуе фразеалогію, мову маст. л-ры, культуру мовы і маўлення. Аўтар прац «Фразеалогія ў творах К.Крапівы» (1976), «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981), «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984), «Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне» (1995, з М.А.Якалцэвіч). Складальнік «Фразеалагічнага слоўніка для сярэдняй школы» (1973, з Н.В.Гаўрош і Ф.М.Янкоўскім), «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (ч. 1—2, 1981—93), слоўніка «З народнай фразеалогіі» (1991), «Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—2, 1993), «Слоўніка беларускіх прыказак» (1996, з Якалцэвіч), вучэбных дапаможнікаў.
Тв.:
Моўныя самацветы. Мн., 1985; Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989; Фразеалогія сучаснай беларускай мовы. Мн., 1998; У слоўнікавую скарбонку. Гродна, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).
Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),
бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.Брукнера і У.Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).
Літ.:
Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;
Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААБАРО́НА ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (Samoobrona, Samoobrona Litwy i Białorusi),
польскія вайсковыя фарміраванні на тэр. Літвы і Беларусі, акупіраванай у 1-ю сусв. вайну герм. войскамі. Стваралася з мэтай абароны інтарэсаў мясц. польскага насельніцтва, а таксама як авангард польскай арміі. Іх органы пачалі стварацца з 1918 афіцэрамі б. 1-га польскага корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага пры падтрымцы мясц. польскіх паліт. колаў. Гал. цэнтрамі самаабароны сталі Мінск, Вільня, Ліда, Гродна; яе часці дзейнічалі ў Шчучыне, Свіры, Вілейцы, Ашмянах, Радуні, Эйшышках. У выніку супрацьдзеяння герм. боку і наступлення Чырв. Арміі 29.12.1918 С.Л. і Б. ліквідавана, а яе часці фармальна ўвайшлі ў склад польскай арміі. Замест самаабароны, як органа кіраўніцтва польскімі вайсковымі фарміраваннямі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, створана Ген. акруга Літвы і Беларусі. Жорсткае задушэнне рэв. руху, яўр. пагромы, абарона інтарэсаў польскіх землеўласнікаў, рэквізіцыі і інш. выклікалі негатыўныя адносіны да самаабароны з боку мясц. няпольскага насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́НЦІМ,
ням.Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г. Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн.чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр.СССР. У Асвенціме дзейнічала падп.арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр. выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр.б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрыты Міжнар. помнік пакутніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКСТ (сапр.Розенберг) Леў Самойлавіч
(9.5.1866, г.Гродна — 27.12.1924),
тэатральны мастак, графік, жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1883—87), у Парыжы (1893—96). У 1906—09 выкладаў жывапіс у прыватнай маст. школе ў Пецярбургу, сярод яго вучняў — М.Шагал. Член аб’яднання «Свет мастацтва». З 1910 жыў пераважна ў Парыжы. Быў адным з вядучых дэкаратараў «Рускіх сезонаў» С.П.Дзягілева. Моцны ўплыў стылю мадэрн зазнала яго кніжная графіка (час.«Мир искусства», «Золотое руно», «Аполлон»), станковы жывапіс («Старажытны жах», 1908) і асабліва тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (балеты «Клеапатра», 1909, «Шэхеразада», 1910, «Дафніс і Хлоя», 1912), дзе, стылізуючы ант. і ўсх. матывы, Бакст стварыў вытанчана — дэкар. эскізы касцюмаў і дэкарацый. Выканаў шмат партрэтаў (І.І.Левітан, І.А.Бунін, К.Дэбюсі, І.Рубінштэйн і інш.) і станковых твораў («На схіле гадоў», «Вячэра», «С.П.Дзягілеў з нянькай» і інш.).
Літ.:
Голынец С.В. Л.С.Бакст, 1866—1924. Л., 1981.
М.М.Паграноўскі.
Л.Бакст. Эскіз касцюма Сіняй султаніхі да балета «Шэхеразада». 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ ((Olechnowicz) Мсціслаў Антонавіч) (22.2.1905, Гродна — 24.7.1982),
польскі лінгвіст. Д-ргуманіт. (1963) і пед. (1966) навук, праф. (1974). Скончыў Віленскі ун-т (1938). З 1949 выкладчык, з 1954 заг. кафедры замежных моў, з 1966 кафедры рус. філалогіі Лодзінскага ун-та. Даследаваў рус. і бел. мовы, бел. фальклор, рус.-бел.-польска-літоўскія фалькл. і моўныя сувязі. Аўтар манаграфіі «Польскія даследчыкі беларускага фальклору і мовы ў XIX ст.» (1986), прац «Польскія зацікаўленні беларускай мовай (ад паловы XVI стагоддзя да 1863 г.)» (1964), «Даследчыкі палескага фальклору ў першай палове XIX стагоддзя» (1965), «Беларускія элементы ў польскай песні першай паловы XIX стагоддзя» (1966), «Беларусь—Палессе» Оскара Кольберга» (1968), «Сістэма націску назоўнікаў з вытворнай асновай у беларускай мове» (1972), «Тэндэнцыі развіцця беларускага націску (на параўнальным фоне націску рускага)» (1978) і інш.
Літ.:
Саламевіч І. Польскі даследчык Беларусі // ЛІМ. 1975. 21 лют.;
Bibliografia publikacji naukowych i dydaktycznych prof. dra habil. Mścisława Olechnowicza // Acta Universitatis Lodziensis. Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Lódzkiego. Ser. 1. 1979. № 33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКІ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).
Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводле інш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.