ЛЫНЬКО́Ў (Рыгор Ціханавіч) (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст. Брат М.Лынькова. Працаваў заг. хаты-чытальні, у газ. «Камуніст» (Бабруйск), у 1936—41 адказны сакратар газ. «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вял.Айч. вайны, прапаў без вестак. Друкаваўся з 1925. Адзін з псеўд. Рыгор Суніца. Вострае адчуванне часу, багацце і разнастайнасць паэтычных форм — асн. рысы яго твораў. Пісаў артыкулы, на бел. мову пераклаў паэму У.Маякоўскага «Добра!» (з В.Віткам), асобныя яго вершы, п’есу М Святлова «Казка» (паст.Бел. т-рам юнага гледача імя Н.К.Крупскай, 1941), паасобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, А.Блока, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Э.Вайнерта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЕ ЕЖЕДНЕ́ВНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штодзённая паліт., эканам. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).1 да 16(29).6.1912 у Мінску на рус. мове. Абвясціла сябе «незалежнай» газетай. Працягвала праграму газ.«Минские ведомости». Выступала супраць рэв. руху, бальшавікоў. Прапагандавала сталыпінскую агр. палітыку. Надрукавала юбілейныя артыкулы пра А.Герцэна, І.Ганчарова, у якіх падкрэслівала іх рускі патрыятызм, але пазбягала асвятлення рэв.-дэмакр. ідэалогіі, прынцыпаў крытычнага рэалізму. З «ахоўніцкіх» пазіцый крытыкавала творчасць М.Арцыбашава, Н.Вярбіцкай і інш. прадстаўнікоў натуралізму і мадэрнізму, прылічвала да гэтых кірункаў пісьменнікаў-рэалістаў М.Горкага, Л.Андрэева, А.Купрына, проціпастаўляла ім творчасць А.Пушкіна, І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага. Пераўтворана ў газ. «Минское русское слово».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКІ́ТЭ (Merkyte, Меркіс),
Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявежскага пав., Літва — 14.9.1938), літоўская пісьменніца. У 1921—24 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. Друкавалася з 1921. Пісала на літ. і бел. мовах. З 1925 жыла і працавала на Беларусі. Супрацоўнічала ў газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1929—33 працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». У 1937 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Юнацтва на маршы» (1936, дапоўненае выд. 1961), незакончанага рамана «Барацьба працягваецца», шматлікіх вершаў, нарысаў, апавяданняў пра жыццё і лёс бел. і літ. народаў, прасякнутых тугой па бацькоўскім краі і ўдзячнасцю да бел. зямлі і народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ АКРУ́ГА 1) адм.-тэр. адзінка ў БССР у ліп. 1924—ліп. 1930. Цэнтр — г.Полацк. Пл. 9366 км², пасля ўзбуйнення ў 1927—10 807 км², нас. 374,2 тыс.чал. (1926). У 1924—27 уключала Асвейскі, Валынецкі (з сак. 1929 Боркавіцкі), Ветрынскі, Дрэтунскі (пазней Краснапольскі, скасаваны ў 1927), Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ульскі, Ушацкі р-ны. У 1927 са скасаванай Барысаўскай акругі ў П.а. ўвайшоў Лепельскі р-н. Акр.газ. «Полоцкий пахарь», з 1926 «Чырвоная Полаччына».
2) Адм.-тэр. адзінка (пагранічная) у БССР у чэрв. 1935 — лют. 1938. Уключала Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі р-ны. Акр.газ. «Бальшавік Полаччыны». Скасавана ў сувязі з увядзеннем у БССРабл. падзелу. Усе раёны перададзены ў Віцебскую вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЁНАК (Лявон) (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),
бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБАВЕ́Ц (Сяргей Іванавіч) (н. 17.9.1959, г. Мазыр Гомельскай вобл.),
бел. крытык, публіцыст, празаік. Скончыў БДУ (1984). Друкуецца з 1982. Працаваў у прэсе, у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». З 1990 рэдактар газ. «Наша ніва». Аўтар зб. прозы, эсэ, крытыкі «Практыкаванні» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОКСАХІ́МІЯ,
галіна хіміі і хім. тэхналогіі, якая даследуе састаў і ўласцівасці прыроднага паліва (пераважна каменнага вугалю) і распрацоўвае метады яго перапрацоўкі. Асн. віды коксахім. прадукцыі — кокс, коксавы газ, разнастайныя хім. прадукты (напр., вадарод, метан, бензол, нафталін, каменнавугальнае масла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАГЕНЕРА́ТАР (ад газ + генератар),
апарат для тэрмічнай перапрацоўкі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы. Атрыманыя ў газагенератары газы наз. генератарнымі, працэс — газіфікацыяй паліва.
Стацыянарныя газагенератары служаць для атрымання газаў, якія выкарыстоўваюцца як паліва ў прамысл. печах, газавых рухавіках. У хім. прам-сці з дапамогай газагенератара атрымліваюць тэхнал.газ (для вытв-сці сінт. аміяку), вадкае паліва, інш. прадукты. Прасцейшы газагенератар — цыліндрычная метал. шахта, выкладзеная знутры вогнетрывалым матэрыялам. Зверху ў яе падаюць паліва, якое газіфікуецца (вугаль, драўніну і інш.), знізу — газавую сумесь у колькасці, недастатковай для поўнага згарання паліва. Атрыманы прадукт ідзе на перапрацоўку — ахаладжэнне, кандэнсацыю і інш.
Газагенератар для газіфікацыі цвёрдага паліва ў шчыльным слоі: 1 — зона падрыхтоўкі паліва; 2 — узнаўляльная зона; 3 — акісляльная зона; 4 — шлакавая падушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮКЛО́ ((Duclos) Жак) (2.10.1896, г. Луэ, Францыя — 25.4.1975),
палітычны дзеяч Францыі, дзеяч міжнар.камуніст. руху, журналіст. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. (з 1921) і адзін з кіраўнікоў (1926—64) Франц.камуніст. партыі (ФКП). Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (1935—43). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў франц. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. Віцэ-старшыня Устаноўчага сходу (1945—46). Дэп. ніжняй палаты парламента (1926—32, 1936—39, 1946—58), сенатар (з 1959). Кандыдат у прэзідэнты Францыі ад ФКП на выбарах 1969. Быў сувыдаўцом газ. «L’Humanité» («Чалавецтва») і дырэктарам газ. «Voix de l’Est» («Голас Усходу»), Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1968—72), кніг «Будучыня дэмакратыі» (1962), «Бакунін і Маркс: цень і святло» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30 і 1935—38. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г.Мазыр. Пл. 16 268 км², нас. 319,2 тыс.чал. (1924). Уключала 10 раёнаў: Азарыцкі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі, Каралінскі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Тураўскі; раёны падзяляліся на 128 сельсаветаў. У М.а. ўваходзілі 3 гарады (Калінкавічы, Мазыр, Петрыкаў), 4 мястэчкі (Жыткавічы, Капаткевічы, Нароўля, Тураў). 9.6.1927 да М.а. далучаны Юравіцкі р-н скасаванай Рэчыцкай акр. На 1.1.1930 у М.а. 10 раёнаў, 3 гарады, 5 мястэчак і 124 сельсаветы. Акруговая газ. «Чырвонае Палессе». 26.10.1930 акруга скасавана. Зноў утворана 21.6.1935, уключала 9 раёнаў: Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Тураўскі. Акруговая газ. «Бальшавік Палесся». 20.2.1938 М.а. скасавана, тэр. ўключана ў Палескую вобласць.