(Ankylosauria), панцырныя дыназаўры, падатрад выкапнёвых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. Рэшткі вядомы з адкладаў сярэдняй і верхняй юры Зах. Еўропы і мелу Паўн. Амерыкі, Зах. Еўропы і Аўстраліі. 2 сям., каля 25 родаў, 40 відаў.
Даўж. да 9 м. Мелі шырокае, сплюшчанае цела, зверху ўкрытае касцянымі шыпамі і панцырнымі пласцінкамі, злітымі ў суцэльны панцыр (адсюль другая назва). На канцы хваста, які служыў актыўным сродкам абароны ад драпежных дыназаўраў, былі вострыя шыпы. Карміліся расліннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.
Праводзілася ў жн. — кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГРЫ,
адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г.н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на Угерм. кароль Атон I
заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЬКАЎ КА́МЕНЬ,
помнік прыроды Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Аўгустова Валожынскага р-на Мінскай вобл., на схіле марэннай грады, у лесе. Валун сіеніту даўж. 3,9 м, шыр. 3,2 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11 м, аб’ём 21 м³, маса каля 56 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад з Пд Фенаскандыі. Памеры бачнай часткі Васькава каменя былі значна большыя да ўзрыву, якім у свой час спрабавалі разбурыць валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛАНО́ВА (Villanova),
культура ранняга жал. веку, плямёны якой у 9—5 ст. да н.э. насялялі Паўн. Італію. Назва ад паселішча Віланова каля Балонні, дзе выяўлены характэрныя для культуры віланова пахаванні з трупаспаленнем. Насельніцтва жыло ў буйных паселішчах, якія былі рамеснымі цэнтрамі вырабу бронзавых рэчаў. Плямёны знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі больш выразную, чым у бронзавым веку, маёмасную дыферэнцыяцыю, патрыярхальнае рабства. Носьбіты культуры віланова, магчыма, умбры, у 7—6 ст. да н.э. заваяваны этрускамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ТЫ (Galatae),
кельцкія плямёны. Пасля спусташэння Грэцыі і Македоніі былі разбіты сірыйскім царом Антыёхам I. Каля 277 да н.э. ўварваліся ў М. Азію, аселі на тэр., якую назвалі Галатыя, і падзяляліся на плямёны талістаагаў, трокмаў і тэктасагаў. Рабілі набегі на суседнія тэр., спыненыя ў выніку ваен. паходаў пергамскіх правіцеляў Атала I і Эўмена II, у 188 да н.э. рымлян. Пасля 188 да н.э. галаты — васалы Рыма, падтрымалі яго ў войнах (89—64 да н.э.) з царом Понга Мітрыдатам VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РМАН ((German) Ганна) (14.2.1936, г. Ургенч, Узбекістан — 26.8.1982),
польская эстрадная спявачка (сапрана). Скончыла Вроцлаўскі ун-т. Выканаўца эстр. і нар. песень (у т. л. рускіх), класічных твораў. Удзельнічала ў тэлепастаноўцы оперы «Фетыда на Скірасе» Д.Скарлаці. Манера спеваў і артыстычны стыль былі адметныя пранікнёным лірызмам, стрыманасцю і высакароднасцю. Аўтар музыкі і тэксту многіх песень, якія выконвала. Лаўрэат міжнар. конкурсаў эстр. песні (у т. л. ў (Сопаце, Польшча, 1966). Напісала ўспаміны «Вярніся ў Сарэнта» (1979). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЙМС-ГРЭЙВС (англ. Grimes Graves),
старажытны цэнтр здабычы крэменю эпохі неаліту (2300—1700 да н.э.) каля Брандана, на мяжы графстваў Норфалк і Суфалк (Англія). На плошчы каля 14 га знойдзены рэшткі 346 шахтаў, частка якіх мае глыб. 9—10 м. Ад вертыкальных тунэляў адыходзяць гарыз. галерэі. Здабыча вялася драўлянымі рыдлёўкамі і рагавымі прыладамі. У адной з шахтаў знойдзены алтар з крамянёвых глыб, вакол якога былі ўмацаваны рогі аленя, знаходзіліся прынашэнні (крэйдавыя шары, статуэтка жанчыны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав.ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.