СІСТЭМАТЭ́ХНІКА,
навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае пытанні праектавання, стварэння, выпрабавання і эксплуатацыі складаных тэхн. і інфарм. сістэм на аснове ЭВМ. Грунтуецца на метадах матэм. логікі і статыстыкі, камбінаторыкі, тэорыях алгарытмаў, гульняў, сітуацый, масавага абслугоўвання, інфармацыі і інш.
Састаўныя часткі С. — іерархічная структура складаных сістэм і арганізацыя іх праектавання, аналіз, мадэліраванне, сінтэз і аптымізацыя сістэм. Складанымі сістэмамі лічаць аб’екты (сістэмы), састаўныя часткі (падсістэмы) якіх разглядаюць як асобныя сістэмы, аб’яднаныя пэўнымі сувязямі (суадносінамі) ці пэўнымі прынцыпамі. Пры распрацоўцы такіх сістэм вырашаюць праблемы, звязаныя з уласцівасцямі падсістэм, а таксама з заканамернасцямі функцыянавання ўсяго аб’екта.
Літ.:
Дружинин В.В., Конторов Д.С. Системотехника. М., 1985.
М.П.Савік.
т. 14, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПАРТАКА́ САЮ́З»
(«Spartakusbund»),
арганізацыя германскіх леварадыкальных сацыял-дэмакратаў, якая існавала ў пач. 20 ст. Пераемнік узніклай на мяжы 1915—16 унутры Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі леварадыкальнай групы вакол Р.Люксембург, К.Лібкнехта і Ф.Мерынга (з 1916 наз. «Група Спартак»; з крас. 1917 у складзе Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, НСДПГ). Утвораны 11.11.1918 у час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі на базе «Групы Спартак». Выступаў за радыкалізацыю рэвалюцыі (укараненне сістэмы саветаў і інш.), удзельнічаў у арганізаваным ім няўдалым паўстанні («Паўстанне Спартака») у снеж. 1918 — студз. 1919. Пасля выхаду з НСДПГ (снеж. 1918) спартакісты і інш. заснавалі 30.12.1918—1.1.1919 Камуніст. партыю Германіі.
т. 15, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД МІ́РУ,
грамадская міратворчая арганізацыя. Створаны ў сак. 1972 на 2-й Усебел. канферэнцыі прыхільнікаў міру як Бел. рэсп. камісія садзейнічання Савецкаму фонду міру, пазней пераўтворана ў бел. аддзяленне Савецкага фонду міру. У жн. 1991 створаны Б.ф.м. Гал. яго мэты — умацаванне міру, дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі, прапаганда і ажыццяўленне ідэй міру і гуманізму. Асн. задачы — пашырэнне і паглыбленне міжнар. супрацоўніцтва на карысць дэмакратыі і прагрэсу, ажыццяўленне праграмы нар. дэмакратыі, развіццё кантактаў у галіне навукі, адукацыі, культуры і спорту, дапамога ахвярам тэхнагенных катастроф, стыхійных бедстваў і інш. Старшыні Б.ф.м. — З.І.Азгур (1972—91) і М.Ф.Ягораў (з 1991).
М.Ф.Ягораў.
т. 18, кн. 1, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ЦЭНТР АЛІМПІ́ЙСКАЙ ПАДРЫХТО́ЎКІ ПА ША́ХМАТАХ І ШАШКАХ Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь,
дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спарт. ўстанова. Да 1977 наз. шахматна-шашачны клуб Беларусі. Заняткі праводзяць 14 трэнераў-выкладчыкаў, у т. л. засл. трэнер Беларусі С.М.Бягун, міжнар. гросмайстар С.А.Насевіч, майстры і канд. ў майстры спорту Г.А.Арчакова, Н.Н.Герасімовіч, Т.У.Загорская, Г.Ю.Лібаў, С.Э.Мерыбанаў, Л.М.Суднікаў, І.В.Толсцік, К.В.Хайнюк і інш. Асн. змест дзейнасці цэнтра — развіццё шахмат і шашак у краіне, падрыхтоўка спартсменаў, арганізацыя і правядзенне спаборніцтваў і інш. спарт. мерапрыемстваў, наладжванне і падтрыманне міжнар. сувязей.
Г.Н.Бугрым.
т. 18, кн. 1, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
вытворчая арганізацыя па забеспячэнні геафіз. даследаванняў геолагаразведачных работ. Створана ў г. Мінск у 1968 як комплексная геафіз. экспедыцыя ў складзе Белгеагідратрэста. З 1987 геафізічная экспедыцыя ў ВА «Беларусьгеалогія». Выконвае геафіз. даследаванні пры пошуках карысных выкапняў, геал. і гідрагеал. здымках, геаэкалагічным вывучэнні тэр. Беларусі. Уключае партыі: 2 доследна-метадычныя (фіз. уласцівасцей і лічбавай апрацоўкі), 7 вытв.-палявых геафіз., камеральную геолага-геафіз. інфармацыі, шэраг дапаможных службаў. Асн. кірункі дзейнасці (1996): усе віды геафіз. здымкі — аэра- і наземная магнітная, граві-, радые-, радона- і тэрмаметрычная; наземныя электраразведачныя работы, пенетрацыйныя і свідравальныя даследаванні, радые- і літагеахім. здымка на паверхні і на геал. разрэзах; працы па павышэнні выхаду нафты і вады са свідравін пры іх здабычы.
В.А.Шытц.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА (грэч. basis),
1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.
2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.
3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.
4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.
5) У матэматыцы — тое, што базіс.
6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).
7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).
т. 2, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВАЕ́ННА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
добраахвотная спартыўная арг-цыя паляўнічых і рыбаловаў вайск. часцей. Засн. ў 1934 як Усеармейскае ваенна-паляўнічае т-ва Бел. ваен. акругі (БВА). З 1976 Ваенна-паляўнічае т-ва БВА, з 1992 сучасная назва. Асн. задачы: прапаганда і развіццё паляўнічага спорту, стэндавай стральбы і спарт. рыбалоўства; падрыхтоўка воінаў, стралкоў, паляўнічых-разведчыкаў; арганізацыя н.-д. работы па вядзенні спарт. паляўнічых, рыбалоўных гаспадарак і стэндавым спорце.
Членства індывідуальнае і калектыўнае. За арг-цыямі т-ва замацавана (1995) 531,7 тыс. га паляўнічых угоддзяў (у т. л. лясных 277 тыс., палявых 167,4 тыс., водна-балотных 53,4 тыс. га) і 3 возеры (агульнай пл. каля 480 га).
Я.І.Харкоў.
т. 2, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т (БЦВК),
каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.І.Луцкевіч (старшыня), Б.А.Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.В.Станкевіч, М.С.Кахановіч, Л.І.Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.
А.М.Сідарэвіч.
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).
В.Ф.Шалькевіч.
т. 6, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗДРАВООХРАНЕ́НИЕ»,
навукова-практычны мед. часопіс Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Выдаецца з 1924 штомесячна ў Мінску на рус. мове. Да 1929 наз. «Беларуская медычная думка» (у 1924 выходзіў на рус., у 1925—29 на рус. і бел. мовах). У 1938—41 наз. «Медицинский журнал БССР», з 1955 — «Здравоохранение Белоруссии», з 1992 — «Здравоохранение Беларуси», з 1996 сучасная назва. Публікуе аглядныя і праблемныя артыкулы па ахове здароўя. Змяшчае інфармацыю пра новыя метады лячэння, арыгінальныя даследаванні, выпрабаванні лек. прэпаратаў, сучаснае мед. абсталяванне, пра з’езды, канферэнцыі, нарады мед. работнікаў. Мае рубрыкі: «У дапамогу ўрачу-практыку», «Абмен вопытам», «Гігіена, эпідэміялогія і арганізацыя аховы здароўя», «Лекцыі і агляды» і інш.
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)