ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,

федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э.Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАПО́ЛЬД III (Léopold; 3.11.1901, Брусель — 25.9.1983),

бельгійскі кароль [1934—44 і 1950—51]. З Саксен-Кобургскай дынастыі. Старэйшы сын Альберта 1 (правіў у 1909—34). З 1936 праводзіў курс на знешнепаліт. нейтралітэт Бельгіі. У 2-ю сусв. вайну 28.5.1940 падпісаў акт аб капітуляцыі краіны перад фаш. Германіяй, у 1940—44 інтэрніраваны ў замку Лаэкен каля Бруселя, у 1944 вывезены з Бельгіі як ваеннапалонны. З 1945 у эміграцыі (паводле прынятага ў ліп. 1945 бельг. парламентам закону не мог вярнуцца ў краіну без спец. дазволу). Вярнуўся ў Бельгію пасля рэферэндуму 12.3.1950 (57,68% тых, хто галасаваў, выказаліся за вяртанне Л. III). Не маючы дастатковай папулярнасці, 1.8.1950 заявіў аб перадачы правоў на прастол сыну Бадуэну I, у ліп. 1951 адрокся ад прастола на яго карысць.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ДЭРМАН ((Lederman) Леон Макс) (н. 15.7.1922, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Нац. АН ЗША (1965). Скончыў Калумбійскі ун-т (1948), дзе працаваў у 1951—79 (з 1958 праф.). З 1978 у Нац. паскаральнікавай лабараторыі, з 1989 у Чыкагскім ун-це, з 1992 у Ілінойскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Разам з інш. адкрыў доўгажывучы нейтральны каон (1956), мюоннае нейтрына (1962), эпсілон-часціцу і зачараваны (ніжні) кварк (1977). Пад яго кіраўніцтвам сінтэзавана ядро антырэчыва — антыдэйтрон (1965). Нобелеўская прэмія 1988 (разам з М.Шварцам і Дж.Штэйнбергерам).

Тв.:

Рус. пер. — Наблюдения в физике частиц: от двух нейтрино к Стандартной модели // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Ледэрман.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СЬМЯН (Leśmian; сапр. Лесман; Lesman) Баляслаў

(каля 1878, Варшава — 5.11.1937),

польскі паэт; прадстаўнік польск. сімвалізму. Чл. Польскай акадэміі л-ры (1933). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). У 1901—07 супрацоўнік польск. і рус. перыяд. друку. Заснавальнік эксперым. Маст. т-ра ў Варшаве (1911). Аўтар паэтычных зб-каў «Сад на ростанях» (1912), «Луг» (1920), «Цяністы напой» (1936), «Лясное дзеянне» (выд. 1938), апрацовак нар. казак «Казанні пра Сезама», «Прыгоды Сіндбада-Марахода» (абедзве 1913), эсэ, літ. артыкулаў, перакладаў. Паэзіі Л. ўласцівы шчырасць і палкасць пачуцця, імкненне спазнаць прыроду; стыль адметны ўжываннем архаізмаў, дыялектызмаў і неалагізмаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.​Мінкін.

Тв.:

Бел. пер. — Пан Блішчынскі. Мн., 1994;

Рус. пер. — Стихи. М., 1971.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НКАЛЬН ((Lincoln) Аўраам) (12.2. 1809, каля г. Ходжэнвіл, ЗША — 15.4.1865),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. З 1836 адвакат. У 1834—41 дэп. ад партыі вігаў у парламенце штата Ілінойс, у 1847—49 дэп. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША; выступаў за спыненне амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1856 чл. Рэспубліканскай партыі ЗША. У 1861—65 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі (адзін з найб. папулярных прэзідэнтаў краіны, пра яго паліт. курс гл. ў арт. Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65). 14.4.1865 смяротна паранены ў т-ры Форда ў Вашынгтоне паліт. праціўнікам акцёрам Дж.​Бутсам.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США М., 1988;

Борисовский Б. Что утаил военный трибунал после убийства Авраама Линкольна // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.

А.Лінкальн.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМІ́ТА (Пётр Бластус) (Бластусовіч Пётр),

выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.​Л.​Намыслоўскага, у зб. прыказак С.​Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў да зб. «Апафегматы» Б.​Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.

Я.​І.​Парэцкі.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНУД I ВЯЛІ́КІ (Knud den Store; каля 995—12.11.1035),

кароль Англіі (з 1016), Даніі (з 1018) і Нарвегіі (з 1028). Сын дацкага караля Свена I Вілабародага (п. у 1014), разам з якім з 1013 удзельнічаў у заваяванні Англіі. З 1016 суправіцель на англ. прастоле, замацаваўся як кароль Англіі пасля смерці Эдмунда II Жалезнабокага (1018). Апіраўся ў Англіі на дробных землеўладальнікаў і вышэйшае духавенства (надзяляў апошняе землямі і прывілеямі). У Даніі стаў каралём пасля смерці брата Харальда II; пры ім у краіне склалася асобае войска (ціглід) з прадстаўнікоў найб. знатных сем’яў (зародак мясц. рыцарства), пачалася рэгулярная чаканка манеты. Стаў каралём Нарвегіі, выгнаўшы Олафа II Харальдсана. Створаная К. I вялізная англа-дацка-нарв. дзяржава распалася неўзабаве пасля яго смерці.

т. 8, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НРАД ((Conrad) Чарлз) (н. 2.4.1930, г. Філадэльфія, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1953), Ваен-марскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1961). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 21—29.8.1965. з Г.​Куперам здзейсніў палёт па касм. караблі «Джэміні-5» (як 2-і пілот); 12—15.9.1966 з Р.Горданам — палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (як камандзір); 14—24.11.1969 з Горданам і А.Бінам — палёт на касм. караблі «Апалон-12» (як камандзір) на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Бінам) на яго паверхню; 25.5—22.6.1973 з П.​Вейцам і Дж. Кервінам — палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 1-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць палётаў 49,15 сут. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМКО́ (Аляксандр Яўгенавіч) (н. 24.12.1961, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),

бел. музыкант, выканаўца на нар. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі ін-т культуры (1984), з 1990 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1986 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.​Жыновіча. Па яго ініцыятыве ў аркестр упершыню ўведзены нар. інструменты акарына, дуда, жалейка, саломка, чаротка (выконвае на іх сола ў аркестры, у т. л. ў складзе квартэта жалеек). Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў («Перагукі-перазвоны», «На вечарынцы», «Кругавыя танцы», «Жалеечны вяночак», «Звіняць цымбалы і гармонік»), апрацовак бел. нар. песень («Чырвоная калінанька», «Ах ты, зорка мая», «Ой, там, на таргу» і інш.; уваходзяць у рэпертуар Дзярж. нар. аркестра), інструментовак цыкла песень С.​Манюшкі на словы Я.​Чачота.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖМУЙДЗІНАВІ́ЧУС ((Žmuidzinavičius) Антанас) (31.10.1876, с. Сейрыяй Лаздзійскага р-на, Літва — 9.8.1966),

літоўскі жывапісец. Нар. мастак Літвы (1954), нар. маст. СССР (1957). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў маст. акадэміях у Варшаве (1899—1901) і Парыжы (1905—06). Адзін з заснавальнікаў (1907) Суполкі літ. выяўленчага мастацтва, яго старшыня да 1934. З 1926 выкладаў у Каўнаскай маст. школе, у 1944—53 у розных вышэйшых школах; праф. (1947). Сярод твораў пераважаюць пейзажы, якім уласцівы рэаліст. вобразы, ідэалізацыя прыроды: «Нярыс каля Антакальніса» (1906), «Нёман перад навальніцай» (1917), «Дзве сасны» (1931), цыкл «Тут будзе Каўнаскае мора» (1953—59) і інш. Пісаў сюжэтныя карціны («Адпачынак», 1920, «Прачкі», 1926), партрэты (Т.​Даўгірдаса, 1910, В.​Міцкевіча-Капсукаса, 1945, і інш.).

А.Жмуйдзінавічус. Нёман перад навальніцай. 1917.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)