асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст.пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл.Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.
Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.
Літ.:
Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯХІ́МІЯ,
раздзел хіміі, у якім вывучаюцца прасторавае размяшчэнне і характар узаемадзеяння паміж атамамі, іонамі, малекуламі, з якіх складаюцца крышталі, а таксама сувязь паміж структурай крышталёў і іх уласцівасцямі.
Асн. характарыстыкай структуры крышталёў з’яўляецца элементарная ячэйка, якая адлюстроўвае характар сіметрыі крышталёў, узаемнае размяшчэнне, каардынацыйны лік і адлегласці паміж атамамі (іонамі, малекуламі) у крышталях. Элементарныя ячэйкі маюць форму шматграннікаў, а сукупнасць такіх шматграннікаў з агульнымі гранямі складае прасторавую крышталічную рашотку. К. вызначае фактары, якімі абумоўлены характар сіметрыі і структура элементарнай ячэйкі; устанаўлівае тып крышталёў — іх прыналежнасць да кавалентных (атамы ў рашотцы злучаны кавалентнай сувяззю), іонных крышталёў, метал. (атамы злучаны металічнай сувяззю) ці малекулярных крышталёў, а таксама вывучае ўплыў структуры і характару хім. сувязі на ўласцівасці крышт. рэчываў. Устанаўленне колькаснай залежнасці паміж крышт. структурай і ўласцівасцямі рэчываў неабходна для стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. К. вылучылася з крышталяграфіі і як самастойная навука сфарміравалася пасля адкрыцця дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў (1912) і даследаванняў У.Г.Брэгам і У.Л.Брэгамкрышт. структуры шэрагу хім. індывідуальных цвёрдых рэчываў (1913—15) з дапамогай рэнтгенаструктурнага аналізу. Гл. таксама Хімія цвёрдага цела.
Літ.:
Бокий Г.Б. Кристаллохимия. 3 изд. М., 1971;
Урусов В.С. Теоретическая кристаллохимия. М., 1987;
Уэллс А.Ф. Структурная неорганическая химия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1987—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУІ́НДЖЫ (Архіп Іванавіч) (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл.Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл.Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.Рылоў, М.Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.Айвазоўскага. У сярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач.артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач.Гал.артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.
Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГЕДО́К (Languedoc),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пд Францыі; на З ад ніжняга цячэння р. Рона паміж Цэнтр. масівам, узбярэжжам Міжземнага м. і Пірэнеямі. На тэр. Л. дэпартаменты Усх. Пірэнеі, Од, Эро, Гар, Лазер і частка некалькіх суседніх. Пл. 42,1 тыс.км². Нас. каля 2,5 млн.чал. (1995). Гал. горад Тулуза. Гал. раён вінаградарства і вінаробства. Прам-сць: харч., лёгкая, маш.-буд., металаапр., нафтаперапрацоўчая. Асн.прамысл. цэнтры — цэнтры дэпартаментаў: гарады Тулуза, Перпіньян, Нім, Каркасон, Манпелье, Манд; г. Маркуль — цэнтр атамнай прам-сці. Невял. здабыча вугалю і баксітаў. Турызм.
З канца 2 ст. да н.э.рым. правінцыя Нарбонская Галія, з 5 ст. пад уладай вестготаў. У 720 захоплены арабамі, у сярэдзіне 8 ст. — франкамі. У сярэдзіне 9 ст. на тэр. Л. ўзнікла Тулузскае графства, у 10—11 ст. буйная феад. дзяржава на Пд Францыі. У 12—13 ст. цэнтр ерэтычнага руху. ПасляАльбігойскіх войнаў 1209—29 далучаны да франц. кароны (канчаткова ў 1271). Меў правы самакіравальнай правінцыі, з 14 ст. правінцыяльныя штаты, з 1420 парламент. У 16 ст. ў час рэлігійных войнаў значную частку Л. захапілі гугеноты. У 17 ст. пры АЖ.Рышэльё самакіраванне скасавана. У 17—18 ст. цэнтр антыфеад. руху. У 1791 падзелены на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,
катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.