НІЖАГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. У 1932—91 наз. Горкаўская вобл.Пл. 76,9 тыс.км². Нас. 3702,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 78%. Цэнтр — г.Ніжні Ноўгарад. Найб. гарады: Дзяржынск, Арзамас, Сароў, Паўлава, Кстова, Бор, Балахна. Рака Волга падзяляе Н.в. на 2 часткі: нізіннае Левабярэжжа (Заволжа) і ўзвышанае Правабярэжжа. Большая ч. Заволжа занята Волжска-Вятлужскай нізінай (выш. 80—100 м), асн. масіў Правабярэжжа — плато Прыволжскага ўзв. (выш. да 247 м), парэзанае ярамі і лагчынамі. Ёсць карставыя формы рэльефу (пячоры, правалы і інш.), вылучаецца Арзамаскі карставы раён. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, фармовачныя і шкловыя пяскі, мергель, ангідрыты, торф, фасфарыты, жал. руда, мінёр. воды і лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—550 мм за год, іх колькасць памяншаецца зПнЗ на ПдУ, бываюць засухі. Гал. рака Волга і яе прытокі Ака з Цёшай, Сура з П’янай і Алатырам (справа) і Узола, Кержанец, Вятлуга (злева). Каля 3 тыс. азёр пераважна карставага і ледавіковага паходжання. На р. Волга Горкаўскае і Чэбаксарскае вадасховішчы. Глебы ў Заволжы дзярнова-падзолістыя і падзолістыя, на Правабярэжжы — шэрыя лясныя, дэградзіраваныя і вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 40% тэрыторыі: у Заволжы хвойныя (елка, хвоя, піхта) і мяшаныя лясы, на Правабярэжжы дубровы і лугавыя стэпы. Кержанскі запаведнік. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка, дзе вылучаецца аўтамаб. комплекс (грузавыя і легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, гусенічныя цягачы, дызельныя рухавікі, вузлы і дэталі, агрэгаты, фургоны), суднабудаванне і суднарамонт (судны на падводных крылах, пасаж. цеплаходы, марскія паромы, сухагрузы), самалётабудаванне, вытв-сць тэлевізараў, прылад, станкоў, інструментаў, абсталявання для хім., харч., лёгкай прам-сці, чыг. транспарту, хім. (прадукты арган. сінтэзу, пластмасы, сінт. смолы, аргшкло, лакі, ядахімікаты) і нафтаперапр.прам-сць. Развіта пераробная чорная і каляровая металургія. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ, буйная Горкаўская ДРЭС (г. Балахна); Горкаўская ГЭС (на р. Волга). Вылучаюцца цэлюлозна-папяровая і дрэваапр., лёгкая, харч.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Маст. промыслы: гарадзецкая размалёўка, хахламская размалёўка, апрацоўка металаў, строчавышыванне і карункапляценне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 1663,4 тыс.га. Пасевы збожжавых культур (жыта, ячмень, авёс, грэчка, пшаніца). Вырошчваюць сланечнік, цукр. буракі, лён-даўгунец, бульбу, агародніну, канюшыну, люцэрну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,2 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,8 тыс.км (1997). Асн. чыгункі Масква—Ніжні Ноўгарад—Вятка, Масква—Арзамас—Казань, Ніжні Ноўгарад—Рузаеўка, аўтадарога Масква—Ніжні Ноўгарад—Казань. Па тэр. Н.в. праходзяць 3 галіны нафтаправода з Альмецьеўска, газаправоды з Паволжа і Зах. Сібіры. Суднаходства па рэках Волга, Ака, Вятлуга, Сура. Ніжагародскі трансп. вузел займае 1-е месца ў Расіі па рачным грузаабароце. З 1991 адноўлены Ніжагародскі кірмаш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭНЫ МАНА́СКІЯ,
цэнтралізаваныя манаскія аб’яднанні ў некат. канфесіях, якія маюць статут і ўласную арганізац. структуру. Найб. пашыраны ў рымска-каталіцкай царкве. Звычайна каталіцкія О.м. былі падначалены рым. папе і не падпарадкоўваліся біскупам (епіскапам) на месцах. На чале О.м. стаіць генерал (генерал-магістр), пры якім ёсць капітул — калегія кіруючых асоб. Тэрытарыяльна О.м. падзяляюцца на правінцыі на чале з правінцыяламі. Адрозніваюцца адзін ад аднаго традыц. ладам жыцця, мэтамі, закладзенымі сваімі заснавальнікамі і задачамі, вызначанымі папствам, а таксама колерам і кроем адзення. Маюць свае звычаі і абраднасць. Некат. мужчынскія ордэны маюць жаночыя адгалінаванні (напр., дамініканкі, кармеліткі), існуюць і асобныя жаночыя ордэны (напр., урсулінкі). Члены большасці О.м. жывуць у кляштарах. Старэйшым О.м. лічыцца ордэн бенедыкцінцаў (засн. каля 538). Па меры пашырэння хрысціянства павялічвалася колькасць О.м., узнікла іх «спецыялізацыя». У 11—12 ст. у сувязі зкрыжовымі паходамі на Б.Усход узнік шэраг духоўна-рыцарскіх ордэнаў, члены якіх былі адначасова рыцарамі і манахамі: іааніты, Тэўтонскі ордэн і інш., а таксама цыстэрцыянцы. У 12—13 ст. узніклі жабрацкія ордэны (іх члены павінны былі жыць толькі на міласціну, з часам зарок беднасці стаў выконвацца менш строга): аўгусцінцы, бернардзінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы. Ватыкан выкарыстоўваў О.м. для барацьбы з ерасямі і для місіянерскай дзейнасці. Для барацьбы зРэфармацыяй быў створаны ордэн езуітаў, якія разам зпіярамі адыгралі адначасова вял. ролю ў развіцці навукі і адукацыі. На ўзор рым.-каталіцкіх О.м. былі створаны і уніяцкія ордэны — базыльян (у грэка-каталіцкай царкве) і мхітарыстаў (у армяна-каталіцкай царкве). На Беларусі найб. актыўная дзейнасць О.м. прыпала на 16—17 ст. — перыяд контррэфармацыі; у 19 ст. дзейнасць большасці ордэнаў тут спынена, а іх кляштары падначалены біскупам. У пач. 20 ст. на Беларусі аднавіў дзейнасць ордэн марыянаў (адраджалі грэка-каталіцкі абрад, буйнейшы кляштар у арх. комплексе б.Друйскага кляштара бернардзінцаў) і з’явіўся ордэн назарэцянак. У 20 ст. О.м. ўдасканальвалі і пашыралі сваю дзейнасць у свеце, прыстасоўваючы яе да патрэб сучаснага жыцця і сац.-эканам. і паліт. змен. Паводле кодэкса кананічнага права 1983 О.м. могуць быць заснаваны на папскім і дыяцэзіяльным праве. У першым выпадку яны знаходзяцца ў распараджэнні папы, у другім — пад апекай дыяцэзіяльнага біскупа. Па сваіх задачах і арганізац. структуры да О.м. блізка стаяць кангрэгацыі і аб’яднанні белых ксяндзоў (напр.камуністы), але не лічацца ордэнамі, бо іх члены не даюць спец. манаскіх зарокаў.
У ісламе да О.м. часам адносяць брацтвы дэрвішаў, прыхільнікаў суфізму — кадзірыя, накшбандзія, ясевія, меўлевія, бекташыя, сенусія і інш. Аднак гэта не зусім дакладна: дэрвішы не даюць зароку бясшлюбнасці, могуць выйсці з манастыра, жаніцца, вярнуцца да часова пакінутай сям’і.
Літ.:
Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;
Карсавин Л.П. Монашество в средние века. М., 1992;
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦ,
адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙1022кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′ да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс.км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяцаз Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав.аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.
Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны звял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 109 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав.аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав.аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер.аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).
Літ.:
Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ.М., 1978;
Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд Месяца.Да арт.Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРЫЯ (Österreich),
Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на ПнзФРГ і Чэхіяй, на Уз Славакіяй і Венгрыяй, на Пдз Славеніяй і Італіяй, на Зз Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс.км², нас. 8 млн.чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г.Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.
Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша зФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-растудз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх.ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн.чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс.ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. Зпач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл.Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст.цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушнігпад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.
На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр.нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр.нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).
Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн.т (1991). Дзейнічае нафтаперапр.з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ.Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд.кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн.т, сталі 4,3 млн.т, пракату 3,7 млн.т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн.т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс.т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс.т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн.м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л.цукр. буракі. Збор (млн.т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх.ч. краіны, асн.ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж.чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал.чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс.км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс.км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн.чал. штогод) — адна знайб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн.гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс.чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс.чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар.агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч.г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед.ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал.Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае зміжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.
Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл.Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст.л-рапад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаўз яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г.аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). Згуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.
На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.
Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).
Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст.аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб.стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.
У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар.быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр.т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам зітальян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш.Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш.быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн.Міжнар.т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв.муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н.Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар.муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Станаўленне нац.т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі знар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар.т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац.тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар.т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі (з 1920).
Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.
Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб.бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. Зпач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).
Літ.:
Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;
Stuttgart, 1964;
Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;
Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.
Герб і сцяг Аўстрыі.Да арт.Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.Да арт.Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).Да арт.Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).Да арт.Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).Да арт.Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.Ферстэль. 1856—79.Да арт.Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.Мантуае. 1805— 11.Да арт.Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.Да арт.Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.Да арт.Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.Да арт.Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.Да арт.Аўстрыя. І.А.Кох. Каскад. 1796.Да арт.Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.Вагнер. 1898—99.Да арт.Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.Да арт.Аўстрыя. М.Швінд. Сімфонія. 1840-я г.Да арт.Аўстрыя. Г.Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна засн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш.з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн. ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася зЦэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 мз цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным зЧырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пнз Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУз Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале зН.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (зчэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л.з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца зсухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст.пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛІЦА,
адна з дзвюх (разам зглаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт.Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара зцітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус.літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапіс (у быт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст.з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.
Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;