На Пн Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (з 1962 у сучасных межах). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 47,3 тыс.чал. (1998, без г. Ліда), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ліда. Уключае г.Бярозаўка, рабочы пас.Першамайскі, 276 сельскіх нас. пунктаў, 15 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Гасцілаўскі, Голдаўскі, Дакудаўскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Хадаравецкі.
Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 130—180 м, найвыш. пункт 207 м (за 8 км на Пн ад г. Ліда). Карысныя выкапні: торф, пясок, жвір, гліна, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,7 °C, ліп. 17,6 С. Ападкаў 604 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. ЗПнУ на ПдЗ уздоўж мяжы з Навагрудскім і Дзятлаўскім р-намі працякае р. Нёман з прытокамі Гаўя (з Жыжмай), Дзітва (з Лідзеяй), Лебяда, Нарва. Азёры Вялічкаўскае і Глухава. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (50,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5%), тарфяна-балотныя (14,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%) і інш.Пад лесам 27% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найб. масівы на У (частка Нёманскіх лясоў). Балоты займаюць 13,4% тэр. раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс.га, найб.вял.Дакудаўскае балота, Жыжма. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Дакудаўскі, мясцовага — гідралагічныя Хвалькоўшчына, Тарноўскі, Бярэзіна. Помнікі прыроды: рэсп. значэння парк «Бальцінікі» і ўрочышча Гаік каля в. Крупава, насаджэнне (дуб, асіна, елка) ва ўрочышчы «Аступ» каля в. Мінойты; мясцовага — парк «Гарні» ў в. Гарні (закладзены ў 1881).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 76,7 тыс.га, з іх асушаных 29,1 га. На 1.1.1999 у раёне 14 калгасаў, 5 саўгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), шкляной (шклозавод «Нёман» ў г. Бярозаўка), харч. прам-сці, першаснай апрацоўкі лёну. Ветсанутыльзавод па вырабе мяса-касцявой мукі (у в. Даржы). Лясгас (вытв-сць піламатэрыялаў). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Ліда—Гродна, Вільнюс—Баранавічы; аўтадарогі на Гродна, Вільнюс, Іўе, Слонім, Навагрудак; газаправод Івацэвічы—Вільнюс з адгалінаваннямі на гарады Шчучын і Бярозаўку. У раёне 22 сярэднія, 12 базавых, 7 пач., 3 муз., 1 спарт. школы, дзіцяча-юнацкі цэнтр, 27 дашкольных устаноў, 32 дамы культуры і клубы, 48 б-к, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, пункт хуткай дапамогі. Музеі: гісторыі і прыроды (в. Бердаўка), этнаграфіі (в. Дзітва), музей Ігната Дамейкі (в. Крупава). Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (1810) у в. Бабры, Міхайлаўскі касцёл (пач. 20 ст.) у в. Белагруда, капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.) у в. Беліца, Пакроўская царква (1774) у в. Ганчары, царква Раства Багародзіцы (1795) у в. Голдава, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Збляны, сядзіба (жылы дом, маслабойня, стайня, парк, 19 ст.) у в. Малое Мажэйкава, касцёл (19 ст.) у в. Няцеча, сядзіба (жылы дом, стайня, лядоўня, ветраны млын, сквер, канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Тарнова. Старажытны цэнтр ручнога маст. ткацтва ў в. Збляны. Выдаецца «Лідская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ РАЁН.
На ПнУ Брэсцкай вобл Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 4.10.1957). Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ляхавічы. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі, Свяціцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана ў межах Баранавіцкай раўніны, Клецкай раўніны і Капыльскай грады, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня б.ч. тэрыторыі ўзгорыста-раўнінная, плоская, на Пд дзюнна-бугрыстыя ўчасткі. 70% тэрыторыі на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 218,5 м (за 2 км на З ад в. Канюхі). Карысныя выкапні: торф, мел, гліны, суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 635 мм. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб р. Шчара з прытокамі Мышанка, Ліпнянка, Ведзьма; на ПдУ верхняе цячэнне р. Бобрык, на ПнУ — р. Нача. Азёры: Выганашчанскае (на мяжы з Івацэвіцкім р-нам), Качайла; вадасховішчы: Шчара, Нетчынскае. Меліярацыйны Свяціцкі канал. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), тарфяна-балотныя (20,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (15,1%). Пад лесам 37,6% тэр. раёна, з іх 15,6% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя і інш.Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты займаюць каля 46 тыс.га, частка з іх асушана. Найб.Выганашчанскае балота. На Пд раёна частка гідралагічнага заказніка рэсп. значэння Выганашчанскае; заказнікі мясц. значэння: ландшафтна-гідралагічны ў пойме р. Шчара (ад в. Хацяж да в. Дарава) і гідралагічны — Ліпск (у пойме р. Шчара). Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Савейкі» (палацава-паркавы ансамбль, 1850, у в. Савейкі), рададэндран жоўты ў Мядзведзіцкім лясніцтве. Зона адпачынку «Шчара».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,7 тыс.га, з іх асушаных 20 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 3 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, эксперым. база, ільнонасенная станцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі, конегадоўлі, вытв-сці збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы, насенняводстве лёну-даўгунцу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д«Ляхавіцкі»), харч., ільняной, буд. матэрыялаў прам-сці; з-д «Металапластмас»; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы—Лунінец і Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Брэст—Слуцк, Баранавічы—Ляхавічы—Клецк. У раёне гімназія, 18 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., маст., 2 муз., спарт. школы, 4 комплексы «Школа-сад», с.-г. тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, 22 дашкольныя ўстановы, 24 дамы культуры, 21 клуб, кінатэатр, 45 б-к, 6 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Грушаўка, Пакроўская царква (1670, перабудавана ў 1863) у в. Крывошын, Петрапаўлаўскі касцёл (1908) у в. Мядзведзічы, сядзіба (1810—15) у в. Нача, Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Падлессе, парк (2-я палавіна 18 ст.) у в. Сваятычы; сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Ураджайная, сядзіба (19 ст.) у в. Флер’янова. Выдаецца газ. «Ляхавіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ РАЁН.
У цэнтр.ч. Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,9 тыс.км²Нас. 49,5 тыс.чал. (1998, без г. Магілёў). Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Магілёў. Уключае 296 сельскіх нас. пунктаў, 16 сельсаветаў: Брылёўскі, Вяйнянскі, Вендаражскі, Дашкаўскі, Заводскаслабодскі, Кадзінскі, Княжыцкі, Мастоцкі, Махаўскі, Нядашаўскі, Палыкавіцкі, Пашкаўскі, Семукацкі, Сідаравіцкі, Сухарэўскі, Цішоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: 11 сельскіх нас. пунктаў у зоне забруджання радыёнуклідамі ад 5 да 15 Кю/км².
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўн. і паўн.-ўсх.ч. — у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, 80% тэрыторыі на выш. 170—190 м, найвыш. пункт 200 м (за 2 км на Пн ад Магілёва). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны, суглінкі, мінер. фарба, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 644 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. ЗПн на Пд працякае р. Дняпро з прытокамі Вільчанка, Паўна з Лазнёўкай, Дубравенка, Лахва з Лахвіцай і Жыварззкай. На зах. ускраіне цячэ р. Друць з прытокамі Арлянка і Грэза (вытокі), на У — р. Раста з прытокам Рудзея. Вадасховішчы Рудзея і Зарэсце. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (59,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,1%). Пад лесам 24% тэр. раёна, з іх 20,6% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пд. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Балоты займаюць 11.3 тыс. га; найб. Буйніцкае і Вял. Укрупскае. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Варацей, Гарадзенка, Загрэбля-Прысленка, Карніца, Пагост, Праворышча, Прусіна, Прыбрэжжа, Раманькі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: крыніца ў в. Палыкавічы, участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі ў Вільчыцкім лясніцтве; мясц. значэння: дубы ў Магілёве, парк у в. Дашкаўка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 119 тыс. га, з іх асушаных 16,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 7 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка, 3 аграфірмы, эксперым. база, саўгас-камбінат «Усход», 3 птушкафабрыкі, зверагаспадарка, дзяржплемпрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа, агародніцтве, садаводстве, бульбаводстве, ільнаводстве. Прадпрыемствы металаапр., харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Магілёў — вузел чыгунак на Асіповічы, Оршу, Крычаў, Жлобін, аўтадарог — на Бабруйск, Мінск, Оршу, Чэрыкаў, Гомель. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія, 5 базавых, 8 пач., 11 муз. (11 філіялаў), спарт. школ, вышэйшае прафес. агратэхн. вучылішча ў в. Буйнічы, 32 дашкольныя ўстановы, 37 дамоў культуры і клубаў, 36 б-к, 7 бальніц, паліклініка, 2 амбулаторыі, 41 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры: царква Пакроваў Багародзіцы (2 пал. 19 ст.) у в. Вейна, Успенская царква (1903) у в. Галяні 1-я, сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Дашкоўка, касцёл дамініканцаў (1681) у в. Княжыцы, мемар. капліца (1912) і помнік (1962) на месцы бітвы ў Айч. вайну 1812 каля в. Салтанаўка, капліца (19 ст.) у в. Стайкі, Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухары. Помнік гісторыі Буйніцкае поле каля в. Буйнічы. Музей баявой і працоўнай славы ў в. Палыкавічы. Выдаецца газ. «Прыдняпроўская ніва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на ПнзЗах. Сахарай і Алжырам, на Уз Малі, на Пдз Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Банд’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна ззах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (зкрас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі зЗах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал.з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 47,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 55,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Паставы. Уключае г.п.Bapanaeea і Лынтупы, 523 сельскія населеныя пункты, Варапаеўскі і Лынтупскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Белькаўскі, Ваўкоўскі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Камайскі, Курапольскі, Мягунскі, Навасёлкаўскі, Палескі, Шыркаўскі, Юнькаўскі, Ярэўскі.
Паўн. ч. раёна ў межах Дзісенскай нізіны, паўд. — Свянцянскіх град. Паверхня на Пн плоская, забалочаная, на Пд — градава-ўзгорыстая са шматлікімі озамі, камамі і азёрнымі катлавінамі. 55% тэрыторыі знаходзіцца на выш. да 150 м, 21% — 170—200 м, найвыш. пункт 228 м (каля в. Камаі). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі, пяскі, торф, сапрапель, прэснаводныя вапнавыя адклады. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Дзісна, Лучайка, Мядзелка і Галбіца; на ПдЗ выток р. Страча. Найб. азёры: Вялікія Швакшты, Лучай, Малыя Швакшты, Доўжа, Вялікае Сурвілішскае, Лодасі, Свідна, Задзеўскае, Лісіцкае, Світа. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (19%). Пад лесам 38% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, дубовыя і інш.Пад балотамі 5% тэрыторыі. На тэр. раёна частка нац. парку Нарачанскі, гідралагічны заказнік рэсп. значэння Швакшты. Заказнікі мясц. значэння: ландшафтныя — Карагач, Палескія Узгоркі, Сяргеевіцкія Узгоркі, Саранчанскія грады, Спорыцкая ледавіковая лагчына; батанічны — Лынтупскі; ахоўныя тарфянікі — Равы, Гіненкі і Каліты. Помнікі прыроды рэсп. значэння: горы Маяк, Баяроўшчына, Лысая; вял. камяні Заўлечанскі, Лодаскі, Мягунскі, Дзіравы камень Каптарунскі, Чортаў камень Саболкаўскі. Помнікі прыроды мясц. значэння: горы — Балдоўшчына, Гара вялікая, Гараватка; Жуперская града; узгоркі — Барадзінскі і Чарнецкі; вял. камяні — Зыбалішскі, Камайскі, Трапшавіцкі, Чашкаўшчынскі; камень Казнадзеюшскі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 81,2 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 36 фермерскіх гаспадарак, аграфірмы «Зара», «Рассвет», ААТ «Паставыаграсервіс», «Райаграпрамтэхніка». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы радыёэлектроннай (тэлерадыёкампаненты), буд. матэрыялаў (бетонныя і жалезабетонныя вырабы), шкляной (слоікі), ільняной (перапрацоўка льновалакна), дрэваапр. (мэбля, у т. л. для навучальных устаноў), харч. (мясная і малочная прадукцыі, спірт, кансервы — Пастаўскі кансервавы завод), кааператыўнай прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Полацк—Вільня, Варапаева—Друя; аўтадарогі Полацк—Вільня, Віцебск—Браслаў—Паставы—Мядзел і інш. У раёне 13 сярэдніх, 18 базавых, 13 пачатковых школ, школа-садок, маст. школа, школа мастацтваў, 3 муз. школы, 2 школы-інтэрнаты, прафесійна-тэхн. ліцэй, 19 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 40 б-к, 6 бальніц, 2 амбулаторыі, 32 фельч.-ак. пункты. Пастаўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (1-я пал. 20 ст.) у в. Апідамы, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Асінагарадок, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Груздава, Троіцкі касцёл (1769—73) у в. Дунілавічы, касцёл Іаана Хрысціцеля (1603—06) у в. Камаі, парк (канец 18 — пач. 19 ст.) каля хутара Крыкалы, касцёл Тадэвуша (1766) у в. Лучай, царква (пач. 20 ст.) у в. Манькавічы, парк (2-я пал. 18 ст.) у в. Нарыца. Гістарычныя помнікі: каменны крыж (15—16 ст.), надпіс не расшыфраваны, у в. Камаі; стэла (1975) на месцы былой в. Альцы, спаленай ням. фашыстамі ў 1943. Выдаецца газ. «Пастаўскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСО́НСТВА,
франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць ўдзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання. Асн. прадукцыя: аўтамабілі, вузлы, агрэгаты, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы, матацыклы, веласіпеды, мапеды і запасныя часткі да іх. Характарызуецца высокім узроўнем спецыялізацыі, шырокім каапераваннем, перадавой тэхналогіяй, цеснымі сувязямі з металургічнай, металаапр., электратэхн., прыладабуд., хім., нафтахім. і інш. галінамі прам-сці.
Аўтамабільная прамысловасць узнікла ў канцы 19 ст. (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША), зпач. 20 ст. развіваецца ў Расіі. Першыя легкавыя аўтамабілі выпушчаны ў Рызе ў 1908—15 (з-д «Руса-Балт»), грузавыя — у 1924 [з-д АМО («Аўтамабільнае Маскоўскае таварыства») у Маскве] і ў 1925 (Яраслаўскі аўтамаб.з-д). У 1931—32 закончана рэканструкцыя АМО (цяпер ЗІЛ, аўтамаб.з-д імя Ліхачова) і пабудаваны Горкаўскі аўтамаб.з-д (Ніжні Ноўгарад), з 1940 выпускаюцца малалітражныя аўтамабілі на Маскоўскім аўтазборачным з-дзе (цяперашні АЗЛК). У час Вял.Айч. вайны створаны Уральскі (г. Міяс) і Ульянаўскі з-ды, пасля вайны прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці пабудаваны ў розных рэгіёнах б.СССР [у гарадах Мінск, Крамянчуг, Кутаісі, Жодзіна, Саранск, Запарожжа, Бішкек (б. Фрунзе)], створаны заводы па выпуску аўтобусаў [Львоў, Паўлава (на р. Ака), Лікіна ў Маскоўскай вобл.], мікрааўтобусаў у Рызе і інш. У 1970 даў прадукцыю Волжскі аўтамаб.з-д (ВАЗ), у 1976 — комплекс заводаў у г. Набярэжныя Чаўны (КамАЗ).
У 1991 на прадпрыемствах б.СССР выпушчана 1657 тыс. аўтамабіляў, у т. л. легкавых 1059 тыс., грузавых 524 тыс., аўтобусаў 74 тыс.Найб. ўзровень вытворчасці быў дасягнуты ў 1980 (выпушчана 2199 тыс. аўтамабіляў). Сусв. аўтамабільная прамысловасць вызначаецца высокай канцэнтрацыяй вытв-сці і збыту ў адносна невял. колькасці канцэрнаў-манапалістаў. У ЗША 90% аўтамабіляў выпускаюць з-ды «вялікай тройкі» — «Джэнерал мотарс», «Форд мотар» і «Крайслер». Японскія фірмы «Таёта мотар» і «Нісан мотар» выпускаюць больш за 60% аўтамабіляў краіны, «вялікая чацвёрка» Германіі — «Фольксвагенверк», «Мерседэс-Бенц», «А. Опель» і «Форд» — 75%, італьянскія фірмы «ФІАТ», «Альфа Рамео» і «Лянчыя» — 80% аўтамабіляў, у Францыі вядучыя фірмы «Рэно» і «Пежо». Штогод у свеце вырабляецца 45—50 млн. аўтамабіляў, з іх каля 25% грузавых і аўтобусаў, 50% ідзе на замену старых і зношаных машын. Дынаміку вытворчасці аўтамабіляў у свеце гл. ў табліцы.
На Беларусі аўтамабільная прамысловасць развіваецца з 1944, калі пад Мінскам пачалася зборка грузавых аўтамабіляў з прывазных вузлоў і дэталяў. У 1945—47 на гэтым месцы пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), у 1958 у г. Жодзіна — Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). У 1975 створана ВА«БелаўтаМАЗ», цэнтры аўтамабільнай прамысловасці: Мінск, Жодзіна, Магілёў, Пінск, Ліда, Гродна, Бабруйск, Баранавічы і Асіповічы. Асн. прадукцыя: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 і 50 т, грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці, самазвалы, лесавозы, гар. турысцкія аўтобусы (МАЗ), кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 200 т, шлакавозы, аэрадромныя цягачы (БелАЗ), пазадарожныя аўтамабілі «Волат», трубавозы, колавыя цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т (Мінскі завод колавых цягачоў), самазвалы грузападымальнасцю 23 т, самазвальныя паязды для шахтаў, аўтабетонамяшалкі, дарожна-будаўнічыя машыны (Магілёўскі аўтамабільны завод), дарожныя веласіпеды і матацыклы (Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод) і інш. За год вырабляецца 21,3 тыс. грузавых аўтамабіляў (1994, макс. вытворчасць была дасягнута ў 1985 — 42,5 тыс.), 128 тыс. матацыклаў і 603 тыс. веласіпедаў (1991). У 1994 наладжаны выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус» (зборка) акцыянерным т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда, эксперым. зборка малалітражных аўтамабіляў «Ака» на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Беларусі кааперуюцца і супрацоўнічаюць з заводамі Расіі, Германіі, Чэхіі і інш. краін.
А.С.Рукцешэль.
Дынаміка вытворчасці аўтамабіляў ў свеце (у тыс.шт.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦЕР,
рух паветра адносна зямной паверхні, звычайна гарызантальны. Утвараецца з-за неаднароднасці атмасфернага ціску ў барычным полі Зямлі, накіраваны ад высокага да нізкага ціску. Чым большае адрозненне ў ціску, тым вецер мацнейшы. Вецер — вынік сумеснага дзеяння некалькіх сіл: барычнага градыента (рухаючая сіла), трэння, асабліва ў прыземным слоі атмасферы, вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і цэнтрабежнай.
Характарызуецца напрамкам, адкуль дзьме, і скорасцю, якія графічна адлюстроўваюцца ружай вятроў. Гэтыя паказчыкі вызначаюцца на метэаралагічных станцыях як сярэднія за пэўны час з дапамогай метэаралагічных прылад: флюгера, анемографа, анемометра, анемарумбографа і інш., на вышыні — шароў-пілотаў. Напрамак ветру вызначаецца па 16 румбах гарызонта (зПн — паўн., зПнЗ — паўн.-зах.і г.д.), на метэастанцыях, што абслугоўваюць авіяцыю, — у градусах азімута. Скорасць ветру вымяраецца ў метрах за секунду, кіламетрах за гадзіну, вузлах (марскія мілі за гадзіну), прыблізна ў балах па Бофарта шкале. Скорасць вагаецца ад поўнага штылю да ўрагану (больш за 33 м/с), а ў трапічных цыклонах дасягае 100 м/с. Слабыя вятры бываюць у антыцыклонах. Ва ўмераных шыротах Зямлі пераважаюць слабыя і ўмераныя вятры (каля 3—8 м/с). З вышынёй у трапасферы скорасць звычайна павялічваецца, у стратасферы спачатку змяншаецца, потым павялічваецца зноў. На выш. 20—25 км у струменных плынях дасягае 100—150 м/с. Вецер звычайна дзьме штуршкамі, бываюць рэзкія кароткачасовыя ўзмацненні — шквалы. Гэта абумоўлена турбулентнасцю паветр. патоку. Вертыкальныя рухі бываюць нязначныя (сантыметры за секунду), толькі зрэдку дасягаюць 10—20 м/с пры апусканні паветра па схіле, пры моцнай атм.канвекцыі.
Над вял. тэрыторыямі вятры ўтвараюць паветраныя цячэнні (пасаты, мусоны, заходні перанос паветраных мас і інш.), якія складаюць агульную цыркуляцыю атмасферы. Пры пэўных геагр. умовах фарміруюцца мясц. вятры (афганец, брыз, бара, фён, містраль і інш.). Вецер — прычына многіх з’яў у прыродзе, ён уплывае прама ці ўскосна на жыццё людзей. Ад ветру залежыць развіццё ветраапыляльных (анемафільных) раслін, сярод якіх асн. збожжавыя культуры. Вецер уздзейнічае на рэльеф сушы (гл.Дэфляцыя, Дзюны, Барханы), выклікае хваляванне на моры, ветравыя цячэнні ў акіяне, абумоўлівае цеплаабмен паміж сушай і акіянам, зямной паверхняй і атмасферай, кругаварот вады на Зямлі. Вецер вялікай сілы — прычына многіх стыхійных бедстваў — штормаў, ураганаў, пылавых бур, самумаў і інш. Энергія ветру выкарыстоўваецца ў ветраэнергетыцы.
Ветравы рэжым тэр. Беларусі абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над кантынентам Еўразія і над Атлантычным ак. і вызначаецца існаваннем цэнтраў дзеяння атмасферы: Ісландскай дэпрэсіі на працягу ўсяго года, Сібірскага антыцыклону зімой і Азорскага антыцыклону летам. Пад іх уплывам зліст. да сак. пераважаюць паўд.-зах. вятры, з мая да вер. — паўн.-зах. Скорасць ветру зімой 4—5 м/с, летам 2—3 м/с. Моцны вецер бывае рэдка (5—10 дзён за год). Зімой пры праходжанні халоднага фронту, летам пры навальніцах бываюць буры, летам зрэдку адзначаюцца смерчы. На берагах вял. азёр існуе брызавая цыркуляцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ РАЁН,
на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1960). Пл. 1,9 тыс.км2. Нас. 37,8 тыс.чал. (1997), гарадскога 27,8%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км2.
Цэнтр раёна — г.п.Іўе, г.п.Юрацішкі, 372 сельскія населеныя пункты. Надзяляецца на Юрацішкаўскі пассавет, 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Раён размяшчаецца ў межах Лідскай раўніны на Пн і Нёманскай нізіны на Пд. Паверхня раўнінная, 50% тэрыторыі на выш. 150—200 м. каля 50% — ніжэй 150 м. Найвыш. пункт 243,4 м (за 6 км на ПдЗ ад в. Трабы). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, мел;.буд. пяскі, гліны, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб р Нёман з прытокамі Бярэзінай (з Іслаччу, Волкай, Чапунькай) і Гаўяй (з Клявай, Жыжмай і Апітай). На ПнУ ад г.п. Іўе Лаздунскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (40%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,3%), тарфяна-балотныя (11,6%). Пад лесам 44.7% тэрыторыі, з іх 22,3% — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на ПдУ і ПнЗ, на У частка лясоў (20 тыс.га) Налібоцкай пушчы. Пераважаюць хваёвыя лясы. Балоты займаюць 4,7% тэрыторыі Найб. балотныя масівы: Сіма, Жыжма, Краснае балота. Нац. парк Налібоцкі. заказнікі мясц. значэння: біялагічны — Урочышча Краснае і ландшафтны — Раздоры.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 79,2 тыс.га, з іх асушаных 25,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 20 калгасаў, адкормачны пункт. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёла-, свіна- і конегадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, лён, цукр. буракі, алейныя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (садавіна-агароднінныя кансервы, хлеб, каўбасы, макарону, спірт, агародніна-сушыльныя вырабы і інш.), дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Ліда—Маладзечна, аўтадарога Гродна—Мінск. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі зг. Ашмяны і Навагрудак. У раёне 16 сярэдніх, 16 базавых, 5 пач. школ, школа-інтэрнат, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 17 дашкольных устаноў, 13 дамоў культуры, 38 клубаў, 5 клубаў-бібліятэк, 44 б-кі, 9 бальніц, амбулаторыя, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл (1519, рэканструяваны ў 1883) і руіны замка (15—16 ст.) у в. Геранёны, касцёл Марыі (1772) у в. Дуды, сядзіба (1870-я г.) у в. Жамыслаўль, Сямёнаўскі касцёл (1904) у в. Лаздуны, Казіміраўскі касцёл (пач. 20 ст.) і капліца (19 — пач. 20 ст.) у в. Ліпнішкі, Мікалеўская царква (пач. 20 ст) у в. Морына, касцёл (1907) у в. Суботнікі, Троіцкі касцёл (18 ст.) у в. Сурвілішкі, касцёл Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) і Петрапаўлаўская царква (19 — пач. 20 ст.) у в. Трабы. Выдаецца газ. «Іўеўскі край».