арганічныя аліфатычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; CnH2n(NH2)OH. Масляністыя вадкасці з уласцівасцямі асноў. З мінер. і моцнымі карбонавымі кіслотамі ўтвараюць крышт. солі, з вышэйшымі тлустымі кіслотамі і іх эфірамі — нейтральныя прадукты (мыла). Атрымліваюць дзеяннем аміяку або амінаў на аксіды алефінаў. Выкарыстоўваюцца (асабліва этаноламіны) у вытв-сці мыйных сродкаў, эмульгатараў, касметычных і лек. прэпаратаў. Да вытворных амінаспіртоў належаць эфедрын, гармон L-адрэналін і халін, якія адыгрываюць важную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФАТЭ́РНАСЦЬ (ад грэч. amphoteros і той і гэты),
здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя абоасн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.
Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H+ і OH− іоны (напр., Cr3++3OH− ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H++CrO−2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКЕТАВА́ННЕ,
метад збору пачатковага матэрыялу для сацыялагічных, эканамічных, псіхалагічных і інш. даследаванняў. Праводзіцца ананімна, у пісьмовай форме з выкарыстаннем апытальных лістоў (анкет), у прысутнасці даследчыка і без яго (па пошце). Пытанні анкетавання павінны быць аб’яднаны агульнай тэмай даследавання, сфармуляваны дакладна, адназначна, на даступнай рэспандэнтам мове. Адрозніваюць пытанні адкрытыя (свабода ў выбары адказу) і закрытыя (адказ выбіраецца з прапанаваных варыянтаў), аб’ектыўныя (пра ўзрост, адукацыю і інш.) і суб’ектыўныя (высвятляюць сац.-псіхал. ўстаноўкі або меркаванні рэспандэнтаў). Гл. таксама Апытанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя злучэнні, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Бываюць аналагамі прыродных злучэнняў, лёгка ўключаюцца ў натуральны кругаварот і утылізуюцца ў экасістэмах або чужароднымі для прыроднага асяроддзя і з цяжкасцю разбураюцца пад уплывам біятычных фактараў. Да чужародных належаць многія т.зв. ўстойлівыя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя, якія нярэдка аказваюцца небяспечнымі для існавання жывых арганізмаў (напр., радыеактыўныя ізатопы з працяглым перыядам паўраспаду). Усяго вядома каля 100 тыс. відаў антрапагенных рэчываў, сярод іх шмат сінтэтычных, якія ніколі не існавалі ў прыродным асяроддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЛЁ,
расшыраная частка стрававода ў беспазваночных (многія малюскі, чэрві, насякомыя) і птушак. Служыць для назапашвання, захоўвання, зрэдку папярэдняй біяхім. апрацоўкі корму. У пчол у валлі нектар перапрацоўваецца ў мёд. Валлё развіта ў драпежных і некаторых зерняедных птушак, знаходзіцца над ключыцай і звычайна мае залозы. Скарачэнні валля забяспечваюць паступленне корму ў страўнік, адрыгванне яго пры выкормліванні птушанят або выдаленне неператраўленых рэшткаў (драпежныя птушкі). У галубоў клеткі эпітэлію валля адрываюцца і змешваюцца з сакрэтам залоз, утвараючы белаватую вадкасць, т.зв. птушынае (валлёвае) малако, якім выкормліваюцца птушаняты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння электрычнага напружання ў ланцугах пастаяннага і пераменнага току. Уключаецца паралельна да той часткі ланцуга, дзе вымяраюць напружанне. Бываюць аналагавыя (са стрэлачным або светлавым паказальнікам) і лічбавыя, паводле сістэм вымярэння — эл.-статычныя, эл.-магн., магнітаэл. і электронныя. Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, дзялільнікаў і трансфарматараў напружання. Можа спалучацца ў больш складаных прыборах з інш. электрычнымі вымяральнымі прыладамі (напр., ампервальтомметр).
Схема ўключэння вальтметра V у ланцуг: а — паралельна нагрузцы 1; б — праз транс-фарматар напружання 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 851, 852).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦА (Asperugo),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 1 від — вастрыца распасцёртая (Asperugo procumbens). Пашыраны ў Еўропе, Азіі, у Паўн. Афрыцы, як занесеная расліна — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку як пустазелле на агародах і каля жылля.
Аднагадовая цвёрдаапушаная травяністая расліна з распасцёртым па зямлі сцяблом даўж. да 60 см. Лісце чаргаванае, падоўжана-эліпсоіднае. Кветкі дробныя, спачатку фіялетавыя, потым блакітныя ці сінія, адзіночныя або па 2—3 у пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы і адхарквальны сродак) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНІ ЗЕ́МСКІ СУД,
саслоўны дваранскі судовы орган у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у канцы 18 ст. Дзейнічаў на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» ад 7.11.1775. Складаўся з дэпартаментаў крымін. і цывільных спраў. Разглядаў крымін. справы, за якія абвінавачаны мог быць асуджаны да смяротнага пакарання, пазбаўлення гонару або да публічнага пакарання. Кампетэнцыя Верхняга земскага суда па цывільных справах выразна не была вызначана. Ён быў і апеляцыйнай інстанцыяй для ніжняга земскага суда. Засядаў 3 разы ў год. У 1797 скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ,
1) удзельная забяспечанасць рачным сцёкам адзінкі плошчы тэрыторыі ці аднаго жыхара за пэўны перыяд. На Беларусі водазабяспечанасць мясцовым рачным сцёкам складае ў сярэднім 164 тыс.м³ за год на 1 км² ці 3,3 тыс.м³ за год на 1 жыхара; з улікам паступлення з суседніх краін — сумарным рачным сцёкам — водазабяспечанасць адпаведна 279 тыс.м³ і 5,6 тыс.м³ (1995).
2) Ступень задавальнення вадой водакарыстальніка ў параўнанні з разліковай аптымальнай патрэбнасцю ў вадзе. Вызначаецца праектам або планам водакарыстання.