горная сістэма ў Цэнтр. Азіі. Зах.ч. знаходзіцца пераважна ў Кыргызстане; часткова ў Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, усх. — у Кітаі. Цягнецца з 3 на У амаль на 2500 км. На ПдЗ Алайскім хр. злучаецца з сістэмай Паміра-Алая, на ПнУ хрыбтом Борахара з хр. Джунгарскі Алатау. Найвыш. пункты — пік Перамогі (7439 м) і Хан-Тэнгры (6995). Паводле фізіка-геагр. раянавання вылучаюць (акрамя кіт.ч.) Ц.-Ш. Зах., Паўн., Унутр. і Цэнтральны. Асн. хрыбты і ўпадзіны, што іх падзяляюць, маюць шыротнае і субшыротнае распасціранне. Рэльеф пераважна высакагорны з ледавіковымі формамі, на схілах — восыпны, вышэй за 3200 м — шматгадовая мерзлата. Буйныя міжгорныя (Ферганская, Ісык-Кульская, Нарынская і інш.) і ўскраінныя (Чуйская, Талаская) упадзіны з рачнымі далінамі, азёрамі і балотамі.
Геал. структура Ц.-Ш. ўзнікла ў выніку альпійскіх рухаў на месцы эпіпалеазойскага пенеплена, рэшткі якога захаваліся на выш. 3000—4000 м у выглядзе сыртаў. Горныя хрыбты складзены пераважна з асадкавых, метамарфічных і магматычных парод, катлавіны — з асадкавых адкладаў. Частыя землетрасенні Радовішчы руд ртуці, сурмы, свінцу, цынку, серабра, волава, вальфраму, ва ўпадзінах — нафты, каменнага і бурага вугалю і інш. Клімат рэзка кантынентальны. У далінах ніжняга пояса гор сярэднія т-ры ліп. 20—25 °C, у сярэдневышынных далінах 15—17 °C, каля падножжаў ледавікоў 5 °C і ніжэй; т-растудз. ў нізкагорнай зоне -5-8 °C, на высакагор’ях ад -17 да -22 °C, ападкаў ад 300 мм у перадгор’ях да 800 мм за год у высакагор’ях. Снегавая лінія ў Зах. Ц.-Ш. на выш. 3600—3800 м, у Цэнтр. — на выш. 4200—4450 м. Плошча сучаснага зледзянення 7,3 тыс.км² (больш за 7700 ледавікоў, найбуйн. Паўд. і Паўн. Энгільчэк, Каінды, Мушкетава). Рэкі належаць да ўнутр. басейнаў Цэнтр. Азіі, найбуйн. Нарын, Сары-Джаз, Сырдар’я, Ілі, Чу, Тарым, Канчэдар’я. Маюць пераважна ледавіковае і снегавое (летняя паводка) жыўленне. Найбуйн. азёры: Ісык-Хуль, Сонг-Кёль, Чатыр-Кёль. У Цэнтр. Ц.-Ш. выражана вышынная пояснасць ландшафтаў. Раўніны заняты гліністымі палыннымі і салянкавымі пустынямі, якія на Пд пераходзяць у палына-эфемеравыя пустыні. На падгорных раўнінах і ў нізкіх перадгор’ях паўпустыні або пустынныя стэпы з перавагай эфемераў і эфемероідаў. Вышэй за 900—1200 м — горна-стэпавы пояс, прадстаўлены злакава-разнатраўнымі стэпамі на Пн і высакатраўнымі паўсаваннамі на Пд. Вышэй за 1200—2000 м — лутавыя стэпы, хмызняковыя зараснікі і лісцевыя лясы. Лясы грэцкага арэха (на зах. схілах Ферганскага хр., паўд. схіле Чаткальскага і ў Зах. Ц.-Ш.) да 1700 м на Пн, да 2500—3000 м на Пд, змяняюцца хвойнымі з цянь-шаньскай елкі і піхты. Субальпійскія і альпійскія лугі пашыраны пераважна на паўн. схілах (на выш. 2800—3400 м). На сыртах — ландшафты халодных пустынь. На выш. 3600—3800 м — ландшафты гляцыяльна-нівальнага пояса. Ва ўнутр. далінах і катлавінах — камяністыя пустыні, паўпустыні і сухія стэпы. Жывёльны свет перадгор’яў і нізкагор’яў: грызуны, паўзуны, антылопа джэйран; у гарах — дзік, горны баран (архар), горны казёл, цянь-шаньскі мядзведзь, снежны барс, суркі; э птушак — горны індык, горная курапатка, альпійская галка, вадаплаўныя.
Пашавая жывёлагадоўля, земляробства (пераважна ў перадгор’ях і на паліўных землях). Вырошчваюць рыс, вінаград, персікі, яблыкі, абрыкос, слівы, ячмень, пшаніцу, бульбу. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Алмацінскі, Аксу-Джабаглы, Сары-Чэлекскі, Чаткальскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТРЫХАВА́НАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура балцкіх плямён, якія ў 7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э. насялялі тэр. сярэдняй Беларусі і ўсх. Літвы. Назва ад глінянага посуду, знешняя (часта і ўнутраная) паверхня якога пакрывалася штрыхамі. Паводле асаблівасцей развіцця вылучаюць 3 яе храналагічныя перыяды. На 1-м этапе (7—5 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на адкрытых паселішчах, якія размяшчаліся на ўзвышэннях у паплавах рэк і азёр і мысападобных выступах 1-й надпоплаўнай тэрасы. У ахаваных прыродных мясцінах (на ўзгорках, часам сярод балот або на мысах па берагах рэк і азёр) ствараліся гарадзішчы. Самыя раннія з іх умацоўваліся па краі пляцовак толькі драўлянай сцяной, а схілы ўзгорка або мыса штучна зразаліся, чым дасягалася большая стромкасць. Былі пашыраны прылады працы з косці, рогу, крэменю, дрэва (каменныя сякеры, зерняцёркі, тачыльныя брускі і інш.), касцяныя і рагавыя ўпрыгожанні. Вырабляліся разнастайныя пасудзіны: слоікападобныя, з конусападобным і выпуклым тулавам, гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі (з прамым або адагнутым венчыкам, кароткай шыйкай, апушчаным або прыўзнятым плечуком і выпуклым тулавам, плоскім ці круглаватым дном). Па шыйцы іх арнаментавалі рознымі па дыяметры ямкавымі ўцісканнямі, якія размяшчаліся па адным у рад або групамі па 2—3 у кожнай, часам у выглядзе трохвугольнікаў. У гаспадарцы побач з лядным земляробствам і жывёлагадоўляй значную ролю адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. На 2-м этапе (4—1 ст. да н.э.) у плямён Ш.к.к. ўзніклі новыя, добра ўмацаваныя гарадзішчы, а ранейшыя перабудоўваліся: пляцоўкі павялічвалі, па іх краях з боку поля насыпалі валы і выкопвалі равы. Насельніцтва жыло ў вял. доўгіх дамах слупавой канструкцыі, падзеленых на некалькі (ад 3 да 6) жылых памяшканняў. Унутры іх размяшчаліся агнішчы круглай, авальнай ці падковападобнай формы, абкладзеныя па краях камянямі або валікамі гліны. Разам з каменнымі, касцянымі, рагавымі вырабамі выкарыстоўваліся і жал. прылады працы, зброя. Ва ўжытку па-ранейшаму былі таўстасценныя і слабаабпаленыя слоікападобныя пасудзіны і гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі. На 3-м этапе (1—5 ст.н. э.) гарадзішчы ўмацоўвалі складанай сістэмай земляных валоў з драўлянымі канструкцыямі на іх грэбені і глыбокіх равоў. На змену доўгім дамам прыйшлі невял. чатырохвугольныя наземныя жытлы слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі ўнутры. Асн. галінамі гаспадаркі былі ляднае земляробства і жывёлагадоўля, а таксама апрацоўка жалеза, косці, рогу, каменю, дрэва, бронзаліцейная справа, ганчарства, прадзенне, ткацтва, пляценне і інш. Насельніцтва вырабляла і ўжывала жал. сякеры, нажы, нажы для жніва, брытвы з выпуклым лязом, сярпы, падковападобныя і латэнскага тыпу фібулы, посахападобныя шпількі, бронзавыя пярсцёнкі, драцяныя скроневыя кольцы, спіралькі, падвескі і інш. ўпрыгожанні, жал. іголкі і шылы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, гліняныя прасліцы (часта арнаментаваныя наразнымі лініямі і кропкавымі ўзорамі ў выглядзе трохвугольнікаў, ромбаў і трапецый) і інш. Кераміка — штрыхаваныя і гладкасценныя рабрыстыя і слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы, арнаментаваныя па рабры і ў верхняй частцы зашчыпамі, ямкавымі і пазногцевымі ўцісканнямі, насечкамі і інш. Трапляюцца глянцаваны і падглянцаваны посуд, мініяцюрныя пасудзіны міскападобных і слоікападобных форм. Да прывазных вырабаў адносяцца падковападобныя фібулы з выемчатай эмаллю, бляхі з выявай галоўкі арла і выпуклыя бляшкі з пяцелькамі з тыльнага боку. Найб. даследаваныя помнікі Ш.к.к. ў Беларусі — Аздзяцічы, Банцараўшчына, Вязынка, Гарадзішча, Дзедзілавічы, Івань, Кімія, Лабеншчына, Малышкі, Мыслі (Вілейскі і Капыльскі р-ны Мінскай вобл.), Рацюнкі.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999.
А.Р.Мітрафанаў.
Да арт.Штрыхаванай керамікі культура. Упрыгожанні з гарадзішча Івань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́ (ЯКУ́ЦІЯ), Рэспубліка Саха (Якуція),
Якуція, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчана на ПнУсх. Сібіры. Абмываецца морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім. Уключае Новасібірскія астравы. Пл. 3102,2 тыс.км². Нас. 989 тыс.чал. (2000), гарадскога 64,6%. Сярэдняя шчыльн. 0,3 чал. на 1 км². Больш густа заселены паўд. улусы (адм. раёны) рэспублікі. Жывуць якуты (33,4%), рускія (50,3%), украінцы (7,1%), народнасці Поўначы (2,3%), у т. л. эвенкі, эвены, юкагіры. Сталіца — г.Якуцк. Найб. гарады: Нерунгры, Мірны, Ленск, Алдан, Удачны.
Прырода. Берагавая лінія моцна парэзаная (бухта Нордвік, зал. Анабарскі, Алянёцкі, Янскі, Калымскі, губа Буор-Хая з бухтай Тыксі). Большая ч.тэр. занята горнымі сістэмамі і пласкагор’ямі. На З Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн абмежавана Паўн.-Сібірскай нізінай, на У — Цэнтральнаякуцкай раўнінай. У паўд.ч. Алданскае нагор’е (выш. 650—1000 м), на Пн ад яго Прыленскае плато, на Пд — Станавы хрыбет. На правабярэжжы р. Лена хрыбты Верхаянскі (выш. да 2389 м) і Чэрскага (выш. да 3147 м, г. Перамога), паміж імі Яна-Аймяконскае нагор’е. На Пн Яна-Індыгірская і Калымская нізіны, на ПнУ Юкагірскае пласкагор’е. Больш за 40% тэр. за Палярным кругам. Карысныя выкапні: алмазы, золата, волава, сурма, вальфрам, слюда, поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль (Паўднёва-Якуцкі вугальны басейн, Ленскі вугальны басейн), прыродны газ і інш. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэдняя т-растудз. ад -28 °C на ўзбярэжжы да -50 °C на астатняй тэр. (у раёне Верхаянск—Аймякон — адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я з абс. мінімумам т-ры -72,2 °C), ліп. ад 2 °C на ўзбярэжжы да 19 °C у цэнтр раёнах. Ападкаў 200—700 мм за год. Гал. рэкі: Лена (з прытокамі Алёкма, Алдан, Вілюй), Алянёк, Яна, Індыгірка, Калыма і інш. Больш за 700 значных азёр, пераважна мелкаводных. Вілюйскае вадасховішча. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Глебы мярзлотна-таежныя, дзярнова-лясныя, алювіяльна-лугавыя, горна-лясныя і тундрава-глеевыя. Пад лесам (даўрская лістоўніца, хвоя, кедравы сланік, елка, піхта, бяроза) каля 80% тэрыторыі. У далінах рэк і на аласахпашыраны лугі. На Пн і ў гарах тундра. У складзе жывёльнага свету пясец, собаль, заяц-бяляк, ліс, гарнастай, паўн. алень, лось; трапляюцца кабарга, ізюбр, снежны баран. У морах — омуль, муксун, нельма, чыр, рапушка, у рэках — акунь, сіг, шчупак, асетр, мянтуз, таймень. Алёкмінскі і Усць-Ленскі запаведнікі.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. (Я.) з часоў палеаліту. У 6—10 ст.н.э. з Прыбайкалля на Сярэднюю Лену прыйшлі цюркамоўныя плямёны, якія асіміляваліся з мясц. насельніцтвам і ўтварылі ядро якуцкага (саха) народа. У першабытнаабшчынным ладзе якутаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, у 17 ст. зараджаюцца элементы феад. адносін. Якуцкія плямёны на чале з таёнамі (князямі) насялялі сярэдняе цячэнне Лены, нізоўе Вілюя і вярхоўе Яны; у 2-й пал. 17 ст. яны рассяліліся па нізоўях Лены, Яны, на Алянёку, Індыгірцы, Алазеі і Калыме. З прыходам у 1620—30-я г.рус. казакоў якуты ў 1632 прызналі ўладу рас. цара. Рус. казакі засн. ў 1632 г. Якуцк. У 1638 утворана Якуцкае ваяводства. У 17—18 ст. якуты плацілі натуральны падатак — ясак. Частка іх перайшла да земляробства. З 1708 якуцкія землі ў складзе Сібірскай, з 1764 — Іркуцкай губ. У 1760-я г. забаронены купля і продаж зямлі, за валасцямі замацаваны зямельныя ўчасткі, склалася т. зв. класная абшчынная сістэма землекарыстання (існавала да 1920). У 1805 утворана Якуцкая вобл., якой кіраваў начальнік, падпарадкаваны іркуцкаму губернатару; з 1851 вобласцю (у складзе Іркуцкага ген.-губернатарства) кіраваў асобны губернатар. Паводле «Статута аб кіраванні іншародцаў» 1822 якуты прылічаны да «качавых іншародцаў». У сярэдзіне 19 ст. ў бас. рэк Алёкма і Віцім знойдзена золата. Буд-ва Сібірскай чыг., узнікненне золатаздабыўной прам-сці і суднаходства па Лене спрыялі развіццю ў С. (Я.) з канца 19 ст. элементаў капіталіст. адносін, фарміраванню нац. буржуазіі. З 19 ст.рас. царызм выкарыстоўваў тэр. С. (Я.) як месца ссылкі. Сярод сасланых па паліт. матывах былі беларусы Р.А.Васільеў, А.А.Касцюшка-Валюжаніч і інш. Тут праводзіў свае даследаванні і памёр (1892) у час падарожжа па р. Калыма І.Дз.Чэрскі. У рэвалюцыю 1905—07 у С. (Я.) узніклі дэмакр. саюзы і с.-д. арг-цыі, вясной 1917 — К-тРСДРП, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прафсаюзы. З восені 1917 улада ў Якуцку знаходзілася ў руках антыбальшавіцкага Якуцкага абл. савета. З дапамогай атрадаў Чырв. Арміі 1.7.1918 устаноўлена Сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. С. (Я.) занята белагвардзейцамі. Сав. ўлада адноўлена ў снеж. 1919 — сак. 1920. 27.4.1922 утворана Якуцкая Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка ў складзе РСФСР. У Вял.Айч. вайну больш за 50 тыс. ураджэнцаў С. (Я.) змагаліся на франтах, 13 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза. За гады Сав. улады якуцкі (саха) народ кансалідаваўся ў нацыю, створаны сучасныя галіны прам-сці, у т. л. алмазаздабыўная. У вер. 1990 абвешчаны дзярж. суверэнітэт рэспублікі. У кастр. 1991 уведзена пасада прэзідэнта (у 1991—2002 М.Я.Нікалаеў, з 2002 — В.А.Штыроў). У снеж. 1991 прынята сучасная назва — С. (Я.). 31.3.1992 С. (Я.) разам з інш. суб’ектамі Рас. Федэрацыі падпісала Федэратыўны дагавор.
Гаспадарка. Аснову эканомікі С. (Я.) складае горназдабыўная прам-сць (77,4% кошту прамысл. прадукцыі, 1999). Здабыча алмазаў (Мірны, Удачны, Айхал), золата (бас. рэк Алдан і Індыгірка), волава (Дэпутацкі, Эсэ-Хая), сурмы (Усць-Нера), слюды (Алдан, Тамот, Канкунскі). Паліўна-энергет. комплекс (17,7%) грунтуецца на мясц. вугалі, прыродным газе, гідраэнергарэсурсах і прывазных нафтапрадуктах. Здабыча каменнага і бурага вугалю 10 млн.т (1999, Нерунгры, Сангар, Кангаласы), прыроднага газу (Вілюйск, Сангар), вытв-сць электраэнергіі 7,4 млрд.кВт∙гадз (1999), Вілюйская ГЭС, Нерунгрынская, Чульманская, Якуцкая ДРЭС Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, маш.-буд., лёгкай, харч., у т. л. рыбнай, прам-сці. Лясная і дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў — 106,5 тыс.м³, мэблі) у Якуцку, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, маш.-буд. — у Нерунгры (рамонтна-мех.) і Якуцку (суднарамонт), металаапр. — у Алдане. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (у т. л. цэменту — 104 тыс.т) у Якуцку, Нерунгры, Мірным, Алдане, Сангары, Ленску, Тамоце. Лёгкая прам-сць (швейная, гарбарна-абутковая) у Якуцку, харч. — у Якуцку, Нерунгры, Ленску і інш.Вытв-сць сувеніраў у Якуцку. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (мяса-малочная, мяса-табуновая конегадоўля); на Пн — аленегадоўля. Свіна- і птушкагадоўля. Развіта зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка), паляўнічы (вавёрка, белы пясец, гарнастай, ліс, собаль, андатра) і рыбны промыслы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлы 273,5, свіней 20,4. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1999) 59,9, з іх пад збожжавымі (пшаніца, ячмень, авёс) 23,7, бульбай і агароднінай 11,4, кармавымі 24,8. Пасевы збожжавых у цэнтр. і паўд. раёнах, бульбу і агародніну вырошчваюць у цэнтр.ч., на Пд і З. Асн. віды транспарту паветраны і водны. Аэрапорты ў Якуцку, Нерунгры, Мірным, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, Тыксі, Верхаянску, Чэрскім. Суднаходства па Паўночным марскім шляху, рэках Лена, Алдан, Вілюй, Анабар і інш. Марскія парты: Тыксі, Зялёны мыс (Чэрскі). Даўж. чыгункі 165 км (Бамаўская чыг. лінія — Тында—Беркакіт—Нерунгры). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7071 км, гал. Амура-Якуцкая аўтамагістраль (Беркакіт—Тамот—Якуцк) і Якуцк—Хандыга—Магадан. С. (Я.) пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу алмазы, золата, волава, піламатэрыялы, пушніну; завозіць нафтапрадукты, прадукцыю машынабудавання, тавары лёгкай, харч. прам-сці і інш.
Літаратура. Развіваецца на якуцкай мове. Вытокі ў багатым і разнастайным фальклоры; асабліва пашыраны гераічны эпас аланхо. Пісьмовая л-ра зарадзілася з узнікненнем перыяд. друку ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. У творах А.Кулакоўскага, А.Сафронава побыт якутаў, іх цяжкае жыццё. Заснавальнік як.сав. л-ры — П.Айунскі. У 1920—30-я г. выступілі паэты С.Эляй, А.Абагінскі (Кудрын), А.Кюндэ (Іваноў), Кюнюк Урастыраў (У.Новікаў), празаікі Ама Ачыгыя (М.Мордзінаў), Эрылік Эрысцін (С.Якаўлеў), драматург Суарун Амалон (Дз.Сіўцаў) з творамі пра грамадз. вайну, змены ў жыцці народа. У Вял.Айч. вайну патрыят. творы стваралі С.Васільеў-Барагонскі, Эрылік Эрысцін, Ама Ачыгыя, Кюнюк Урастыраў, Эляй і інш. У пасляваен. гады распрацоўваліся тэмы Вял.Айч. вайны (І.Нікіфараў, Л.Папоў), стваральнай працы (Сямён Данілаў, Сафрон Данілаў, М.Яфімаў, І.Гогалеў). У 1960—90-я г.л-ра папоўнілася творамі П.Табурокава, М.Якуцкага, М.Габышава, С.Руфава, С.Тарасава, А.Сырамятнікавай і інш. На бел. мову асобныя творы Абагінскага, Айунскага, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Кюндэ, Сафронава, Яфімава перакладалі А.Вольскі, С.Міхальчук, У.Правасуд, Я.Семяжон. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці В.Гаўрыльевай «Краіна Уот-Джулустана» (1981), казка «Жураўлінае пяро» (1988).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. (Я.) знойдзены арнаментаваная кераміка, маст. вырабы з металу, наскальныя выявы (жывёлы, сцэны палявання) часоў неаліту і бронзы. Стараж. жыллё якутаў — прамавугольная ў плане юрта, з 19 ст.пашыраны драўляныя хаты. Традыц. віды нар. мастацтва: разьба па дрэве і косці, чаканка і гравіроўка па метале, дробная пластыка, выраб футравага адзення, аздобленага мазаікай і аплікацыяй. У 20 ст. пааднаўляліся старыя і ўзнікалі новыя гарады (Алдан, Ленск, Мірны) і гар. пасёлкі (Чарнышэўскі і інш.). Ва ўмовах вечнай мерзлаты будынкі (шматпавярховыя, цагляныя ці каменныя) узводзілі пераважна на слупкаватых ці палевых фундаментах. Сярод найб. значных архітэктараў-праекціроўшчыкаў С.Данілаў, В.Пятроў, І.Смалькоў і інш. У 1964 створаны Саюз архітэктараў С. (Я.). Выяўл. мастацтва пач. 20 ст. прадстаўлена творчасцю М.Носава і І.Папова. У 1920—30-я г. працавалі першыя мастакі-якуты — П.Раманаў, Г.Туралысаў, П.Дабрынін. Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст. жывапісцы А.Осіпаў, М.Лукін, В.Пятроў, Л.Габышаў, графікі Э.Сіўцаў, В.Васільеў, разьбяры па косці Дз.Нікіфараў, І.Мамаеў і інш.
Музыка. Аснову муз.-паэт. фальклору якутаў складае гераічны эпас аланхо. Асн. жанры як.нар. музыкі — працяжныя і мерныя песні. Працяжным уласцівы свабодная форма, пераменныя метр і лад. Мелодыі мерных песень рытмічна выразныя і ладава акрэсленыя (лірычныя, танц., а таксама т.зв. паднябенныя, якія выконваюцца з характэрным прыцмокваннем). З танцаў вядомы асуахай, з інструментаў — хамуз (варган), кюпсюр (барабан), дзюнгюр (шаманскі бубен), самаробная скрыпка і запазычаныя ад рускіх балалайка і баян. У 1843 упершыню як.нар. песні запісаў А.Мідэндорф. У 1927 выдадзены першы зб.як. песень (у ім змешчаны апрацоўкі М.Аладава). Найб. вядомыя музыканты: Ф.Карнілаў, А.Скрабін, М.Жыркоў, З.Вінакураў. На як.муз. мастацтва паўплывалі Г.Ліцінскі (першыя нац. оперы і балеты разам з М.Жырковым), М.Пяйко, Г.Грыгаран, С.Кандрацьеў і інш. Сярод як. выканаўцаў спевакі М.Лабанаў, А.Лыткіна, Н.Шапялёва, А.Ільіна, хар. дырыжор Ф.Баішава, балерына А.Сцяпанава. Працуюць Муз.-драм.т-р імя П.Айунскага, муз.т-р, філармонія, ансамбль танца, сімф. аркестр, хор радыё і тэлебачання, муз. вучылішча, муз. школа. Саюз кампазітараў С. (Я.) з 1979.
Літ.:
Иванов В.Н. Социально-экономические отношения у якутов, XVII в. Якутск, 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХІ АКІЯ́Н, Вялікі акіян,
найбуйнейшы басейн Сусв. акіяна. Абмежаваны мацерыкамі Еўразія і Аўстралія на 3, Паўн. і Паўд. Амерыка на У, Антарктыда на Пд. Пл. з морамі 178,62 млн.км², аб’ём вады 710,36 млн.км³ (53% аб’ёму вады Сусв. акіяна). Сярэдняя глыб. 3980 м, найб. — 10 920 (Марыянскі жолаб).
Берагавая лінія складаная, пераважаюць фіёрдавы і абразійны тыпы берагоў. У трапічных шыротах на З берагі ў асн. каралавыя, месцамі з бар’ернымі рыфамі. Берагі Антарктыды ўтвораны пераважна шэльфавымі ледавікамі. Да бас. Ц.а. належаць моры: паўзамкнёныя — Берынгава, Ахоцкае, Японскае і Унутр. Японскае, Усх.-Кітайскае, Жоўтае і Паўд.-Кітайскае, а таксама міжастраўныя, аб’яднаныя назвай Аўстрала-Азіяцкае міжземнае мора; ускраінныя — Каралавае і Тасманава, каля берагоў Антарктыцы — Амундсена, Белінсгаўзена і Роса; буйныя зал. Аляска, Каліфарнійскі, Панамскі (гл. адпаведныя артыкулы).
Астравы. Паводле колькасці астравоў (каля 10 тыс., пл. каля 3,6 млн.км²) Ц.а. займае 1-е месца сярод акіянаў. Мацерыковыя астравы размешчаны пераважна на зах. ускраіне Ц.а. — Сахалін, Японскія, Тайвань, усе буйныя а-вы Малайскага архіпелага, а-вы Новай Зеландыі і інш.; на ўсх. — большасць астравоў каля Паўн. і Паўд. Амерыкі. Вулканічныя астравы трапляюцца на ўсёй акваторыі акіяна — б.ч. Алеуцкіх, Курыльскіх, Рукю, Гавайскіх, Самоа, Маркізскіх, Тубуаі, Галапагас, Хуан-Фернандэс, Чатэм і інш. Біягенныя (каралавыя) астравы размешчаны пераважна ў экватарыяльна-трапічных шыротах — Маршалавы, Гілберта, Тувалу, Такелау, Кука, Лайн, Фенікс, Туамоту і інш.; узнятыя рыфы — Мінаміторы (Маркус), Уэйк, Науру, Хаўленд і інш.; атолы — Тонграва, Джонстан, Капінгамарангі і інш.
Будова дна. Вылучаюцца: падводныя ўскраіны мацерыкоў (10,2%; пашыраны ва ўскраінных морах Заходняга сектара, вобласці Малайскага архіпелага, каля паўн. і ўсх. ўзбярэжжаў Аўстраліі), мацерыковы схіл (3%), вобласці пераходных зон (13,3%), ложа акіяна (65,5%), сярэдзінныя акіянічныя хрыбты (11% ад пл. акіяна). Рэльеф дна Ц.а. характарызуецца найб. (параўнальна з інш. акіянамі) расчлянёнасцю і слабым развіццём шэльфа (1,7% ад пл. акіяна). На ПнЗ, З і ПнУ шэльф уяўляе сабой абразійна-акумулятыўную раўніну, ускладненую рачнымі далінамі і рэліктавымі формамі ледавіковага рэльефу. На Зшыр. шэльфа да 800 км, глыб. вонкавага краю 150—500 м. Мацерыковы схіл вузкі і стромы (10—30°). Каля берагоў Аўстраліі мноства каралавых пабудоў, на вонкавым краі акаймаваны Вялікім бар’ерным рыфам. На У шэльф вузкі (некалькі дзесяткаў кіламетраў), абмежаваны ўступам на глыб. 1000—1500 м (Каліфарнійскі бардэрленд). Мацерыковы схіл круты, парэзаны шматлікімі каньёнамі, конусы вынасу якіх утвараюць нахіленую раўніну мацерыковага падножжа. Вылучаецца глыба кары кантынент. тыпу палеазойскага ўзросту — Кэмпбел (Новазеландскае плато). Мацерыковая ўскраіна Антарктыды вызначаецца пашырэннем ледавіковых і айсбергавых адкладаў. Мацерыковы схіл (глыб. 500 м) шырокі, парэзаны каньёнамі. Па паўн. і зах. перыферыі Ц.а. ў пераходнай зоне ад п-ва Аляска да а-воў Новая Зеландыя цягнецца сістэма катлавін ускраінных мораў (глыб. 3000—7000 м), астраўных дуг і спалучаных з імі акіянічных жалабоў (якім адпавядаюць макс. глыбіні Ц.а.) — Алеуцкі (7855 м), Курыла-Камчацкі (9783 м), Ідзу-Огасавара (Ідзу-Банінскі; 9810 м), Марыянскі (10 920 м), Філіпінскі (10 265 м) і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Сістэма сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў — адзіная структура, даўж. больш за 7000 км. Падзяляецца на Паўднёва-Ціхаакіянскае падняцце (хрыбет), шыр. 750 км і Усходне-Ціхаакіянскае падняцце, шыр. да 2000 км. Характарызуецца скляпеннепадобнай будовай, значнай шырынёй, вял. колькасцю трансформных разломаў, зямной карой рыфтагеннага тыпу. Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты тэктанічна актыўныя. Скорасць рассоўвання хрыбтоў у асн. перавышае 5 см за год, зрэдку 16—18 см. На адлегласці каля 2 км ад гал. хрыбта дно разбіта сістэмай скідаў і грабенаў. На аддаленні 10—12 км тэктанічная актыўнасць амаль адсутнічае.
Ложа акіяна сістэмай падняццяў падзелена на шэраг катлавін: Паўн.-Заходнюю (6965 м), Паўн.-Усходнюю (6850 м), Філіпінскую (7759 м), Зах.-Марыянскую (7534 м), Усх.-Марыянскую (6150 м), Зах.-Каралінскую (5798 м), Усх.-Каралінскую (7208 м), Белінсгаўзена (5120 м), Паўднёвую (6600 м), Чылійскую (5021 м) і інш. Падняцці полігенетычныя: акіянічныя валы, глыбавыя горы, вулканічныя хрыбты, ускраінныя валы і хрыбты, асобныя горы (гаіёты) і інш. Для асобных катлавін характэрны шыротныя разломы (даўж. 4000—5000 м). Ц.а. — найб.стараж. з акіянаў, развіваецца з пратэразою, у мезазоі быў суперакіянам, пасля чаго ў выніку дрэйфу літасферных пліт пастаянна скарачаецца. Катлавінам і падняццем ложа Ц.а. адпавядае кара акіянічнага тыпу, дзе «базальтавы» слой сярэдняй магутнасцю да 7000 м; асадкавы слой складзены з ніжняга, больш шчыльнага асадкавага або вулканагеннага слоя (магутнасць ад соцень да тысяч метраў, у некат. раёнах адсутнічае) і верхняга, больш рыхлага (1000—2000 м).
Донныя адклады тэрыгеннага паходжання (абломкавыя і гліністыя) займаюць 10% плошчы Ц.а., пераважна на падводнай ускраіне мацерыкоў; тэрыгенна-айсбергавыя ўтвараюць паласу шыр. да 1000 м каля берагоў Антарктыды. У пелагіялі акіяна на Пд ад экватара да 60°паўд. ш.пашыраны карбанатныя фарамініферавыя адклады (каля 38% пл. акіяна). Птэраподавыя адклады ў Каралавым м. У экватарыяльна-трапічным поясе на шэльфе і мацерыковым схіле — каралавыя ўтварэнні (1% плошчы). Вылучаюцца 3 паясы біягенных (крамяністых) асадкаў (10% плошчы): паўн. і паўд. (субантарктычны) дыятомавых ілоў і экватарыяльны радыялярыевых ілоў. Ракушачныя намнажэнні пашыраны на ўсіх шэльфах, акрамя антарктычнага. У раёнах сучаснага і антрапагенавага вулканізму сярод асадкавых адкладаў значная прымесь вулканагенных. На глыбінях больш за 4500—5000 м у малапрадукцыйных зонах вял.пл. дна (35%) укрыты чырв. глыбакаводнымі глінамі. Асадкі сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў і іх схілаў абагачаны аксідамі і гідраксідамі жалеза і марганцу, што выносяцца ў прыдонныя воды высокатэмпературнымі руданоснымі растворамі.
Карысныя выкапні: нафта і газ на шэльфе (ЗША, Перу, Расія, Кітай, Эквадор, Інданезія); вял. палі жалеза-марганцавых канкрэцый (пл. 16 млн.км²) у адкрытым акіяне, на схілах вулканічных астравоў і падводных гарах; россыпныя радовішчы касітэрыту (Інданезія), рутылу, торыю, цыркону (Аўстралія, Інданезія), золата і плаціны (узбярэжжа Аляскі, Каліфорніі, Чылі), тытана-магнетытавай руды (Японія, Інданезія, Расія, ЗША); радовішчы фасфарытаў (на шэльфах Каліфорніі і а-воў Новая Зеландыя); каменны вугаль на шэльфе Японіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Паўд. Амерыкі. У межах сярэдзінна-акіянічных рыфтаў буйныя радовішчы сульфідных руд (цынк, медзь, свінец, рэдкія металы). На многіх мелкаводных участках шэльфа эксплуатуюцца радовішчы неметал. карысных выкапняў.
Клімат. Большая частка Ц.а. размешчана ў субэкватарыяльным, трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматычных паясах, меншая ў экватарыяльным і субарктычным. У паўн.-зах. частцы акіяна мусонная цыркуляцыя атмасферы. Ва ўмераных шыротах зах. вятры, у трапічных і субтрапічных на Пн і Пд адпаведна паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. пасаты. На З трапічнай зоны з чэрв. па ліст. тайфуны (27—50 за год). Цыркуляцыя атмасферы над Ц.а. вызначаецца 4 асн. абласцямі атм. ціску: Алеуцкім мінімумам, Паўн.-Ціхаакіянскім, Паўд.-Ціхаакіянскім і Антарктычным максімумамі.
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн ад 40°паўн. ш. субпалярны цыкланічны кругаварот, што складаецца з Аляскінскага, Алеуцкага, Камчацкага, Курыльскага і Паўн.-Ціхаакіянскага цячэнняў. На Пд ад гэтай сістэмы — субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, утвораны Паўн. Пасатным, Курасіо, Паўн.Ціхаакіянскім і Каліфарнійскім цячэннямі. У нізкіх шыротах Паўн. Пасатнае, Міжпасатнае (Экватарыяльнае) супрацьцячэнне і Паўд. Пасатнае ўтвараюць 2 вузкія трапічныя цыкланальныя кругавароты. У Паўд. паўшар’і таксама назіраецца субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, што складаецца з Паўд. Пасатнага, Усх.-Аўстралійскага, Зах. Вятроў і Перуанскага цячэння. Цячэнне Зах. Вятроў сумесна з Антарктычным цячэннем усх. кірунку ўтварае паўд. субпалярны цыкланічны кругаварот. У паверхневых водах з 3 на У супрацьцячэнне Кромвела звязана з буйнамаштабным глыбінным пераносам вады. У паўд.-зах. частцы акіяна існуе цёплае цячэнне Эль-Ніньё, якое перыядычна мяняе свой напрамак і т-ру; назва мяняецца на Ла-Нінья. У Ц.а. самыя высокія (да 34 м) ветравыя хвалі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні 19,1 °C. Найб. салёнасць 35,5‰ і 36,5‰ адзначана адпаведна ў паўн. і паўд. субтрапічных шыротах. Каля экватара памяншаецца да 34,5%. і менш, у паўн. умераных шыротах зніжаецца да 30—31%., у паўд. высокіх шыротах — да 33,5‰. Шчыльн. вады на паверхні раўнамерна павялічваецца ад экватара (1021 кг/м³) да высокіх шырот (1027 кг/м³).
Прылівы ў адкрытай ч. акіяна на Пн і ПдУ няправільныя паўсутачныя (да 12 м у зал. Кука; 2,6 м каля берагоў Чылі). У паўд.ч. акіяна — правільныя паўсутачныя (7,2 м каля берагоў Аўстраліі), у экватарыяльнай вобласці — сутачныя і няправільныя сутачныя (2,5 м каля Новай Гвінеі, 1 м каля Саламонавых а-воў). Макс. прыліў 13,2 м (Пенжынская губа Ахоцкага м.). Лёдаўтварэнне адбываецца ў паўн.-зах. морах (Берынгава, Ахоцкае, Японскае, Жоўтае), на Пн зал. Аляска і каля берагоў Антарктыды. Зімой і вясной лёд выносіцца Курыльскім цячэннем у паўн.-зах. частку Ц.а. Ад берагоў Антарктыды льды і айсбергі выносяцца ў лют. да 61—64°паўд. ш., у жн. да 70°паўд. ш., у канцы лета да 40—48°паўд. ш. У выніку землетрасенняў або падводных вывяржэнняў вулканаў узнікаюць цунамі (ПнУ акіяна).
Флора і фауна багатая і разнастайная. Фауна Ц.а. ўключае каля 100 тыс. відаў, фітапланктон каля 380 відаў. У зоне шэльфа прадстаўлены бурыя, фукусавыя, ламінарыевыя водарасці, малюскі, чэрві, ракападобныя, ігласкурыя і інш. арганізмы. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў (400 відаў), утвараюць каралавыя рыфы. Фауна рыб уключае не менш як 2000 відаў у трапічных шыротах і да 800 відаў ва ўмераных. У паўн. умераных і паўд. высокіх шыротах шматлікія млекакормячыя: кашалот, некалькі відаў кітоў-паласацікаў, марскія коцікі, лахтак, морж і сівуч (на Пн), а таксама крабы, крэветкі, вустрыцы, галаваногія малюскі і інш. Шмат экдэмікаў.
Гаспадарчае выкарыстанне. На Ц.а. прыпадае 50% сусв. здабычы рыбы (мінтай, селядзец, ціхаакіянскія ласосі, трасковыя, марскія акуні, тунцы, скумбрыя, сайра і інш.) і інш. морапрадуктаў. У паўн.-зах. частцы Ц.а. сканцэнтраваны гал. запасы ласосевых ласасёвых* рыб. Сярод нярыбных аб’ектаў пераважаюць кальмары, крэветкі, мідыі, марскія грабеньчыкі і інш. Ц.а. дае каля 90% сусв. здабычы водарасцей. Прадукцыя марыкультуры Ц.а. дасягае 74 яе сусв. велічыні.
У многіх рэгіёнах Ц.а. вядзецца здабыча карысных выкапняў (пераважна ў межах шэльфа). Эксплуатуецца 70% разведаных (больш за 120) радовішчаў нафты і газу. Гал. раёны нафтагазаздабычы: паўд.ч. Каліфарнійскага шэльфа, зал. Кука (Аляска), зал. Гуаякіль (Эквадор), шэльф Японіі, зал. Бохайвань (КНР), прал. Баса, Малайскі архіпелаг, Паўн.в-аў Новай Зеландыі, Бруней, Тайланд, Малайзія, Інданезія, Перу. Здабыча каменнага вугалю вядзецца каля берагоў Японіі.
Ц.а. займае 2-е месца ў свеце па аб’ёме марскіх перавозак. Найб. важныя трансп. шляхі звязваюць парты ЗША і Канады з партамі Японіі, ЗША і Аўстраліі. Вял. значэнне мае Панамскі канал. Пераважаюць экспартна-імпартныя перавозкі: сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, каменны вугаль, руды чорных і каляровых металаў, драўніна), збожжа, рыба, прамысл. тавары. Асн. маршруты авіяліній праз Гавайскія а-вы ў Японію, Філіпіны, Сідней, Лос-Анджэлес. Па дне акіяна пракладзены тэлеграфныя кабелі. На берагах размяшчаюцца спецыялізаваныя і універсальныя парты, найб. буйныя з іх (па аб’ёме грузаабароту): Уладзівасток, Находка, Петрапаўлаўск-Камчацкі (Расія); Вансан (КНДР); Пусан (Паўд. Карэя); Цяньцзінь, Шанхай, Гуанчжоў, Сянган (КНР); Іакагама, Кавасакі, Тыба, Кобе, Осака, Токіо (Японія); Хайфон, Хашымін (СРВ); Сінгапур (Сінгапур); Сідней, Мельбурн (Аўстралія); Уэлінгтан (Новая Зеландыя); Ванкувер (Канада); Лос-Анджэлес, Сан-Францыска, Окленд, Сіэтл, Портленд (ЗША); Кальяо (Перу); Уаска (Чылі); Сурабая, Палембанг (Інданезія) і інш.
Літ.:
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;
Тихий океан. М., 1982;
Залогин Б.С., Кузьминский К.С. Мировой океан. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЗ (англ. jazz),
род прафесійнай музыкі 20 ст., які спалучае рысы імправізацыйнасці ансамблевага дыялагічна-спаборніцкага музіцыравання і індывідуальна-кампазітарскага пачатку. Узнік на Пд ЗША на мяжы 19—20 ст. у выніку сінтэзу розных формаў муз. фальклору амер. неграў (паходзіць ад стараж.зах.-афр. традыцый — абрадавых песень і танцаў, спірычуэл, блюза, рэгтайма) з элементамі еўрап. музыкі.
Слова «джаз» з канца 1910-х г. абазначала музыку невял. ансамбляў, заснаваную на калектыўнай імправізацыі, стыль наз. новаарлеанскім, з 1920-х г. — чыкагскім, з 1940-х г. — дыксіленд (стваральнікі Дж.Олівер, Л.Армстранг, Дж.Р.Мортан, С.Бешэ). У пач. 1930-х г. усталяваўся стыль свінг, у канцы 1930-х г. — жанр камернага Дж., у пач. 1940-х г. — стыль бібоп, у 1950-я г. ў процівагу «гарачаму», нервоваму бібопу — стыль кул-джаз. Новыя школы імправіз. Дж. адлюстраваны ў практыцы біг-бэндаў, якія ўскладнілі вобразы і інстр. строй музыкі, фактуру і гармонію; узмацнілася роля аранжыроўкі. На гэтай аснове ўзніклі стыль прагрэ́сіў (С.Кентан, Б.Рыберн) з масіўным, цяжкім гучаннем і т. зв. трэцяя плынь — сінтэз сучаснай музыкі і Дж. (Г.Шулер, Дж.Льюіс). З 1950-х г.пашыраны розныя джазавыя школы, кірункі, стылі: хард-боп (А.Блейкі, К.Браўн), фры-джаз, мадальны Дж. (М.Дэйвіс, Дж.Колтрэйн), джаз-рок, сімфаджаз (П.Уайтмен) і інш. У выніку ўзаемадзеяння Дж. з моднымі танц. рытмамі і фальклорам пашырыліся рок-н-рол, «баса-нова» (джаз-самба), «соул» (спалучэнне рытм-энд-блюза і духоўнай негрыцянскай музыкі). Развіццё найноўшага Дж. — бесперапынныя эксперыменты ў галінах рытмікі і муз. мовы, заснаваныя на віртуознай тэхніцы выканання 3 паяўленнем самабытных джазавых музыкантаў неамер. паходжання стварыліся нац. джазавыя школы. Вял. ўвага аддаецца распрацоўцы этнічных муз. культур (Я.Гарбарэк, Нарвегія). У 1990-я г. Дж. актыўна судакранаецца з новымі кірункамі папулярнай «чорнай» музыкі — рэпам, хіп-хопам і інш. Інтанацыйныя, рытмічныя элементы Дж. выкарыстоўвалі кампазітары А.Дворжак, К.Дэбюсі, М.Равель, П.Хіндэміт, Д.Міё, Дж.Гершвін, Л.Бернстайн, І.Стравінскі і інш. Асобныя элементы Дж. выкарыстоўвалі сав.эстр. аркестры (А.Цфасмана, Л.Уцёсава, А.Варламава, В.Кнушавіцкага, Б.Карамышава, М.Мінха, А.Лундстрэма, Р.Паўлса і інш.). З 1950-х г. у б.СССР пашыраюцца невял. ансамблі тыпу джаз-бэнд (часцей наз. дыксілендамі), якія прытрымліваюцца традыц. Дж. (найб. вядомы Ленінградскі дыксіленд). Некат. вак.-інстр. ансамблі з 1960-х г. карыстаюцца прыёмамі сучаснага Дж. для апрацоўкі фалькл. мелодый.
Эстр. аркестры Белдзяржэстрады, у т. л.Дзяржаўны джаз-аркестр БССР, набліжаліся да Дж. ў асноўным складам інструментаў. Асобныя элементы Дж. выкарыстоўваў на пач. 1960-х г. канцэртна-эстр. аркестр Бел. радыё, вял. рэпертуар джазавых кампазіцый розных стыляў і ўласцівыя Дж. прыёмы выканальніцтва характарызавалі дзейнасць канцэртна-эстр. аркестра Мінскага дзярж. цырка. У 1990-я г. лідэр выканаўцаў Дж. на Беларусі — Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, які наладзіў і правёў 3 джаз-фестывалі (апошні ў 1997). У галіне вакальнага Дж. працуе ансамбль «Камерата». Некат. бел. выканаўцы прадстаўлены на серыі аўдыякасет «Беларускі джаз» фірмы «Каўчэг». Джазавая музыка пашырана і ў маст. самадзейнасці (найб. вядомы дыксіленд «Рэнесанс», з 1977). У Мінску з 1978 працуе джаз-клуб, які аб’ядноўвае аматараў Дж.
Літ.:
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977;
Яе ж Рождение джаза. М., 1984;
Панасье Ю. История подлинного джаза с 1890 по 1960: Пер. с фр. Ставрополь, 1991;
Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ.М., 1984;
Сарджент У. Джаз: Генезис. Муз. язык. Эстетика: Пер. с англ.М., 1987;
Советский джаз: Проблемы. События. Мастера. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФЛЯ (ням. Kachel),
керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.
К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.
На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст.бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст. значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.
Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;
Беларуская кафля. Мн., 1989.
А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.Кафля. Самарканд. 1340-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛО́ГІЯ (грэч. mithologia ад mithos паданне + ...логія),
сукупнасць міфаў, стараж. апавяданняў, якія ў фантаст. форме абагульнена адлюстроўваюць жыццё прыроды і людзей: будову Сусвету, паходжанне Зямлі, раслін, жывёл, уяўленні аб гераічных учынках, высокіх чалавечых пачуццях, каханні, вернасці і інш. М. часта знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з рэлігіяй. Гал. яе героямі выступаюць багі. М. ўзнікла ў эпоху абшчынна-радавога развіцця грамадства. Ва ўзнікненні міфаў вял. ролю адыгралі раннія рэліг. ўяўленні — фетышызм, татэмізм, анімізм, магія. Міфалагічныя вобразы эпохі матрыярхату характарызаваліся нязграбнымі формамі (напр., шматгаловыя злыя пачвары). У эпоху патрыярхату зарадзіліся ўяўленні пра гераічных асоб, якія перамагалі злыя сілы. З пераходам людзей да аселага жыцця ўзмацніліся ўяўленні пра адзінства роду, пачаў складвацца культ продкаў і з’явіліся міфы аб продках. Спробы разабрацца ў будучыні прывялі да ўзнікнення эсхаталагічнай М. У раннякласавай абшчыне М. стала алегарычнай формай выражэння рознага роду рэлігій.
Навук. падыход да вывучэння М. ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна ант. М. У 18 ст.гіст. тлумачэнне М. даў італьян. філосаф Дж.Віка. Рамантызм узмацніў цікавасць да М.; пачалося збіранне і пераказванне нар. паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная шкала, якая тлумачыла міфы як крыніцу нац. культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астр. з’яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з’яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст.гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне стараж. магічных абрадаў. Асабліва багатая М. была ў стараж. грэкаў (міфы пра Зеўса, Афрадыту, Праметэя і інш.). Даволі развітымі былі М. ў Стараж. Егіпце, Індыі, Міжрэччы, Кітаі і інш. Старажытнаслав. М., што зарадзілася ў праславянскія (да сярэдзіны 1-га тыс. в.э.) часы, дыферэнцыравалася па меры рассялення славян у Цэнтр. і Усх. Еўропе. Паводле функцый герояў і характару іх сувязей з калектывам у слав. М. вылучаюць некалькі ўзроўняў. Вышэйшы іх узровень характарызуецца найб. абагульненым тыпам функцый багоў, іх сувяззю з афіц. культам. Да яго адносяць Перуна, Вялеса і інш., якія ўвабралі ў сябе ваен. і гасп.-прыродную функцыі. Да больш нізкага ўзроўню адносяць багоў, звязаных з гаспадаркай і абрадам, а таксама багоў, што ўвасаблялі цэласнасць замкнёных невял. калектываў (Род, Чур і інш.). Элементы наступнага ўзроўню характарызуюцца большай абстрагаванасцю функцый (Доля, Ліха, Праўда, Смерць, Злыдні і інш.). Да ніжэйшага ўзроўню адносяць класы індывідуалізаванай нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаных з прасторай ад дома да лесу (дамавікі, лесавікі, русалкі, вадзянікі і інш.). У бел. М. пашыраны міфы пра дрэвы (дуб, бярозу, рабіну, явар, каліну), кветкі (зязюльчыны слёзы, папараць-кветку), птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону), паходжанне асобных рэк, балот, азёр, узгоркаў і інш., міфалагічныя паданні пра волатаў і курганы-валатоўкі. Багата міфаў, звязаных з Купаллем, з агульнаслав. божаствамі (Перун, Жыжаль, Вялес) і з божаствамі, звязанымі з земляробчым календаром (Зюзя, Ярыла, Цаца, Лёля, Лада, Цёця, Жыцень і інш.).
Літ.:
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Евсюков В.В. Мифы о Вселенной. Новосибирск, 1988;
Грейвс Р. Мифы Древней Греции: Пер. с англ.М., 1992;
Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;
Асов А.И. Мифы и легенды древних славян. М., 1998;
Легенды и мифы Древней Греции и Древнего Рима. СПб., 1998;
Котерелл А. Мифология: Энцикл. справ.: Пер. с англ.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб.пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм., пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД,
горад у Расіі, цэнтр Наўгародскай вобл. За 6 км ад воз. Ільмень. 231 тыс.ж. (1996). Прыстань на р. Волхаў. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (у т. л. радыёэлектронная), хім. (азотныя ўгнаенні, шкловалакно), дрэваапр., харч., лёгкая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л.ун-т. Драм.тэатр.Гіст.-архітэктурны музей-запаведнік. Турызм.
У летапісах упершыню згадваецца пад 859. З канца 10 ст. другі па значэнні цэнтр Кіеўскай Русі. Размяшчэнне Н. на скрыжаванні шляхоў «з варагаў у грэкі» і Волжскага спрыяла развіццю гандлю, рамёстваў, культуры. У 1136—1478 цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Яго гандл. сувязі пашыраліся ад Фландрыі і ням. ганзейскіх гарадоў (гл.Ганза) да Канстанцінопаля. У 12 ст. існавала гандл. карпарацыя «Іванскае сто». З 2-й пал. 14 ст.наз. Вялікі Н. У сярэдзіне 12 — сярэдзіны 15 ст. цэнтр узбр. барацьбы са знешняй агрэсіяй з боку Швецыі і Лівонскага ордэна. У Неўскай бітве 1240 і Лядовым пабоішчы 1242 наўгародцы на чале з Аляксандрам Неўскім перамаглі швед. і ням. войскі. У 1478 у выніку перамогі маскоўскага войска (1471) Н. і ўсе яго землі ўключаны ў склад Рус. дзяржавы. У 1480—90-я г., каб ліквідаваць наўгародскія «вольнасці», у цэнтр. вобласці Расіі выслана каля 7 тыс. жыхароў горада. У 1570 апрычнікі Івана Грознага знішчылі амаль усё насельніцтва Н. У 16 — пач. 18 ст. буйны эканам. і гандл. цэнтр Расіі. У 1616—17 пацярпеў ад швед. акупацыі. З 1727 губернскі горад, з 1927 акруговы, з 1930 раённы цэнтр Ленінградскай вобл. З 1944 цэнтр Наўгародскай вобл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44), моцна разбураны.
У выніку археал. раскопак адкрыты вуліцы і плошчы з драўлянымі маставымі, вадазборнікі і водаадводы, жылыя дамы, церамы, майстэрні, крамы; знойдзены берасцяныя граматы. Да сярэдзіны 12 ст. сфарміраваліся 2 асн. раёны Н.: на левым беразе р. Волхаў Сафійскі бок з крамлём (дзядзінцам; пабудаваны ў 1044, пашыраны ў 1484—90, з 1925 гіст.-арх. музей-запаведнік; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); на правым — Гандлёвы бок з Торгам і комплексам пабудоў Яраслававага дварышча, дзе збіралася веча. Да 17 ст. ў Н. пераважала драўляная забудова, з каменю і цэглы рабілі абарончыя збудаванні, храмы, часам палаты знаці. У 12—15 ст. склалася Наўгародская школа дойлідства. На тэр. дзядзінца захаваліся Наўгародскі Сафійскі сабор, Сафійская званіца (15 ст., у 16—19 ст. перабудоўвалася), Уладычны (Епіскапскі) двор з гранавітай палатай (1433) і дазорнай вежай «Часазвоняй» (1673), Ліхудаўскі (15—17 ст.) і Нікіцкі (17 ст.) карпусы, будынак б.дзярж. устаноў (18—19 ст.) і інш. У цэнтры б. дзядзінца пастаўлены помнік «Тысячагоддзе Расіі» (1862, скульпт. М.Мікешын, арх. В.Гартман), на яго тэр. знаходзіцца магіла рас. паэта Г.Дзяржавіна. У канцы 18 — пач. 19 ст. добраўпарадкаваны радыяльна-паўкальцавая планіроўка Сафійскага боку і прамавугольная — Гандлёвага (генпланы 1778 і 1834), пабудаваны класіцыстычныя гаўптвахта (пач. 19 ст.), Пуцявы палац (1771, перабудаваны ў 1824—28, арх. В.Стасаў), жылыя дамы паводле ўзорных праектаў. У сав. час створаны ахоўныя зоны, упарадкаваны дзядзінец і Яраславава дварышча. Узведзены помнікі Перамогі (1974), Аляксандру Неўскаму (1985, скульпт. Ю.Чарноў, арх. Г.Ісаковіч).
Літ.:
Лихачев Д.С. Новгород Великий. М., 1959;
Каргер М.К. Новгород. 3 изд. Л.;
М., 1970;
Кушнир И.И. Архитектура Новгорода. Л., 1991.
Да арт.Ноўгарад. Від на Гандлёвы бок.Ноўгарад: 1 — панарама Сафійскага боку; 2 — Сафійская званіца крамля; 3 — помнік «Тысячагоддзе Расіі». 1862.