ГІПСАГРАФІ́ЧНАЯ КРЫВА́Я,

крывая, якая паказвае ў прамавугольных каардынатах адноснае размяшчэнне плошчаў з рознымі вышынямі сушы і глыбінь мора на паверхні «цвёрдай» Зямлі. Будуецца адкладаннем на восі ардынат вышынь і глыбінь, а па восі абсцыс плошчы пашырэння пэўных вышынь і глыбінь. Крывая паказвае, што каля 80% рэльефу Зямлі прыпадае на адносна выраўнаваныя прасторы сушы і марскога дна. Частка гіпсаграфічнай крывой, якая адлюстроўвае профіль дна акіяна, наз. батыграфічнай крывой.

Гіпсаграфічная крывая.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫ́БАЎ,

археалагічныя помнікі (гарадзішча мілаградскай культуры, 2 курганныя могільнікі дрыгавічоў) каля в. Глыбаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі 2 жытлаў і 2 гасп. ямы, фрагменты ляпной керамікі, прасліцы, каменная сякера, крамянёвы адшчэп, верхні камень ад зерняцёркі і інш. На могільніках 12 — пач. 13 ст. пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме пад насыпам. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бронзавы крыжык з выемчатай эмаллю.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ШЧЫНА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 17 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 18,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі выш. 0,3—0,5 м, месцамі сплавінныя. Выцякае ручай у воз. Опліса.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛБІЦА,

радовішча глін у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., за 1,7 км на ПнЗ ад в. Кеўлічы, каля р. Голбіца. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, цёмна-карычневыя, пластычныя, з невял. колькасцю буйназярністых часцінак. Разведаныя запасы 11,9 млн. м³, перспектыўныя 32,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,6—22,3 м, ускрыты 1,5—5,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць цэглы.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на паўд.-ўсх. беразе воз. Гомель, на аўтадарозе Полацк—Мінск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 23 км на Пд ад горада і чыг. ст. Полацк, 128 км ад Віцебска. 362 ж., 128 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс у гонар партызан. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганныя могільнікі эпохі Кіеўскай Русі.

т. 5, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЕ́Т (франц. Gravettian),

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту, якая каля 25 тыс. г. да н. э. змяніла арыньяк. Назва ад грота Ла-Гравет у Дардоні (Францыя), дзе знойдзены першыя крамянёвыя прылады тыпу гравет. У сучаснай тэрміналогіі лічыцца найб. ранняй фазай верхняга перыгору. Для гравету характэрны невял. вострыя крамянёвыя пласціны з прытупленым краем (т.зв. гравецкія вастрыі). Тэрмін «гравет» часам выкарыстоўваюць у дачыненні да матэрыялаў усяго верхнеперыгорскага перыяду.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

Гродзенскі дом віцэ-губернатара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),

міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ ((Dahl) Юхан Крысціян Клаўсен) (24.2.1788, г. Берген, Нарвегія — 14.10.1857),

нарвежскі жывапісец і графік; заснавальнік нарв. нац. пейзажа. Вучыўся ў Бергене (каля 1808) і ў АМ у Капенгагене (з 1811). З 1818 жыў у Дрэздэне (з 1824 праф. АМ). Зазнаў уплыў ням. рамантызму. Пісаў пераважна суровыя горы, бурлівыя рэкі, ціхія даліны і азёры Нарвегіі: «Від на Фортундаль» (1836), «Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай» (1842) і інш.

Ю.К.К.Даль. Выбух Везувія. 1826.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬНЯЕ ЛЯ́ДА,

дзве стаянкі каменнага веку каля в. Дальняе Ляда Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Даследаваны ў 1972, 1973 і 1988. На адной стаянцы знойдзены кароткія скрабкі, нуклеусы, пласціны, адшчэпы, расшчэплены крэмень. На другой выяўлены рабочыя месцы па апрацоўцы крэменю, прылады для апрацоўкі косці, скуры і дрэва, паляўнічыя прылады (наканечнікі стрэл, нажы). Былі сезоннымі стаянкамі-майстэрнямі пач. апрацоўкі крамянёвай сыравіны, адносіцца да грэнскай культуры ранняга мезаліту.

В.​Ф.​Капыцін.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)