раздзел хірургіі, які распрацоўвае метады аднаўлення формы і функцыі тканак і органаў чалавека. Выкарыстоўваюць пры прыроджанай паталогіі, цяжкіх траўмах. Пашырана на вонкавых скурных покрывах цела (гл.Касметыка), у сківічна-тварнай хірургіі (гл.Рынапластыка), страўнікавым тракце, у практалогіі, уралогіі.
П.х. вядома са стараж. часоў (асабліва скурная пластыка). Напр., у Індыі ажыццяўлялі пластыку носа ласкутом, выкраеным са скуры ілба або шчакі. У Расіі яе асновы залажылі У.П.Філатаў (скурная пластыка) і М.І.Пірагоў (касцявая пластыка). На Беларусі значны ўклад у П.х. зрабілі А.С.Арцюшкевіч, Ц.Е.Гніларыбаў, Я.Б.Ешэ, Г.У.Кручынскі, У.М.Падгайскі, А.П.Чудакоў. Метады П.х. распрацоўваюцца ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напр. укараненне мікрахірургіі сасудзістых анастамозаў дазволіла перамяшчаць фрагменты скурных акраўкаў разам з падскурнай клятчаткай і мышцамі, каб фарміраваць цэлыя органы; трансплантацыя органаў і тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.
Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.
В.У.Макрынскі.
Да арт.Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).Да арт.Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУІ́ЗМ,
збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс.н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш.рэліг.сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг.л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн.рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап. культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.Рай, Д.Сарасваты, Рамакрышна, С.Вівекананда, А.Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;
Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;
Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.
А.У.Гурко.
Да арт.Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).
Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗНЫ ((Hrozný) Бедржых) (6.5.1879, г. Ліса-на-Лабе, Чэхія — 12.12.1952),
чэшскі ўсходазнавец, адзін з заснавальнікаў хеталогіі. Акад. Чэхаславацкай АН (1952). Праф. Венскага (1905) і Пражскага (1919) ун-таў. З 1897 вывучаў тэалогію, семіталогію і санскрыт у Венскім ун-це. У 1924—25 удзельнічаў у раскопках стараж. паселішча Кюльтэпэ. З 1929 гал. рэдактар час. «Archiv orientálni» («Усходні архіў»). З 1938 дырэктар Ін-та ўсходазнаўства ў Празе. Упершыню распрацаваў прынцыпы інтэрпрэтацыі хецкіх клінапісных тэкстаў (1915). У працы «Мова хетаў, іх лад і іх прыналежнасць да індагерманскага моўнага племені» (ч. 1—2, 1916—17) падрабязна выклаў канцэпцыю індаеўрап. характару хецкай мовы. Зрабіў першы поўны пераклад стараж. помніка клінапіснай хецкай мовы — надпісаў цара Анітаса. Аўтар прац «Хецкія клінапісныя тэксты з Багазкёя» (1919), «Хецкія клінапісныя тэксты, спроба дэшыфроўкі» (т. 1—3, 1933—37), «Старажытная гісторыя Пярэдняй Азіі, Індыі і Крыта» (4 выд., 1949), і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
іспанскі канкістадор. Маркіз (з 1528—30). Вывучаў права ва ун-це г. Саламанка. З 1504 у Вест-Індыі, удзельнік заваявання Кубы (з 1511), прызначаны апошнім кіраўніком экспедыцыі (11 караблёў, каля 600 чал.) у Мексіку. У ходзе экспедыцыі (1519—21) заснаваў г.Веракрус, разбіў гал. сілы індзейцаў ацтэкаў, узяў у палон іх правадыра Мантэсуму II (гл.Мантэсума), дамогся ўстанаўлення ісп. панавання ў цэнтр.ч. Мексікі. У 1522—28 губернатар і капітан-ген. Новай Іспаніі (Мексікі), з 1529 капітан-генерал. У 1524—26 дасягнуў тэр. Гандураса, у 1532—33 адкрыў п-аў Каліфорнія. У 1528—30 і з 1540 на радзіме, удзельнік няўдалай антыпірацкай экспедыцыі ісп. караля Карла V у Алжыр (1541). Яго лісты-рэляцыі 1520—26 да ісп. караля — каштоўны літ. помнік часоў адкрыцця і заваявання Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн.Індыі ў 1—4 ст.н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст.н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАГРА́ФЫ [ад логас + ...граф(ы)],
1) першыя стараж.-грэч. гісторыкі і географы, якія пісалі гіст. прозу. З’явіліся ў вобласці Іонія ў сярэдзіне 6 ст. да н.э. Адрозніваюць старэйшае (6—1-я пал. 5 ст. да н.э.; Кадм Мілецкі, Гекатэй Мілецкі, Харон, Скілак і інш.) і малодшае (2-я пал. 5 ст. да н.э.; Ксанф, Ферэкід, Геланік і інш.) пакаленні. На аснове міфаў і паданняў яны спрабавалі ўзнавіць гісторыю грэч.полісаў, «варварскіх» краін, генеалогію арыстакратычных родаў, апісвалі чужыя землі і побыт народаў. Захаваліся фрагменты «Землеапісання» і «Генеалогіі» Гекатэя Мілецкага, «Персідскіх спраў» Харона, «Падарожжаў па Індыі» Скілака, «Лідзійскіх спраў» Ксанфа і інш. 2) Складальнікі суд. прамоў кліентаў у Стараж. Афінах (з канца 5 ст. да н.э.; Дэмасфен, Лісій і інш.) для выступленняў іх у час спрэчак у судзе. Рыхтавалі прамовы паводле характару, адукаванасці і інш. рыс кліента.
3) У эпоху позняй стараж.-рым. дзяржавы чыноўнікі імператарскай адміністрацыі, якія адказвалі за фінансы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТАС (Nelumbo),
род кветкавых раслін сям. лотасавых. 2 віды. Пашыраны Л. арэханосны (N. nucifera) у Паўд. Еўропе (напр., дэльта р. Волга), Паўд,Усх. Азіі і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Л. жоўты (N. lutea) у Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. У Індыі, Карэі, Кітаі, Японіі культывуецца. Рэлікт трацічнага перыяду.
Шматгадовыя буйныя водныя, часам земнаводныя травы з развітым карэнішчам. Надводнае лісце буйное, шчытападобнае, доўгачаранковае, высока ўзнімаецца над вадой, тое, што плавае, — круглявае, плоскае, падводнае — сядзячае, лускападобнае. Тканкі з вял. паветраноснымі поласцямі. Кветкі дыям. да 30 см, ружовыя або жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Пялёсткі і тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Насенне захоўвае ўсходжасць да некалькіх тысяч гадоў.
Усе ч. расліны маюць у сабе вітамін С і каўчук, у чаранках і праростках — ядавітае рэчыва нелюмбін. Насенне і карэнішча ўжываюцца ў ежу і на корм жывёле. Харч., лек. і культавыя расліны; стараж. культура народаў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, амер. індзейцаў.