МАНТМАРЫЛАНІ́Т (ад назвы франц. г. Манмарыён),

гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, водны алюмасілікат натрыю, кальцыю, магнію, жалеза (Ca, Na)<0,4(Mg, Al, Fe)2-3[(Si Al)4O10] (OH)2∙nH2O. Мае пераменны хім. састаў, утварае групу гліністых мінералаў з аднаймен. назвай. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае тонкалускаватыя агрэгаты, якія пры ўвільгатненні моцна набракаюць. Колер ад белага да бурага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 1,7—3 г/см³. Утвараецца пераважна пры выветрыванні асн. і ультраасн. парод (алюмасілікатаў). Трапляецца ў корах выветрывання крышт. фундамента і вулканагенна-асадкавым чахле ў выглядзе глін і суглінкаў рознага ўзросту. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, керамікі, цэглы, для вырабу буравых раствораў, у якасці сарбентаў, фарбавальнікаў, адбельваючых і мыючых матэрыялаў (гл. таксама Бентаніт).

М.​М.​Лявых.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬЕ́ ((Meslier) Жан) (15.6.1664, Мазерні, Францыя — паміж 28.6 і 6.7.1729),

французскі філосаф, атэіст, заснавальнік рэв. кірунку ў франц. утапічным сацыялізме. Свае погляды выклаў у творы «Завяшчанне», які ў 18 ст. распаўсюджваўся ў рукапісах сярод розных прадстаўнікоў франц. грамадскасці (выд. 1864). У ім М. крытыкаваў рэлігію, сац. няроўнасць, абсалютызм і феад.-прыгонніцкі лад Францыі. Лічыў, што аб’яднанне працоўных і паўстанне супраць прыгнятальнікаў з’яўляецца зыходнай перадумовай пабудовы ідэальнага камуніст. грамадства, заснаванага на сумесным валоданні ўсімі дабротамі і абавязковай для ўсіх працы. У тэорыі пазнання ён зыходзіў з таго, што існуюць вечныя ісціны, якім не патрэбны доказ; яснасць і недвухсэнсавасць ідэй прымаў у якасці крытэрыю ісціны.

Тв.:

Рус. пер. — Завещание. Т. 1—3. М., 1954.

В.​М.​Пешкаў.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),

сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.​У.​Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.

1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г. Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.

2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял. кн. ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял. кн. ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.

У 1440 вял. кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял. кн. ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл. Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.​І.​Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.​І.​Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МА́СЫ, пластмасы, пластыкі,

матэрыялы на аснове палімераў, якія пры фармаванні іх у вырабы знаходзяцца ў вязкацякучым ці высокаэластычным стане, а пры эксплуатацыі — у шклопадобным або аморфна-крышталічным. У састаў П.м. акрамя палімераў уваходзяць напаўняльнікі: цвёрдыя (паводле іх прыроды адрозніваюць арганапласты, азбапластыкі, борапластыкі, вугляродапласты, графітапласты, металапалімеры, шклапластыкі) ці газападобныя (гл. Газанапоўненыя пластыкі), стабілізатары (антыаксіданты, антыпірэны і інш.), пластыфікатары, фарбавальнікі і пігменты. Паводле фіз. і хім. ператварэнняў, што адбываюцца з палімерам пры фармаванні вырабаў падзяляюць на тэрмапласты (найважн. на аснове поліэтылену, полівінілхларыду, полістыролу) і рэактапласты (найб. пашыраны від — фенапласты).

Перапрацоўка рэактапластаў у вырабы адбываецца адначасова з ацвярдзеннем палімераў, пры гэтым пластык страчвае здольнасць пераходзіць у вязкацякучы стан. Пры фармаванні вырабаў з тэрмапластаў матэрыял цвярдзее пры ахаладжэнні расплаву без хім. сшывання макрамалекул і захоўвае здольнасць да шматразовых пераходаў у вязкацякучы стан. П.м. бываюць аднафазнымі (гамагеннымі) і мнагафазнымі (гетэрагеннымі кампазіцыйнымі) матэрыяламі; у гамагенных палімер з’яўляецца асн. кампанентам, які вызначае ўласцівасці матэрыялу, у кампазіцыйных выконвае функцыю дысперсійнага асяроддзя (сувязнага) у адносінах да інш. кампанентаў. Найважн. добрыя якасці П.м.: малая шчыльнасць, нізкі каэф. трэння і малы знос пры эксплуатацыі, высокая хім. ўстойлівасць, выдатныя дыэлектрычныя і аптычныя ўласцівасці, шырокі спектр дэфармацыйна-трываласных уласцівасцей, прывабны знешні выгляд вырабаў. Асн. прамысл. метады перапрацоўкі тэрмапластаў — ліццё пад ціскам, экструзія, вакуум-фармаванне, пнеўмафармаванне; рэактапластаў — прасаванне і ліццё пад ціскам.

Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах прам-сці і сельскай гаспадаркі ў якасці матэрыялаў рознага прызначэння (канстр., ахоўнага, электратэхн., дэкаратыўнага, фрыкцыйнага і інш.). На Беларусі пластмасавыя вырабы выпускае Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, мінскі завод «Тэрмапласт». Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.

Літ.:

Кацнельсон М.Ю., Балаев Г.А. Полимерные материалы: Свойства и применение: Справ. Л., 1982.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЭХНІ́Я (ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),

раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.​А.​Мантэйфель (1929).

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́РСКАЯ ПАРО́ДА козаў,

старажытная воўнавая парода. Выведзена ў сярэднявеччы ў Турцыі, у правінцыі Ангора (Анкара). З 19 ст. гадуюць у ЗША, краінах Афрыкі і Аўстраліі, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, часткова ў Казахстане. Выкарыстоўваюць для паляпшэння грубашэрсных парод козаў. З яе ўдзелам выведзена савецкая воўнавая парода.

Жывая маса дарослых казлоў 50—55, матак 32—36 кг. Воўна 44—46-й якасці, Даўж. 25 см і больш, аднародная, паўтонкая, белая, з моцным люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 5—7 кг, з матак 2,2—4 кг. Выхад чыстай воўны 65—75%. З ангорскай воўны вырабляюць драпіраваныя тканіны, плюш, дываны, трыкат. вырабы; са шкур — футры. Удой за лактацыю 70—100 кг, тлустасць малака 4,2—4,4%. Пладавітасць 100—110%.

Каза ангорскай пароды.

т. 1, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),

1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.

2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.

3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́НСКІ ГО́РНЫ МЕРЫНО́С,

парода танкарунных авечак воўнавага кірунку. Выведзена ў 1935—47 у гаспадарках Азербайджана скрыжаваннем малапрадукцыйных мерыносавых авечак з баранамі асканійскай і каўказскай танкарунных парод, а таксама помесяў мясц. грубашэрсных авечак пароды базах з танкаруннымі баранамі. Шырока выкарыстоўваюць для паляпшэння шэрсных якасцяў мясц. авечак.

Жывёлы рухавыя, трывалыя, добра прыстасаваныя да пашавага ўтрымання ў горных раёнах. Маюць моцны касцяк, дужыя ногі, развітую грудную клетку з вял. аб’ёмам лёгкіх; скура тлустая, шчыльная, без складак. Жывая маса бараноў 70—80 (да 100) кг, матак 45—50 (да 70) кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10 кг, з матак 4,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 112—120%.

Азербайджанскі горны мерынос.

т. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІ́ТЫ,

сумесевыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння, у састаў якіх як акісляльнік уваходзіць аміячная салетра NH4NO3. Паводле тыпу гаручага кампанента падзяляюцца на ўласна аманіты — сумесі NH4NO3 з выбуховымі нітразлучэннямі (трынітраталуол, дынітранафталін і інш.) і дынамоны — сумесі з невыбуховым гаручым (торфам, драўніннай мукой, тэхн. маслам, парашком металаў). Біпарныя сумесі NH4NO3 з трынітраталуолам наз. аматоламі, аманіты з дамешкамі алюмінію — аманаламі. У якасці сенсібілізатараў дэтанацыі ўводзяць магутныя выбуховыя рэчывы (нітрагліцэрын, гексаген і інш.), для надання водаўстойлівасці і стабільнасці — спец. дабаўкі (мел, даламіт, крухмал, стэараты некаторых металаў). Выпускаюцца ў выглядзе парашкоў і гранул. Асобная група — воданапоўненыя аманіты, змяшчаюць насычаны водны раствор NH4NO3, які ператвараецца ў гель (акватолы, акваніты). Аманіты малаадчувальныя да мех. уздзеянняў, адносна бяспечныя пры вытв-сці, захоўванні і выкарыстанні.

Аманіт.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)