ПО́НЦІ (Ponti) Джо (Джавані; 18.11.1891, г. Мілан, Італія — 16.9.1979),
італьянскі архітэктар, дызайнер. Скончыў Міланскі політэхн. ін-т (1921), у 1936—72 выкладаў у ім. Асн. ідэя П. — існаванне «супермастацтва», якое аб’ядноўвае ўсе віды чалавечай дзейнасці ў стварэнні штучнага навакольнага асяроддзя. Яго дызайнерскія распрацоўкі адметныя тэхн. і эксплуатацыйнай эканамічнасцю, лаканізмам знешняга вырашэння. Як архітэктар зазнаў уплыў неакласіцызму і некат. палажэнні функцыяналізму (канторскі будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане, 1955—59, з арх. А.Раселі і П.Л.Нерві). Вядомы таксама як жывапісец-манументаліст, графік, кераміст, мастак т-ра і кіно.
т. 12, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧА́СЦЕ,
еўхарысція еўхарыстыя*, галоўны абрад, адно з 7 таінстваў у праваслаўнай і каталіцкай цэрквах. Займае цэнтр. месца ў літургіі. У час П. веруючыя з’ядаюць кавалачак асвячонага хлеба і выпіваюць лыжачку віна, якія сімвалізуюць «цела і кроў» Ісуса Хрыста, і тым самым далучаюцца да «боскай сутнасці». Лічыцца, што ў час апошняй трапезы Ісус Хрыстос частаваў сваіх вучняў віном і хлебам, ператвараючы іх у цела і кроў сваю, наказваў захоўваць гэты абрад у памяць аб ім. У пратэстанцкіх цэрквах П. разглядаецца як сімвалічны абрад, а не як таінства.
т. 13, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІК,
лік, які можа быць выражаны як дзель двух цэлых лікаў. Кожны Р.л. выражаецца канечным дзесятковым дробам ці бясконцым перыядычным дробам.
Для Р.л. натуральным чынам вызначаны аперацыі складання, адымання, множання і дзялення (акрамя дзялення на 0), г.зн., што мноства Р.л. утварае алг. поле (гл. Поле ў матэматыцы). Поле Р.л. — найменшае поле, якое ўтрымлівае ўсе цэлыя лікі. Кожны ірацыянальны лік можа быць размешчаны паміж двума Р.Л. (значэнні па недахопу і па лішку), рознасць паміж якімі можа быць як пажадана малой. Гл. таксама Дроб у арыфметыцы.
т. 13, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (СМА). Засн. ў 1947 пры ААН для міжнар. супрацоўніцтва і даследавання ў галіне метэаназіранняў і каардынацыі дзейнасці нац. метэаралагічных і гідраметэаралагічных службаў. Членамі СМА з’яўляюцца больш як 162 дзяржавы, у т. л. Беларусь (з 1948). Вышэйшы яе орган — Сусв. метэаралагічны кангрэс, які склікаецца раз у 4 гады. Выканаўчы к-т складаецца з 24 дырэктараў нац. службаў і склікаецца не радзей як раз у год. Службы у буйных геагр. цэнтрах каардынуюць 6 рэгіянальных асацыяцый. Пастаянна дзеючы орган — Сакратарыят, які знаходзіцца ў г. Жэнева (Швейцарыя).
т. 15, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЭ́ВАЛА Гай Муцый (Gaius Mucius Scaevola, літаральна ляўша),
у Стараж. Рыме легендарны герой часоў барацьбы рымлян супраць этрускаў (канец 6 — пач. 5 ст. да н.э.). Паводле падання, юнак Гай Муцый павінен быў прабрацца ў лагер этрускаў і забіць цара Парсену, але быў схоплены. Парсена патрабаваў назваць імёны саўдзельнікаў, пагражаючы юнаку жорсткімі катаваннямі. Жадаючы паказаць, як ён мала баіцца болю і смерці, Муцый сам апусціў правую руку ў агонь і не выдаў ніводнага гуку, пакуль тлела рука. Магчыма, гэта паданне ўзнікла як тлумачэнне прозвішча Сцэвала (Ляўша), замацаванага за галіною роду Муцыяў.
т. 15, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТУІРО́ЎКА (франц. tatouer татуіраваць, з палінез.),
нанясенне на цела чалавека ўзораў і малюнкаў шляхам наколвання на скуры драўлянай, касцяной ці метал. іголкай і ўвядзення пад яе фарбы, якая не змываецца. У першабытных народаў Т. была знакам роду, племя, татэма (у цемнаскурых замянялася рубцаваннем). Звычай татуіравання ў час ініцыяцый меў сімвалічны і магічны (засцерагальны) характар; у Еўропу завезены маракамі з Паўн.-Усх. Азіі. Т. захавалася як упрыгожанне, памятны знак, пашырылася ў 21 ст. як т. зв. нацельны жывапіс. Т. наз. таксама ўзоры і малюнкі, нанесеныя на скуру.
т. 15, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЁД [ад грэч. tri- — у складаных словах — тры + (электр)од],
трохэлектродная электравакуумная прылада. Мае тэрмаэлектронны катод (прамога ці ўскоснага напальвання), кіроўную сетку і анод.
Вынайдзены амер. інжынерам Л.Форэстам (1906) як прыёмна-ўзмацняльная лямпа, прапанаваны ням. вучоным А.Майснерам як генератарная лямпа (1913). Канструкцыя і значэнні параметраў Т. залежаць у асн. ад іх прызначэння. Бывае здвоены (2 Т. ў адным балоне), а таксама спалучаны з інш. сістэмамі (гл. Лямпа электронная). Выкарыстоўваецца ў радыётэхн. апаратуры для генерыравання эл. ваганняў, узмацнення напружання і магутнасці. а таксама для дэтэктыравання.
т. 15, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫРАДЭ́НТЫС (Tiradentes; сапр. Жаакін Жазэ да Сілва Шаўер; Silva Xavier; 12.11.1748, Памбал — 21.4.1792),
кіраўнік рэв. арг-цыі ў Бразіліі ў 1780-я г. Калі быў на партуг. ваен. службе, далучыўся да сакрэтнага т-ва, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі і афіцэрства. Пад яго кіраўніцтвам арг-цыя падрыхтавала змову з мэтай антыпартуг. паўстання з наступным абвяшчэннем незалежнай Бразільскай рэспублікі. У маі 1789 Т. і інш. змоўшчыкі арыштаваны партуг. ўладамі. Т., як кіраўнік змовы, пакараны смерцю. У Бразіліі Т. шануецца як заснавальнік руху за незалежнасць Бразіліі.
Літ.:
Игнатьев О. Тирадентис. М., 1966.
т. 16, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ паверхні,
раздзел геаметрыі, які вывучае такія ўласцівасці паверхні і фігур на ёй, якія могуць быць атрыманы толькі пры дапамозе вымярэнняў на самой паверхні, без звароту да аб’ёмных вымярэнняў. Адлегласць паміж 2 пунктамі на паверхні вызначаецца як мінімум даўжынь крывых, што знаходзяцца на паверхні і злучаюць гэтыя пункты. Прыклады У.г.: планіметрыя — У.г. плоскасці, сферычная геаметрыя — У.г. сферы і інш. У.г. скрыўленай паверхні можна разглядаць як геаметрыю двухмернай скрыўленай прасторы. Развіццё паняцця скрыўленай прасторы прывяло да стварэння Г.Ф.Б.Рыманам т.зв. рыманавых прастор, якія адыгрываюць вял. ролю ў сучаснай фізіцы.
т. 16, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ЗЕРБІ (Wetherbee) Джэймс (н. 27.11.1952, г. Флашынг, штат Нью-Йорк, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў ун-т Нотр-Дам (1974). З 1975 у ВМФ ЗША. З 1984 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 9—20.1.1990 — на КК «Калумбія» (як пілот), 22.10—1.11.1992 — на КК «Калумбія», 3—11.2.1995 — на КК «Дыскаверы», 26.9—6.10.1997 — на КК «Атлантыс» і арбітальнай станцыі «Мір», 8—21.3.2001 — на КК «Дыскаверы» па праграме работ з Міжнар. касм. станцыяй (усе палёты — як камандзір КК). У космасе правёў 52,65 сут.
У.С.Ларыёнаў.
т. 16, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)