умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн.К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВЕ́ДЗЕНАЯ МА́СА,
фізічная велічыня, якая характарызуе размеркаванне мас у рухомай мех., электрамех. ці інш. сістэме. Залежыць ад фіз. параметраў сістэмы (мас, момантаў інерцыі, індуктыўнасцей і інш.) і закону яе руху. У прасцейшым выпадку сістэмы двух узаемадзейных цел з масамі M і m П.м. роўная μ = Mm/(M + m), пры гэтым формула для кінетычнай энергіі сістэмы мае такі ж выгляд, як для матэрыяльнага пункта: T = μ v2/2, дзе ν — скорасць некаторага характэрнага пункта (напр., цэнтра мас) сістэмы, да якога прыводзіцца яе маса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНАВЫ РУХАВІ́К,
рухавік, які забяспечвае рух судна (гал. рухавік) або дзеянне яго электрагенератараў, вентылятараў, помпаў і інш. (дадатковы рухавік). Першым С.р. была паравая машына, пасля — дызель, паравая турбіна, газавая турбіна, электрычны рухавік, рухавік знешняга згарання (Стырлінга рухавік).
Працуюць С.р. пераважна на вадкім паліве, таксама на ядз. гаручым (ядзерныя сілавыя ўстаноўкі т.зв. атамаходаў). Перадача энергіі ад гал. С.р. на суднавы рухач — прамая (непасрэднае злучэнне рухавіка з грабным валам), праз рэдуктар (зубчасты або гідраўлічны) або электрычная (ад электрагенератара С.р. да электрарухавіка грабнога вала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНАВЫ РУХА́Ч,
прыстасаванне (рухач), якое стварае неабходную для руху судна сілу цягі. Прыводзіцца ў дзеянне ад знешніх крыніц энергіі — ветру (ветразі, паветраны ротар) і ад устаноўленых на судне (суднавыя рухавікі). Падзяляюцца на гідраўлічныя (лопасцевыя і гідрарэактыўныя — вёслы на вёславых суднах, грабное кола параходаў канца 19 — пач. 20 ст., грабны вінт, крыльчаты рухач — верт. ротар з дыскам і лопасцямі-крыламі на ім, вадамётны рухач), паветраныя (паветраны вінт), газавадамётныя (выкарыстоўваюць паветраную і вадагазавую сумесь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАФІЯЛЕ́ТАВАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел аптычнай спектраскапіі, які ўключае атрыманне, даследаванне і выкарыстанне спектраў выпрамянення, паглынання і адбіцця ультрафіялетавага выпрамянення. Для даследаванняў у вобласці 400—200 нм карыстаюцца спектральнымі прыладамі для бачнай вобласці, калі шкляныя аптычныя элементы (прызмы, лінзы і інш.) заменены на кварцавыя. У вобласці 200—10 нм карыстаюцца спец. спектральнымі прыладамі, змешчанымі ў вакуум з-за моцнага паглынання ультрафіялетавых прамянёў у паветры. У.с. карыстаюцца пры даследаваннях атамаў, іонаў, малекул і цвёрдых цел для вывучэння іх узроўняў энергіі, імавернасцей квантавых пераходаў і інш. характарыстык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,
сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.
Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙109т сухой масы і мае каля 300—500∙1021Джэнергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙109т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙106т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення і генерыравання звышвысокачастотных эл.-магн. ваганняў (частата больш за 300 МГц). Выкарыстоўваецца ў электроніцы і радыётэхніцы (гл.Звышвысокачастотная тэхніка).
Паводле прынцыпу работы, фіз. працэсаў у лямпе і механізма пераўтварэння энергіі Л.з. падзяляюцца на 4 класы. Да 1-га адносяць лямпы з сеткавым кіраваннем, якія ад нізкачастотных лямпаў адрозніваюцца спец. канструкцыяй, што забяспечвае малы ўплыў міжэлектродных ёмістасцей і індуктыўнасцей вывадаў. 2-і клас складаюць Л.з. О-тыпу, дзе выкарыстоўваецца мадуляцыя электронаў па скорасці і наступная іх фазавая групоўка ў працяглых лінейных сістэмах. Да іх адносяць клістрон, лямпу адваротнай хвалі О-тыпу, лямпу бягучай хвалі О-тыпу. 3-і клас — лямпы М-тыпу, дзе працэсы фазавай групоўкі і пераўтварэння энергіі адбываюцца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Бываюць лямпы з катодам у прасторы ўзаемадзеяння (напр., магнетрон) і катодам па-за межамі гэтай прасторы (напр., лямпа адваротнай хвалі М-тыпу, лямпа бягучай хвалі М-тыпу). Да 4-га класа адносяць Л.з. з перыядычнымі электроннымі патокамі, дзе выкарыстоўваецца ўзаемадзеянне вінтавых, спіралізаваных, трахаідальных і інш. электронных патокаў з незапаволенымі эл.-магн. хвалямі ў гладкасценных эл.-дынамічных сістэмах, напр., мазер на цыклатронным рэзанансе, лазер на свабодных электронах, гіратрон, пеніятрон.
Літ.:
Кураев А.А. Сверхвысокочастотные приборы с периодическими электронными потоками. Мн., 1971;
Кураев А.А., Байбурин В.Б., Ильин Е.М. Математические модели и методы оптимального проектирования СВЧ приборов. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ АГЕ́НЦТВА ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РПІ (МАГАТЭ; International Atomic Energy Agency),
міжпародная міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1955. Дзейнічае ў сістэме ААН. У 1999 у МАГАТЭ 131 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь — адна з заснавальніц арг-цыі. Мэты МАГАТЭ: заахвочванне і падтрымка вывучэння, развіцця і практычнага выкарыстання атамнай энергіі ва ўсім свеце ў грамадзянскіх мэтах; пасрэдніцтва ў абмене паслугамі і матэрыяламі паміж сваімі членамі па іх жаданні; забеспячэнне выкарыстання матэрыялаў, паслуг і абсталявання для развіцця атамнай энергетыкі ў мірных мэтах; заахвочванне абмену навук. і тэхн. інфармацыяй у сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі; прыняцце мер бяспекі для папярэджання выкарыстання ядз. матэрыялаў у ваен. мэтах; разам з органамі і ін-тамі сістэмы ААН, якія адказваюць за гэтыя пытанні, вызначэнне і прыняцце норм у галіне бяспекі і аховы здароўя (у 1994 паміж МАГАТЭ і Беларуссю, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падпісана пагадненне аб гарантыях). У структуру МАГАТЭ уваходзяць: Ген. канферэнцыя, Савет кіраўнікоў, Сакратарыят. Ген. канферэнцыя, якая складаецца з прадстаўнікоў дзяржаў-членаў, збіраецца 1 раз на год. Савет кіраўнікоў (35 чл., у т. л. Рэспубліка Беларусь, якая выбрана ў 1999 на 2 гады) звычайна збіраецца 5 разоў на год. Ён мае шырокія паўнамоцтвы па кіраванні МАГАТЭ, а таксама права ствараць к-ты для вырашэння пэўных пытанняў. Сакратарыят кіруецца ген. дырэктарам, які назначаецца Саветам кіраўніцтва на 4 гады і зацвярджаецца Ген. канферэнцыяй. Месцазнаходжанне — Вена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,
цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.
Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.П.Лаваль (1889).
На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́КТРЫ КРЫШТАЛЁЎ АПТЫ́ЧНЫЯ,
спектры паглынання, адбіцця і рассеяння святла, а таксама люмінесцэнцыі і фотаправоднасці, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з крышталямі. Абумоўлены квантавымі пераходамі, якія прыводзяць да змены энергет. стану электронаў і/ці энергіі вагальных станаў атамаў крышт. структуры.
Узроўні энергіі крышталя групуюцца ў дазволеныя энергет. зоны (гл.Зонная тэорыя). Паглынанне і вылучэнне святла (фатонаў) пры міжзонных пераходах электронаў можа адбывацца без узбуджэння ваганняў крышт. рашоткі (фанонаў) ці з удзелам фанонаў. Пры міжзонным паглынанні святла электрон з валентнай зоны пераходзіць праз забароненую энергет. зону (шчыліну) у зону праводнасці, і ў валентнай зоне ўтвараецца электронная вакансія (дзірка). Пры рэкамбінацыі свабодных ці звязаных у эксітон электрона і дзіркі ўзнікае люмінесцэнцыя. Існуюць С.к.а., абумоўленыя як уласнымі дэфектамі крышт. рашоткі (вакансіямі, міжвузельнымі атамамі, дыслакацыямі), так і дамешкавымі атамамі. Сіметрыя крышт. рашоткі і яе дэфектаў вызначае анізатрапію С.к.а. Афарбоўванне (колернасць) крышталёў абумоўлена непаглынутай імі часткай белага святла. Існуюць штучныя і прыродныя крышт. структуры, памер якіх у адным, двух ці трох вымярэннях супараўнальны з дэбройлеўскай даўжынёй хвалі (гл.Хвалі дэ Бройля) электрона ў зоне праводнасці і/ці дзіркі ў валентнай зоне, а таксама з адлегласцю паміж імі пры ўтварэнні эксітона; аптычныя спектры такіх структур моцна залежаць ад іх памераў.
Літ.:
Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987;
Gaponenko S.V. Optical properties of semiconductor nanocrystals. Cambridge, 1998.