ВЕТЭРЫНАРЫ́Я (ад лац. veterinarius той, хто даглядае, лечыць жывёлу), ветэрынарная медыцына,

галіна навукі і практычнай дзейнасці, накіраваная на прадухіленне і лячэнне хвароб жывёлы, ахову людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, выпуск дабраякасных у вет.-сан. адносінах прадуктаў жывёлагадоўлі і вет.-сан. ахову навакольнага асяроддзя. Аб’ядноўвае эпізааталогію, паразіталогію, ветэрынарную санітарыю, зоагігіену і шэраг інш. вет. і біял. дысцыплін; цесна звязана з заатэхніяй.

Найб. стараж. звесткі пра лячэнне жывёл адносяцца да 4-га тыс. да н. э. (Егіпет, Індыя). У сярэднія вякі лячэннем свойскай жывёлы займаліся пераважна яе гаспадары, а таксама пастухі і кавалі, якія выкарыстоўвалі выпадковыя, звычайна нар. сродкі. Узнікненне прафес. ветэрынарыі на Русі адносіцца да 10—13 ст. Як навука пачала фарміравацца ў 1511, калі быў створаны Канюшневы прыказ, які займаўся пытаннямі ўзнаўлення, трэніроўкі, вывядзення новых парод коней і іх лячэння ў «лекавых канюшнях» (вет. лячэбніцах). У 2-й пал. 18 ст. адкрыліся вет. школы ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, з’явіліся першыя выданні па ветэрынарыі. Вял. ўплыў на развіццё ветэрынарыі зрабілі працы франц. вучоных К.​Буржэлы, Л.Пастэра, англ. ўрача Э.​Джэнера, рус. вучоных У.​І.​Усеваладава, К.І.Скрабіна і інш.

На Беларусі першыя працы па ветэрынарыі з’явіліся ў 17—18 ст.; пры Віленскім ун-це дзейнічаў вет. ін-т (з 1818). У пач. 20 ст. былі адкрыты 2 земскія вет. лабараторыі (у Мсціславе і Горках), 31 вет. ўчастак, вет. лячэбніца ў Мінску і вет. бактэрыялагічная лабараторыя ў Віцебску. У 1924 арганізаваны Віцебскі вет. ін-т (з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны). Навукова-даследчая работа праводзіцца ў БелНДІ эксперым. ветэрынарыі (з 1956 каардынуе даследаванні па ветэрынарыі на Беларусі), БелНДІ жывёлагадоўлі, с.-г. ВНУ. Найб. вядомыя ў галіне ветэрынарыі бел. вучоныя: Я.П.Алонаў, С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, А.І.Фёдараў, Я.Р.Губарэвіч, І.Я.Дземідзенка, В.Ф.Пятроў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.К.Юскавец. Распрацоўваюцца найноўшыя метады аховы жывёлы ад узбуджальнікаў хвароб (асабліва ад вірусных інфекцый і гельмінтозаў), людзей — ад антрапазаанозаў. Вывучаюцца вет. геаграфія, пытанні эпізааталагічнага прагназавання, вет. абслугоўванне жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і інш. У рэспубліцы ліквідаваны шэраг небяспечных хвароб жывёлы (сап, мыт, лімфангіт, чума, інфекц. анемія і кароста коней, павальнае запаленне лёгкіх і злаякасная катаральная гарачка буйн. раг. жывёлы і інш.), значна зменшылася колькасць захворванняў на сібірскую язву, фасцыялёз, дыктыякаўлёз, трыхінелёз, кровапаразітарныя і інш. хваробы.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

частка нацыянальнага даходу, якая паступае ў індывід. спажыванне тых, хто працуе па найму. Адрозніваюць намінальную З.п. (сума грашовых сродкаў, атрыманых работнікам за выкананне работы на працягу пэўнага перыяду часу) і рэальную З.п. (тая колькасць тавараў і паслуг, якую можна за яе набыць). У залежнасці ад спецыфікі працы прымяняюць пагадзінную [аплата праводзіцца па тарыфных стаўках (акладах) адпаведна колькасці працы] і здзельную сістэму З.п. (аплата па фактычнай выпрацоўцы прадукцыі па здзельных расцэнках). У большасці краін мінімум З.п. ўстанаўліваецца законам.

Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.п. — гэта сукупнасць узнагароджанняў у грашовай або (і) натуральнай форме, якія атрымлівае работнік за фактычна выкананую работу, а таксама за перыяды. што ўключаюцца ў рабочы час. Мінім. З.п. з’яўляецца асновай для вызначэння памераў рэсп. тарыфаў аплаты працы, пенсій, стыпендый, дапамог і інш. сац. выплат. У калектыўных дагаворах, пагадненнях можа быць прадугледжаны больш высокі памер мінім. З.п. Максімальны памер З.п. не абмяжоўваецца. Рэсп. тарыфамі аплаты працы з’яўляюцца месячныя тарыфныя стаўкі і службовыя аклады, якія вызначаюць узроўні аплаты працы для канкрэтных прафесійна-кваліфікацыйных груп работнікаў бюджэтных устаноў і арг-цый, а таксама наймальнікаў, якія карыстаюцца дзярж. датацыямі. Інш. наймальнікі, калі гэта прадугледжана калект. дагаворамі ці пагадненнямі, абавязаны выкарыстоўваць рэсп. тарыфы для дыферэнцыяцыі аплаты працы работнікаў. Рэсп. тарыфы аплаты працы вызначаюцца ўрадам або інш. упаўнаважаным органам з удзелам прафсаюзаў. Аплата працы ажыццяўляецца, як правіла, на аснове тарыфных ставак (службовых акладаў), якія вызначаюцца ў калект. дагаворы або наймальнікам. На цяжкіх работах, работах са шкоднымі ўмовамі працы і работах у мясцовасцях з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі ўстанаўліваецца павышаная аплата працы.

Формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў устанаўліваюцца наймальнікам на аснове калект. дагавора, пагадненняў і працоўнага дагавора; работнікаў дзярж. бюджэтных устаноў — у парадку, які вызначаецца ўрадам; у вышэйшых дзярж. органах — устанаўліваюцца законам. Наймальнік у лік атрыманага ім прыбытку можа ўстанаўліваць работнікам узнагароджанне па выніках гадавой работы. Памер узнагароджання вызначаецца з улікам вынікаў працы работніка і працягласці бесперапыннага стажу работы ў дадзенага наймальніка. Работнікі маюць права на частку прыбытку прадпрыемства ў выпадках, прадугледжаных заканад. актамі або статутам прадпрыемства. З.п. падлягае індэксацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Для забеспячэння выплат належнай работнікам З.п., гарантыйных і кампенсацыйных выплат наймальнікі абавязаны ствараць рэзервовы фонд З.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЯТО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Існавалі публічныя і духоўныя П.в. Публічныя паводле статута навуч. устаноў (1804) адкрываліся ў губернскіх і пав. гарадах для падрыхтоўкі выхаванцаў «усякага звання» да паступлення ў гімназію. Мелі 2-гадовы тэрмін навучання. Паводле статута 1828 рэарганізаваны ў 3-класныя. У іх вывучаліся свяшчэнная і царк. гісторыя, рус. і ўсеагульная гісторыя, арыфметыка, геаграфія, чарчэнне і інш. Пры вучылішчах адкрываліся дадатковыя курсы, якія давалі пач. прафес. адукацыю. У Віленскай навучальнай акрузе П.в. (паводле асобных статутаў ад 1803 і 1804) мелі свае асаблівасці: ствараліся таксама ў мястэчках, тэрмін навучання да 6 гадоў, захоўвалі праграмы Адукацыйнай камісіі, падзяляліся на свецкія і манаскія (каталіцкія і уніяцкія), выпускнікі мелі права паступаць у ВНУ; у большым аб’ёме вывучаліся прававыя навукі, фізіка, геаметрыя, прыродазнаўства, логіка; дадаткова выкладаліся польская мова (рус. мова вывучалася як замежная), гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ, каморніцтва, хімія, тэорыя вакцынацыі, сельская гаспадарка, архітэктура і інш. У 1803 у Беларусі дзейнічалі 23 П.в. Пазней некат. атрымалі статус гімназій. Пасля рэарганізацыі ў 1826 праграмы навучання бел. П.в. набліжаны да агульнаімперскіх. Паводле статута 1828 П.в. рэарганізаваны і падзяляліся на 5-класныя для дваран (філіялы гімназій) і 3—4-класныя для мяшчан (у 1834—35 яны таксама пераўтвораны ў дваранскія 5-класныя). У 1858 замест 19 пяцікласных П.в. адкрыта 7 гімназій і 12 трохкласных вучылішчаў, у 1865 трохкласныя вучылішчы на бел. землях рэарганізаваны ў 2-класныя. У 1884 на Беларусі 21 П.в. На большай частцы Рас. імперыі П.в. пераўтвораны ў гарадскія вучылішчы ў 1872, на Беларусі яны праіснавалі да 1909. Духоўныя П.в. ствараліся ў Рас. імперыі з пач. 19 ст. паводле статута 1808. Яны падзяляліся на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя, падпарадкоўваліся Камісіі па справах духоўных вучылішчаў пры св. Сінодзе. Рыхтавалі святароў і тых, хто жадаў паступіць у семінарыі. З 1860-х г. правасл. П.в. атрымалі назву духоўных вучылішчаў; у пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі 3 жан. і 9 мужчынскіх. Скасаваны ў 1917.

Літ.:

Воронов А. Историко-статистическое обозрение учебных заведений Санкт-Петербургского учебного округа с 1829 по 1853 включительно. СПб., 1854;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915;

Погодин А.Л. Виленский учебный округ, 1803—1831 гг. СПб., 1901;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТКА Васіль (сапр. Крысько Цімох Васілевіч; 16.5.1911, в. Еўлічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1996),

бел. паэт. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928). Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, сакратаром Беластоцкага аддзялення СП Беларусі (1939—41). З 1948 нам., з 1951 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1957—74 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1928. Першы зб. вершаў «Гартаванне» (1944). Паэзія Віткі вызначаецца грамадз. пафасам, асн. яе матывы — услаўленне подзвігу чалавека ў Вял. Айч. вайну, гіст. здзяйсненняў бел. народа, хараства роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі (зб. «Поўдзень», 1946; «Ружа і штык», 1958; «Праводзіны лета», 1972; «Вышыні святла», 1977). Значнае месца ў творчасці паэта займаюць сатыр. вершы, пародыі, эпіграмы («Для дома, для альбома і трохі для эпохі», 1983). Аўтар п’есы «Шчасце паэта», прысвечанай Я.​Купалу (1950, паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1952), апавяданняў, артыкулаў пра К.​Чорнага, М.​Лынькова, І.​Мележа, М.​Танка, Я.​Брыля, Я.​Маўра, У.​Дубоўку, В.​Сухамлінскага і інш. Для дзяцей напісаў вершаваныя казкі «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1957), «Казка пра цара Зубра» (1960), кнігі «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Мы будуем метро», «Мінскія балады» (1981), зб. апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962), зб. нар. пацешак «Ладачкі-ладкі» (1977). Даследаваў праблемы выхавання («Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982; «Азбука душы», 1988). На бел. мову пераклаў раман М.​Салтыкова-Шчадрына «Паны Галаўлёвы», асобныя творы Л.​Талстога, А.​Чэхава, У.​Маякоўскага, Я.​Райніса, М.​Рыльскага, М.​Стэльмаха, П.​Варанько і інш. Сааўтар чытанак «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га класаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972 за кн. «Чытанка-маляванка», «Казкі» (1968) і паэму «Беларуская калыханка» (1971). Ганаровы дыплом Міжнар. журы па прэміях Х.​К.​Андэрсена (1978) з занясеннем імя паэта ў ганаровы спіс дацкага пісьменніка.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Дзецям: Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Трэція пеўні. Мн., 1988.

Літ.:

Казека Я. Гартаванне слова. Мн., 1985. С. 75—95;

Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;

Брыль Я. Паэт і чалавек // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 1;

Гілевіч Н. Талент, удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Гурэвіч Э.С. Васіль Вітка // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980.

І.​Д.​Казека.

В.Вітка.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАЗ КАПІТА́ЛУ,

змяшчэнне капіталу за мяжой у грашовай ці таварнай форме з мэтай павелічэння прыбытку, умацавання там эканам. ці паліт. пазіцый. Як эканам. з’ява вядома з канца 19 ст. Падрыхтавалі вываз капіталу за мяжу знешні гандаль, сусв. рынак, міжнар. крэдыт, развіццё шляхоў зносін. Неабходнасць вывазу капіталу ўзнікла ў сувязі з ростам адноснага лішку капіталу ў эканамічна развітых краінах (Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Японіі і інш.). Капітал вывозяць за мяжу не таму, што ён не можа быць выкарыстаны ўнутры краіны, а таму што ў інш. краінах ён атрымлівае больш высокі прыбытак, паколькі там больш танная рабочая сіла і сыравіна. Вываз капіталу адбываецца ў форме вытворчага (будуюцца прамысл., с.-г. ці трансп. прадпрыемствы), гандлёвага (адкрываюцца магазіны, якія гандлююць таварамі мясц. ці замежнай вытв-сці), пазыковага (даюцца пазыкі, крэдыты) капіталаў. Інвестыцыі ў форме вытв. і гандл. капіталаў укладваюцца ў працэсе прыватнай дзейнасці замежных грамадзян. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам капіталу, адрозніваюць вываз капіталу дзярж. і прыватны. Функцыяніруючы капітал падзяляецца на прамыя інвестыцыі (экспарцёр капіталу з’яўляецца поўным уласнікам замежнага прадпрыемства ці ўладальнікам кантрольнага пакета акцый) і партфельныя (набытыя акцыі не забяспечваюць поўнага кантролю над прадпрыемствам). Для эпохі імперыялізму найб. характэрны быў вываз капіталу ці перамяшчэнне вытв-сці ў эканамічна слабейшыя краіны. У сучасных умовах вываз капіталу павялічыўся і ажыццяўляецца ў розных формах. Часта ён вывозіцца з адных высокаразвітых краін у іншыя, дзе ёсць умовы атрымання больш высокіх прыбыткаў ці інш. эканам. і паліт. выйгрышаў. У 1975 вываз капіталу вырас больш чым у 11 разоў у параўнанні з 1913—14, у т. л. з ЗША больш як у 82 разы, з Англіі ў 4, Францыі ў 3 разы. Сталі набіраць тэмп у вывазе капіталу краіны, што пацярпелі паражэнне ў 2-й сусв. вайне (ФРГ і Японія); некат. былыя імпарцёры капіталу сталі экспарцёрамі (Канада і інш.). У развітыя краіны, якія перажываюць эканам. бум, ідзе больш палавіны інвестыцый. Распад СССР і садружнасці сац. краін значна пашырыў сферу вывазу капіталу. Ён служыць сродкам узмацнення знешнегандл. экспансіі, вядзе да міжнар. перапляцення капіталаў, інтэрнацыяналізацыі грамадскай вытв-сці, абвастрэння канкурэнтнай барацьбы за сферы выкарыстання капіталаў.

Літ.:

Гаврилюк В.В. Экспорт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;

Громыко А.А. Внешняя экспансия капитала: История и современность. М., 1982;

Янченко С.Е. Вывоз капитала. Мн., 1961;

Мелман С. Прибыли без производства: Пер. с англ. М., 1987.

С.​Я.​Янчанка.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ,

спецыяльныя месцы, якія ствараліся гітлераўцамі на акупіраваных тэрыторыях у 2-ю сусв. вайну для масавай загубы грамадзян захопленых краін, выкарыстання іх на прымусовай працы. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Паводле афіц. прызначэння падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, жаночыя, гета) і інш. У большасці выпадкаў размяшчаліся на адкрытай прасторы, абгароджанай калючым дротам, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта проста землянымі норамі або акопамі. Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД і СС. У Л.с. праводзілася знішчэнне зняволеных голадам, холадам, катаржнай працай, катаваннямі, расстрэламі, спальваннем, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г.д. Толькі на тэр. Беларусі было больш за 260 Л.с., іх філіялаў і аддзяленняў, ахвярамі якіх сталі больш за 1.4 млн. чал. Адзін з першых Л.с. створаны ў в. Дразды пад Мінскам для ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, дзе ў чэрв.—ліп. 1941 утрымлівалася каля 140 тыс. чал.; пасля вызвалення ў 1944 тут у яме-траншэі выяўлены астанкі каля 10 тыс. расстраляных (паўторныя пошукі і раскопкі выявілі новыя масавыя пахаванні закатаваных). Па колькасці ахвяр пасля Асвенціма і Майданака найбуйнейшым лічыцца Трасцянецкі лагер смерці. Адным з самых вял. гар. Л.с. было мінскае гета, створанае 19.7 1941, дзе загублена каля 100 тыс. чал. Жудаснымі па жорсткасці былі лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі ў прыфрантавой паласе: напярэдадні адступлення за калючы дрот і мінныя загароды фашысты зганялі непрацаздольных грамадзян і размяшчалі сярод іх інфекцыйных хворых у разліку на хуткае і масавае распаўсюджванне захворванняў сярод насельніцтва і сав. вайск. часцей (гл. Азарыцкія лагеры смерці). Бяспрыкладнымі па садызме былі Л.с., у якіх гітлераўцы абяскроўлівалі дзяцей і падлеткаў для патрэб арміі (у в. Скобраўка Пухавіцкага р-на загінулі 1500 дзяцей-донараў). На тэр. Беларусі Л.с. выкарыстоўваліся захопнікамі і для знішчэння грамадзян з краін Зах. Еўропы, акупіраваных Германіяй. Найб. Л.с. былі Бабруйскі, Беразвецкі, Калбасінскі, Калдычэўскі, Лупалаўскі, Ляснянскі, Маладзечанскі, Масюкоўшчынскі (гл. адпаведныя арт.), Бронная Гара. Адступаючы з Беларусі, захопнікі ў 1944 правялі масавую акцыю знішчэння вязняў, якія яшчэ засталіся, спрабавалі замесці сляды злачынстваў, маскіруючы пахаванні. Створаная ў 1944 камісія садзеяння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў сабрала доказы, якія цалкам выкрылі крывавыя злачынствы гітлераўцаў. На месцах л.с. ў памяць пра тых, хто загінуў у іх, пастаўлены помнікі, кожны Л.с. ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь.

Літ.:

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНЮ́ТА Стэфанія Міхайлаўна (13.5.1905, Мінск —6.11.2000),

бел. актрыса. Дачка М.​П.​Станюты. Нар. арт. Беларусі (1957). Нар. арт. СССР (1988). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі. З 1920 у БДТ, з 1926 у БДТ-2, з 1931 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Адметныя рысы творчасці С. — шырыня дыяпазону, валоданне разнастайнымі сродкамі сцэн. выразнасці, яркі пластычны малюнак роляў, эмацыянальнасць, выразнасць слова, жэста, мімікі, уменне карыстацца іроніяй, гратэскам. Стварыла шэраг нар. характараў, дзе выявіла ў сваіх гераінь мудрасць, жыццядзейнасць, шчодрасць і чалавечнасць, сувязь з роднай зямлёй: Марыля і Паланея («Раскіданае гняздо» і «Прымакі» Я.​Купалы), Алена («Салавей» З.​Бядулі), Ганна Пятроўна («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Рыпіна («Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава), бабуля Вера («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе), цёця Моця («Машачка» А.​Афінагенава), Карміліца («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Дуэнья («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Яркую камедыйнасць, вострую сатырычнасць спалучала з высокім драматызмам, паглыбленнем у псіхалогію шматграннага жаночага характару: Зёлкіна («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), пані Вашамірская («Салавей»), Куліна Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Арына Радзівонаўна («Верачка» А.​Макаёнка), Каргота («Тры Іваны — тры браты» А.​Вольскага), Кашкадамава («Сям’я» і Папова), Жабрачка («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Глафіра, Міхееўна («Ваўкі і авечкі», «Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Шарлота («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Эліза («Скупы» Мальера), Дыяна («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі), Гіза («Гульня з кошкай» І.​Эркеня), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.​Фермо), Мод («Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ер) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Родная справа», «Цешча», «Памяць зямлі», «Трывожны месяц верасень», «Развітанне», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Чужая бацькаўшчына», «Радуніца», «Мама, я жывы» і інш., тэлефільмах «Мы — хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Літ.:

Бушко Т. Разнапланавая актрыса: (С.​М.​Станюта) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Сабалеўскі А. Шматграннасць характару // Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980;

Азгур З. Актриса Стефания Станюта // Азгур З. То, что помнится... Мн., 1984. Кн. 2;

Арлова Т. Гатовы ўсё аддаць — і тым багаты // Арлова Т. Купалаўцы. Мн., 1985;

Станюта А. Жизнь актрисы. Мн., 2001.

В.​А.​Ракіцкі.

С.М.Станюта.
С.Станюта ў ролі Арыны Радзівонаўны.
С.Станюта ў ролі Мод.

т. 15, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ДЫІ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭА́ТРА ІМЯ Я́НКІ КУПА́ЛЫ Дзейнічалі ў 1932—69 пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) для прафес. падрыхтоўкі маладых акцёраў. Спалучалі навуч.-пед. работу з практыкай у т-ры.

Студыя 1932—34. Маст. кіраўнік Л.​Літвінаў, заг. студыі П.​Данілаў, з 1933 Я.​Рамановіч. Педагогі: В.​Галіна, У.​Крыловіч, У.​Уладамірскі і інш. Студыйцы: М.​Абраменка, Г.​Відаўская, А.​Гучко, Г.​Панкрат, К.​Шайкоўскі і інш. Студыйныя работы — спектаклі «Бацькаўшчына» К.​Чорнага, «Сваты» І.​Гурскага.

Студыя 1936—38. Маст. кіраўнік Літвінаў, заг. студыі Рамановіч. Педагогі: Галіна, Данілаў, Літвінаў (майстэрства акцёра), Л.​Рахленка (сцэн. мова), І.​Швец (сцэн. рух). Студыйцы: А.​Абрашкевіч, С.​Бульчык, У.​Гарачун, Л.​Гілевіч, Г.​Макарава (Апанасчык), А.​Маркавец, С.​Саўчук, В.​Семянюк, А.​Усенка, С.​Яворскі. Паст. спектакль «Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні.

Студыя 1945—48 Маст. кіраўнік Е.​Міровіч, з 1946 Літвінаў, заг. студыі Б.​Янпольскі. Педагогі: Галіна і В.​Галаўчынер (майстэрства акцёра), П.​Іваноў (сцэн. мова), К.​Ціхаміраў (танец і рытміка руху), Б.​Кудраўцаў (грым), У.​Няфёд (гісторыя т-ра), Дз.​Румянцаў (гісторыя л-ры). Студыйцы: М.​Бацян, М.​Зінкевіч, Я.​Кавалёва, Т.​Кін-Камінскі, Н.​Краўцова, В.​Краўчанка, У.​Кудрэвіч, М.​Лапідус, А.​Рынковіч, І.​Сіповіч, Г.​Уладамірская, Л.​Чыжэўская. Студыйныя работы — фрагменты з твораў А.​Фадзеева, А.​Куляшова, А.​Пушкіна, М.​Гогаля, Гальдоні, спектаклі «Апошнія» М.​Горкага, «Дарагі госць» Ю.​Рудзько.

Студыя 1956—58. Маст. кіраўнік Рахленка. Педагогі: А.​Архангельскі, Галіна, Няфёд. Студыйцы: М.​Бабок, В.​Белахвосцік, Г.​Вавула, М.​Калінін, А.​Кацельнікаў, Дз.​Ніжнікоўская, Л.​Хейфец. Студыйныя работы — фрагменты з твораў М.​Святлова, Я.​Васілёнка, А.​Каплера.

Студыя 1967—69. Маст. кіраўнік Рахленка, заг. студыі Я.​Громаў. Педагогі: Б.​Луцэнка, В.​Раеўскі, Уладамірская, Б.​Эрын (майстэрства акцёра), З.​Браварская (сцэн. мова), А.​Першыц (сцэн. пластыка), А.​Лабовіч (гісторыя т-ра). Студыйцы: М.​Бараш, Б.​Бруснікаў, Л.​Зорына, А.​Кашпераў, У.​Кошаль, У.​Краснапёраў, Т.​Кротава, І.​Кушалевіч, Л.​Лой, М.​Лур’е, А.​Марцынюк, А.​Падабед, Т.​Скудная, У.​Сячэйка, Т.​Юдзіна. Студыйныя работы — фрагменты з твораў Ф.​Шылера, М.​Горкага, В.​Розава, Л.​Зорына і інш., спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага (1-ы акт).

Літ.:

Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Мн., 1970;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87.

Ю.​М.​Сохар.

т. 15, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТЫ́НЬ,

мемарыяльны арх.-скульпт. комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш. бел. вёсак, знішчаных ням.-фаш. захопнікамі разам з насельніцтвам у Вял. Айч. вайну. На 54-м км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск—Віцебск, на месцы б. в. Хатынь, спаленай карным батальёнам 22.3.1943 разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чал., у т. л. 75 дзяцей). Комплекс адкрыты 5.7.1969. Аўтары: арх. Ю.​Градаў, В.​Занковіч, Л.​Левін, скульпт. С.​Селіханаў (Ленінская прэмія 1970). Мемарыял (пл. 32 га) захоўвае планіровачную структуру б. вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сцяну Жалобы, Дрэва жыцця. Ён пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы. Дарога Жалобы вядзе да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з інфарм. надпісам. У цэнтры комплексу ўзвышаецца бронз. скульптура няскоранага чалавека (выш. 6 м) з мёртвым хлопчыкам на руках. Побач, на месцы гумна, дзе фашысты спалілі дзяцей, чорная плітадах; сімвалізуе апошні дах тых, хто загінуў. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым. Дарога скіроўвае да помнікаў-зрубаў (выш. да 6 м), пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. Бетонныя брусы ўтвараюць вянок зруба. Абеліскі ў выглядзе комінаў са званамі, што вечна гудуць па ахвярах фашызму. На кожным абеліску дошка з прозвішчамі, імёнамі спаленых жыхароў дома. Вобраз спаленай вёскі дапаўняюць б. вуліцы, адзначаныя шэрымі плітамі, на месцы 4 калодзежаў — мемар. знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў. За хатамі-помнікамі па гал. восі кампазіцыі мемарыяла Могілкі вёсак — 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы — манум. кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў, са сценамі крэматорыяў лагераў смерці. У нішы ўмацаваны мемар. пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэр. Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленых там людзей. Важны фрагмент Х. — пл. Памяці, у цэнтры якой 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай — Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у Вял. Айч. вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны. У мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе скульптура, дойлідства, ландшафт, маст. слова, гучанне званоў, каляровае асвятленне.

Літ.:

Андрушчанка М.К. Хатынь. Мн., 1969;

Хатынь. Мн., 1973;

Казюля Я.К. Хатынь: [Альбом]. 4 выд. Мн., 2002.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Хатынь. Могілкі вёсак.

т. 16, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПЕРТЫ́ЗЫ МЕ́ДЫКА-САЦЫЯ́ЛЬНАЙ І РЭАБІЛІТА́ЦЫІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1973 на базе Бел. н.-д. лабараторыі экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў (дзейнічала з 1967). Галаўная арг-цыя па выкананні дзярж. рэсп. і галіновых праграм па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў. У складзе ін-та: 3 лабараторыі медыка-сац. экспертызы і рэабілітацыі (пры наступствах тэрапеўтычных, неўралагічных і артапеда-траўматалагічных захворванняў); лабараторыі медыка-сац. праблем дзяцей-інвалідаў, псіхал. праблем рэабілітацыі, клініка-фізіялагічных метадаў даследавання, эпідэміялогіі прафілактыкі інваліднасці, медыка-сац. праблем пажылых асоб, арганізац.-метадычных праблем санаторна-курортнага лячэння; аддзел навук.-тэхн. інфармацыі і аргработы. У клініцы ін-та са стацыянарам на 260 ложкаў функцыянуюць 5 рэабілітацыйна-экспертных аддзяленняў, а таксама кансультацыйна-паліклінічнае аддзяленне, аддзяленні лячэбнай фізкультуры, псіхатэрапіі, працатэрапіі, функцыянальнай дыягностыкі і інш.

Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка навукова абгрунтаваных крытэрыяў ацэнкі парушэнняў і абмежаванняў працаздольнасці пры назалагічных формах захворванняў; распрацоўка крытэрыяў адбору на розныя этапы рэабілітацыі (стацыянарны, амбулаторна-паліклінічны, санаторны); мед. рэабілітацыя хворых і інвалідаў з вісцэральна-метабалічнымі, статадынамічнымі і сенсорнымі парушэннямі; распрацоўка мед. асноў і стварэнне новых тэхналогій рэабілітацыі пасля высокатэхнал. і аператыўных умяшанняў (аперацыі на сэрцы і сасудах, трансплантацыі органаў, нейрахірургічныя аперацыі і інш.); распрацоўка крытэрыяў вызначэння паказанняў для прафес. дзейнасці інвалідаў 1-й, 2-й і 3-й груп і пераліку прафесій, даступных для прац. занятасці інвалідаў; распрацоўка аўтаматызаванай сістэмы ўліку і аналізу дзейнасці рэабілітацыйных аддзяленняў; стварэнне Рэсп. рэгістра дзяцей-інвалідаў. Распрацаваныя ў ін-це новыя падыходы і сучасныя тэхналогіі комплекснай рэабілітацыі хворых і інвалідаў дазволілі захаваць і аднавіць працаздольнасць і эканам. самастойнасць у 1/3 хворых з рухальнымі, маўленчымі, кардыярэспіраторнымі і слыхавымі парушэннямі. Пры ін-це дзейнічае клінічная ардынатура (дзённая і завочная формы навучання), вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў; на яго базе працуе кафедра медыка-сац. экспертызы і рэабілітацыі Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі; праводзяцца міжнар. канферэнцыі і семінары. Выпускаецца штогоднік навук. прац «Медыка-сацыяльная экспертыза і рэабілітацыя» (з 1999). Выдадзены працы: «Тыповыя індывідуальныя праграмы рэабілітацыі пры асноўнай інвалідызуючай паталогіі» (1999), «Асновы рэабілітацыі» В.​Б.​Смычка (2000), «Медыка-сацыяльная экспертыза і рэабілітацыя дзяцей з арганічнымі пашкоджаннямі цэнтральнай нервовай сістэмы» Смычка і Т.​М.​Бузянковай, «Рэабілітацыя і пратэзаванне інвалідаў пасля ампутацыі ніжніх канечнасцей» У.​Т.​Пуставойценкі і І.​М.​Волкава, «Тым, хто шукае шляхі да здароўя і самаўдасканалення» І.​С.​Гулько (усе 2003) і інш.

Т.​Т.​Копаць.

т. 18, кн. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)