ГРОЗ (Greuze) Жан Батыст (21.8.1725, г. Турню, Францыя — 21.3.1805),

французскі жывапісец. У 1745—50 вучыўся ў Ліёне у Ш.​Грандона, потым у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1755—56 жыў у Італіі. Стаяў на чале сентыментальна-маралізуючага кірунку ў франц. жывапісе 2-й пал. 18 ст. У сваіх жанравых кампазіцыях («Вясковыя заручыны», 1761, «Паралітык, або Вынікі добрага выхавання», 1763; «Разбіты збан», 1773) услаўляў дабрачыннасць трэцяга саслоўя, што выклікала энергічную падтрымку Д.​Дзідро. Яго творам уласціва спалучэнне пачуццёвасці з перабольшаным пафасам, ідэалізацыя натуры з пэўным налётам саладжавасці (асабліва ў шматлікіх выявах дзіцячых і жаночых галовак).

Ж.Гроз. Разбіты збан. 1773.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУАЛЬДЗЬЁ (Boieldieu) Франсуа Адрыен (16.12.1775, г. Руан, Францыя — 8.10.1834),

французскі кампазітар, прадстаўнік франц. камічнай оперы 1-й трэці 19 ст. Чл. Ін-та Францыі (1817). Працаваў царк. арганістам у Руане, з 1798 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі (з 1820 праф.). Напісаў каля 40 опер (некаторыя разам з інш. аўтарамі), у т. л. «Швейцарская сям’я», «Шчаслівая вестка», «Заклад» (усе 1797), «Каліф Багдадскі» (1800), «Аліна, каралева Галкондская» (1804), «Тэлемак» (1806), «Жан Парыжскі» (1812), «Чырвоная шапачка» (1818). Опера «Белая дама» (1825) — пачатак рамант. кірунку ў муз.-тэатр. мастацтве Францыі. Сярод інш. твораў: п’есы для фп., рамансы, у т. л. 15 зборнікаў, і інш. Сярод яго вучняў А.Адан, Ж.Фетыс.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДЗЬКО́ Іван Іосіфавіч (14.3.1895, в. Плябанцы Мінскага р-на — 24.3.1984),

бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1966). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1928). З 1929 у праектных арг-цыях Мінска (у 1933—44 — у праектных установах Масквы). З 1957 у НДІ буд-ва і архітэктуры АН Беларусі, у 1963—73 Бел.НДІПгорадабудаўніцтва. Работы ў Мінску: 112-кватэрны жылы дом на вул. Маскоўскай (1932, у сааўт.), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак (1934), Літ. музей Я.​Купалы (1959, у сааўт.); у г. Рэчыца — бальніца (1933). Сярод інш. работ: павільён СССР на міжнар. кірмашы ў Страсбургу (Францыя, 1929), жылыя, грамадскія і прамысл. пабудовы ў Маскве (1935—37).

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́Н-ДЭЛАМО́Т (Vallin de la Mothe) Жан Батыст Мішэль (1729, г. Ангулем, Францыя — 7.5.1800),

французскі архітэктар. Праф. Пецярбургскай АМ (1759). Вучыўся ў Ф.Бландэля і ў Італіі (1750—52). У 1759—75 працаваў у Расіі, пераважна ў Пецярбургу. У яго пабудовах характэрная для ранняга рус. класіцызму дакладнасць кампазіцый спалучаецца з барочнай пластыкай формаў: Гасціны двор (1761—85), касцёл Кацярыны (1763—83) на Неўскім праспекце, Малы Эрмітаж (1764—67), будынак АМ (1764—88, з А.​П.​Какорынавым), склады «Новая Галандыя» (1765—80, з С.​І.​Чавакінскім) — усе ў Пецярбургу. Сярод яго вучняў — В.І.Бажэнаў, І.Я.Староў.

Ж.Б.М.Вален-Дэламот. Малы Эрмітаж у Пецярбургу. 1764—67.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНАРАС (Daunoras) Вацлавас (н. 1.2.1937, г. Жагарэ, Літва),

літоўскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Літ. кансерваторыю (1962), з 1968 выкладае ў ёй (праф. з 1983). Стажыраваўся ў т-ры «Ла Скала» (1966—68). З 1960 (з перапынкамі) саліст Літ. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Бжастоўскі («Горад сонца» А.​Рачунаса), Маргірыс («Піленай» В.​Кловы), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1962), Міжнар. конкурсу імя П.​Чайкоўскага (Масква, 1966), Гран пры конкурсу вакалістаў у Тулузе (1971, Францыя).

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЫ́ЛЬ (Avril) Філіп (21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),

французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».

Літ.:

Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),

вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.

Акведук каля г. Нім. Францыя. 1—2 ст. н.э.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́К (Auric) Жорж (15.2.1899, горад Ладэў, Францыя — 23.7.1983),

французскі кампазітар, музычны дзеяч. Член Інстытута Францыі (1962). У 1920-я гады ўваходзіў у «Шасцёрку». У супрацоўніцтве з С. Дзягілевым стварыў для яго трупы шэраг балетаў, у т. л. «Матросы» (1924). З 1935 член праўлення Народнай музычнай федэрацыі. У 1962—68 генеральны дырэктар Нацыянальных оперных тэатраў. Аўтар 9 балетаў, у т. л. «харэаграфічнай трагедыі» «Федра» (1949), твораў для аркестраў, камерна-інструментальных ансамбляў, п’ес для фартэпіяна, рамансаў, песень, музыкі для драматычнага тэатра і да кінафільмаў, у т. л. «Свабоду нам!» (1932), «Арфей» (1950).

Літ.:

Пуленк Ф. Я и мои друзья: Пер. с фр. Л., 1977.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦІ́ (Baty) Гастон (26.5.1885, Пелюсэн, дэп. Луара, Францыя — 13.10.1952),

французскі рэжысёр, акцёр. Скончыў Ліёнскі ун-т. З 1919 у трупе рэжысёра Ф.​Жэм’е (Парыж). У 1926 стварыў (разам з Ш.​Дзюленам, Л.​Жувэ, Ж.​Пітоевым) прагрэс. рэжысёрскае аб’яднанне «Картэль». У 1930—47 кіраваў т-рам «Манпарнас—Баці», дзе паставіў «Трохграшовую оперу» Б.​Брэхта, «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Мадам Бавары» паводле Г.​Флабера, «Макбета» У.​Шэкспіра і інш. Спектаклі Баці вызначаліся рамантычным кірункам і строгім адборам выразных сродкаў. У шэрагу сваіх пастановак выступаў як мастак. З 1949 працаваў у галіне лялечнага т-ра і ў правінцыяльнай трупе «Камеды дэ Праванс». Аўтар тэарэт. прац пра тэатр.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУА́ (Galois) Эварыст (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),

французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.

Літ.:

Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ. М., 1965;

Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.

Э.Галуа.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)