зборная назва відаў раслін з роду сліва. Найб. вядомы алыча культурная (Prunus cerasifera) і сліва разгалістая, або ткемалі (Prunus divaricata). Вырошчваюць у краінах Азіі, Еўропы, на Балканах, Каўказе, у Закаўказзі. Выкарыстоўваюць як пладовую культуру, як прышчэпу для слівы, персіка, абрыкоса; для ахоўнага лесаразвядзення. На Беларусі інтрадукавана ў сярэдзіне 19 ст. з Паўн. Каўказа, пашырылася па ўсёй тэр. рэспублікі.
Дрэва або вялікі куст выш. 4—10 м. Лісце яйцападобнае або прадаўгавата-эліпсападобнае. Кветкі белыя, распускаюцца раней за лісце. Плод — касцянка, ад светла-жоўтай да цёмна-чырвонай, выспявае ў жніўні. Ураджайнасць 8—10 кг (да 40 кг) з дрэва. Сарты: Ветразь, Камета кубанская, Хуткаплодная, Падарожніца (Рубінавая), Мара і інш. Меданос. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі і сцябловымі чаранкамі, акуліроўкай. Святлолюбівая, засухаўстойлівая, непатрабавальная да глебы і вільгаці расліна. Плады багатыя цукрамі, яблычнай і лімоннай к-тамі, вітамінамі С, B1, B2 і інш., з іх гатуюць кампоты, варэнне, павідла, сок, віно, на Каўказе — алычовы лаваш (высушаныя на сонцы тонкія лісты з мякаці пладоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),
1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.
Створаны ў сярэдзіне 17 ст.італьян. майстрам М.Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. Уэстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.Блажэўскі, П.Станкевіч, Л.Шышкоўскі, Ф.Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары А.Багатыроў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, Я.Дзягцярык і інш.УБел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.
2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я,
ручная гладкаствольная або наразная агнястрэльная зброя (ружжо, пісталет) з крамянёвым (калясцовым або ўдарна-крамянёвым) замком. Узнікла ў 16 ст. Прынцып яе дзеяння заключаўся ў тым, што запальванне зарада адбывалася пры дапамозе іскраў, што высякаліся крэменем пры трэнні стальнога кольца (калясцовы замок, ужываўся да канца 16 ст.) ці ў момант яго ўдару аб крэсіўную пласцінку (ударна-крамянёвы замок, што выцесніў калясцовы). К.з. была на ўзбраенні многіх армій свету, у т. л. ў ВКЛ. Найб. пашыраныя яе ўзоры ва Усх. Еўропе мелі калібр 17,5—21,5 мм, масу 4,0—5,6 кг, далёкасць стральбы ад 140 да 800 м, скарастрэльнасць 1 стрэл за 1—1,5 мін (гладкаствольныя) і 1 стрэл за 5 мін (наразныя, з тугім загонам кулі). Усярэдзіне 19 ст. ўсюды заменена ўдарнай зброяй — вінтоўкай з ударным замком (з выкарыстаннем капсуля).
Да арт.Крамянёвая зброя. Крамянёвыя ружжы: 1 — з кольцава-крамянёвым замком; 2 — з крамянёвым ударным замком; 3 — расійскае пяхотнае ўзору 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛАў музыцы,
кампазітарскі і выканальніцкі кірунак, які склаўся ў сярэдзіне 18 ст. ў г. Мангейм (Германія). Адна з папярэдніц венскай класічнай школы. Яе творчыя прынцыпы блізкія да ранняга класіцызму, стыль адзначаны ўплывам ракако, барока і сентыменталізму. Адыграла вял. ролю ў развіцці інстр. музыкі. Найб. дасягненні звязаны з дзейнасцю мангеймскай капэлы і яе прадстаўнікоў — чэш. кампазітараў і выканаўцаў Я.Стаміца (кіраўнік), І.К.Канабіха, К.Стаміца, Ф.К.Рыхтэра, А.Фільца і інш. Вобразны строй твораў М.ш. вылучаўся эмацыянальнасцю і патэтыкай, што найб. поўна выявілася ў выканальніцкай манеры музыкантаў капэлы (дынамічныя кантрасты, тонкая нюансіроўка, у інтанацыйнай мове — выразныя меладычныя звароты, т.зв. мангеймскія ўздыхі, і інш.). У музыцы кампазітараў М.ш. склаліся многія прыёмы класічнай аркестроўкі, зацвердзілася класічная 4-часткавая структура сімфоніі і інш. М.ш. зрабіла значны ўплыў на франц.сімф. школу і венскіх класікаў (асабліва В.А.Моцарта).
Літ.:
Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Т. 2. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ГРА́ФІКА,
сукупнасць метадаў стварэння, захоўвання і апрацоўкі на ЭВМ (у т. л. ўвод/вывад) інфармацыі, якая мае форму відарысаў, графікаў і інш. Выкарыстоўваецца ў прамысл. сістэмах аўтаматызаванага праектавання для стварэння мадэляў новых вырабаў, унавук. і інж. даследаваннях, бізнесе, рэкламнай справе, індустрыі забаў, мастацтве.
Станаўленне М.г. як навук. кірунку адбылося ў сярэдзіне 1960-х г. М.г. звязана з выкарыстаннем сродкаў выліч. тэхнікі, якія інтэнсіўна развіваюцца, і з неабходнасцю апрацоўкі вельмі вял. аб’ёмаў інфармацыі за кароткі час. Выкарыстоўвае вынікі ў галіне структур даных, аперацыйных сістэм, моў праграмавання, геам. мадэліравання і інш.Асн.тэхн. сродкі: графічныя дысплеі, сканеры, графапабудавальнікі, прынтэры, дыгітайзеры. Праграмныя сродкі залежаць ад галіны іх выкарыстання.
На Беларусі работы ў галіне М.г. пачаты ў 1960-я г. ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, дзе створаны першыя графапабудавальнікі і вектарныя дысплеі, распрацаваны пакеты праграм для фарміравання маш.-буд. чарцяжоў і рашэння графічных і геам. задач. Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАГАЛАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы і іх сістэмы, што знаходзяцца па-за нашай Галактыкай, і прастору паміж імі. Займаецца даследаваннем галактык, квазараў і інш. аб’ектаў, якія выпрамяняюць у аптычным, радыё-, гама-, рэнтгенаўскім і інш. дыяпазонах эл.-магн. хваль. Задачы П.а. — пабудова мадэлей эвалюцыі галактык і іх узаемадзеяння, вывучэнне прыроды квазараў, гравітацыйных лінзаў і інш. аб’ектаў.
Узнікла ў сярэдзіне 1920-х г. дзякуючы працам Э.П.Хабла. Былі выяўлены асобныя зоркі ў Андрамеды туманнасці, што сведчыла пра яе падабенства да нашай Галактыкі і што па-за межамі Млечнага Шляху існуюць іншыя зорныя сістэмы. Развіццё радыёастраноміі прывяло да адкрыцця квазараў і радыёгалактык. У выніку развіцця П.а. створана класіфікацыя галактык, вывучаюцца іх скопішчы і звышскопішчы, пабудавана карціна расшырэння Сусвету.
Літ.:
Воронцов-Вельяминов Б.А. Внегалактическая астрономия. 2 изд. М., 1978;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Тейлер Р.Дж. Галактики: Строение и эволюция: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ-СЯ, Заходняе Ся,
дзяржава, якая існавала ў канцы 10 — пач. 13 ст. на тэр. сучасных кіт. правінцый Ганьсу, Шэньсі і Нінся-Хуэйскага аўт. р-на. Створана народам мінья (тангуты), які ў 7—8 ст. прыйшоў з Тыбета і пасяліўся на плато Ордас як васал кіт. імперыі Тан. У 982 тангуцкі князь (ван) Цзіцянь пачаў паўстанне супраць імперыі Сун, якая ў 1006 фактычна прызнала незалежнасць С.-С. У 1038 правіцель Юань-хао [1032—48] прыняў тытул імператара (хуандзі), што паклала пачатак войнам з сунскім Кітаем, якія працягваліся аж да пач. 12 ст., калі Паўн. Кітай быў захоплены чжурчжэнамі. Перыяд адносна мірнага развіцця С.-С. ў 12 ст. — час найб. росквіту яго культуры. Шырокі ўжытак набыло своеасаблівае тангуцкае пісьмо, створанае ў сярэдзіне 11 ст. З пач. 13 ст. дзяржава вяла барацьбу з манголамі, знішчана імі ў 1227. Тангуцкае насельніцтва асімілявана кітайцамі, ісламізаваныя тангуты сталі асновай сучаснага кіт.-моўнага мусульм. насельніцтва Паўн.-Зах. Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́П (Sinop),
горад на Пн Турцыі. Адм. ц.аднайм. іля. Каля 20 тыс.ж. (2001). Вузел аўтадарог, порт на Чорным моры. Прам-сць лесапільная і харчовая. Рамёствы, у т. л. саматужны выраб ільняных тканін. Цэнтр рыбалоўства.
Засн. не пазней 7 ст. да н.э. як калонія г. Мілет. У старажытнасці наз. Сінопа. Важны гандл. і рамесны цэнтр уПаўд. Прычарнамор’і. У 6 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. чаканіў сваю манету. Да 4 ст. да н.э. знаходзіўся ў залежнасці ад Ахеменідаў дзяржавы, аднак меў унутр. самастойнасць. З 183 да н.э. ўваходзіў у Пантыйскае царства (напачатку як рэзідэнцыя цара, потым — сталіца). У 70 да н.э. заваяваны рым. палкаводцам Лукулам. З канца 4 ст.н.э. належаў Візантыі Пасля ўтварэння Трапезундскай імперыі (1204) С. у яе складзе, у 1214—1307 у Канійскім султанаце. У канцы 14 ст. горад захапіў тур. султан Баязід I, упач. 15 ст. — Цімур Усярэдзіне 15 ст. далучаны да Асманскай імперыі. У 1853 у бухце С. адбылася бітва паміж рас. і тур. флатамі (гл. Сінопская бітва 1853). У С. нарадзіўся прадстаўнік філас. школы кінікаў Дыяген.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКІЁ-Э (літар. — вобразы паўсядзённага свету),
кірунак уяп. жывапісе і графіцы перыяду Эдо (1614—1868), прадстаўнікі якога адлюстроўвалі жыццё гар. насельніцтва. Творы мастакоў У. адлюстроўваюць быт. сюжэты з жыцця гараджан, тэатр. афішы, сцэны спектакляў т-ра Кабукі, партрэты акцёраў, пейзажы, сцэны легенд. Вядучыя жанры — «бідзін-га», або выявы прыгажунь (у жывапісе і графіцы), і «якуся-э», або выявы акцёраў (у графіцы). У жывапісе дакладнасць знешняй характарыстыкі персанажаў спалучалася з рысамі ўмоўнай дэкаратыўнасці — залатымі плоскаснымі фонамі, колеравай насычанасцю каларыту і г.д.У 1680—1760-я г. ксілаграфіям У.-э., якія выконваліся спачатку з падфарбоўкай ад рукі, а пасля з выкарыстаннем тэхнікі паліхромнага друку, уласціва ўвасабленне жаночай прыгажосці (Х.Маранобу і інш.). Усярэдзіне 1760—1800 пашырыліся выразныя магчымасці гравюры. У.-э. вобразы прыгажунь сталі больш вытанчаныя і адначасова дакладныя (С.Харунобу), у партрэтах К.Утамара набылі характар нац. ідэала жаночай прыгажосці. Вял. эмацыянальнасцю і вострай характарнасцю вылучаюцца вобразы акцёраў у творчасці Ц.Сяраку. У апошні перыяд (1800—68) У.-э. дасягнуў росквіту пейзажны жанр у творчасці К.Хакусай і А.Хірасіге.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЧЫ,
вёска ў Сямёнавіцкім с/с Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 5 км на ПнЗ ад Узды, 79 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Негарэлае. 538 ж., 221 двор (1998).
У 2-й пал. 16 ст. сяло і двор (цяпер пас. Першамайск) у Менскім пав.ВКЛ. Да 17 ст. ўласнасць Кавячынскіх, якія на тэр. двара ў сярэдзіне 16 ст. пабудавалі кальвінскі збор (з 17 ст. касцёл і капліца-пахавальня). З 1590 мястэчка. У 17—19 ст. уласнасць Завішаў. З 1793 у складзе Рас. імперыі ў Ігуменскім пав. Мінскай губ.У 1795 у К. 51 двор, упач. 19 ст. 417 ж., 55 двароў, бровар, млын, кузня, медная ф-ка (1827). У 1-й пал. 19 ст. замест драўлянага пабудаваны мураваны сядзібны дом. У 2-й пал. 19 ст. ў К. жыў археолаг і этнограф Я.К.Завіша. У 1897 у вёсцы 817 ж., 118 двароў, царква, магазін. У 1972 у К. 742 ж., 239 двароў.
Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.