рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) асадкавая парода, складзеная з абкатаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі 1—10 мм (у горнай справе вылучаюць Ж. памерамі 5—70 мм). Адрозніваюць Ж. буйны (5—10 мм), сярэдні (2,5—5 мм) і дробны (1—2,5 мм). Генетычныя тыпы Ж.: рачны (гл.Алювій) азёрны, марскі і ледавіковы. Сцэментаваны Ж. — гравеліт. Якасць Ж. залежыць ад наяўнасці шкодных прымесей (акатышы глін, пыл, пірыт, гіпс, растваральныя ў шчолачах абломкі і інш.), трываласці, сціральнасці, марозаўстойлівасці і г.д. На Беларусі пясчана-жвірова-галечны матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай ірады і Паазер’я, Разведана 136 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн.м³, з іх распрацоўваюцца 82 радовішчы з гадавой здабычай 23—24 млн.м³, Форма пакладаў лінзападобная, зрэдку пластавая. Здабываецца Ж. адкрытым спосабам; частка яго абагачаецца на драбільна-сартавальных заводах. Выкарыстоўваецца для вытв-сці бетону, буд-ва чыгунак, аўтадарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ДЗВІНА́,
рака ў Валагодскай і Архангельскай абласцях Расіі. Даўж. 744 км, пл. басейна 357 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў рэк Сухана і Юг (каля г. Вялікі Усцюг). Да вусця р. Вага цячэ ў шырокай даліне, падзяляецца на рукавы, потым даліна рэзка звужаецца і пасля ўпадзення р. Пінега зноў разбіваецца на рукавы, якія збіраюцца ў адзіны паток каля г. Архангельск. Ніжэй г. Архангельск пачынаецца дэльта (пл. каля 900 км²). Асн. прытокі: Вычэгда, Пінега (справа), Вага (злева). Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Пінега 3330 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. — пач.ліст. да пач. мая. Уплыў марскіх прыліваў да вусця р. Пінега. П.Дз. злучана праз р. Сухана, воз. Кубенскае і інш. з Волга-Балтыйскім водным шляхам (Паўночна-Дзвінская водная сістэма), праз р. Пінега — з р. Кулой. У бас. П.Дз. больш за 17 тыс. азёр. Суднаходная, сплаўная. На П.Дз. — гарады Вялікі Усцюг, Красавіна, Котлас, Навадзвінск, Архангельск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас.Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс.км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс.км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м3/с.Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Тактаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МІЯ (грэч. Mesopotamia ад mesos сярэдні, які знаходзіцца пасярэдзіне + potamos рака),
Двухрэчча, прыродная вобласць у Зах. Азіі, у бас. рэк Тыгр і Еўфрат, адзін з цэнтраў стараж. цывілізацыі. У канцы 3-га тыс. да н.э. тут існавалі стараж. дзяржавы Акад, Ур, Урук, Лагаш і інш., у пач. 2-га тыс. да н.э. ў паўд. частцы М. — Вавілонія. Пазней М. ўваходзіла ў склад Асірыі (9—7 ст. да н.э.), Новававілонскага царства (7—6 ст. да н.э.), дзяржавы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), імперыі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), дзяржаў Селеўкідаў (4—2 ст. да н.э.), Парфіі (3 ст. да н.э. — 3 ст.н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.), з 7 ст. — Арабскага халіфата. У 1055 заваявана сельджукамі, у 13 ст. — манголамі, у пач. 16 ст. пад уладай Сефевідаў, у 17 ст. — 1918 у складзе Асманскай імперыі. Пасля 1-й сусв. вайны б.ч. М. ў складзе Ірака, астатнія — Сірыі і Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.
Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс.т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс.т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).
Атамны ледакол «Арктыка»: асноўныя пазіцыі пры наступленні ледакола на льды (схемы): 1 — напаўзанне на льдзіну; 2 — працісканне; 3 — наступнае напаўзанне.Да арт.Атамны ледакол. Схема энергетычнай устаноўкі і размяшчэння яе асноўных агрэгатаў на ледаколе «Арктыка»: 1 — дыферэнтная цыстэрна; 2 — аддзяленне грабных электрарухавікоў; 3 — кармавая электрастанцыя; 4 — памяшканне атамнай параўтваральнай устаноўкі; 5 — аддзяленне галоўных турбагенератараў; 6 — аддзяленне дапаможных механізмаў; 7 — грабныя вінты; 8 — сярэдні электрарухавік; 9 — бартавыя электрарухавікі; 10 — электрашчыт; 11 — электрагенератары; 12 — турбіна; 13 — помпы; 14 — парагенератар; 15 — стабілізатар ціску; 16 — атамны рэактар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,
вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКА́РСКІ ДВОРу Маскве,
найбуйнейшая рас. друкарня ў 16 — пач. 20 ст.; першая дзярж. друкарня ў Расіі. Засн. каля 1563 пры падтрымцы цара Івана IV Грознага і мітрапаліта Макарыя на тэр. Кітай-горада ў старой ч. Масквы (раён Нікольскай вуліцы). Тут былі надрукаваны першыя рас. кнігі «Апостал» (1564), «Часоўнік» (1565, абедзве выдадзены ўраджэнцамі Беларусі І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам), «Псалтыр» (1568, друкары Андронік Цімафееў Нявежа і Нічыпар Тарасіеў). Пасля 1568 да 1587 кнігі часова друкаваліся ў Аляксандраўскай слабадзе (сучасны г. Аляксандраў Уладзімірскай вобл.). Пасля пажару 1611 на тым самым месцы пабудаваны новы Д.д. (дзейнічаў з 1614); у 1645 і 1679 ён перабудаваны. У 17 ст. на Д.д. (з канца 17 ст.наз. друкарняй) выдадзена больш за 500 кніг (сярэдні тыраж кнігі каля 1200 экз.), пераважна рэліг. зместу; сярод свецкіх кніг была «Граматыка» (1648) ураджэнца Беларусі М.Сматрыцкага. У 1712 частка станкоў перавезена ў Пецярбург. У 1721 друкарня перададзена Сіноду і перайменавана ў Маскоўскую сінадальную друкарню (існавала да 1917).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДУСНАЯ СЕ́ТКА ЗЯМЛІ́,
сістэма геагр. мерыдыянаў і паралелей, нанесеных на адлюстраванне зямной паверхні ў выглядзе картаў і глобусаў. Выкарыстоўваецца для вызначэння геагр. каардынат зямной паверхні, а таксама вуглоў арыентавання (азімутаў і румбаў) і адлегласцей. Кожнаму мерыдыяну адпавядае свая даўгата (L), а паралелі — шырата (B). Азімут напрамку па мерыдыяне роўны нулю, па паралелі адпаведна — 90° і 270°. Градусная сетка наносіцца праз інтэрвалы: некалькі градусаў 1°; 30′; 10′; 1′. Для Беларусі геагр. сетка абмежавана даўготамі Lз = 23°11′03″; Ly, = 32°45′36″ і шыротамі Bпд = 51°15′35″; Bпн = 56°10′22″. У межах Беларусі адной мінуце адпавядае на плоскасці ў праекцыі Гаўса—Кругера: па шыраце на Пн 1034,4 м, на Пд 1164,3 м; па даўгаце на Пн 1855,6 м, на Пд 1855,2 м. Гарызантальная праекцыя ліній на фіз. паверхні Зямлі будзе карацей за прыведзеныя на велічыню
, дзе ym — сярэдняя ардыната лініі (сярэдняя адлегласць ад асявога мерыдыяна 6-градуснай каардынатнай зоны), Rm — сярэдні радыус Зямлі (6371,11 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРТЫ́Ш,
рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Об. Даўж. 4248 км, пл. бас, 1643 тыс.км². Бярэ пачатак у гарах Мангольскага Алтая на тэр. Кітая (Чорны І.). У вярхоўях горная рака. Ад воз. Зайсан да г. Усць-Каменагорск зарэгулявана вадасховішчамі Бухтармінскай і Усць-Каменагорскай ГЭС. Ніжэй г. Сяміпалацінск да вусця цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Рэчышча няўстойлівае, шмат пясчаных перакатаў, ніжэй г. Омск утварае вял. лукавіны. Даліна шырокая (да 20 км, каля вусця да 35 км). Гал. прытокі: Ішым, Вагай, Табол, Конда (злева), Ом, Тара, Дзям’янка (справа). Жыўленне мяшанае. Ледастаў з ліст. да красавіка. Разводдзе ў ніжнім цячэнні з мая да вер., у верхнім — з крас. да кастрычніка. Сярэдні расход вады каля Табольска 2150 м³/с, у вусці — 2830 м³/с. Суднаходная на 3784 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння, арашэння, жывіць Іртыш—Караганда канал, Шульбінскае вадасховішча. Багаты рыбай (нельма, шчупак, акунь, асетр, сцерлядзь і інш.). Асн. гарады і парты: Усць-Каменагорск, Сяміпалацінск, Паўладар, Омск, Табольск, Ханты-Мансійск.