Адбыўся 8—12.12.1925 у Мінску. Прысутнічала 247 дэлегатаў з рашаючым і 161 з дарадчым голасам ад 15 075 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (А.І.Крыніцкі), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч), ЦКККП(б)Б (В.П.Грузель); даклады ЦК РКП(б) (І.І.Скварцоў-Сцяпанаў), ЦКК РКП(б) (А.А.Сольц); аб гасп. будаўніцтве (І.А.Адамовіч); аб рабоце прафсаюзаў (М.Е.Ендакоў); аб рабоце сярод моладзі (М.М.Галадзед); аб Чырв. Арміі (С.М.Кажэўнікаў); парт.-арганізац. пытанне; выбары. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК, ЦКК і рашэнні XIV канферэнцыі РКП(б), паліт. лінію і арганізац. работу ЦККП(б)Б, тэзісы Палітбюро ЦК РКП(б) па гасп. будаўніцтве. У рашэннях з’езда па пытаннях сацыяліст. індустрыялізацыі прасочвалася паступовае наступленне на нэп. Адобрыў тэзісы ЦК РКП(б) да XIV з’езда ВКП(б) і намеціў меры па іх выкананні. Абмеркаваў праект Статута РКП(б) і прапанаваў унесці ў яго асобныя змены і дадаткі. Ухваліў новы адм.-тэр. падзел рэспублікі. Усе канферэнцыі, пачынаючы з VI Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РКП(б), якая аб’явіла сябеПершым з’ездам КП(б)Б, рашыў лічыць з’ездамі КП(б)Б. Выбраў ЦККП(б)Б з 43 чл. і 20 канд. у чл., ЦКККП(б)Б з 18 чл. і 7 канд. у чл., дэлегатаў на XIV з’езд ВКП(б).
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн. 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІ́ЦЫЯ (ад лац. intueri пільна, уважліва ўглядацца),
здольнасць спасціжэння ісціны шляхам яе непасрэднага перажывання без абгрунтавання з дапамогай лагічных доказаў. Ант. філосафы разглядалі І. як своеасаблівы сродак цэласнага «спасціжэння сябе» (Сакрат), як спосаб пазнання ідэй (Платон) і вышэйшых прынцыпаў быцця (Арыстоцель). Вылучаюць пачуццёвую, інтэлектуальную, эмацыянальную, містычную І. Пачуццёвая выяўляецца незалежна ад інтэлекту ў розных вобразах, пачуццях і перажываннях. Інтэлектуальная з’яўляецца формай непасрэднага, інтэлектуальна-інтуітыўнага спасціжэння сутнасці розных феноменаў быцця (Э.Гусерль). Эмацыянальная праяўляецца ў эмацыянальных актах пазнання вечных, абсалютных каштоўнасцей (М.Шэлер). Містычная І. — неўсвядомлены працэс Божага адкрыцця, таямнічага азарэння (Ж.Марытэн). У ням. класічнай філасофіі практычна атаясамлівалася з «інтэлектуальным сузіраннем» (Ф.Шэлінг). У інтуітывізме тлумачыцца як непасрэднае зліццё суб’екта з аб’ектам, поўнае пераадоленне супрацьлегласці паміж імі (А.Бергсон). У «філасофіі жыцця» І. супрацьстаіць навук. пазнанню жыццёвай рэальнасці і ўспрымаецца як здольнасць да ірацыянальнага спасціжэння свету. У псіхааналізе трактуецца як неўсвядомлены першапрынцып творчай дзейнасці чалавека (З.Фрэйд). Аналітычная псіхалогія разглядае І. як адну з асн.псіхал. функцый, што дазваляе чалавеку атрымліваць інфармацыю шляхам непасрэднага ўспрымання жыццёвых падзей на ўзроўні падсвядомасці (К.Г.Юнг). У экзістэнцыялізме тлумачыцца як спецыфічны спосаб быцця чалавека ў свеце (М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Адыгрывае важную ролю ў вырашэнні складаных навук. задач стварэнні арыгінальных маст. твораў, прадухіленні канфліктных сітуацый у паўсядзённым жыцці чалавека.
Літ.:
Налчаджян А.А. Некоторые психологические и философские проблемы интуитивного познания: (Интуиция в процессе науч. творчества). М., 1972;
Ярвилекто Т. Мозг и психика. М., 1992;
Петухов В.В. Психология мышления. М., 1987;
Васильев И.А., Поплужный В.Л., Тихомиров О.К. Эмоции и мышление. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬДЭРО́Н ДЭ ЛА БА́РКА, Кальдэрон дэ ла Барка Энао дэ ла Барэда-і-Рыяньё (Calderón de la Barca Henao de la Barreda y Riaño) Педра (17.1.1600, Мадрыд — 25.5.1681), іспанскі драматург, буйнейшы прадстаўнік барока. Вучыўся ва ун-тах Алькала дэ Энарэс і Саламанкскім. У 1620-я г.гал. пастаўшчык п’ес для Каралеўскага Мадрыдскага т-ра. У 1651 прыняў духоўны сан. Аўтар 120 свецкіх п’ес, 78 аўта (рэліг.-містычных алегорый), 20 інтэрмедый. У «камедыях плашча і шпагі» праблемы ілюзорнасці і ірацыянальнасці быцця, залежнасці лёсу чалавека ад непадуладных розуму сіл: «З каханнем не жартуюць» (1627?), «Дама-прывід» або «Дама-невідзімка», «Дом з двума выхадамі цяжка ахоўваць» (абедзве 1629), «Сам у сябе пад вартай» (1636) і інш. У «драмах гонару» («Лекар свайго гонару», 1635, «Саламейскі алькальд», 1640—45) выклаў пазасаслоўную канцэпцыю гонару, які раўназначны жыццю, абараняў годнасць простага чалавека. У рэліг.-філас. драмах імкнуўся да раскрыцця глабальных тэм праз абагульненыя сімвалічныя сітуацыі і вобразы, узнімаў складаныя праблемы чалавечага існавання, свабоды выбару і знешняй несвабоды, наканаванасці лёсу і адказнасці чалавека за пройдзены шлях: «Стойкі прынц» (1628—29, выд. 1636), «Пакланенне крыжу» (1630—32, выд. 1636), «Жыццё ёсць сон» (1631—32, выд. 1636). «Чысцілішча святога Патрыка» (1634, выд. 1636). П’есы К. адметныя складанай метафарычнасцю і эмблематычнасцю стылю.
Тв.:
Рус.пер. — Пьесы. Кн. 1—2. М., 1961;
Драмы. Кн. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Кальдерон и мировая культура. Л., 1986;
Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989. С. 26—33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),
выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл.Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т. л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, які павінен быць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.
палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябеНароднай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел.паліт.к-т пад кіраўніцтвам П.П.Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац.паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АЎТАМА́ТЫКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для аўтам. выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажару. Тэхн. эфектыўнасць П.а. вызначаецца здольнасцю выконваць задачы (у сукупнасці ці адну з іх): папярэджваць магчымасць узнікнення пажару, забяспечваць бяспеку людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.
Складаецца з сістэм пажарнай сігналізацыі і аўтам. установак пажаратушэння (АУП). АУП маюць сродкі для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., выдзялення цяпла, дыму, газападобных прадуктаў няпоўнага згарання), ёмістасці для захоўвання вогнетушыльных рэчываў, сістэмы выпускання такіх рэчываў у ахоўную прастору. Могуць аўтаномна выконваць усе зададзеныя функцыі, у т. л. сігналізацыю, без выкарыстання дадатковых сістэм пажарнай сігналізацыі ці ўключаць іх у сябе ў якасці пускавых. Паводле канструкцыі бываюць агрэгатныя (тэхн. сродкі выяўлення пажару, захоўвання і выпускання вогнетушыльных рэчываў і інш., якія з’яўляюцца самастойнымі адзінкамі і манціруюцца на аб’екце), модульныя (састаўныя часткі сістэмы, аб’яднаныя ў модулі), спрынклерныя (забяспечваюць лакальнае тушэнне пажару ў месцы інтэнсіўнага павышэння т-ры) і дрэнчарныя (забяспечваюць тушэнне па ўсёй плошчы ці па ўсім аб’ёме памяшкання); паводле тыпу вогнетушыльнага рэчыва — вадзяныя, пенныя, газавыя, парашковыя, аэразольныя, для тушэння парай. Тушэнне пажару выконваецца па ўсёй плошчы (ці аб’ёме) або лакальна (у месцы ўзнікнення пажару) Выкарыстоўваюцца таксама ўстаноўкі для стварэння проціпажарных заслон, якія перашкаджаюць распаўсюджванню пажару. АУП (акрамя спрынклерных) дадаткова маюць дыстанцыйныя ці мясц. прыстасаванні для ручнога пуску. Вогнетушыльныя рэчывы падаюцца ў месца гарэння праз насадкі, распыляльнікі, арашальнікі і пенагенератары. Выхад з арашальнікаў спрынклерных АУП закрываюць клапанамі, трымальнікі якіх разбураюцца пад дзеяннем т-ры пажару. П.а. абсталёўваюцца збудаванні і памяшканні з высокай пажарнай ці выбуховай небяспекай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,
паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д.Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТАда народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр.бел.вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 1.2.1920 у Смаленску, з 15.8.1920 да 21.3.1933 у Мінску на бел. мове. Першыя 10 нумароў выдаваліся 2 разы на тыдзень Бел.рэд. калегіяй ЦК КП(б) Літвы і Беларусі як 2-тыднёвы часопіс. З 15.8.1920 орган Рэўкома БССР, з 19.12.1920 — ЦВКБССР, з 16.1.1930 — ЦВК і СНКБССР. Адказныя рэдактары ў розныя гады: С.Булат, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.Ігнатоўскі, М.Кудзелька (М.Чарот) і інш. Адлюстроўвала сац. і грамадска-паліт. працэсы, развіццё эканомікі, літ. руху і маст. культуры БССР у 1920 — пач, 1930-х г. Збірала вакол сябе раскіданыя па краіне літ. сілы, спрыяла творчаму супрацоўніцтву старэйшых і маладых пісьменнікаў. Друкавала творы А.Бабарэкі, Я.Бобрыка, П.Броўкі, З.Бядулі, А.Вечара, А.Вольнага, М.Гарэцкага, У.Дубоўкі, А.Дудара, М.Зарэцкага, Я.Коласа, К.Крапівы, А Куляшова, Я.Купалы, М.Лынькова, Я.Пушчы, Л.Родзевіча, П.Труса, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, літ.-знаўцаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. Наладжвала літ.-маст. вечары і дыскусіі (пра БДТ-1, творчасць Ц.Гартнага, М.Чарота, М.Грамыкі), асвятляла тэатр. і муз. жыццё рэспублікі. маст. і этнагр. выстаўкі, садзейнічала ахове помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. У 1930—33 ва ўмовах рэпрэсій, пашырэння вульгарна-сацыялагічнай крытыкі са старонак газеты зніклі лірычныя вершы, апавяданні, аб’ектыўныя навук. і крытычныя матэрыялы пра бел.нац. культуру, партрэты пісьменнікаў і мастакоў. Публікаваліся пераважна юбілейныя творы, апавяданні і нарысы на вытв. тэму, вульгарна-сацыялагічныя артыкулы і інш. Выдавала літ. дадаткі-часопісы «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927, 1929), «Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» (1928).