ЖУРУА́ (Juruá),

рака на З Бразіліі (вярхоўі ў Перу), правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3280 км, пл. бас. 224 тыс. км². Пачынаецца ў адгор’ях Перуанскіх Андаў (Мантанья), сярэдняе і ніжняе цячэнні па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводкі са снеж. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля 9000 м³/с. Суднаходная ад г. Крузейру-ду-Сул (Бразілія).

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭКІТЫНЬЁНЬЯ (Jequitinhonha),

рака на У Бразіліі. Даўж. 1030 км, пл. бас. каля 73 тыс. км². Пачынаецца на хр. Сера-ду-Эспіньясу, цячэ па Бразільскім пласкагор’і, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў Атлантычны ак. Жыўленне дажджавое. Летнія паводкі са снеж. да сакавіка. Сярэдні расход вады каля 550 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 100 км. На Ж. — г. Жэкітыньёнья.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛА́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,

на Пн Паміра, у Кыргызстане і Таджыкістане. Даўж. 240 км. Выш. да 7134 м (пік Леніна). Складзены са сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, кангламератаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Месцамі трапляецца гіпсавы карст. Ледавікі агульнай пл. 1194 км². На схілах стэпы і высакагорныя лугі. Ва ўсх. ч. перавал Кызыларт (4280 м), цераз які праходзіць аўтамаб. тракт Ош—Харог.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРО́ЙНАЯ МАШЫ́НА, раскройная машына,

машына для выразання дэталей швейных вырабаў са слаёў (насцілу) палотнаў тканіны, трыкатажу або інш. матэрыялаў. Вышыня насцілу — да 30 см. Рэжучы інструмент у перасоўных З.м. — стальны пласціністы нож, які робіць верт. зваротна-паступальны рух, або вярчальны дыск; у стацыянарных — бясконцая стальная стужка-нож, нацягнутая на шківы. Укараняюцца лазерныя З.м.

Перасоўная закройная машына з вертыкальным нажом.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАЛАТЫ́ ПУЛ»,

спецыяльная міжнар. арг-цыя, створаная ў 1961 ЗША і 7 заходнееўрап. краінамі для правядзення сумесных аперацый на Лонданскай залатой біржы з мэтай стабілізацыі рыначнай цаны золата на ўзроўні яго афіц. цаны. Выступала за міждзярж. рэгуляванне цаны на золата. З.п. распаўся ў 1968. Са спыненнем абмену долара ЗША на золата ў 1971 афіц. рынак золата практычна перастаў існаваць.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫ́ЛІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,22 км², даўж. 610 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Схілы катлавіны выш. да 13 м, параслі лесам, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Каля паўн.-ўсх. берага невял. востраў.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАЎБ, кодаўб,

пасудзіна, выдзеўбаная са ствала дрэва (ліпы, вольхі, асіны). Мела розныя памеры, цыліндрычную форму. Побач з аднадоннымі трапляліся К. з двума днішчамі і адтулінай збоку. Выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, круп, мукі, К. меншых памераў — для мёду (звычайна рабілі з ліпы). Былі пашыраны ў лясных і падлесных зонах Беларусі і інш. краін. Часам сустракаюцца і ў наш час.

Кадаўб.

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙФЫ́Н,

горад у цэнтр. ч. Кітая, паблізу р. Хуанхэ, у прав. Хэнань. Адзін са старэйшых гарадоў Кітая, сталіца краіны ў 10—12 ст. 508 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Вытв-сць абсталявання для хім. прам-сці, с.-г. машын, хім. і тэкст. прам-сць. Шматлікія арх. помнікі, у т. л. пагада Тэта (Жалезная пагада) 11 ст.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯПЛО́ДНІК,

перыкарпій, сценка плода раслін, якая ахоўвае насенне. Утвараецца са сценак завязі. Складаецца з трох (часам з двух) слаёў. Вонкавы (экзакарпій) бывае тонкі скурысты (касцянка, ягада, яблык), тоўсты скурысты (памяранец), цвёрды (гарбуз). Сярэдні (мезакарпій) мясісты, сакавіты, часта афарбаваны (касцянка, ягада). Унутр. бывае сакавіты (ягада), хрусткаваты (яблык), камяніста-цвёрды (касцянка). Будова К. — адзнака, якая ўлічваецца ў сістэматыцы раслін.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік),

сатрапезніцтва, форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)