СВЕТЛАВО́Е ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
форма фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя, звязаная з перыяд. або пастаянным перавышэннем узроўню натуральнай асветленасці мясцовасці ў выніку інтэнсіўнага выкарыстання крыніц штучнага асвятлення. Характэрна для індустр. цэнтраў, вял. гарадоў і іх кангламерацый. Самастойна або ў спалучэнні з інш. формамі забруджвання здольна прыводзіць да анамалій развіцця жывых арганізмаў, быць прычынай іх вымушанай міграцыі, негатыўна ўплывае на здароўе людзей, біял. рытмы.
П.І.Лабанок.
т. 14, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБВЕ́НЦЫЯ (ад лац. subventio дапамога),
грашовая сума, якая выдзяляецца дзяржавай з бюджэту вышэйстаячага ўзроўню на пэўны тэрмін і на канкрэтныя мэты для выраўноўвання сац.-эканам. развіцця адпаведнага нац.-дзярж. або адм.-тэр. ўтварэння. У адрозненне ад датацыі С. павінна быць выкарыстана строга па мэтавым прызначэнні і ва ўстаноўлены тэрмін; у адваротным выпадку С. падлягае вяртанню ў орган, які яе прадаставіў.
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЛЕНТ (ад грэч. talanton вага),
высокая ступень прыроднай адоранасці і развіцця здольнасцей да пэўнага віду дзейнасці. Фарміруецца з ранняга дзяцінства як выяўленне задаткаў і схільнасцей да пэўнага віду дзейнасці. Станаўленню Т. садзейнічаюць своечасовае дыягнаставанне здольнасцей і сістэматычная работа над іх развіццём. Т. можа выяўляцца ва ўсіх сферах жыцця (навук., паліт., маст. і інш.) і характарызуецца прынцыповай навізной, высокай дасканаласцю вынікаў творчай дзейнасці.
т. 15, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫСАМІ́Я (ад грэч. tri- у складаных словах — тры + sōma цела),
наяўнасць у храмасомным наборы дыплоіднага арганізма адной або некалькіх лішніх храмасом, якія не гамалагічныя адна адной. З’яўляецца вынікам неразыходжання храмасом пры дзяленні клеткі. Звычайна Т. прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці, заган развіцця і гібелі арганізма, асабліва ў жывёл. У чалавека Т. па 21-й храмасоме выклікае Даўна хваробу. Гл. таксама Анеўплаідыя, Спадчынныя хваробы.
т. 16, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСІТЭ́ЦКАЯ РЭФО́РМА 1863 у Расіі, адна з ліберальных рэформ 1860—70-х г. Увяла універсітэцкі статут 1863. Аднавіла аўтаномію ун-таў, скасавала карпаратыўныя арг-цыі студэнтаў, перабудавала навук. і навуч. работу ў адпаведнасці з патрэбамі развіцця краіны. Ліквідавана універсітэцкім статутам 1884 у ходзе «контррэформ» 1880—90-х г.
Літ.:
Эймонтова Р.Г. Университетская реформа 1863 г. // Исторические записки. М., 1961. Т. 70.
т. 16, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФУТБО́Л»,
штомесячны ілюстраваны часопіс для аматараў і спецыялістаў футбола. Заснавальнікі — футбольны клуб «Сквіч» і т-ва «Белмедінфарм». Выдаецца з 2002 у Мінску на рус. мове. Асвятляе дзейнасць футбольных клубаў Беларусі, рэсп. і рэгіянальных футбольных арг-цый, сочыць за тэндэнцыямі развіцця сусв. футбола, аналізуе, абагульняе і прапагандуе яго дасягненні.
Друкуе нарысы і замалёўкі пра лепшых футбалістаў і трэнераў краіны і свету.
Я.Л.Вяснін.
т. 16, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮВЕНІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. juvenilis юны),
перыяд жыцця расліны ад паяўлення праростка да пач. цвіцення. Расліны ўтвараюць вегетатыўныя органы, актыўна растуць, але яшчэ не гатовыя да генератыўнага развіцця. Асн. прычыны: няздольнасць верхавінкі парастка і кораня рэагаваць на ўздзеянне гармонаў, што індуцыруюць цвіценне, іх нізкае змяшчэнне ў тканках і высокі ўзровень інгібітараў цвіцення. Працягласць Ю. рэгулюецца прыстасавальнымі рэакцыямі — яравізацыяй і фотаперыядызмам.
т. 18, кн. 1, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКАЯ Наталля Юр’еўна (н. 9.5.1953, Мінск),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2003), праф. (2003). Скончыла БДУ (1975). Настаўнічала. З 1982 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе тэарэт. праблемы граматыкі сучаснай бел. мовы, шляхі гіст. развіцця грамат. адзінак бел. і рус. моў. Аўтар манаграфіі «Катэгорыя мадальнасці ў сучаснай беларускай мове» (2001), навуч.-метадычнага дапаможніка «Гістарычная граматыка беларускай мовы» (2000) і інш.
т. 18, кн. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАКЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ.
Адлюстроўваюць клімат як фактар с.-г. вытв-сці. Характарызуюць комплекс агракліматычных рэсурсаў пэўных тэрыторый, кліматычныя ўмовы развіцця асобных культур, асобныя віды кліматычных рэсурсаў сельскай гаспадаркі ў зручных паказчыках (напр., сумы актыўных т-р, працягласць вегетац. перыяду), кліматычныя з’явы, небяспечныя для сельскай гаспадаркі, тэрміны вегетацыі культур. Выкарыстоўваюцца для абгрунтавання агракліматычнага раянавання, рацыянальнага выкарыстання кліматычных рэсурсаў, планавання тэрмінаў с.-г. работ і вызначэння спецыялізацыі сельскай гаспадаркі.
т. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З Высвятляе ступень спрыяльнасці будучага надвор’я для развіцця с.-г. культур, правядзення с.-г. работ, выкарыстання пэўнай агратэхнікі. Заснаваны на ўліку біял. асаблівасцяў раслін і выніках метэаралаг. назіранняў. На Беларусі з 1938 складаюцца доўгатэрміновыя аграметэаралагічныя прагнозы перазімоўкі азімых (на плошчах рознага стану), запасаў вільгаці ў глебе на вясну, аптымальных тэрмінаў сяўбы азімых і яравых збожжавых культур, пасадкі бульбы, тэрмінаў выспявання с.-г. культур і іх ураджайнасці.
т. 1, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)