АДЭКВА́ТНАЕ
(ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),
адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.
т. 1, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛІБІ
(ад лац. alibi у іншым месцы),
у крымінальным працэсе акалічнасць, якая сведчыць пра адсутнасць асобы на месцы злачынства ў момант яго ўчынення; бясспрэчны доказ невінаватасці абвінавачанага па справе, дзе ён прыцягваецца да адказнасці за фізічны ўдзел у злачынстве. Алібі не выключае абвінавачання ў саўдзельніцтве (напр., падбухторванне, дапамога і інш.).
т. 1, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГІ́МУНТ,
легендарны новагародскі князь. Звесткі пра яго супярэчлівыя. У Хроніцы Быхаўца згадваецца як гальшанскі князь, сыну якога Міндоўгу Гедзімін аддаў у кіраванне Кіеў пасля яго заваявання. У інш. крыніцах паказаны як новагародскі князь жамойцкага паходжання, то называецца сынам Траняты, то Скіргайлы ці Голышы (міфічная асоба). Супярэчлівасць звестак абвяргае яго гіст. сапраўднасць.
т. 1, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ФНІС,
у грэчаскай міфалогіі сіцылійскі пастух незвычайнай прыгажосці, стваральнік пастухоўскіх песень. Лічыўся сынам Гермеса і німфы. Паводле адных міфаў, памёр ад безнадзейнага кахання, паводле другіх — быў аслеплены закаханай німфай за здраду і ў адчаі кінуўся са скалы ў мора. Міф пра Д. выкарыстоўваўся ў ант. л-ры (Феакрыт, Вергілій, Лонг) і ў букалічнай паэзіі 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,
горны пра ход паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау на 3 і Барлык на У, у Казахстане, паблізу мяжы з Кітаем. Злучае. Балхаш-Алакольскую катлавіну і Джунгарскую раўніну. Даўж. каля 50 км, шыр. да 10 км, выш. 300—400 м. Пераважае паўпустынны ландшафт. У старажытнасці Дж.в. служылі праходам для качэўнікаў Цэнтр. Азіі і Казахстана.
т. 6, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІЕ́ВІЧ Уладзімір Іванавіч
(26.9.1910, в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 4.10.1952),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1928. Найб. значныя працы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, пасляваен. бел. паэзію. Яго творы спрыялі пераадоленню вульгарызатарскіх схем і догмаў у бел. крытыцы.
Тв.:
Літаратура і жыццё. Мн., 1954.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ КАЛГА́СНАЯ»,
штомесячны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1932 у Мінску на бел. мове Аб’яднаннем пралетарска-калгасных пісьменнікаў Беларусі. Меў на мэце выхоўваць новых пісьменнікаў з асяроддзя калгаснага сялянства. Друкаваў творы пра сацыяліст. перабудову вёскі, жыццё калгасаў, саўгасаў, МТС. Сярод аўтараў Я.Купала, П.Броўка, А.Куляшоў, К.Чорны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган і інш. Выйшла 8 нумароў.
т. 3, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́МБАХ (Brambach) Іаган, сакратар пасольства Ганзы ў Расію ў 1603. У сваім дзённіку апісаў пасольства, даў кароткія звесткі пра бел. гарады і мястэчкі. Дзённік надрукаваны ў Любеку ў 1748 на верхненям. мове.
Тв.:
Рус. пер. — Отчет о поездке ганзейского посольства из Любека в Москву и Новгород в 1603 г. // Проезжая по Московии. М., 1991.
т. 3, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1942 да ліп. 1944 у Браславе; налічвала 13 чал. Арганізатары і кіраўнікі А.А.Васілеўскі і Э.А.Ціранаў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. прапаганду, здабывалі для партызан дакументы, разведданыя пра варожыя гарнізоны, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, выратавалі 150 сав. і парт. работнікаў і ваеннапалонных; трымалі сувязь з Азяраўскім камсамольска-маладзёжным падполлем.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙДЭЛО́ТЫ,
вейдалоты, язычніцкія жрацы старадаўняй Літвы, хавальнікі вечнага агню бога Перуна (Перкунаса). Вайдэлоткі ахоўвалі вечны агонь пры храме багіні Праўрымы, прыносілі ахвяры багам. У час баляў і на святы вайдэлоты спявалі і ўслаўлялі подзвігі продкаў, расказвалі пра барацьбу з іншаземнымі заваёўнікамі. Песні і легенды вайдэлотаў доўгі час бытавалі ў народаў ВКЛ і пасля прыняцця хрысціянства.
т. 3, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)