ВО́НДЭЛ ((Vondel) Іост Ван дэн) (17.11.1587, г. Кёльн, Германія — 5.2.1679),
нідэрландскі паэт і драматург. Найб. яскрава яго талент раскрыўся ў драматургіі. У ранніх творах (1610—40-я г., т.зв. рымскі перыяд) адчуваецца ўплыў Сенекі, у больш позніх (1650—70-я г., т.зв. грэчаскі перыяд) — Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда. Першая трагікамедыя «Пасха» (паст. 1610) — водгук на вызваленне Галандыі ад ісп. прыгнёту. У трагедыі «Разбурэнне Іерусаліма» (1620) на матэрыяле стараж.-яўр. гісторыі паказаў небяспечнасць унутр. канфліктаў перад знешняй пагрозай. На біблейскія сюжэты напісаны трагедыі «Браты» (1639), «Іосіф у Егіпце» (1640), «Пётр і Павел» (1641), «Саламон» (1648), «Іефай» (1659), трылогія «Люцыфер» (1654), «Адам у выгнанні» (1664), «Ной» (1667), у якіх даў новае асэнсаванне спрадвечнай барацьбе Дабра і Зла. У творчасці Вондэла арганічна спалучаліся тэндэнцыі барока і класіцызму (пры відавочнай перавазе першых). Яго стыль адметны эпічнасцю, жывапіснасцю, амаль што рубенсаўскай магутнасцю, барочнай поліфанічнасцю і кантрастнасцю. Аўтар зб. «Розныя вершы» (1644-47).
Тв.:
Рус. пер. — Трагедии. М., 1988.
Літ.:
Балашов Н.И. Вондел в системе западноевропейской литературы XVII в // Вондел Й. ван ден: Пер. с нидерл. Трагедии. М., 1988;
Ошис В.В. «Трагик хороший»;
(Творчество Вондела и нидерландская литература XVII в.) // Там жа.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД МІЖНАРО́ДНЫ (МГГ),
перыяд з 1 ліп. 1957 да 31 снеж. 1958, калі 67 краін выконвалі геафіз. назіранні і даследаванні па адзінай праграме і методыцы; прадоўжаны і ў 1959 як Міжнар. год геафіз. супрацоўніцтва. З’яўляецца пераемнікам 2 Міжнар. палярных гадоў (1882—83 і 1932—33).
МГГ праводзіўся ў перыяд максімуму сонечнай актыўнасці. Яго праграма ўключала аэралагічныя, метэаралагічныя, акіянаграфічныя, гляцыялагічныя, магнітныя, гравіметрычныя, сейсмічныя даследаванні, а таксама вывучэнне палярных ззянняў, іанасферы, метэораў, касм. промняў і інш. У Антарктыдзе створаны базы для назіранняў (сав. абсерваторыя «Мірны» і інш.), праведзены навук. экспедыцыі; у Арктыцы ўстаноўлены плывучыя абсерваторыі на льдзінах, у акіянах працавалі экспедыцыі на н.-д. суднах. Выкарыстоўвалася новая апаратура: геафіз. ракеты, першыя штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. У выніку даследаванняў адкрыты радыяцыйныя паясы Зямлі, Паўд. полюс холаду ў Антарктыдзе, новыя ледавіковыя раёны ў Сібіры, наяўнасць гелію ў высокіх слаях атмасферы, вызначаны напрамак і скорасць ветру на выш. да 110 км, моцныя цячэнні на вял. глыбіні ў акіянах і інш. Копіі ўсіх матэрыялаў назіранняў у час МГГ захоўваюцца ў сусв. цэнтрах даных у Вашынгтоне, Маскве і спец. цэнтрах у Жэневе, Лондане і інш.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЙ (лац. indium),
In, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: 113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙1014 гадоў) 115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.Райхам і Т.Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.
Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.
Літ.:
Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.
І.В.Боднар.
т. 7, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,
сукупнасць узаемазвязаных працэсаў з удзелам глебавага паветра, якія вызначаюць яго колькасць, склад і іх перыяд. змены; адзін з фактараў урадлівасці глебы.
Уключае газаабмен паміж глебай і атмасферай (аэрацыю глебы), цвёрдай, вадкай і газападобнай ч. глебы (адсорбцыю, растварэнне газаў, выпарэнне і інш), глебай і жывымі арганізмамі (пераважна спажыванне кіслароду і выдзяленне вуглякіслага газу каранямі раслін, глебавымі фаунай і мікрафлорай, што ляжыць у аснове «дыхання» глебы), перамяшчэнне глебавага паветра. Залежыць ад кліматычных, пагодных умоў, структуры, складу паветр. уласцівасцей глебы (паветраёмістасці і паветрапранікальнасці), характару і развітасці расл. покрыва і інш.; цесна звязаны з водным рэжымам глебы і цеплавым рэжымам глебы, уплывае на жыўленне раслін. Паветра глебы займае да 75% яе аб’ёму і, у адрозненне ад атм., мае 1—20% кіслароду (паглынаецца глебай), 0,15—9,7% (і больш) вуглякіслага газу, больш вадзяной пары, азоту, яго аксідаў, аміяку, метану, вадароду, лятучых арган. рэчываў і інш. (выдзяляюцца ў атмасферу).
На Беларусі П.р.г. ў вегетац. перыяд спрыяльны для с.-г. раслін на аўтаморфных дзярнова-падзолістых, асушаных забалочаных і тарфяна-балотных глебах. Аптымізуюць яго паліваннем і апрацоўкай глебы, унясеннем угнаенняў (асабліва арган.), асушэннем пераўвільготненых глеб.
Л.В.Круглоў.
т. 11, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст. н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.
В.І.Боўш.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТО́НІЙ (лац. Plutonium),
Pu, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 94, адносіцца да актыноідаў. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 232—246; найб. устойлівы 244 Pu (перыяд паўраспаду T1/2 7,5∙107 гадоў). У прыродзе трапляецца ў мізэрнай колькасці ва уранавых рудах 239Pu (T1/2 2,41∙104 гадоў, α-выпраменьвальнік). Адкрыты ў 1940 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі; назва ад планеты Плутон.
Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 640 °C, tкіп 3352 °C. Існуе ў 6 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 112 °C стабільная манаклінная α-фаза, шчыльн. 19860 кг/м³. Хімічна найб. актыўны з актыноідаў. Кампактны П. у паветры павольна акісляецца. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў салянай, артафосфарнай і хлорнай к-тах. Узаемадзейнічае пры награванні з галагенамі, вадародам, азотам, серай і інш. неметаламі; з многімі металамі ўтварае інтэрметаліды. Выкарыстоўваюць 239Pu як паліва ў ядз. энергетыцы, пры вырабе ядз. зброі (крытычная маса метал. П. 5,6 кг), як сыравіну для вытв-сці трансплутоніевых элементаў; 238Pu — для вырабу малагабарытных ядз. крыніц эл. току з працяглым тэрмінам службы. Высокатаксічны. ГДК у паветры рабочых памяшканняў для 239Pu 3,3∙10−5 Бк/л.
т. 12, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ДЫЙ (лац. Rubidium),
Rb, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 37, ат. м. 85,4678; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца са стабільнага 85Rb (72,15%) і радыенукліда 87Rb (перыяд паўраспаду 4,8∙1010 гадоў, β-выпрамяняльнік). У зямной кары 1,510−2% па масе. Уласных мінералаў не ўтварае (рассеяны элемент); спадарожнічае пераважна калію. Адкрыты ў 1861 Р.В.Бунзенам і Г.Р.Кірхгофам спектральным метадам (па лініях у чырв. частцы спектра), назва ад лац. rubidus — цёмна-чырвоны.
Мяккі серабрыста-белы легкаплаўкі (tпл 39,32 °C) метал, шчыльн. 1532 кг/м³ (0 °C). Хімічна вельмі актыўны. У паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід RbO2). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Раствараецца ў вадкім аміяку (растворы сіняга колеру). Захоўваюць у ампулах са спец. шкла ў атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць як кампанент матэрыялу для фотаэлементаў, фотаэл. памнажальнікаў і змазачных кампазіцый для рэактыўнай і касм. тэхнікі, як гетэр у вакуумных лямпах, каталізатар, пару Р. — у разрадных эл. трубках нізкага ціску, стандартах частаты і часу, злучэнні — як цвёрды электраліт, кампанент спец. шкла і керамікі і інш.
т. 13, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНЬ ГУ, Бань Мэн-цзянь (32, г. Аньлінь, Кітай — 92),
старажытнакітайскі гісторык. Брат палкаводца Бань Чао. Займаў розныя пасады пры імператарскім двары. Як памочнік палкаводца Доу Сяня ў няўдалым паходзе ў 92 супраць гунаў быў разжалаваны і зняволены. Аўтар (разам з бацькам Бань Бяо і сястрой Бань Чжао) складзенай у 58—82 «Гісторыі Старэйшай дынастыі Хань», якая ахоплівае перыяд у 230 гадоў ад праўлення імператара Лю Бана да Ван Мана. Пісаў і літ. прозу.
т. 2, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁНДА ((Biondo) Флавіо) (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),
італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. тапаграфіі.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́Р ((Aulard) Франсуа Віктор Альфонс) (19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),
французскі гісторык. Замежны чл.-кар. Рас. АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)