птушка атр. папугаепадобных. 3 падвіды. Пашыраны ў лясах экватарыяльнай Афрыкі ад Сьера-Леоне да 3 Кеніі, на а-вах Сан-Таме і Прынсіпі. Трымаюцца вял. чародамі, зрэдку асобнымі парамі.
Даўж. 35—40 см. Апярэнне шэрае, хвост — ярка-чырвоны, кароткі. Дзюба чорная, вузкая. Гняздуецца ў дуплах высокіх дрэў, нясе 2 яйцы. Корміцца пладамі і насеннем. Здольны да гукапераймання. Утрымліваецца ў няволі, дзе размнажаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТАЗЁМЫ,
глебы, якія фарміруюцца пад шыракалістымі лясамі ва ўмовах вільготных субтропікаў. Пашыраны ў Кітаі, на Пд ЗША, ПдУ Аўстраліі і ў Новай Зеландыі, у Грузіі і Азербайджане. Маюць 5—10% гумусу. Жоўтая афарбоўка абумоўлена малой колькасцю жалеза ў мацярынскіх пародах і моцным увільгатненнем, якое выклікае гідратацыю вокіслаў жалеза ў глебе. Асн. тыпы: жаўтазёмы, падзоліста-жаўтазёмападобныя, жаўтазёмна-глеевыя, падзоліста-жаўтазёмна-глеевыя. На Ж. вырошчваюць чай, цытрусавыя, вінаград, тытунь, эфіраалейныя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ІНДЫ́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,
падводны сярэдзінны акіянічны хрыбет на ПдЗ Індыйскага ак. Размешчаны паміж Афрыканска-Антарктычным і Цэнтральнаіндыйскім хрыбтамі. Даўж. каля 3600 км, шыр. да 700 км, адносная выш. 1000—2000 м, найменшая глыб. над хрыбтом 251 м, пераважныя глыб. над грэбенем 2000—3000 м. Восевая зона мае характэрныя рысы рыфта. Паверхня расчлянёная. Пашыраны выхады карэнных парод, у т. л. ультраасноўных (серпенцініты, перыдатыты). Характэрна павышаная сейсмаактыўнасць для восевай зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВЕНСКАЯ КА́ФЛЯ,
вырабы мясцовых цаніннікаў 17—18 ст. з вёсак Навасёлкі і Росцевічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Выраблялі тэракотавыя сценавыя, паясныя і вуглавыя кафлі, якія аздаблялі манаграмамі, выявамі гербаў мясц. уладароў, раслінным арнаментам. З 2-й пал. 17 ст.найб.пашыраны зялёныя паліваныя кафлі з такім самым аздабленнем.
Да арт.Зэльвенская кафля. Кафлі: злева — з выявамі гербаў 17 ст. і 1603; справа — паясная 17 ст.; вуглавая пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМБІ́Р (Zingiber),
род кветкавых раслін сям. імбірных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Паўд. Афрыцы, Аўстраліі. Найб. вядомы І. звычайны (Z. officinalis).
Шматгадовая травяністая трапічная расліна выш. да 1 м. Лісце ланцэтнае. Кветкі фіялетава-жоўтыя, стэрыльныя, у кароткіх, падобных на колас, суквеццях. Сухое карэнішча мае прыемны духмяны пах і пякучы смак, спажываецца ў кулінарыі як прыправа і ў харч. прам-сці для араматызацыі (варэнне, лікёры і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАЗІ́Т, цыкліт,
цыклічны шасціатамны спірт. Цвёрдае, салодкае на смак рэчыва. Малекулярная маса 180,2, т-ра плаўлення 225—227 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў арган. растваральніках. У жывёльных і раслінных арганізмах пашыраны ў выглядзе фіцінавай к-ты і яе кальцыева-магніевай солі — фіціну. Для некат. мікраарганізмаў І. — неабходны фактар росту. Пры недахопе бялку ў арганізме папярэджвае атлусценне печані. Мае ўласцівасці вітаміну. Ужываецца з ежай; сутачная патрэбнасць чалавека 1—1,5 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫ́ЛКІ,
нястаткавыя саранчовыя, насякомыя падсямейства саранчовых, падатр. караткавусых прастакрылых. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі 7 родаў. Шкоднікі пасеваў, пашы і сенажацей.
Даўж. да 3 см. Ротавыя органы грызучыя, вусікі кароткія, заднія ногі скакальныя. 2 пары крылаў. Яйцы кладуць у глебу, кучкамі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Зімуюць у фазе яйца ці лічынкі. Адно пакаленне за год. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДУ́ШКА,
бандарная, радзей выдзеўбаная пасудзіна розных памераў у форме ўсечанага конуса, звужаная кверху (звычайна без вушак). Выкарыстоўвалася для захоўвання прадуктаў — квашанай капусты і буракоў, салёных агуркоў, грыбоў, соку, квасу і інш. К. вял. памераў — кадзі (1,5—1,6 м у вышыню), выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, мукі. Часам іх замацоўвалі на гліняным падмурку ў свірнах і клецях. Пашыраны ў хатнім побыце са стараж. часоў і захаваліся да нашага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАНО́К (паўночны) (Vespertilio nilssoni),
млекакормячае сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі рэдкі аселы, часткова вандроўны від. Адзначаны ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку. Самцы жывуць паасобку, самкі — невял. калоніямі.
Даўж. цела да 60 мм. Поўсць доўгая, густая, цёмная, з залацістым бляскам. Крылы доўгія, вузкія. Вушы адносна кароткія і шырокія. Нараджае 2 дзіцяняці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),
група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць да кішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.
Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.