род антацэротавых імхоў сям. антацэротавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некаторыя ва ўмераных шыротах. На Беларусі на аблогах, каля дарог, па канавах, берагах рэк трапляецца антацэрас кропкавы (A. punctatus).
Слаявіна цёмна-зялёная, разеткападобная, дыям. 2—5 см, шчыльна прылягае да субстрату, з рассечанымі лопасцепадобнымі вырастамі, унізе з слізевымі поласцямі, якія пазней запаўняюцца калоніямі водарасцяў з роду насток. Прымацоўваецца да субстрату аднаклетачнымі рызоідамі. Спарагон цыліндрычны, з калонкай і стэрыльнымі ніткамі (элатэрамі), якія служаць для разрыхлення спораў, прамастойны, даўж. 1—10 см, зялёны, потым бурэе і раскрываецца на 2 створкі. Споры тэтраэдрычныя, цёмныя, з шчытападобнымі вырастамі. Спараносіць летам і ўвосень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СНЕВА ГРУ́ПА,
адна з першых с.-д. арг-цый у Расіі. Утворана ў 1889 у Пецярбургу ў выніку аб’яднання рэв. студэнцкіх і рабочых гурткоў. Наз. «Цэнтральны рабочы камітэт», «Рабочы саюз», пазней па імю кіраўніка групы М.І.Бруснева. Займалася прапагандай марксізму сярод рабочых. Кіравалася праграмай групы «Вызваленне працы». Мела сувязі з рэв. гурткамі многіх гарадоў, у т. л. Гродна і Вільні, якія дапамагалі ёй набываць л-ру для паліт. прапаганды. Адным з яе кіраўнікоў быў ураджэнец Ліды М.В.Алюшкевіч. У час сходкі 3.6.1893 арыштаваны кіраўнікі і частка членаў групы. Следства па справе Бруснева групы працягвалася каля 2 гадоў. Большасць прапагандыстаў была рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РАЎ (Андрэй Канстанцінавіч) (15.10.1900, Масква — 7.5.1957),
рускі архітэктар. Д-ртэхн.н. (1952). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1918—25). Вывучаў архітэктуру ў ЗША і Еўропе (1925—36). Выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це (1936—38) і ў Ін-це аспірантуры Акадэміі архітэктуры СССР (1934—56). У ранніх працах прыхільнік канструктывізму, пазней перарабляў формы стараж.-рус. і класічнай архітэктуры, надаваў асаблівую ўвагу колеру і дэталям (інтэр’еры Гіст. музея, 1937; фасад Дома архітэктараў, 1940, Масква). Пад яго кіраўніцтвам створаны серыі праектаў буйнаблочных і буйнапанэльных жылых дамоў (1948—49). Распрацаваў спосаб вырабу сінт. звышмоцных матэрыялаў і спраектаваў серыю дамоў з іх (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНАЕ АБСЛЕ́ДАВАННЕ,
выбарачнае статыст. вывучэнне сямейных бюджэтаў для атрымання звестак пра жыццёвы ўзровень розных сац. груп насельніцтва. Пры бюджэтным абследаванні выбіраюць розныя па матэрыяльнай забяспечанасці тыпы сем’яў (па іх згодзе) і сістэматычна абследуюць на працягу года ці некалькіх гадоў: робяць апытанні дарослых членаў, выкарыстоўваюць іх запісы пра свае даходы і расходы, а таксама некаторыя дакументы (разліковыя ведамасці, пенсіённыя кніжкі і г.д.). Потым з генеральнай сукупнасці сем’яў выбіраюць найб. тыповыя і атрымліваюць звесткі пра аб’ёмы і структуру даходаў і расходаў гэтых сем’яў у розных сац. групах. Першае на Беларусі абследаванне бюджэтаў рабочых і служачых праведзена ў 1921, бюджэтаў сялян — у 1922, пазней бюджэтнае абследаванне сталі сістэматычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц (Андрэй Іванавіч) (19.1.1904, в. Жаўткі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.3.1965),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Вілейскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, за што ў 1935—39 зняволены ўладамі Польшчы. З ліп. 1941 адзін з арганізатараў Вілейска-Куранецкага патрыятычнага падполля. Вясной 1942 стварыў і ўзначаліў партыз. групу, якая пераўтворана пазней у атрад, з кастр. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь». Пад яго кіраўніцтвам у Куранецкім, Маладзечанскім і Смаргонскім р-нах была створана сетка падп. арг-цый. Пасля вайны на сав. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штодзённа з 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 у Віцебску на рус. мове; замяняла неафіц. аддзел газ. «Витебские губернские ведомости». У 1906 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, пазней — прыватная газ. ліберальна-кадэцкага кірунку. Асуджала імперыял. планы царызму ў рус.-яп. вайне 1904—05, рэпрэсіі супраць удзельнікаў 1-й рус. рэвалюцыі і інш. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі, выступала за культ.-нац. і тэр. аўтаномію яе народаў. Вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання. Змяшчала літ. творы рус. і мясц. аўтараў. Асвятляла пытанні мясц. жыцця, эканомікі, нар. асветы, тэатр. і муз. навіны горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЎЕ́Н (Леанід Сяргеевіч) (29.4.1887, г. Варонеж, Расія — 1.8.1966),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1913). Працаваў у Александрынскім т-ры (пазней Ленінградскі т-р драмы імя А.С.Пушкіна; з 1937 гал.рэж.). Акцёрская манера вызначалася стрыманасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу) і інш. Спектаклі, пастаўленыя Віўенам, адметныя псіхал. прапрацоўкай характараў. Сярод лепшых: «Рускія людзі» К.Сіманава (1943), «Бег» М.Булгакава (1958), «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна (1962, разам з А.Даўсанам). У 1918 арганізаваў у Петраградзе Школу акцёрскага майстэрства (з 1992 С.-Пецярбургскі ін-тт-ра, музыкі і кінематаграфіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДЗЬ (саманазва вадзьялайн),
прыбалтыйска-фінскі народ, які жыў на Пд ад Фінскага заліва. Як самаст. этнас водзь сфарміравалася ў 1-м тыс.н.э. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з II ст. З сярэдзіны 1-га тыс.н.э. на тэр. рассялення водзі пранікаюць славяне. Не пазней як у 12 ст. водзь увайшла ў склад Наўгародскай зямлі і дала назву адной з яе адм. адзінак — Водскай пяціне. У гэты час водзь прыняла праваслаўе. Мова водзі блізкая да паўн.-ўсх. гаворак эстонскай мовы, бяспісьменная. Працэс славянізацыі водзі ў асн. закончыўся ў 19 ст. Асобныя паселішчы водзі захаваліся на паўд. узбярэжжы Фінскага заліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́ЛЬНІК,
ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел.нар.муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАРГІ́ЕЎ (Кіман) (11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),
дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл.паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л.нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).