рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «УСХО́ДНІ».
Пабудаваны ў 1983 у паўд.-ўсх.ч.Мінска (арх. Л.Пагарэлаў, Л.Кустова, В.Ягадніцкі). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вырашана ў выглядзе 3-павярховага дугападобнага ў плане аб’ёму з вынесенымі за межы плана пандусамі ў 2 узроўнях. Пластыку будынка з суцэльным зашкленнем фасадаў, расчлянёных метал. аконнымі пераплётамі, узбагачаюць гарыз. парапеты, 2 магутныя крывалінейныя ў плане пілоны, якія акцэнтуюць гал. ўваход, невял. аб’ём з процілеглага ад гал. ўвахода боку. Фасады і інтэр’еры апрацаваны дэкар. тынкоўкай з выкарыстаннем белага мармуру. Сцяна залы чакання ўпрыгожана мазаічным пано «Юнацтва Беларусі» (мастак В.Карнееў). Планіровачная структура вакзала падпарадкавана тэхнал. сістэме абслугоўвання пасажыраў. Іл.гл. да арт.Аўтавакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ПРОЛЕТА́РИЙ»,
што дзённая газета, орган Мінскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў і губваенрэўкома. Выдавалася 2—30.4.1919 у Мінску на рус. мове. Асвятляла жыццё і барацьбу мінчан за ўмацаванне сав. улады, работу сав. органаў у галіне гасп. і культ.буд-ва, друкавала інфарм. матэрыял аб ходзе нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў, заклікала насельніцтва Мінска на барацьбу з інтэрвентамі і ўнутр. контррэвалюцыяй. У кожным нумары давалася інфармацыя «Радыёграмы РОСТА». Матэрыялы групаваліся пад рубрыкамі: «Па Расіі», «На Украіне», «Па Беларусі і Літве», «Партыйнае жыццё», «Рабочае жыццё», «Мясцовае жыццё», «Эканамічная старонка». Выйшлі 22 нумары.
Літ.:
Бараноўскі П.М. Газета клікала да барацьбы // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІПАВА (Марыя Барысаўна) (9.1.1909, в. Серкавіца Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1999),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыла Вышэйшую камуніст.с.-г. школу Беларусі (1935), Мінскі юрыд.ін-т (1940). З 1926 на сав. і парт. рабоце. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 арганізавала ў Мінску падп. групу, удзельніца Мінскага патрыятычнага падполля, была сувязной партыз. атрадаў М.Нікіціна, «Дзіма», «Мясцовыя», брыгады «Дзядзькі Колі». Арганізоўвала ратаванне, забеспячэнне дакументамі і адпраўку ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, вязняў гета, дастаўку партызанам зброі і боепрыпасаў. Адна з арганізатараў знішчэння ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Пасля вайны на сав. рабоце. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—63. Ганаровая грамадзянка Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Сіманавіч) (5.11.1876, г. Варонеж — 29.5.1948),
адзін з кіраўнікоў рэв. руху на Беларусі. За рэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З вясны 1904 агент ЦКРСДРП па Паўн.-Зах. краі, чл. Паўн.Зах. к-таРСДРП. Дэлегат ад Паўн.-Зах.к-та на III з’ездзе РСДРП (1905), выбраны чл.ЦК. У парт. арг-цыях Мінска і Віцебска зрабіў даклады аб рабоце III з’езда РСДРП. З 1905 прадстаўнік ЦКРСДРП у Савеце партыі, афіц. прадстаўнік ЦКРСДРП у выканкоме Пецярб. Савета. З 1908 ад парт. дзейнасці адышоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Дзярж. камісіі заканад. меркаванняў пры СНК РСФСР, з 1932 на юрыд. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУТКО́Ў (Сцяпан Дзмітрыевіч) (1.1.1911, г. Апочна Лодзінскага ваяв., Польшча — 10.4.1978),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. авіяцыі (1955). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну маёр П. да лютага 1943 зрабіў 43 баявыя вылеты. Знішчальная дывізія на чале з П. у чэрв.—ліп. 1944 наносіла ўдары па ворагу ў раёнах Оршы, Барысава, Мінска, Гродна; на чыг. участку Орша—Барысаў лётчыкі дывізіі паралізавалі рух у тыле праціўніка, нанеслі значныя страты ворагу ў мінскім «катле». Да 1971 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Ліда Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Рыгор Рыгоравіч) (н. 4.5.1947, в. Залубнішча Магілёўскага р-на),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і нейрафізіялогіі. Д-рбіял.н. (1992). Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1993 у 5-й гар. клінічнай бальніцы Мінска (заг. лабараторыі). Навук. працы па ролі эндагенных біял.-актыўных рэчываў у патагенезе развіцця нейрадыстрафічных з’яў у арганізме пры траўматычных парушэннях нерв. сістэмы.
Тв.:
К механизму развития трофических нарушений в денервированных тканях при травматических поражениях нервных стволов // Периферическая нервная система. Мн., 1988. Вып. 11;
Нейропептид-зависимые механизмы нарушения болевой афферентации при травматических поражениях нервных стволов // Там жа. 1993. Вып. 16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́ЦКІ (Аляксандр) (8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),
літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧ (Ян) (Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г.Мінска — 2.8.1899),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ДЗІЦЯ́ЧАЯ,
бібліятэка, якая абслугоўвае дзяцей дашкольнага і школьнага (1—9-ы кл.) узросту, настаўнікаў, работнікаў дашкольных устаноў, бацькоў. Сетка самастойных бібліятэк дзіцячых у СССР, у т. л. на Беларусі, пачала стварацца з 1934. На 1.1.1995 на Беларусі 279 бібліятэк дзіцячых, сукупны іх фонд 7867 тыс. адз. З’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм (ЦБС), за выключэннем Мінска, дзе дзейнічае адзіная на Беларусі самаст. цэнтралізаваная сістэма дзіцячых б-к (аб’ядноўвае 14 філіялаў). Фонды бібліятэк дзіцячых складаюць зборы кніг і інш. носьбіты інфармацыі універсальнага зместу, арыентаваныя на выкананне школьных заданняў і самаадук. чытанне. Абслугоўванне дзяцей дыферэнцыраванае ў залежнасці ад узросту. Пры бібліятэках дзіцячых ствараюцца пакоі казак, лялечныя тэатры, гульнятэкі і інш.