НІЯЗІ́ (Фацех) (н. 18.4.1914, г. Самарканд, Узбекістан),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Скончыў Ташкенцкі пед.ін-т (1949). Друкуецца з 1928. Піша на тадж. і ўзб. мовах. У кн. вершаў «Маяк» (1933), «Песні дня» (1938), «Каханне» (1940) паэтызацыя жыцця, мірнай працы, духоўнага свету суайчыннікаў. Вядучае месца ў яго творчасці займаюць тэмы подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі: кн. франтавых навел «Помста таджыка» (1947), «З апавяданняў пра вайну» (1962), раманы «Вернасць» (кн. 1—2, 1949—58), «Не кажы, што лес пусты...» (1975). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў. На бел. мову творы Н. пераклала Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ЦЬ, паветка,
у беларусаў гаспадарчая пабудова на сял. двары для захоўвання с.-г. прылад (калёс, саней і інш. начыння), а таксама дроў. Найчасцей бываюць адкрытыя (у выглядзе навеса) ці агароджаныя дошкамі. Аснову каркаснай канструкцыі складаюць слупы (сохі, паўсошкі) або крыжы, злучаныя паміж сабой суцэльным бервяном (правілам), на якое навешваюцца кроквы. Паверх крокваў прымацоўваюцца латы пад пакрыццё 1- або 2-схільнай страхі. Звычайна займае свабоднае месца паміж дзвюма пабудовамі. П., дзе захоўваецца с.-r. інвентар, звычайна наз. вазоўняй ці абозняй, для дроў — дрывотняй або дрывотнікам. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,
бел.нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКАЯ (Лізавета Іванаўна) (1830, г. Магілёў — 1915),
збіральніца бел.нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).
Літ.:
Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;
Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫ СТАЖ,
працягласць працоўнай дзейнасці, якая вылічаецца ва ўстаноўленым парадку. Адрозніваюць П.с. агульны, спецыяльны і бесперарыўны П.с. агульны — сумарная працягласць прац. і інш. карыснай дзейнасці, якая ўстанаўліваецца незалежна ад перапынкаў, якія мелі месца. З улікам гэтага стажу назначаецца пенсія па старасці або па інваліднасці ў выніку агульнага захворвання, а таксама — пры страце карміцеля, памерлага ад захворвання. П.с. спецыяльны — сумарная працягласць працоўнай і інш. грамадска карыснай дзейнасці, але вылучаная з агульнага стажу паводле ўмоў працы залежна ад яе зместу або ўмоў (падземныя работы, работы са шкоднымі ўмовамі працы). Асн. дакументам, якім пацвярджаецца П.с., з’яўляецца працоўная кніжка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЕЎКЛА́ДЧЫК,
камплект машын і абсталявання для транспартавання і ўкладкі рэйкава-шпальнай рашоткі чыгуначнага пуці пры яго буд-ве і рамонце. Выкарыстоўваюцца П. звёнавыя, якія дастаўляюць да месца работ гатовыя рэйкава-шпальныя рашоткі, і раздзельныя, што падвозяць асобныя неабходныя элементы для зборкі рашоткі на месцы.
Звёнавыя П. на рэйкавым хаду абсталяваны пуцеўкладачным кранам для транспартавання звёнаў уздоўж саставу. Пры буд-ве новых чыгунак выкарыстоўваюць пуцеўкладачныя краны на трактарным хаду, абсталяваныя лябёдкай, што захоплівае звёны на платформе, якая наязджае на ўкладзенае звяно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Р,
васемнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Р («рцы»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ρ («ро»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «р» («рама», «рука»). Мела лічбавае значэнне «сто». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорны дрыжачы пярэднеязычны цвёрды і зацвярдзелы зычны гук «р» («рэчка», «рыс», «раса», «хмара»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН ((Rubinstein) Артур) (28.1.1887, г. Лодзь, Польшча — 20.12.1982),
польскі піяніст. Вучыўся ў Варшаве і Берліне ў Р.Брайтгаўпта, М.Бруха, І.Падарэўскага і інш. З 1898 канцэртаваў у розных краінах свету. З 1937 жыў у ЗША, з 1954 — у Францыі. Выступаў як саліст і ансамбліст у дуэтах і трыо са скрыпачамі Я.Хейфецам, Г.Шэрынгам, віяланчэлістамі Р.Пяцігорскім, Э.Феерманам. Адзін з лепшых выканаўцаў твораў Ф.Шапэна, І.Брамса, К.Шыманоўскага. Значнае месца ў рэпертуары займалі творы ісп. і браз. кампазітараў. Аўтар фп. і камерных твораў, мемуараў «Мае маладыя гады» (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРімя І.Мележа.
Створаны ў 1990 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на базе нар.т-рагар. Дома культуры; да 1994 наз.Бел. эксперыментальны т-р «Верасень». Заснавальнік і першы кіраўнік М.Колас. З 1992 дырэктар і маст. кіраўнік С.Кліменка, з 1994 маст. кіраўнік В.Ласоўскі. Т-р працуе ў будынку б. Дома культуры, мае вял. і малую сцэны.
У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру. Т-р плённа працуе з бел. драматургамі, эксперыментуе ў галіне муз. відовішча: «Несцерка» В.Вольскага, «Welcome ў нашу вёску» Г.Марчука, «Хачу быць мільянерам» А.Дзялендзіка, «Шкірдзюкі займаюць абарону» В.Ткачова, «Мар’я» А.Кудраўцава, «Купальская ноч» і «Гуляць дык гуляць» («Вяртаецца муж з камандзіроўкі») Ю.Куліка, «Трышчан ды Іжота» С.Кавалёва і інш. Значнае месца ў рэпертуары займаюць творы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі: «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай, «Ехай» Н.Садур, «Стваральніца цуда» і «Утаймаванне тырана» У.Гібсана, «Як пазнаёміцца з бацькам» («Хачу здымацца ў кіно») паводле Н.Саймана і інш. Сярод пастановак для дзяцей: «Прыгоды Люстрынкі, ці Несусветнае зладзейства» І.Сідарука, «Прынцэса і Янка» У.Ягоўдзіка, «Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, «Птушка, што забыла сваю песню» паводле Г.Пракопа і інш. Лепшыя спектаклі т-ра вызначаюцца музычнасцю, дынамічным рытмам, сакавітым гумарам і рэжысёрскай фантазіяй. Тэатр — лаўрэат Міжнар тэатр. фестывалю «Студыйныя каляды» ў Мінску (1991).
В.А.Грыбайла.
Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Сцэна са спектакля «Утаймаванне тырана».