Існавала ў 12—16 ст.; адзін з удзелаў, на якія ў 12 ст. распалася Полацкая зямля. Утворана, магчыма, пасля смерці кн. Усяслава Брачыславіча (1101) як удзел яго сына Барыса. Пасля Д.к. належала сынам апошняга Рагвалоду і Івану, менскаму кн. Расціславу Глебавічу і яго сыну Глебу (з 1151), зноў Рагвалоду Глебавічу (з 1158), яго сынам Глебу (1180) і Усяславу (1186) і мяркуемаму ўнуку Барысу (1197). У 13 — пач. 14 ст. ў Д.к., верагодна. правіла мясц. дынастыя, якая ў 1-й пал. 14 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад Гедзіміна ці яго сына Альгерда. Пасля заняцця Альгердам велікакняжацкага пасада (1345) Д.к. ўвайшло ў ВКЛ. У 2-й пал. 14—1-й пал. 15 ст. яно ахоплівала тэрыторыю паміж Барысаўскай вол. на 3, Лукомскім княствам і Аболецкай вол. на Пн, Аршанскай і Копыскай вол. на У, Цяцерынскай вол. на Пд (часткі сучасных Талачынскага, Крупскага і Круглянскага р-наў). З 2-й пал. 15 ст. Д.к. пачало распадацца ў сувязі з падзелам яго тэр. паміж асобнымі галінамі кн.Друцкіх. Маёнткі Багрынава, Гольцава, Шыйкі адышлі да вял. князя і былі падараваны кн. Адзінцэвічам. Друцкі замак заставаўся ў сумесным валоданні ўсіх кн. Друцкіх. З канца 15 ст. ў выніку згасання некат. галін кн. Друцкіх іх долі ў Д.к. перайшлі да інш.феад. родаў: кн. Ямантовічаў, Гаштольдаў, Іллінічаў, Гарнастаяў, Сапегаў. У 16 ст. Д.к. канчаткова ператварылася ў кангламерат самастойных феад. вотчын. Пасля адм. рэформы ў ВКЛ 1565—66 яго тэр. цалкам уключана ў Аршанскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАДКАВА́ННЕ ГА́ЗАЎ,
перавод газападобных рэчываў у вадкі стан. Магчыма пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу (tкр). Звадкаваныя газы выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, атрымання нізкіх т-р, для тэхнал. мэт (напр., для газавай зваркі), як паліўныя сумесі рэактыўных рухавікоў і інш. Для прамысл. і быт. мэт ужываюцца пераважна звадкаваныя прапан C3H8 і бутан C4H10.
Упершыню быў звадкаваны аміяк (1792, М. ван Марум, Нідэрланды). Першы (каскадны, лабараторны) метад З.г. (кіслароду, азоту) прапанаваны швейц. вучоным Р.Піктэ ў 1877 і ўдасканалены нідэрл. вучоным Г.Камерлінг-Онесам у 1892. Заключаецца ў паслядоўным (ступеньчатым) звадкаванні некалькіх газаў з рознымі т-рамі кіпення, калі пры выпарэнні аднаго газу (ахаладжэнне) кандэнсуецца другі з больш нізкай т-рай кіпення. У сучаснай прам-сці З.г., tкр якіх вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца сцісканнем газу ў кампрэсары з наступнай кандэнсацыяй яго ў цеплаабменніку, які ахалоджваецца вадой або халадзільным растворам. З.г., tкр якіх значна ніжэйшая за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца метадамі т.зв. глыбокага ахаладжэння, заснаванымі на драселяванні сціснутага газу (выкарыстанне Джоўля—Томсана эфекту), на адыябатным працэсе расшырэння газу ў дэтандэры і інш. (гл.Крыягенная тэхніка).
Схема цыкла звадкавання газаў з дэтандэрам: 1—2 — сцісканне газу ў кампрэсары; 2—3 — ахаладжэнне ў цеплаабменніку; 3—7 — ахаладжэнне часткі газу за кошт знешняй работы ў дэтандэры; 3—4 — ахаладжэнне астатняй часткі газу; 4—5 — расшырэнне газу ў дросельным вентылі; 5—6 — расшырэнне газу; 6—7 — награванне газу ў цеплаабменніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 17 ст. ў г.п. Любча
(Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.) у маёнтку кн. Радзівілаў. Засн., магчыма, Пятром Бластусам Кмітам, які, паводле меркаванняў даследчыкаў, у 1612 перавёз сюды друкарскае абсталяванне з Вільні. Друкарня абслугоўвала пераважна патрэбы кальвіністаў, зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кміта выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. Сярод іх «Апафегматы» Б.Буднага (1614),
«Эпітоме» (1614) і зб. прыказак (1618) С.Рысінскага, «Навагрудскі дыспут» Я.Зыгроўскага (1616), «Гісторыя іудзейскай вайны» І.Флавія (1617), «Генеалогія або кароткае апісанне вялікіх літоўскіх князёў» М.Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы С.Доўгірда (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і інш. З 1632 друкарню ўзначальваў сын Кміты Ян Даніэль, што выдаў кнігу арыянскага аўтара І.Шліхтынга «Аб св. Тройцы супраць Балтазара Мейснера» на лац. мове (1639), панегірыкі і літургічныя творы паводле заказу віленскіх лютэран (усяго 24 назвы). У 1646—55 (або 1656) кіраўніком друкарні быў Ян Ланге, які выдаў 14 кніг пратэстанцкага кірунку, сярод іх «Пастыла» і «Псалтыр» лютэранскага пастара А.Шонфлісіуса. У 1650-я г. некалькі разоў выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана. 3 друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке. Упершыню ў бел. кнігадрукаванні для ілюстравання выданняў шырока выкарыстоўвалася гравюра на медзі.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 130—131;
Topolska M.B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renessansu i Baroku. Wrocław, 1984. S. 97—101.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГУЛЯ́РНАСЦЬ (ад лац. singularis асобны, асаблівы) касмалагічная, асаблівы стан у пачатку касмалагічнага расшырэння Сусвету ў фрыдманаўскіх і некаторых інш. касмалагічных мадэлях агульнай адноснасці тэорыі (АТА), што ляжаць у аснове сучаснай касмалогіі. Характарызуецца разбежнымі значэннямі шчыльнасці энергіі матэрыі, інварыянтаў тэнзара крывізны і інш. параметраў.
Існаванне Сусвету ў часе ў рамках гэтых мадэлей у мінулым абмежавана касмалаг. С. Наяўнасць яе ў касмалаг. рашэннях АТА сведчыць аб непрыдатнасці класічнай АТА у вобласці экстрэмальных умоў. Рабілася мноства спроб рашэння праблемы С., якія прывялі да пабудовы некаторых рэгулярных касмалаг. мадэлей, у прыватнасці, пабудаваны рэгулярныя закрытыя інфляцыйныя касмалаг. мадэлі ў рамках АТА і калібровачных тэорый гравітацыі. Існаванне Сусвету ў такіх мадэлях у мінулым і будучым не абмежавана ў часе. Стадыі касмалаг. расшырэння папярэднічае стадыя сціскання, а замест С. выступае стан з экстрэмальна вялікімі (магчыма, планкаўскімі) значэннямі шчыльнасці энергіі, т-ры і інш. параметраў. З гэтага стану пачынаецца расшырэнне Сусвету, якое падобна да Вялікага Выбуху і мае экспаненцыяльны характар у інфляцыйных мадэлях. Згодна з тэарэт. і назіральнымі данымі працягласць касмалаг. расшырэння («узрост Сусвету») у межах 10—20 млрд. гадоў.
Літ.:
Силк Дж. Большой взрыв: Пер. с англ.М., 1982;
Вайнберг С. Первые три минуты: Пер. с англ.М., 1981;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2000;
Minkevich A.V. Vacuum gravitational repultion effect and regular inflationary cosmology // X Intematioual Seminar «Nonlinear Phenomena in Complex Systems». Minsk, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЕ́РЦЬ,
неабарачальнае спыненне жыццядзейнасці; непазбежная канчатковая стадыя існавання жывога арганізма. Працэс надыходу С. вывучае танаталогія. Уласціва цэламу арганізму і яго часткам. Штодня ў жывым арганізме гінуць мільёны клетак розных органаў і тканак, у асобных тканках іх месца займаюць новыя.
Адрозніваюць С. натуральную (у доўгажыхароў; асобныя выпадкі), гвалтоўную (у выніку наўмысных ці ненаўмысных дзеянняў, няшчасных выпадкаў), паталаг. (заўчасная, выкліканая рознымі хваробамі). Прычыны гвалтоўнай С. вывучае суд. медыцына. С. ад хвароб абумоўлена развіццём цяжкіх ускладненняў. Калі ўскладненні развіваюцца раптоўна і хутка прыводзяць да С., яе наз. раптоўнай. Бывае таксама С. унутрывантробная (С. зародыша зародку* або плода, што настае ў арганізме маці на любым этапе ўнутрывантробнага жыцця. у т. л. пры родах). У цеплакроўных жывёл і чалавека С. найперш звязана са спыненнем дыхання і кровазвароту. Адрозніваюць 2 асн. этапы С. — т.зв. клінічную і біял. (сапраўдную). Клінічная С. (спыняецца дыханне і кровазварот, але клеткі і органы яшчэ жывуць) — абарачальны этап памірання, калі за 4—6 мін прыняць неабходныя меры (гл. Рэанімацыя) Магчыма ажыўленне і ў больш аддалены час, але ў кары галаўнога мозга ўзнікаюць неабарачальныя змены — С. мозга. Біял. С. неабарачальная — спыняюцца біял. працэсы ў клетках і тканках; пад уздзеяннем гідралітычных ферментаў, якія выдаляюцца з тканак, пачынаецца распад бялковых структур. У першую чаргу адбываецца распад залозістых органаў — падстраўнікавай залозы, печані. Біял. С. папярэднічае тэрмінальны стан.
Літ.:
Саркисов Д.С. Очерки истории общей патологии. 2 изд. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́НХЕНДЖ (Stonehenge),
адно з буйнейшых мегалітычных збудаванняў, найб. знакаміты брытанскі хендж, унікальны ў архітэктурных адносінах. Знаходзіцца каля г. Солсберы (Вялікабрытанія), абкружаны комплексам курганных могільнікаў і рытуальных помнікаў. Складаецца з 3 збудаванняў, узведзеных на адным і тым жа месцы ў розныя часы. Першае мае акруглую форму дыям. 115, 8 м. Складалася з рова і ўнутр. вала, парушанага праходам. З унутр. боку вала знаходзілася кола з 56 ям (т.зв. ямы Обры), у некаторых з іх былі рэшткі крэмацыі. Датуецца 2180 ± 105—1848 ± 275 да н.э. Другое збудаванне складалася з 2 канцэнтрычных колаў вертыкальна пастаўленых 82 блокаў блакітных камянёў у цэнтры стараж. вала. Да яго ідзе «шлях» з 2 паралельных валоў і рова (т.зв. «Авеню»). Датуецца 1720 ± 150—1620 ± 110 да н.э. Трэцяе збудаванне складалася з вертыкальна пастаўленых адшліфаваных сарсенавых блокаў выш. 8,5 м і масаю больш за 20 т кожны, на якія зверху былі пакладзены пліты. Збудаванне ўяўляла сабой замкнёнае кола дыям. 30 м вакол 5 трылітаў (2 камяні, зверху перакрытыя каменнай плітой), якія абкружалі ляжачы гарызантальна т.зв. алтарны камень. На адным з блокаў выразана выява кінжала, на шматлікіх — сякеры, датуецца 1500—1400 да н.э. Апошняя стадыя існавання С. датуецца 1240 ±105 да н.э. Лічаць, што С. з’яўлялася не толькі храмам, магчыма, звязаным з культам сонца, але і адной са старажытнейшых астранамічных абсерваторый. С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл.гл. таксама да арт.Мегалітычныя збудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БА,
паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.
Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.
На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРЧ,
горад на Украіне, у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, на беразе Керчанскага праліва. 170 тыс.ж. (1998). Марскі порт. Чыг. станцыя. Злучана чыг. паромнай пераправай са ст. Каўказ (Таманскі п-аў). Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі камбінат). Прам-сць: металургічная, суднабуд. і суднарамонтная, харчасмакавая. Тэатр.Гіст.-археал. музей. Мемар. ансамбль героям абароны Аджымушкая (1982), Мелек-Чэсменскі курган (4 ст. да н.э.), склеп Дэметры (1 ст.н.э.), царква Іаана Прадцечы (10—13 ст.).
Засн. стараж. грэкамі пад назвай Пантыкапей у 1-й пал. 6 ст. да н.э. У пач. 5—4 ст. да н.э. сталіца Баспорскай дзяржавы. У 10—12 ст., магчыма, уваходзіла ў Тмутараканскае княства (пад 1068 згадваецца як Корчаў). У 13 ст. захоплена мангола-татарамі (наз. Чэркіо). З 1318 консульства (адм. адзінка), падпарадкаваная Генуі. Пасля 1475 апорны пункт Турцыі для абароны Крыма ад казакоў. У рус.-тур. вайну 1768—74 занята рас. войскамі (1771). Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адышла да Расіі, з 1775 горад Азоўскай губ. З 1821 рэйдавы порт, цэнтр Керч-Енікальскага граданачальства. У 1825 засн. Музей старажытнасцей. У Крымскую вайну 1853—56 захоплена англ. дэсантам, моцна пацярпела ад пажару (выгарала трэцяя ч. горада). У канцы 19 — пач. 20 ст. адзін з буйных партоў Расіі. У 1900 К. злучана чыгункай з Джанкоем. У грамадз. вайну ў крас. 1918 акупіравана аўстра-германскімі, у канцы 1918 — англа-франц. войскамі, пазней белагвардзейцамі. У 1920 вызвалена Чырв. Арміяй. У Вял.Айч. вайну месца значных баёў. З 1944 у складзе Крымскай вобл. РСФСР, з 1954 — Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),
незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін 1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.
Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы , , (звесткі аб і ускосныя і магчыма, што
). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна зарэгістравана амер. фізікамі Ф.Райнесам і К.Коўэнам у 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл.Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ РАДЫ́, радые актыўныя сем’і,
групы генетычна звязаных радыенуклідаў, у якіх кожны наступны ўзнікае ў выніку альфа-распаду або бэта-распаду папярэдняга. Кожны Р.р. пачынаецца з радыенукліда з найб. для гэтага рада перыядам паўраспаду (роданачальніка) і канчаецца стабільным нуклідам.
У Р.р. масавыя лікі A нуклідаў (членаў рада) адрозніваюцца на лік, кратны 4 (пасля α-распаду масавы лік нукліда памяншаецца на 4). Тэарэтычна магчыма існаванне 4 Р.р. з A = 4n + δ, дзе δ = 0, 1, 2 і 3, роданачальнікамі якіх з’яўляюцца торый-232 (A = 4n; рад торыю), нептуній-237 (A = 4n + 1, рад нептунію), уран-238 (A = 4n + 2, рад урану-238, ці урану-радыю), уран-235 (A = 4n + 3, рад урану-235, ці актынаурану). Рады торыю, урану-радыю і актынаурану, ці натуральныя Р.р., існуюць у прыродзе, бо перыяды паўраспаду 232Th (1,405∙1010 гадоў), 238U (4,468∙109 гадоў) і U (7,038∙108 гадоў) сувымерныя з узростам Зямлі. Канчатковымі стабільнымі прадуктамі распаду натуральных Р.р. з’яўляюцца ізатопы свінцу — 208Pb, 206pb, 207Pb. У прыродзе ёсць усе члены натуральных Р.р. (у т. л. і кароткажывучыя), што тлумачыцца ўстанаўленнем у кожным радзе т. зв. векавой раўнавагі, калі скорасці ўтварэння і распаду прамежкавых членаў Р.р. роўныя. Час устанаўлення векавой раўнавагі ~ 10T1/2, дзе T1/2 — перыяд паўраспаду самага доўгажывучага прамежкавага члена рада. Членаў рада нептунію (перыяд паўраспаду 2,14∙106 гадоў), які завяршае стабільны нуклід вісмут-209, у прыродзе няма, яны атрыманы штучна (гл.Ядзерная рэакцыя). Даследаванні Р.р. садзейнічаюць выяўленню новых радыеактыўных элементаў і іх ізатопаў. Гл. таксама Радыяхімія.