ВАЛО́ДЗІН (сапр. Ліфшыц) Аляксандр Майсеевіч

(н. 10.2.1919, Мінск),

рускі драматург. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1949). Дэбют — зб. «Апавяданні» (1954). Аўтар п’ес «Фабрычная дзяўчынка» (паст. 1956), «Пяць вечароў» (1959), «У гасцях і дома» (1960), «Старэйшая сястра» (1961; аднайм. фільм 1967), «Прызначэнне» (1963), «З любімымі не расставайцеся» (1969), «Дульсінея Табоская» (паст. 1971), «Дзве стралы» (паст. 1980), «Бландзінка», «Графаман» (абедзве 1984), кінасцэнарыяў фільмаў «Звоняць, адчыніце дзверы» (1965), «Дочкі-маці» (1974), «Асенні марафон» (1979) і інш. У яго творах — маральна-філас. праблемы, будзённасць характараў і ўчынкаў людзей «непрыкметных» прафесій, права чалавека на сцвярджэнне свайго прызначэння ў жыцці і інш. П’есы Валодзіна, пераважна з элементамі камічнага, накіраваны супраць руціны, дагматызму, абывацельска-мяшчанскай псіхалогіі. Дзярж. прэмія СССР 1981.

Тв.:

Осенний марафон: Пьесы. Л., 1985.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРФАЛАМЕ́ЕЎСКАЯ НОЧ,

масавае знішчэнне гугенотаў католікамі ў Парыжы ў ноч на 24.8.1572 (свята св. Варфаламея). Арганізавана каралевай-маці Кацярынай Медычы і кіраўнікамі католікаў Гізамі, напалоханымі ўмацаваннем пазіцый гугенотаў, уплывам іх кіраўніка адмірала Каліньі на караля Карла IX. У час вяселля Генрыха Наварскага (будучага франц. караля Генрыха IV) з Маргарытай дэ Валуа — сястрой караля, на якое з’ехаліся дваране-гугеноты і іх кіраўнікі, Кацярына Медычы пераканала караля ў змове гугенотаў і дамаглася яго згоды на разню. Было забіта больш як 3 тыс. гугенотаў (у т. л. Каліньі). Генрых Наварскі і прынц Кандэ пазбеглі смерці, спешна перайшоўшы ў каталіцтва. Разня цягнулася некалькі дзён, мела месца і ў інш. гарадах. Варфаламееўская ноч прывяла да аднаўлення рэлігійных войнаў. У пераносным значэнні Варфаламееўская ноч — арганізаванае масавае знішчэнне людзей.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКО́ЛІЧНАЯ ШЛЯ́ХТА,

адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты Беларусі ў 16—19 ст. Называлася таксама шляхтай засцянковай, заградовай, загоннай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна ж набліжалася да прац. сялянства. Паходзіла са свабодных людзей (баяр, зямян і інш.), якія маглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглава-чыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі). Зямлёй валодала паводле родава-спадчыннага права, апрацоўвала яе самастойна, але ў дапамогу нярэдка наймала агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У 1796 у 8 паветах б. ВКЛ складала 61% усёй шляхты, у 1839 у зах. губернях Рас. імперыі — 56%. Указам Мікалая I ад 19.10.1831 ваколічная шляхта выключана з дваранскага саслоўя і пераведзена ў катэгорыю аселых аднадворцаў.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВЯРАПРЫНАШЭ́ННЕ,

абрад прынясення дароў Богу (багам), духам, святым і інш.; абавязковая частка рэліг. культу. Ахвярапрынашэнне звязваюць з традыцыяй задабрэння і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У гісторыі ўсіх рэлігій вядомы розныя формы ахвярапрынашэння — ад простых («пырсканне», «узліванне» ў гонар духаў і багоў перад ежай і піццём, кармленне фетышаў) да крывавых і жорсткіх чалавечых ахвярапрынашэнняў у некаторых стараж. народаў. Паводле хрысц. вучэння, Ісус Хрыстос, які прыняў смерць на крыжы, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей і гэтым пазбавіў іх ад неабходнасці ахвярапрынашэння. Тым не менш ахвярапрынашэнне ў хрысціянстве захавалася ў форме прычашчэння святых дароў, прынашэнняў у храмы, каджэння фіміямам і гэтак далей. Разнавіднасцю ахвярапрынашэння можна лічыць манаства, рэліг. аскетызм, царк. пасты і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФЕГМА́ТЫ (ад грэч. apophthegma кароткае выказванне, выслоўе),

старажытныя зборнікі свецкай апавядальнай літаратуры, у якіх змяшчаліся выказванні ці павучальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, філосафаў і інш. вядомых людзей. Узніклі ў Стараж. Грэцыі (Плутарх). У эпоху Адраджэння пашырыліся ў Зах. Еўропе (Ф.​Петрарка, Дж.​Бакачыо), трапілі ў Польшчу (М.​Рэй), а праз яе і на ўсх.-слав. землі. Далейшае развіццё апафегматаў прывяло да ўзнікнення зборнікаў фрашак, баек, эпіграм. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Іх выкарыстоўвалі ў палемічных творах А.​Мужылоўскі, І.​Пацей, Хрыстафор Філалет. Найб. вядомыя і папулярныя былі «Апафегматы» (1599) Б.​Буднага, пераклады якіх распаўсюджваліся ў рукапісах у Расіі і неаднаразова выдаваліся ў 18 ст. Кнігу дыдактычных двухрадкоўяў «Апафегматы» выдаў у 1854 І.​Легатовіч.

У.​Г.​Кароткі.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЫТА́ННЕ,

метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КА ((Vico) Джамбатыста) (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),

італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.​Бэкана, Г.​Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл. Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. развіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.

Літ.:

Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;

Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.

Т.​І.​Адула.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук»,

збор дакументаў па паліт. і ваеннай гісторыі Расіі. Выдадзены Рас. АН пад рэд. Н.​А.​Папова і Дз.​Я.​Самаквасава (т. 1—3. Спб., 1890—1901). Том 1-ы ахоплівае 1571—1634, 2-і — 1635—59, 3-і — 1660—64. Змешчаны дакументы са справаводства Маскоўскага стала Разраднага прыказа: пра станічную і вартавую службу на Пд Расіі ў 1570—90-я г., засечную пабудову 1638, барацьбу з набегамі крымскіх татараў у 17 ст. Шэраг дакументаў прысвечаны ваен. дзеянням 1614—18, войнам з Рэччу Паспалітай (1632—34, 1654—67) і Швецыяй (1656—58), эканам., паліт., ваен. гісторыі Рэчы Паспалітай і Крыма; ёсць звесткі пра становішча служылых людзей, Маскоўскае паўстанне 1662.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТЫ́П (Aristipos) з Кірэны

(каля 435 — каля 366 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі філосаф. Вучань Сакрата. Заснавальнік кірэнскай школы, адзін з пачынальнікаў геданізму ў этыцы. Паводле Арыстыпа, чалавечаму пазнанню даступныя толькі пачуцці, уласныя станы, прыемныя ці прыкрыя, а не існуючыя аб’ектыўна знешнія рэчы; успрыманні іншых людзей для чалавека недасягальныя, ён можа абапірацца толькі на іх выказванні. Таму Арыстып аддаваў перавагу практычнаму, а не тэарэтычнаму пазнанню. Найвышэйшую мэту жыцця бачыў у асабістым здавальненні, але, паводле Арыстыпа, чалавек не павінен падпарадкоўвацца яму, а імкнуцца да разумнай асалоды. Здавальненне і пакуты лічыў мерай дабра і зла, ісціны і хлусні. Сцвярджаў, што не трэба шкадаваць аб мінулым ці баяцца будучыні, у мысленні, як і ў дзеяннях, трэба надаваць значэнне толькі сучаснаму, якім можна вольна распараджацца.

В.​В.​Краснова.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)