першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.А.Ваньковіч, кн. Е.Э.Друцкі-Любецкі, В.А.Лапо, Х.Г. і А.Я.Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш. Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.С.Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГЕНЕ́З (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...генез),
працэс пашкоджання клетак, тканак і органаў; неспецыфічныя рэакцыі арганізма ў адказ на ўздзеянні на яго і развіццё тыповых паталагічных працэсаў (напр., запаленне); раздзел паталогіі, які вывучае механізмы ўзнікнення і развіцця хваробы. Складаецца з многіх этапаў ці звенняў, якія злучаны паміж сабой прычынна-выніковымі адносінамі. Уключае фізіял., біяхім., марфал., імуналагічныя і інш.змены ў арганізме пры хваробе.
Механізмы развіцця П. вызначаюцца сукупнасцю асаблівасцей арганізма (агульны стан, бар’ерная функцыя, рэакцыі імунітэту, рэгенерацыя і інш.) і этыялогіяй. Звязана з дзейнасцю нерв. і эндакрыннай сістэм і ахопліваюць усе ўзроўні рэгуляцыі арганізма — сістэмныя, клетачныя, субклетачныя і малекулярныя. Этыялагічны фактар з’яўляецца пускавым момантам хваробы. П. пачынаецца з пашкоджання, з паталаг. рэакцый, якія выклікаюць уключэнне і фарміраванне кампенсаторна-прыстасавальных рэакцый паводле прынцыпу рэфлексу або гарманальных уздзеянняў. Даследаванне П. — аснова мэтанакіраванага лячэння. Пры дыягностыцы найб. важна вызначыць вядучае звяно ў ланцугу парушэнняў, што узнікаюць у ходзе хваробы. Уздзеянне на гал. звяно дазваляе атрымаць лячэбны эфект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫІ 1848-49 У ЕЎРО́ПЕ,
«вясна народаў», серыя рэвалюцый, якія ахапілі большасць краін Зах. Еўропы ў канцы 1840-х г. (гл.Рэвалюцыя 1848 у Францыі, Рэвалюцыя 1848 у Аўстрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, Рэвалюцыя 1848—49 у Венгрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі). У гістарыяграфіі 19 ст. часам вызначаліся як адзіная Усееўрапейская рэвалюцыя 1848—49. Выкліканы крызісам паліт. рэжымаў краін Зах. Еўропы, якія ўсталяваліся пасля Венскага кангрэса 1814—15. Мелі як агульнадэмакр, мэты (лібералізацыя паліт. жыцця, усталяванне канстытуцыйнага ладу, скасаванне феад. перажыткаў), так і нац. характар (Германія, Італія, Венгрыя). На першых этапах у рэвалюцыях вядучую ролю адыгрывалі лібералы, у далейшым вылучылася радыкальная плынь, прадстаўнікі якой стаялі за радыкальныя сац.змены ў грамадстве. Паражэнне рэвалюцый, аднак, не прывяло да аднаўлення папярэдніх паліт. рэжымаў. Іх вынікам стала змена паліт. ладу ў большасці зах.-еўрап. краін, што спрыяла больш хуткаму капіталіст. развіццю.
Літ.:
Революции 1848—1849 гг.Т. 1—2. М., 1952;
Хобсбаум Э. Век капитала, 1848—1875: Пер. с англ. Ростов Н/Д, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),
1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.
2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).
Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,
працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл.Дысперсія хваль).
Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙФУ́ЛІНА (Лідзія Мікалаеўна) (3.4.1889, пас. Верхнеўвельскі Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія — 25.4.1954),
руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя пед. курсы ў Маскве (1920). Працавала бібліятэкарам, настаўніцай, актрысай. У апавяданнях, аповесцях «Чатыры главы», «Ноеў каўчэг», «Перагной» (усе 1922), «Вірынея» (1924; інсцэніравана з В.Праўдухіным, у 1925; аднайм. опера створана ў 1967 кампазітарам С.Сланімскім, фільм у 1969), «Сустрэча» (1925) і інш. ломка вясковага побыту пасля 1917, змены ў псіхалогіі жанчын. Аповесць «Правапарушнікі» (1922) пра беспрытульнікаў. Пра Вял.Айч. вайну аповесць «На сваёй зямлі» (1946). Аўтар п’ес «Спадарожнікі» (паст. 1932), «Наташа» (1937), «Сын» (1947, апубл. 1959), кн. «Пра літаратуру» (1958), успамінаў і інш. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі М.Байрашэўская, П.Місько і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1968—69;
Соч.Т. 1—2. М., 1980;
Бел.пер. — Правапарушнікі. Мн., 1930;
Таня. Мн., 1937.
Літ.:
Лидия Сейфуллина в воспоминаниях современников. М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАКЛІ́МАТЫ (ад палеа... + клімат),
кліматы мінулых геал. эпох. Рэканструкцыю іх ажыццяўляюць паводле розных ускосных прыкмет: рэчыўнага складу і тэкстурных асаблівасцей асадкавых горных парод, выкапнёвых рэшткаў флоры і фауны, адбіткаў гадавых кольцаў дрэў, суадносін хім. элементаў і ізатопаў кіслароду ў ракавінах выкапнёвых арганізмаў, рэжыму ўвільгатнення, становішча геагр. шырот у мінулым і інш.
Змены кліматычных паказчыкаў у значнай ступені залежаць ад трансгрэсіі мораў, размеркавання сушы і мора, працэсаў гораўтварэння, размяшчэння тэрыторыі ў пэўных шыротах (у сувязі з рухам кантынентальных пліт), змены ледавіковага покрыва, вышыні над узроўнем мора, напрамку акіянічных цячэнняў, складу атмасферы, характару занальнасці і інш. Вывад аб характары П. грунтуецца на параўнанні кліматычных паказчыкаў мінулага з іх сучаснымі аналагамі. Найб. надзейныя вынікі даюць рэканструкцыі, заснаваныя на комплексным метадзе даследавання, Вывучае П. палеакліматалогія.
Для тэр. Беларусі на працягу большай ч.геал. часу было характэрна панаванне гарачага субтрапічнага клімату. У археі клімат быў гарачы і засушлівы. У познім рыфеі, калі частку тэрыторыі сучаснай Беларусі займаў мелкаводны марскі басейн, клімат быў цёплы і сухі. У пач. венду наступіла моцнае пахаладанне і ўся яе тэрыторыя была ўкрыта магутнымі льдамі покрыўнага зледзянення, пасля якога зноў пацяплела. Цёплы і вільготны клімат быў у палеазойскай эры, сухі — на працягу большай ч. дэвону і пермі, пераважна вільготны — у кембрыі, ардовіку, сілуры і карбоне, цёплы (у 1-й палавіне сухі, у 2-й — вільготны) — у мезазойскай эры. У кайназойскай эры паступовае пахаладанне прывяло да магутных зледзяненняў у антрапагене. У пач. і сярэдзіне палеагену Пд Беларусі быў у зоне субтрапічнага клімату, на Пн клімат быў блізкі да ўмеранага; у сярэдзіне перыяду пачалося пахаладанне, якое працягвалася і ў неагене. У антрапагенавым перыядзе характэрна чаргаванне значных пахаладанняў і перыядаў развіцця ледавіковых покрываў (гл.Ледавікі) з міжледавікоўем, калі клімат станавіўся блізкім да сучаснага або больш цёплым. Найб. вывучаны П. антрапагенавага перыяду. Мінім. па сваіх памерах апошняе (паазерскае) зледзяненне адзначалася найб. пашырэннем холаду, узнікненнем шматгадовай мерзлаты, макс. замярзаннем акіянаў. Пасля яго раставання, каля 10 тыс.г. назад, пачаўся пасляледавіковы (галацэнавы) час з макс. пацяпленнем у атлантычны перыяд (5—8 тыс.г. назад), калі сярэднегадавыя т-ры паветра былі на 1,5—2 °C вышэй за сучасныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,
перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10−5м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя зменыатм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.
Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.