ПАЛЕ́СКІ (сапр. Станкевіч) Вячаслаў Пятровіч

(3.11.1912, в. Астрагляды Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 18.6.1971),

бел. драматург. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). З 1930 працаваў у газ. «Палеская праўда», «Савецкая Беларусь», «Калгаснік Беларусі». у 1941—44 на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» (Масква). З 1944 адказны сакратар, нам. рэдактара газ. «Звязда». З 1961 нам. старшыні, у 1965—71 старшыня Дзярж. к-та СМ Беларусі па радыёвяшчанні і тэлебачанні. Друкаваўся з 1930. Аўтар п’ес пра пасляваен. аднаўленне нар. гаспадаркі, калектывізацыю і жыццё калг. вёскі «Песня нашых сэрцаў» (паст. 1949), «Калі зацвітаюць сады» (паст. 1950), «Гарачыя пірагі» (1958).

Тв.:

П’есы. Мн., 1976.

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКА́НСКІ САЮ́З,

міжнародная арг-цыя, якая існавала ў 1910—48 і ўключала большасць амер. дзяржаў. Узнік на аснове створанага 1-й Панамерыканскай канферэнцыяй 1889 (гл. Міжамерыканскія канферэнцыі) Міжнар. саюза амер. рэспублік (у 1902—10 наз. Міжнар. бюро амер. рэспублік). Створаны па ініцыятыве ЗША, якія працяглы час выкарыстоўвалі яго механізм для правядзення ў жыццё дактрыны панамерыканізму. У 1930-я г. пад націскам краін Лац. Амерыкі ператварыўся ў паліт. арг-цыю. Правапераемніца П.с. — Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў (з 1948), адм. апарат якой дзейнічаў пад назвай «П.с.» да лют. 1970, калі быў перайменаваны ў Ген. сакратарыят.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНАЯ РЫ́ФМА, сумежная рыфма,

рыфма, якая звязвае два суседнія вершаваныя радкі ці рытмарады па схеме аабб. Пашырана ў нар. вершаскладанні і сілабічных вершах:

Вясна красна па зарэччу йшла,
А малым дзеткам па яечку нясла,
А старым дзядкам па кіёчку,
Маладым жанкам па сыночку.
(«Вясна красна па зарэччу йшла»)

У бел. паэзіі П.р. выкарыстоўваецца і ў сілаба-танічным вершы (часцей у двухрадкоўях і ў астрафічным вершы):

Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак.
Дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак!
Над полем шырокім, над борам высокім світае.
Дзень добры, прастор салаўіны, Айчына святая!
(Я.​Пушча. «Дзень добры!»)

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),

англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школы паліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІ́ПАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

песні зімовага цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконвалі іх на вячорках, прадучы кудзелю ў піліпаўку (6-тыднёвы пост перад калядамі). Ў іх пераважаюць сумныя матывы, у т. л. пра гаротнае жыццё замужняй жанчыны-сялянкі. Вылучаюцца 2 асн. тэмы П.п.: праца сялянкі ў доўгія зімовыя вечары (услаўляюцца ўмелыя працавітыя майстрыхі-рукадзельніцы, з’едліва высмейваюцца гультайкі і няўмекі), сямейныя ўзаемаадносіны (цяжкае, бяспраўнае становішча нявесткі ў сям’і мужа). Сярод П.п. трапляюцца таксама песні баладнага тыпу, жартоўныя, любоўная лірыка.

Публ.: Зімовыя песні. Мн., 1975.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 97—137.

А.​І.​Гурскі.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НІЙ Малодшы,

Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял. гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.

Тв.:

Рус. пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Соколов В.С. Плиний Младший. М., 1956.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

адна з разнавіднасцей сацыяльна-бытавых песень. Вядомы многім народам. Асн. тэма песень — жыццё бедняка-прымака ў заможнай сям’і жонкі. Большасць іх пачынаецца са сцвярджэння: «А хто ў прымах не бываў, той гора не знае». П.п. не вызначаюцца складанасцю і багаццем сродкаў маст. выразнасці. Найб. пашыраны матыў П.п. — крыўда на скупую цешчу, лянівую і злосную жонку. Часам заканчваліся паказам, як прымакі з гора ідуць тапіцца. Выконваліся звычайна мужчынамі. У працэсе эвалюцыі сталі ўспрымацца як гумарыстычныя.

Публ.: Сацыяльна-бытавыя песні. Мн., 1987.

Літ.:

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛЯКО́Ў (Васіль Пятровіч) (17.3.1921, г. Будзёнаўск Стаўрапольскага краю, Расія — 6.12.1991),

рускі пісьменнік. Канд. філал. н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1950. Трылогія «Апошняя вайна» («Адзін з нас», 1962; «Апошняя вайна», кн. 1—2, 1972—73; «Раніца», 1985) пра пакаленне моладзі Вял. Айч. вайны. Аповесць «Звычайная гісторыя» (1962), раман «Віцечка» (1981) пра сучасную моладзь. Аўтар раманаў «Ад вясны да вясны» (1966), «З чырвонага радка» (1979), апавяданняў, кн. нарысаў «Пра жыццё на зямлі» (1979) і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983;

Утро: Роман, рассказы. М., 1985;

Последняя война: Трилогия. М., 1987.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДО́ЎСКІ (Яфім Ільіч) (4.1.1908, Мінск — 13.9.1993),

бел. пісьменнік, журналіст. Скончыў агульнаадукацыйныя курсы (1927). Працаваў у рэдакцыях газет у Мінску. Друкаваўся з 1923. Пісаў пераважна на рус. мове. Аўтар зб-каў вершаў «Паўстанак» (1927, з Р.​Ладным), «Каралі» (1991), апавяданняў «Скрыпка і ордэн» (1935), «Я бачу» (1939), «Ясныя далі» (1951), «Жыцці і лёсы» (1962), нарысаў, брашур. Склаў зб-кі «Маякоўскі ў Беларусі» (1957), «Жыццё, аддадзенае барацьбе» (пра В.​Харужую, 2-е выд. 1983), «Успаміны пра Змітрака Бядулю» (1988, з К.​Цвіркам). Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Наваселле» (1945) і «Па малых рэках» (1947).

Тв.:

Отвергнутая любовь: Рассказы. Мн., 1991.

т. 14, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДО́Ф’ЕЎ (Ілья Іванавіч) (24.7.1889, С.-Пецярбург — 17.7.1965),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1912. Першы паэт. зб. — «Дынама-вершы» (1918). Аўтар зб-каў вершаў «Прасцей простага» (1925), «Крутое жыццё» (1929), паэмы «Індустрыяльная жалейка» (1923), кн. апавяд. «Акрываўленая лесвіца» (1920) і інш. На рус. мову перакладаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Глебкі, М.​Машары, П.​Панчанкі, П.​Пестрака, М.​Танка. Перакладаў з укр. і літ. моў. Яго вершы на бел. мову перакладалі А.​Бялевіч, А.​Гурло, І.​Калеснік, А.​Якімовіч.

Тв.:

Избранное. М.; Л., 1960;

Песня о Родине. Л., 1953;

Индустриальная свирель. Л.,1971.

А.​С.​Малінін.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)