цар Новававілонскага царства [605—562 дан.э.]. Сын Набапаласара. Пасля перамогі ў 605 дан.э. над егіп. войскам каля Кархемыша падпарадкаваў Сірыю і Палесціну. У 599 дан.э. рэарганізаваў армію, у 598 дан.э. здзейсніў паход у Паўн. Аравію. У 586 дан.э. захапіў Іерусалім. Ператварыў Іудзею ў вавілонскую правінцыю, вял. частку яе насельніцтва перасяліў у Вавілонію. У 575 дан.э. захапіў Тыр, чым завяршыў падпарадкаванне Вавілону Усх. Міжземнамор’я. Праўленне Н.II адзначана эканам. і культ. росквітам Вавілона. Пры ім узведзены шматлікія культавыя і грамадскія збудаванні, у т. л. вежы храма Эсагіла і славутыя вісячыя сады («сады Семіраміды»).
Літ.:
Белявский В.А. Вавилон легендарный и Вавилон исторический М., 1971;
Кленгель-Брандт Э. Вавилонская башня: Легенда и история: Пер. с нем. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) з Аргаса, старажытнагрэчаскі скульптар і тэарэтык мастацтва 2-й пал. 5 ст.дан.э. Адзін з вядучых прадстаўнікоў высокай класікі. Працаваў у Аргасе. Творчасць вызначаецца імкненнем дамаст. нарматыўнасці, што выявілася ў яго сачыненні «Канон» (захаваліся 2 фрагменты). Пад уплывам Піфагора спрабаваў матэматычна абгрунтаваць і ўвасобіць ідэальныя прапарцыянальныя суадносіны фігуры чалавека, стварыць узвышаны гарманічны вобраз грамадзяніна поліса. Статуі, якія вызначаліся цяжкавагавасцю прапорцый, унутр. дынамікай, абагульненасцю і класічнай яснасцю пластыкі, свабоднай ураўнаважанай кампазіцыйнай пабудовай, не захаваліся і вядомы паводле рым. копій і сведчанняў ант. аўтараў: «Дарыфор» («Кап’яносец», каля 440 дан.э.), «Параненая амазонка» (каля 440—430 дан.э.), «Дыядумен» (каля 420—410 дан.э.), хрысаэлефанцінная статуя Геры ў свяцілішчы Гераён у Аргасе і інш.
Паліклет. Параненая амазонка. Рымская мармуровая копія. Каля 440—430 г.да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Поразаве працавала каля 200 майстроў. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння (гаршкі з накрыўкамі, збанкі, рынкі, гладышы, бабачнікі, міскі і інш.). У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі характэрныя мясц. назвы: міскі малыя (да 1 л), сярэднія (1,5 л), вялікія. (да 3 л), гаршкі падзяляліся на пітушкі (да 1 л), саганчыкі (да 2 л), скляпнікі (3 л), сярэднікі (да 10 л). Вырабы вызначаліся буйнымі, выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай), нярэдка аздабляліся суцэльным глянцаваннем. У сярэдзіне 1990-х г. промысел заняпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАКРА́ТЫЯ (ад грэч. theos бог + kratos улада),
форма дзярж. кіравання, пры якой улада засяроджана ў духавенства або ў кіраўніка царквы. Тэакратычныя дзяржавы вядомы са старажытнасці. Так, у Іудзеі ў 5—1 ст.дан.э.вярх. жрэц валодаў усёй паўнатой дзярж. улады. Тэакратычнымі дзяржавамі былі сярэдневяковыя халіфаты Амеядаў і Абасідаў. Тэакратычнай была дзяржава, засн. ў 17 ст. езуітамі ў Парагваі; у 19 ст. тэакратычным было кіраванне імама Шаміля ў Чэчні і прылеглых да яе раёнах. Тэакратычнымі дзяржавамі былі Папская вобласць (да аб’яднання Італіі ў 1870), Тыбет (да далучэння да КНР у 1951). Папа — вышэйшы кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы і адначасова кіраўнік дзяржавы Ватыкан. Ісламская рэвалюцыя ў Іране ў канцы 1970-х г. абумовіла пераход фактычнай улады ў дзяржаве да кіраўнікоў шыіцкага духавенства на чале з аяталой Р.Хамейні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЛА Луцый Карнелій (Lucius Cornelius Sulla; 138—78 дан.э.),
старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. Вызначыўся ў Югурцінскай вайне (111—105 дан.э.), узяў у палон цара Нумідыі Югурту. У 104—102 дан.э. ўдзельнічаў у вайне з тэўтонамі і кімврамі. У 93 дан.э. прэтар, у 92 дан.э. прапрэтар Кілікіі. Легат і ваен. трыбун у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., консул і галоўнакамандуючы ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара. Адхілены ад гэтай пасады на карысць Марыя, рушыў свае войскі на Рым, авалодаў ім і аднавіў уладу аптыматаў. Пераправіўшыся ў Грэцыю, захапіў Афіны, разбіў пантыйскія войскі і заключыў мір з Мітрыдатам VI Еўпатарам, абклаў кантрыбуцыяй правінцыю Азія. У 83 дан.э. высадзіўся ў Італіі, разбіў войскі папуляраў (марыянцаў) і абвясціў сябе дыктатарам. Яго дыктатура суправаджалася тэрорам: ахвярамі сталі каля 4,7 тыс.рым. грамадзян, вынішчаны цэлыя плямёны (самніты, этрускі). С. абапіраўся на ветэранаў, якіх адорваў зямельнымі надзеламі, дзярж. пасадамі, у т. л. месцамі ў сенаце. Дыктатура С. была скіравана на ўмацаванне ўлады сенацкай алігархіі. У 79 дан.э. С. склаў паўнамоцтвы дыктатара. Аўтар «Мемуараў» (не захаваліся).
Літ.:
Утченко С.Л. Древний Рим: События. Люди. Идеи. М., 1969;
Плутарх. Избранные жизнеописания. Мн., 1998;
Инар Ф. Сулла: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1997.
А.Г.Зельскі.
Выява Луцыя Карнелія Сулы на дэнарыі. 63—62 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫЯ ДАГАВО́РЫ,
двухбаковыя і шматбаковыя міжнар. пагадненні, да якіх могуць далучацца і інш. дзяржавы. Адрозніваюць рэгіянальныя і агульныя адкрытыя дагаворы універсальнага характару. Да першых могуць далучацца дзяржавы пэўнага геагр. рэгіёна, да другіх — любая дзяржава. Умовы далучэння вызначаюцца ў дагаворы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРКУЛЕ́САВЫ СЛУПЫ́,
старажытная назва масіваў Гібралтарская скала і Муса па баках Гібралтарскага праліва. Паводле міфа пра Геракла, ён на шляху да велікана Герыёна паставіў тут 2 скалы. У пераносным сэнсе выраз «дайсці да Геркулесавых слупоў» азначае дайсці да мяжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАФІ́ТЫ (ад антрапа... + ...фіт(ы)], расліны, якія не звязаны з прыродным развіццём мясц. флоры (у адрозненне ад апафітаў) і ўвайшлі ў яе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Падзяляюцца на археафіты (віды, якія трапілі ў флору да канца 15 ст.) і кенафіты (ад пач. 16 ст. і да цяперашняга часу). Да археафітаў належыць большасць пустазелля, да кенафітаў — адвентыўныя расліны і інтрадукаваныя расліны. У флоры Беларусі антрапафітаў больш за 400 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́КСХАЛ»
(Vauxhall),
легкавы аўтамабіль канцэрна «Джэнерал мотарс». Уніфікаваны з аўтамабілем «Опель» (мадэль з правабакавым рулявым кіраваннем, разлічаная на англ. рынак, наз. «Воксхал», астатнія — «Опель», напр. «Воксхал-Кавалер» адпавядае «Опель-Вектра», «Воксхал-Карлтан» — «Опель-Амега»). З 1979 вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класа. Рабочы аб’ём рухавіка ад 1,25 да 2,8 л, магутнасць ад 42 да 110 кВт, скорасць да 220 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),
група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць дакішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.
Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.