ПАМПЕ́І (Pompei),

горад у Італіі, на беразе Неапалітанскага зал., каля падножжа вулкана Везувій. Каля 25 тыс. ж. (2000). Насельніцтва ў асн. занята абслугоўваннем турыстаў. Геафіз. абсерваторыя.

У старажытнасці паселішча оскаў. У 7—6 ст. да н.э. пад уплывам грэч. калоніі. У 5 ст. да н.э. тут жылі этрускі. У канцы 5 ст. да н.э. захоплены самнітамі, у канцы 4 ст. да н.э. — рымлянамі. З 1 ст. да н.э. важны гандл. порт і рамесніцкі цэнтр. Разбураны ў 63 н.э. ў час вывяржэння Везувія, адбудаваны. Пры вывяржэнні Везувія 24.8.79 н.э. засыпаны шматметровым слоем попелу (разам з Геркуланумам і Стабіямі). У 1689 адшуканы сляды горада, з 1748 (з 1860 сістэматычна) вядуцца раскопкі. Ад попелу ачышчана ​3/5 тэр. горада. Адкрыты руіны форума з базілікай, тэатры, амфітэатр, храмы, кварталы жылых дамоў, упрыгожаныя мазаікай, фрэскамі, скульптурамі, гладыятарскія казармы, тэрмы і інш. Горад меў водаправод, каналізацыю, брук. Паколькі П. загінулі раптоўна, захавалася ўсё абсталяванне дамоў, крам, грамадскіх будынкаў. Як найб. захаваны горад старажытнасці, П. — важная крыніца звестак пра гаспадарку, побыт, культуру, мастацтва Рым. імперыі 1 ст. н.э.

А.​У.​Казленка.

Да арт. Пампеі. Дом Фаўна. 2 ст. да н.э.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРГА́М (грэч. Pergamos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бергама, Турцыя). У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Пры цару Атале I стаў культ. цэнтрам М. Азіі, тут была буйнейшая (пасля Александрыйскай) б-ка (200 тыс. скруткаў). Каля 180 да н.э. ў П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць пергамент замест папірусу. Горад быў вядомы сваёй мед. школай. У 133 да н.э. падпарадкаваны Рыму. У 713 да н.э. разбураны арабамі. Адбудаваны візантыйцамі, але страціў былое значэнне. З 1330 пад уладай Турцыі.

Эліністычны горад быў абнесены магутнымі сценамі з т.зв. варотамі Эўмена. Размяшчаўся тэрасамі на гары, вяршыню якой займаў акропаль. Сярод помнікаў акропаля: свяцілішча Афіны Нікефоры (4—3 ст. да н.э.) з храмам і будынкам б-кі, руіны т-ра (2 ст. да н.э.), фундаменты Вял. алтара Зеўса (каля 181—159 да н.э.; рэканструкцыя і ант. скульптура ў Ант. зборы, Берлін), сцены якога былі аздоблены вялікім (сцэны барацьбы багоў з гігантамі) і малым (міф пра Тэлефа) мармуровымі рэльефнымі фрызамі.

Літ.:

Белов Г.Д. Алтарь Зевса в Пергаме. Л., 1957.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Пергам. Руіны тэатра. 2 ст. да н.э.
Пергам. Вялікі алтар Зеўса. Рэканструкцыя.

т. 12, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ЎДЗІЎ,

горад на Пд Балгарыі, на р. Марыца. Адм. ц. Плоўдзіўскай вобл. Каля 450 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Другі пасля Сафіі прамысл. і культ. цэнтр краіны. Гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна Верхнефракійскай нізіны. Прам-сць: харчасмакавая (кансервавая, цукр., тытунёвая і інш.), каляровая металургія, маш.-буд. (вытв-сць станкоў, мотакараў, эл. і электроннай прадукцыі), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая, хім., шкляная. 5 ВНУ, у т. л. ун-т. Музеі (маст., археал., этнагр.), оперны тэатр. Арх. помнікі эпох тур. панавання (15—16 ст.) і Балгарскага адраджэння (1-я пал. 19 ст.). Помнік воінам Сав. Арміі «Алёша» (1955—57). Штогадовыя міжнар. кірмашы (з 1933, арх. ансамбль, 1948—49).

Першае паселішча на тэр. П. ўзнікла пры фракійцах. Да 4 ст. да н.э. наз. Эўмалпіяды, пасля захопу Фракіі Філіпам II Македонскім перайменаваны (4 ст. да н.э.) у Філіпопаль. З 9 ст. ў складзе Першага Балгарскага царства. У 1360 захоплены туркамі. Сучасная назва з 17 ст., калі горад стаў адным з гал. балг. культ. і эканам. цэнтраў. З канца 18 ст. буйны горад Паўд. Балгарыі. Пасля Берлінскага кангрэса 1878 адм. ц. Усх. Румеліі. 18.9.1885 уз’яднаны з Балгарыяй.

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛААЗЕ́РСК,

горад у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. За 27 км ад г. Бяроза, 136 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Бронная Гара на лініі Мінск—Брэст. 12,8 тыс. ж. (1995). Бярозаўская ДРЭС, энергамеханічны завод (рамонт электраабсталявання), прадпрыемствы па вытв-сці будматэрыялаў, лёгкай прам-сці, доследны рыбгас «Белаазерск». 3 сярэднія школы, праф.-тэхн. вучылішча электратэхнікаў, 2 б-кі, бальніца. Царква св. Серафіма Сароўскага. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1958 на месцы в. Ніўкі ў сувязі з буд-вам Бярозаўскай ДРЭС. З 12.1.1960 р.п. Бярозаўскі, цэнтр пасялковага Савета 25.6.1960 перайменаваны ў Белаазерск, з 1963 пасёлак абл., з 1965 раённага падпарадкавання. У 1969 — 9 тыс. ж. З 16.9.1970 горад.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁВА,

горад у Беларусі, цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. За 48 км ад Гомеля. Чыг. ст. Буда-Кашалёўская на лініі Мінск—Гомель. 9,5 тыс. ж. (1995).

Да 1861 вёска Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. З 1877 чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыг. У 1888 заснавана прадпрыемства па вырабе драўляных дэталей ткацкіх станкоў. У 1897 — 517 ж. З 1924 цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З да 27.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 485 чалавек. У 1959 — 4,6 тыс. ж., у 1969 — 7,2 тыс. ж. З 31.12.1971 горад.

У Буда-Кашалёве харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯ́ЛА-ПАДЛЯ́СКА (Biała Podliaska),

горад на У Польшчы, на р. Кшна. Адм. ц. Бельскападляскага ваяводства. 55,6 тыс. ж. (1993). Прам-сць: шарсцяная, швейная, мэблевая, трансп. машынабудаванне, электратэхн., харч., буд. матэрыялаў. Гандл. цэнтр (міжнар. кірмашы «Усход—Захад» і інш.). Вузел дарог на чыгунцы і аўтатрасе Варшава—Брэст. Турызм. Філіял Варшаўскай акадэміі фіз. выхавання. Акруговы музей. Помнікі архітэктуры: касцёлы 16—18 ст., рэшткі палаца Радзівілаў (1622), сістэма абарончых бастыёнаў (17 ст.) і інш.

Упершыню ўпамінаецца як горад у 1522, уласнасць Радзівілаў. З 1628 у Бяла-Падлясцы філіял Кракаўскай акадэміі. Адзін з цэнтраў паўстання 1863—64. У 2-ю сусв. вайну ў Бяла-Падлясцы гета (1941—42), лагер сав. ваеннапалонных (1941—44).

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЖЭ́ЎСК,

горад, сталіца Удмурціі, у Расійскай Федэрацыі, на р. Іж, за 40 км ад сутокаў з р. Кама. 655 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (легкавыя аўтамабілі, матацыклы, станкі, электрапілы, паляўнічыя стрэльбы); чорная металургія, лёгкая і харчовая; вытв-сць мастацкіх вырабаў (дываны, дарожкі, хусткі і інш.). 4 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры: рас. і удмурцкі драм., муз., лялек. Цырк. Філармонія. Музеі: краязнаўчы і выяўл. мастацтва. Арх. помнікі: Аляксандра-Неўскі сабор (1823), ампірныя пабудовы жалезаробнага з-да (1825), арсенал (1825). Засн. ў 1760 як жалезаробны з-д, вакол якога стварыўся пас. Іжэўскі Завод. З 1918 горад. У 1984—87 наз. Усцінаў.

Іжэўск. Панарама горада.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦК,

горад у Расіі, цэнтр Ліпецкай вобл., на р. Варонеж. 477 тыс. ж. (1997). Вядомы з 13 ст.; у 1284 разбураны татарамі; з 1779 губернскі горад (адбудаваны на месцы с. Ліпецкія Заводы). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія (найбуйнейшы ў Расіі Наваліпецкі металургічны камбінат, трубны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, станкі, пускавыя рухавікі і інш.), буд. матэрыялаў, хім. (з-ды азотна-тукавы, гумава-пластмасавых вырабаў), харчасмакавая, швейная, мэблевая. 2 ВНУ. 2 тэатры. Краязнаўчы музей і Дом-музей Г.​В.​Пляханава. Сабор Раства Хрыстова (18—19 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт.

Літ.:

Колтаков В.​М.​Памятные места Липецка: Справ.-путеводитель. Воронеж, 1980;

Липецк: (Справ.-путеводитель). [Воронеж], 1967.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РВІК (Narvik),

горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс. ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн. т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.

Першапачаткова порт для вывазу руды, засн. англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́СА,

старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст. н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)