вадаплаўныя птушкі сям. качыных атрада гусепадобных. Паходзяць пераважна ад дзікай шэрай гусі (Anser anser), пашыранай у Еўразіі. Гусі свойскія вызначаюцца інтэнсіўным ростам, высакаякасным мясам, скараспеласцю. На Беларусі гадуюць пераважна гусей рэйнскай пароды, таксама буйных шэрых, італьянскіх, кітайскіх, кубанскіх, ландскіх, роменскіх, халмагорскіх і інш.
Тулава гусі свойскай лодкападобнае, падоўжаная шыя мае 17—18 пазванкоў. Над дзюбай у некат. парод (напр., кітайскай, халмагорскай) ёсць касцяны выраст (гуз). Апярэнне белае і шэрае рознага адцення: дзюба і плюсны аранжавыя. Пуховае покрыва шчыльнае. У прамысл. гаспадарках гусей свойскіх гадуюць 3—4 гады, у племянных — да 5 гадоў. Гуска нясецца 4—5 месяцаў, дае ў сярэднім 25—30 і больш яец; у прамысл. гаспадарках яйцаноскасць 50—80 яец і больш за год. Жывая маса дарослых гусакоў 5—8, гусак 4—7 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,
пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл.Мендэля законы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖО́ЎТЫХ ПАВЯ́ЗАК» ПАЎСТА́ННЕ,
сялянскае паўстанне ў Стараж. Кітаі ў 184—204. Назва ад жоўтых павязак, якія паўстанцы насілі на галаве. Адзін з кіраўнікоў паўстання — Чжан Цзяо, ураджэнец Цзюйлу (прав. Хэбэй), які на працягу 10 гадоў аб’ядноўваў сялян на аснове прапаганды містычнага даоскага вучэння «пра шлях вялікай роўнасці». Паўстанцы былі арганізаваны ў 36 вял. (больш за 10 тыс.чал.) і малых (па 6—7 тыс.чал.) атрадаў (фан). Супраць іх выступілі войскі імператара і буйных землеўладальнікаў, якія ліквідавалі паўстанне; Чжан Цзяо загінуў. У хуткім часе ў прав. Хэбэй зноў паўсталі сяляне, якія ўтварылі «Армію чорных гор» (больш за 1 млн.чал.). Пазней паўстанне канчаткова ліквідавана сіламі военачальнікаў Юань Шао, Цао Цао і інш.
Літ.:
Очерки истории Китая: С древности до «опиумных войн»: Пер. с кит. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВАДЗІ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
у цэнтр і паўд. раёнах М’янмы, у бас.р. Іравадзі, на п-ве Індакітай. Даўж. каля 800 км. Выш. каля 100 м. Паверхня пераважна плоская, паніжаецца на Пд да Андаманскага м., на Пн — узгоркі, участкі бедленда. Размешчана паміж Араканскімі гарамі на З і Шанскім нагор’ем на У, у міжгорным прагіне, запоўненым марскімі і алювіяльнымі адкладамі. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. 20—23 °C, мая — больш за 30 °C. Ападкі 600—1000 мм на Пн, больш за 2000 мм на Пд (каля 90% ападкаў з чэрв. да кастр. ў перыяд паўд.-зах. мусону). Сухія саванны, мусонныя лістападныя лясы, у дэльце мангравыя лясы. Гал.с.-г. раён, каля 2/3 тэрыторыі ўзарана (рыс, проса, пшаніца, бавоўнік). Густа населена. Найб. гарады Янгон і Мандалай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ННЕ,
від царкоўна-рэлігійнай прапаведніцкай л-ры, належыць да аратарскай прозы. Блізкае да слова, але больш вузкае і пэўнае па значэнні. Асн. тыпы — урачыстае і дыдактычнае К. Яго вытокі ў вусных «словах» — прамовах першых прапаведнікаў. Класічныя ўзоры К. пакінулі раннехрысц. пісьменнікі Іаан Златавуст, Грыгорый Багаслоў, Васіль Вялікі, Яфрэм Сірын, якія развівалі традыцыі ант. аратарскай прозы. Найб. яркія помнікі ўрачыстага К. на Русі — глыбокапатрыят. «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна і паэтычныя, напоўненыя багатай эмацыянальнай вобразнасцю «словы» Кірылы Тураўскага. Іх традыцыі прадаўжалі Грыгорый Цамблак, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і інш. (апошнія пакінулі ўзоры яшчэ аднаго віду К. — пахавальнага). Лепшыя К. вылучаюцца стройнасцю кампазіцыі, дасканаласцю і пераканальнасцю выкладу, багаццем вобразна-паэт. мовы. Як вусная прамова-пропаведзь К. бытуе і ў наш час, але сфера яго ўжывання стала больш вузкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯСНІ́ЦА,
разнавіднасць колавай павозкі, якая выкарыстоўвалася пры баявых дзеяннях, для трыумфальных, рытуальных і пахавальных шэсцяў, а таксама для спарт. спаборніцтваў. Рытуальныя і баявыя К. трапляюцца пры раскопках багатых пахаванняў канца 3-га тыс. да н.э. і больш позняга часу (Закаўказзе, Кіш, Ур і інш.). Баявыя К. шырока выкарыстоўваліся ў войсках дзяржаў Стараж. Усходу. Былі двух відаў: на 2 колах, запрагаліся адным або парай коней; на 4 колах. запрагаліся чацвёркай коней, неслі 4 і больш воінаў. У Стараж. Грэцыі К. прызначаліся ў асн. для спарт. спаборніцтваў. У Рыме найб. значэнне набылі трыумфальныя К. для пераможных імператарскіх шэсцяў. У іх запрагалі да 8 пар коней. Са з’яўленнем цяжкай кавалерыі ў раннім сярэдневякоўі К. знікае.
Да арт.Калясніца. Паляванне на львоў. Рэльеф з палаца Ашурнацырапала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗАВА́НЫЯ РЭ́КІ,
рэкі або іх участкі, рэчышчам якіх штучна нададзены выгляд каналаў. Рэчышчы буйных рэк часам каналізуюць, каб палепшыць умовы суднаходства. Асн. работы па каналізацыі праводзяцца на малых рэках і ручаях пры меліярацыі — іх паглыбляюць, спрошчваюць меандры (лукавіны), ліквідуюць плёсы і перакаты. Пры гэтым яны становяцца хуткаплыннымі, мелкімі, асабліва ў межань, сцёк вады з вадазбору паскараецца. Часта такія змены вядуць да разбурэння нерасцілішчаў, збяднення фауны, асабліва рыбных запасаў, рэкі страчваюць маляўнічасць і ландшафтную вартасць. На тэр. Беларусі работы па каналізаванні рэк пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. пры буд-ве Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага і Дняпроўска-Бугскага каналаў. У 1950—90-я г. на ўсім працягу каналізавана больш за 500 рэк, на асобных участках — больш за 1500 рэк. З пач. 1980-х г. каналізаванне рэк абмяжоўваецца. Праводзіцца экалагічны аналіз магчымых вынікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНЦЭ́РТ»,
умоўная назва аперацыі партызан па разбурэнні чыг. камунікацый на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну з мэтай сарваць перавозкі ням.-фаш. войск у час наступлення Чырв. Арміі, другі этап аперацыі «рэйкавая вайна». Праводзілася з 19 вер. да пач.ліст. 1943. За час аперацыі падарвана каля 150 тыс. рэек, у т. л.больш за 90 тыс. на тэр. Беларусі. Бел. партызаны пусцілі пад адхон 1041 варожы цягнік, вывелі са строю 807 паравозаў, 6360 вагонаў-платформ і цыстэрнаў, узарвалі 72 чыг. масты, знішчылі больш за 400 кмтэлеф.-тэлегр. ліній і інш. Прапускная здольнасць чыгунак была зніжана на 40%. Аперацыя «К.» была вял. дапамогай у ажыццяўленні наступальных аперацый сав. войск у 1943.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.«Канцэрт». Варожы эшалон, скінуты пад адхон партызанамі. Дзятлаўскі раён. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЯ ЧА́СТКА (МСЧ),
комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед.сан. дапамогі тым, хто працуе на прадпрыемствах, ва ўстановах і г.д. Бывае закрытага тыпу (абслугоўвае толькі тых, хто працуе) і адкрытага (абслугоўвае і іх сем’і). Ствараюцца на буйных прадпрыемствах ці ў групе галіновых прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 4 тыс. і больш; урачэбныя пункты аховы здароўя — з колькасцю працуючых 1,2 тыс. і больш; фельчарскія пункты — менш за 1 тыс. У МСЧ уваходзяць: бальнічна-паліклінічны комплекс з паліклінікай, стацыянарам, пунктамі аховы здароўя, лячэбна-дыягнастычнымі аддзяленнямі, кабінетамі, дзённымі стацыянарамі, санаторыямі-прафілакторыямі і інш. Забяспечвае мед.-сан. дапамогу працуючым пры захворваннях і траўмах (у т. л. дома), плануе і ажыццяўляе сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы па аздараўленні ўмоў працы, зніжэнні агульнай захворваемасці, праводзіць дыспансерызацыю і інш. Узначальвае МСЧ гал. ўрач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІЖЭ́ННЕ І ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ ФУ́НКЦЫЙ,
замена адных функцый другімі, больш простымі ці больш зручнымі для вылічэнняў, дастаткова блізкімі да зыходных. Іх практычныя дастасаванні спрыялі ўзнікненню і развіццю тэорыі набліжаных функцый.
Функцыі з зададзенай сям’і, якімі замяняюць зыходныя функцыі, наз. набліжальнымі, а іх сям’я — сям’ёй набліжальных функцый. Найб. пашырана інтэрпаляцыя функцый, калі знаходзіцца набліжальная функцыя, што супадае з зыходнай у пэўных пунктах (гл.Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Задачы Н. і і.ф. рашаюцца ў некалькі этапаў: выбіраюцца сродкі набліжэння (напр., алг. ці трыганаметрычныя паліномы, сплайны, рацыянальныя дробы); выбіраюцца спосабы ацэньвання адхілення набліжальнай функцыі ад зыходнай; метады набліжэння (напр., інтэрпаляцыя, ітэрацыя, частковыя сумы шэрагаў); будуецца набліжальная функцыя і ацэньваецца яе хібнасць.
На Беларусі даследаванні па гэтых праблемах вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ, Гомельскім ун-це, БПА і інш.