ІНФЕ́КЦЫЯ (ад позналац. infectio заражэнне),

працэс узаемадзеяння макра- і мікраарганізма. Дыяпазон праўлення І. — ад бессімптомнай формы да цяжкіх форм інфекцыйнай хваробы. Успрымальнасць арганізма жывёлы ці чалавека да патагеннага мікраарганізма залежыць ад відавой і індывід. неўспрымальнасці, наяўнасці інфекц. ці прышчэпачнага імунітэту. І. наз. таксама ўзбуджальнікаў хваробы (мікробы, вірусы, прасцейшыя і інш.), пранікненне ў арганізм (заражэнне), лакалізацыю ў пэўным органе (напр., кішачная палачка) і інш.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́СНЫ МЕХАНІ́ЗМ,

шарнірны механізм, у склад якога ўваходзіць куліса. Найб. пашыраны сінусны і тангенсны К.м., у якіх перамяшчэнне кулісы прапарцыянальнае сінусу ці тангенсу вугла павароту крывашыпа (гл. Крывашыпны механізм). Выкарыстоўваюцца для пераўтварэння руху ў рэверсіўных механізмах, механізмах параразмеркавання паравых машын, а таксама ў якасці сінусных і тангенсных механізмаў у прыводах станкоў, прыладах і інш.

Кулісны механізм: а — з хістальнай кулісай; б — з паступальным рухам кулісы.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАЦЁР,

у беларусаў ганчарны выраб; глыбокая гліняная пасудзіна са слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, якая служыла для расцірання маку і інш. прадуктаў, а таксама для гатавання ежы ў печы, заквашвання цеста і інш. Пасудзіны, падобныя формаю да М., вядомы па археал. раскопках з жал. веку. Бытаваў паўсюдна да сярэдзіны 20 ст. пад рознымі назвамі: макотра, макацёрка, цёрла, вярцеха, вярцянка, мяліца і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Макацёры.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬДЖУ́КІ,

галіна плямён цюркаў-агузаў (туркменаў; першапачаткова жылі на Сырдар’і), названая так ад імя іх правадыра Сельджука (10 — пач. 11 ст.), а таксама адна з назваў створанай ім мусульманскай дынастыі Сельджукідаў. У 1030-я г. атрымалі на васальных умовах ад дзяржавы Газневідаў землі ў Харасане, а потым паўсталі супраць Газневідаў і перамаглі іх пры Дандэнакане (1040). У выніку далейшых заваёў у 11 ст. створана Сельджукская дзяржава.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРА́ЛЬНАЯ АНТЭ́НА,

дыяпазонная антэна бягучай хвалі. Выпрамяняе і прымае эл.-магн. хвалі з эліптычнай ці кругавой палярызацыяй. Бывае плоская і прасторавая. Выкарыстоўваецца як самастойная антэна, а таксама як апрамяняльнік люстраных і лінзавых антэн пераважна ў сантыметровых і дэцыметровых дыяпазонах хваль.

Спіральныя антэны: плоскія а — архімедава і б — лагарыфмічная; прасторавыя в — цыліндрычная і г — канічная спіралі (1 — кааксіяльная лінія сувязі, 2 — металічны экран, 3 — металічная спіраль).

т. 15, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБУЛАТУ́РА (ням. Tabulatur ад лац. tabula дошка, табліца),

1) літарная ці лічбавая сістэма запісу інстр. музыкі ў Еўропе ў 14—18 ст. Гл. ў арт. Нотнае пісьмо.

2) Правілы і рэкамендацыі адносна зместу, структуры, а таксама выканання муз.-паэт. твораў майстэрзінгераў. Упершыню сістэматызаваны А.​Пушманам каля 1600.

Літ.:

Барсова И.А. Очерки по истории партитурной нотации (XVI — первая половина XVIII в.). М., 1997.

Д.​В.​Сазановіч.

т. 15, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАН (ад цюрк. хаган, хакан, каган — уладар, манарх),

цюркскі і мангольскі тытул. Першапачаткова абазначаў правадыра племя (напр., у качэўнікаў Ірана і Афганістана). Пры Сельджукідах і харэзмшахах — княжацкі тытул. У манг. імперыі 13—14 ст. правіцель улуса, а пасля яе распаду — тытул гасудара ў татарскіх дзяржавах (ханствах); у Асманскай імперыі Х. — тытул султана. У Іране пры Сефевідах Х. — правіцель вобласці, а таксама адзін з тытулаў ваен.-феад. знаці.

т. 16, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НЧАНКА Вячаслаў Аляксандравіч (н. 21.6.1938, г. Краснаград, Украіна),

спявак (бас). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965). З 1966 саліст Узбекскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Маскоўскай філармоніі. Сярод партый: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Першы выканаўца многіх вак. твораў узб. кампазітараў, у рэпертуары таксама ўкр. нар. песні, рамансы ўкр. кампазітараў. Дзярж. прэмія Узбекістана 1981.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТРЫ́Я (ад полі... + ...метрыя),

1) у паэтыцы — ужыванне ў адным творы некалькіх памераў вершаваных, што робіць верш рытмічна больш разнастайным. Вядома з ант. часоў, у новы час часта ўжывалася ў паэзіі барока, рамантызму і 20 ст. Гл. таксама Лагаэд.

2) У музыцы — адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх тактавых памераў з перыяд. несупадзеннем гал. метрычных акцэнтаў; адна з пашыраных форм арганізацыі полірытміі. Сустракаецца спалучэнне розных метраў на працягу ўсяго твора або значнай часткі, паміж дзвюма і больш тэмамі (напр., адначасовае гучанне трох танцаў — ​3/4, ​2/4, ​3/8 — у сцэне балю оперы В.​А.​Моцарта «Дон Жуан», фіналу 4-й сімфоніі — ​8/8, ​7/8 — Я.​Глебава), а таксама несупадзенне метра ў мелодыі і яе суправаджэнні (Вальс ор. 42 Ф.​Шапэна, кульмінацыя 4-й ч. 1-й сюіты з балета «Выбранніца» Глебава). Больш пашыраны кароткія поліметрычныя эпізоды, часам не пазначаныя адпаведнымі знакамі, на аснове матыўнай П., або геміёлы — 2-дольных матываў у 3-дольных тактах (2-я ч. 2-га квартэта А.​Барадзіна, 2-я сімфонія «Песні для аркестра» А.​Мдывані, у многіх творах І.​Стравінскага, М.​Рымскага-Корсакава, Глебава, Дз.​Смольскага і інш.).

Т.​А.​Дубкова (музыка).

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́Э,

акцёрская дынастыя японскага т-ра кабукі.

Найб. вядомыя: А.​Кікугора 1-ы (1717—83), заснавальнік дынастыі, выканаўца роляў юнакоў, жаночых і мужчынскіх; А.​Кікугора 5-ы (4.6.1844 — 18.2.1903), выступаў у гіст. і быт. п’есах класічнага рэпертуару кабукі, а таксама ў новых рэалістычных. Зрабіў вял. ўплыў на акцёраў наступнага пакалення; А.​Кікугора 6-ы (6.6.1885 — 10.8.1949), выканаўца жаночых і мужчынскіх роляў, заснавальнік і кіраўнік школы акцёраў т-ра кабукі (1931—37). З 1948 чл. яп. Акадэміі мастацтваў; А.​Байко 6-ы (15.10.1870 — 8.11.1934), кіраўнік тэатр. трупы з 1911, выконваў жаночыя ролі; А.​Байко 7-ы (н. ў 1915, Токіо), адзін з лепшых выканаўцаў жаночых роляў і маладых герояў.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)