сямейства пеўчых вераб’іных птушак атр. вераб’інападобных. 5 падсям., 82 роды, каля 360 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі, акрамя пустынь і тундры. На Беларусі 4 віды: мухалоўка-белашыйка (Ficedula albicollis); мухалоўка малая, або лоцманчык (F. parva); мухалоўка-стракатка (F. hypoleuca) і мухалоўка шэрая (Muscicapa striata). Жывуць пераважна ў разрэджаных лясах, парках, садах, гняздуюцца на дрэвах, кустах, некат. — у дуплах. Пералётныя, 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне розных колераў; у некат. М. існуе палавы дымарфізм. У асобных відаў сярэднія рулявыя пёры хваста вельмі доўгія. Дзюба шырокая, плоская, са шчацінкамі па краях рота. Кормяцца насякомымі (пераважна мухамі, адсюль назва), інш. дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 10 яец.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Мухалоўкавыя. Мухалоўкі: 1 — малая; 2 — шэрая, 3 — белашыйка; 4 — стракатка (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,
добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СА (Panicum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн.Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.
П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.
Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАСХО́ВІШЧА,
штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн.м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз.сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.
Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб.Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб.Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.
Літ.:
Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.
В.В.Дрозд.
Да арт. Вадасховішча. Возера-вадасховішча Люнерзе ў басейне р. Іль (Аўстрыя).Да арт. Вадасховішча. Заслаўскае вадасховішча — адно з найбольшых у Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЫ́ (Aquila),
род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́НАЯ ЦЫБУ́ЛЯ (Gagea),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Больш за 130 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўн.Афрыцы. На Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (G. lutea) і малая (G. minima). Растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках. Рэдка трапляюцца: гусіная цыбуля зярністая (G. granulosa), пакрывальцавая (G. spathacea), Пачоскага (G. paczoskii). Толькі па звестках навук. л-ры вядомы гусіная цыбуля лугавая (G. pratensis), нізенькая (G. pusilla) і чырванеючая (G. erubescens).
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны, ранаквітучыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з 1—3 цыбулінамі (іншы раз каля асновы гал. цыбулін развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст 1, зрэдку 2. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасонападобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка. Лек., харч., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́ВЕЦ (Chamaecytisus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы (пераважна ў Міжземнамор’і), у Зах. Азіі і Паўн.-Зах.Афрыцы. На Беларусі ў цэнтр. і ўсх. раёнах Палесся часцей трапляецца З. рускі (Ch. ruthenicus), у зах. — рэгенсбургскі (Ch. ratisbonensis). Растуць у хваёвых лясах, на ўзлесках, пясчаных месцах. 12 відаў — З. аўстрыйскі (Ch. austriacus), голы (Ch. glaber), пурпуровы (Ch. purpureus), падоўжаны (Ch. elongatus), чарнеючы (Ch. nigricans) і інш. інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Некат. з іх выкарыстоўваюцца ў зялёным буд-ве.
Лістападныя, радзей шматгадовазялёныя кусты і кусцікі з апушанымі прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце трайчастае, рэдка простае, цэласнае, чаранковае, апушанае; лісцікі адваротна-яйцападобныя, на канцы з шыпікамі. Кветкі двухполыя, матыльковага тыпу, жоўтыя, белыя, радзей пурпуровыя ці ружаватыя, размешчаны ў пазухах лісця, утвараюць суквецці. Плод — струк. Лек., меданосныя, фарбавальныя і дэкар. расліны; ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх.Афрыцы.
Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.
Літ.:
Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;
Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),
сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.
Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс. працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ВАРАНКІ,
птушкі сям. жаваранкавых атр. вераб’інападобных. 15 родаў, 78 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Жывуць на адкрытых прасторах: палях, стэпах, горных лугах, радзей лясных палянах і інш. Ж. разуанскі (Calandrella razae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 4 віды: Ж. лясны (Lullula arborea), Ж. палявы (Alauda arvensis) — звычайныя пералётныя птушкі: Ж. чубаты (Galerida cristata), нар. назвы смяцюх, сметнік — аселы, найб. шматлікі на Пд; Ж. рагаты (Eremophila alpestris) — пралётны.
Даўж. цела 11—25 см, маса 15—70 г. Целасклад моцны. Ногі кароткія, на заднім пальцы шпорападобны кіпцюр. Крылы доўгія. Афарбоўка апярэння зямлістая, валляка і грудзей — часта плямістая. Гнёзды на зямлі, нясуць 2—6 яец (некат. двойчы на год). Самцы многіх відаў у трапяткім палёце пяюць над гнездавой тэрыторыяй. Ж. чубаты можа імітаваць галасы інш. птушак. Кормяцца насякомымі, насеннем раслін.