род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр.нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).
Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак у юрыспрудэнцыі і філасофіі права ў 1-й пал. 19 ст. (асабліва ў Германіі). Узнікла на мяжы 18—19 ст. Заснавальнік Г.Гуга. Найб. вядомыя яе прыхільнікі Ф.К.Савіньі і Г.Ф.Пухта. Філас.-прававыя погляды прадстаўнікоў школы сфарміраваліся ў ідэйна-тэарэт. барацьбе з дактрынай натуральнага права, асабліва з палажэннем пра неабходнасць карэннага пераўтварэння паліт. і дзярж. ладу ў адпаведнасці з «прыродай чалавека» і «патрабаваннямі розуму» шляхам прыняцця законаў. Выступленне супраць натуральна-прававой дактрыны надало ідэям гістарычнай школы права кансерватыўны кірунак, што выявілася ў абароне прыгнёту, манархічнай дзяржаўнасці, партыкулярызму феад. права, у адмове ад шэрагу прагрэсіўных на той час паліт. ідэй (тэорыя дагаворнага паходжання дзяржавы, ідэя падзелу ўлад, права народа на рэвалюцыю і інш.). Прадстаўнікі гістарычнай школы права прапаведавалі ўзаемасувязь права і аб’ектыўных працэсаў развіцця грамадскага жыцця, спантаннае, незалежнае ад чалавечай волі ўзнікненне юрыд. нормаў і інстытутаў, узаемадзеянне паміж правам і грамадскімі патрэбамі, што складаюцца стыхійна. Яны абгрунтавалі палажэнне аб тым, што пазітыўнае права не ёсць нешта знешняе адносна грамадства, а карэніцца ў ім самім і залежыць ад умоў грамадскага развіцця. Паводле Гуга, права (падобна мове) не ўносіцца ў грамадства заканадаўцам, а развіваецца самастойна праз стварэнне пэўных формаў сувязі паміж людзьмі. Савіньі бачыў у эвалюцыі права рух нар. духу, г.зн. плаўнае раскрыццё яго субстанцыі па аналогіі з развіццём жывога арганізма з зародка. Пухта сцвярджаў пра бессэнсоўнасць штучнага канструявання і навязвання людзям розных прававых сістэм, якія не прымаюцца грамадствам у выніку адарванасці ад яго асноў. Поглядам прадстаўнікоў гістарычнай школы права ўласціва і пэўная абсалютызацыя пачаткаў нац. самабытнасці, ролі нар. духу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРЭ́С (ад лац. progressus рух наперад),
паступальнае развіццё ў грамадстве ад простага да складанага, ад менш дасканалага да лепшага, больш дасканалага стану. Ахоплівае ўсе сферы жыцця і дзейнасці людзей, увасабляецца ў навуцы і тэхніцы (гл.Навукова-тэхнічны прагрэс), у маралі, мастацтве і інш. грамадскіх з’явах; базіруецца на эканам. (вытворчых) адносінах. Можа закранаць сістэмы ў цэлым або іх кампаненты, структуры і інш. параметры ў стадыі развіцця. Паняцце, процілеглае П., — рэгрэс.
Уяўленне, што змены ў свеце, асабліва ў грамадстве, адбываюцца ў пэўным кірунку, узнікла яшчэ ў старажытнасці. Сцвярджэнні Сакрата, Платона аб гіст. тупіку сутыкнуліся з поглядамі Дэмакрыта, Геракліта, Лукрэцыя, Эпікура, якія развівалі ідэі паступальнага руху. У сярэднія вякі грамадскі П звязваўся з Богам. Сацыялісты-утапісты, асабліва А.Сен-Сімон, бачылі грамадскі П. у ліквідацыі прыватнай уласнасці і высокай тэхн. аснашчанасці вытв-сці. Рэвалюцыянеры-дэмакраты крыніцу грамадскага развіцця бачылі ў сял. рэвалюцыі, а потым у асвеце, навуцы, мастацтве, маралі.
У сучасных умовах асн. лінія грамадскага П. знаходзіць сваё выяўленне ў дэмакратызацыі і гуманізацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця і ва ўсебаковым развіцці асобы. Сац. П. мае месца ў сусветна-гіст. маштабе — пры змене цывілізацый і эпох, кожная з якіх прыносіла з сабой прагрэс.сац. перамены ў параўнанні з папярэдняй; ён характарызуецца пераадоленнем або змякчэннем сац. супярэчнасцей і канфліктаў, паляпшэннем умоў жыцця людзей. Развіццё грамадства не выключае момантаў рэгрэсу, руху назад у асобных сферах жыцця. Існуюць розныя канцэпцыі адносна П. Некаторым гісторыкі і сацыёлагі (А.Тойнбі, П.А.Сарокін) проціпастаўляюць сац. П. ідэю цыклічнага развіцця, кругавароту цывілізацый; іншыя ўяўляюць гібель цывілізацый як вынік навук.-тэхн. прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,
ваўнуха (Lactarius torminosus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ,
група раслін, валокны прыродныя якіх ідуць на розныя вырабы (пражу, тканіны, вяроўкі, канаты, рыбалоўныя снасці і інш.). Да іх належаць некаторыя водарасці, мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя і асабліва пакрытанасенныя. Каля 2000 відаў, выкарыстоўваюцца і культывуюцца каля 600.
Найб. важныя сямействы: мальвавыя (абутылон, або канатнік, бавоўнік, кенаф), лёнавыя (лён), ліпавыя (джут, ліпа), каноплевыя (каноплі), крапіўныя (крапіва, рамі), агававыя (агава), бананавыя (тэкст. банан). Як валакністы матэрыял выкарыстоўваюцца лубяныя і драўняныя валокны, а таксама валаскі раслін, у залежнасці ад чаго валакністыя расліны падзяляюцца на валасковыя, драўняныя і лубяныя. На Беларусі з валакністых раслін культывуюцца каноплі і лён, таксама трапляюцца дзікарослыя з родаў асака, крапіва, ліпа, пажарніца, рагоз, трыснёг, хацьма і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЕМІТО́НІКА (ад ан... + гемі... + грэч. tonos тон),
гукавая сістэма, заснаваная на беспаўтонавых гукавых суадносінах. Разнавіднасці ангемітонікі — 3-, 4-, 5-ступенная (пентатоніка) у аб’ёмах кварты, квінты, а таксама актавы, малой сексты, септымы. Тыповая інтанацыя — трыхорд у кварце (напр., рэ-фасоль). На ангемітоннай, у прыватнасці пентатоннай, сістэме засн. музыка многіх народаў (кітайцаў, манголаў, татараў, башкіраў, буратаў, шатландцаў і інш.). У слав. народаў ангемітоніка часта спалучаецца з дыятанічнымі сістэмамі, але сустракаецца і ў чыстым выглядзе, асабліва ў песенным фальклоры стараж. пласта.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. гр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎПЛАІДЫ́Я (ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від),
гетэраплаідыя, спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз.манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі пры генет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.
На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ-МУСА́ТАЎ (Віктар Эльпідзіфоравіч) (14.4.1870, г. Саратаў, Расія — 8.11.1905),
рускі мастак. У 1890—91 і 1893—95 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1891—93 у Пецярбургскай АМ. З 1899 член і адзін з кіраўнікоў Маскоўскага т-ва мастакоў, з 1904 член «Саюза рускіх мастакоў». Выпрацоўваў своеасаблівую жывапісную манеру, заснаваную на вытанчана-прыглушанай гармоніі каларыту, блізкага да пастэлі, на спалучэнні глыбока індывід. перапрацоўкі пленэрнага жывапісу з дэкаратыўнасцю агульнага вырашэння карціны. Асн. творы: «Майскія кветкі» (1894), «Агава» (1897), «Габелен» (1901), «Вадаём» (1902), «Ізумрудныя каралі» (1903—04), «Куст арэшніку» (1905). Яго творчасць паўплывала на станаўленне сімвалізму ў рус. жывапісе пач. 20 ст., асабліва на мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТО́РЫНА, Баторын,
возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас.р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб.шыр. 2,4 км, найб.глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².
Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.