галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл.Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс.кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц.т-ва«Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех.з-д у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл.гл. ў арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎТ (Ціт Макцый) (Titus Maecius Plautus; каля 255 да н. э., г. Сарсіна, Італія — каля 184 да н.э.),
рымскі камедыёграф. Прадстаўнік «паліяты» — рым. камедыі, створанай на ўзор грэч.быт. камедыі шляхам запазычання і апрацоўкі яе сюжэтаў і вобразаў, але ўзбагачанай рэаліямі рым. жыцця, новымі драматург. прыёмамі. П. прыпісвалася каля 130 камедый; захавалася 21. Найб. вядомыя: «Амфітрыён», «Аслы», «Скарб», «Палонныя», «Менехмы», «Выхвальны воін», «Прывід», «Тры манеты», «Грубіян» і інш., у якіх дзейнічаюць дасціпныя і хітрыя рабы, сквапныя ліхвяры, двудушныя зводнікі, строгія бацькі і легкадумныя дзеці. Камедыі вылучаюцца займальнасцю сюжэта, дынамізмам дзеяння, муз. партыямі (кантыкамі), што нагадвае сучасны вадэвіль, жыццярадаснасцю, аптымізмам, яскравай, вобразнай, сакавітай мовай, майстэрскім выкарыстаннем метрычных форм. Яны паўплывалі на развіццё еўрап. камедыі (У.Шэкспір, Мальер).
Тв.:
Рус.пер. — Комедии. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Савельева Л.И. Приемы комизма у Плавта. Казань, 1963;
Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ АДХО́ДЫ,
вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманне радыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет.ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́Т, булатная сталь (ад перс. пулад сталь),
вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).
Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех.апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).
Літ.:
Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;
Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСХО́ВІШЧА,
збудаванне для захоўвання бульбы. Бульбасховішчы бываюць: заглыбленыя, часткова заглыбленыя і наземныя; навальныя, кантэйнерныя, засекавыя, бункерныя і камбінаваныя; з натуральнай і прымусовай (актыўнай) вентыляцыяй, сховішчы-халадзільнікі з штучным ахалоджваннем і з газавым асяроддзем, састаў якога рэгулюецца. Умяшчальнасць бульбасховішча звычайна 1—20 тыс.т, секцыі — да 1500 т.
Бульбасховішчы будуюць пераважна каркасныя, беспаддашкавыя з выкарыстаннем зборных нясучых і агараджальных канструкцый. Падлогу робяць з бетону, асфальтабетону, у засеках часам земляную. У бульбасховішчы насенную бульбу сартуюць, калібруюць, прарошчваюць; робяць таварную апрацоўку харч. бульбы перад рэалізацыяй. Неабходныя параметры мікраклімату падтрымліваюцца сістэмамі аўтаматызацыі, бульбасховішчы аснашчаюцца транспарцёрамі, пад’ёмнікамі, пагрузчыкамі, падборшчыкамі, паточнымі лініямі (складаюцца з пераборачных, сартавальных, мыечных, сушыльных і фасовачных машын), якія забяспечваюць комплексную механізацыю працаёмкіх работ. Будуюць таксама часовыя бульбасховішчы — капцы, траншэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГТЭ́ХНІКА, арганізацыйная тэхніка,
тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне аргтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.
Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л.мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл.Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.
Аргтэхніка: электронная пішучая машынка і іншыя прылады аргтэхнікі (уверсе); пераносны персанальны камп’ютэр тыпу «блакнот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬВАННЕ,
бяленне, тэхналагічны працэс выдалення дамешкаў і знішчэння непажаданай натуральнай афарбоўкі матэрыялаў (натуральных і штучных валокнаў, паперы, воску, скуры, футра, пластычных мас і інш.) для надання ім белага колеру ці перад фарбаваннем. Хімічнае адбельванне ўключае папярэднюю апрацоўку матэрыялу хлорамінам, слабымі растворамі кіслот і шчолачаў або ферментатыўнымі прэпаратамі і наступнае ўздзеянне акісляльнікаў (гіпахларыту натрыю ці кальцыю, пераксіду вадароду, хларыту натрыю, перманганату калію) ці аднаўляльнікаў (сярністага газу, гідрасульфіту ці бісульфіту натрыю). Аптычнае адбельванне заснавана на дзеянні бясколерных флуарэсцыруючых арган. рэчываў — белафораў (вытворных стыльбену, аксазолу, імідазолу), якія ператвараюць УФ-выпрамяненне дзённага (сонечнага) святла ў сіне-фіялетавы колер бачнага святла і такім чынам кампенсуюць паглынанне святла забруджваннямі. Матэрыялы пры гэтым набываюць высокую ступень белізны, фарбаваныя — яркасць і кантрастнасць. Фатаграфічнае адбельванне — прамежкавая стадыя апрацоўкі каляровых і чорна-белых кіна- і фатаграфічных матэрыялаў, у выніку якой адбываецца акісленне метал. серабра відарыса акісляльнікамі (чырв. крывяная соль, біхрамат калію і інш.) у злучэнні белага колеру, што выдаляюцца пры далейшай апрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ЎСКІ ((Галкаўскас; Galkauskas) Канстанцін Міхайлавіч) (16.6.1875, г. Вільня — 20.2.1963),
літоўскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Беларус. Нар.арт. Літвы (1955). Праф. (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1908, вучань М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, А.Лядава). З 1908 вёў пед. дзейнасць у Вільні (з 1945 у кансерваторыі), арганізаваў сімф. аркестр (1909) і муз. школу (1919). У 30-я г. ўдзельнічаў у культ. жыцці Зах. Беларусі. Многія яго вак. творы засн. на бел.муз. фальклоры, напісаны на вершы бел. паэтаў: ансамблі, рамансы і хары на вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, З.Бядулі, К.Буйло; апрацоўкібел.нар. песень, нар. харавыя сюіты «Дуда» і «Каханне» (апошняя з сімф. аркестрам). Аўтар лібрэта няздзейсненай оперы «Сымон-музыка» (паводле Я.Коласа). Сярод інш. твораў: оперы «Цыганы» (1908) і «Мізэрэрэ» (1909), муз. камедыі «Ласка Амура» (1925), «Алімпіяда» (1926), балет «Прывід маці» (1930), сімфонія «Масква» (1948), камерна-інстр. творы, хары, рамансы.
Літ.:
Шырма Р.Р. Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі // Песня — душа народа. Мн., 1976;
Matulaityte A. Konstantinas Galkauskas. Vilnius, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),
вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.
У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.
Літ.:
Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;
Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКІ ВЫТВО́РЧЫ МО́ДУЛЬ (ГВМ),
структурны элемент гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.