ЗУБРАБІЗО́Н,

міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.

Зубрабізон.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫКО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 22 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,22 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,2 км. Пл. вадазбору 27,5 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на Пд 2 м), пад хмызняком, на У разараныя. Зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Саламірскае і Адводы.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮЛЬКО́Ў (Пётр Маркавіч) (16.1.1924, в. Конаўка Калужскай вобл., Расія — 27.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў артыл. вучылішча, курсы мал. лейтэнантаў (1942). З лют. 1943 на Зах. і 2-м Бел. франтах. Камандзір узвода ўпраўлення батарэі мінамётнага палка лейтэнант З. 27.6.1944 у баі за в. Трылесіна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота.

П.М.Зюлькоў.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫ БОР,

рабочы пасёлак у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. За 37 км на У ад г. Смалявічы, 73 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Жодзіна, 5 км ад аўтамагістралі Брэст—Масква. 1,6 тыс. ж. (1997). Працуюць з-д па перапрацоўцы торфу, сумеснае бел.-брыт. прадпрыемства «Белаторф». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Магіла ахвяр фашызму.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЖА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Вілейка, 127 км ад Мінска. 507 ж., 223 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (пач. 20 ст.). Царква.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗААКТА́Н, 2,2,4-трыметылпентан,

насычаны вуглевадарод аліфатычнага рада, (CH3)3CCH2CH(CH3)2. Празрыстая бясколерная вадкасць з пахам бензіну, tкіп 99,24 °C, шчыльн. 691,9 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, неабмежавана змешваецца з вуглевадародамі. Вызначаецца высокімі антыдэнацыйнымі ўласцівасцямі: яго актанавы лік прыняты за 100. Тэхнічна чысты атрымліваюць дымерызацыяй ізабутылену з наступным каталітычным гідрыраваннем. Выкарыстоўваюць як эталон для вызначэння гатунковасці бензіну; кампанент авіяц. бензіну, растваральнік.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАПРАПІ́ЛАВЫ СПІРТ, ізапрапанол, 2-прапанол,

найпрасцейшы другасны спірт аліфатычнага рада, СН3СН(ОН)СН3. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,4 °C, шчыльн. 785,5 кг/м³ (20 °C). Змешваецца з вадой і арган. растваральнікамі ў любых суадносінах. У прам-сці атрымліваюць гідратацыяй прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ацэтону, як растваральнік у лакафарбавай, парфумерна-касметычнай, фармацэўтычнай прам-сці, антыфрыз. Шкодна ўплывае на ц. н. с., больш таксічны за этанол.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́ЗІЯ (ад лац. invasio напад),

пранікненне ў арганізм чалавека, жывёлы і расліны паразітаў жывёльнага паходжання (прасцейшых, кляшчоў, гельмінтаў). Яны трапляюць праз скуру (актыўная І.), плацэнту (унутрычэраўная І.), заносяцца з ядой, вадой (пасіўная І.); здольныя паразітаваць за кошт арганізма гаспадара. Пры ўзаемадзеянні ўзнікаюць пэўныя сімптомы, іншы раз са смяротным зыходам (узаемадзеянне бывае і адносна няшкодным). Інвазійныя працэсы жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія. Гл. таксама Інвазійныя хваробы.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭНСІ́ЎНАСЦЬ ГУ́КУ, сіла гуку,

сярэдняя па часе энергія, якую гукавая хваля пераносіць за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, размешчанай перпендыкулярна да напрамку распаўсюджання хвалі. Для плоскай сінусаідальнай бягучай хвалі І.г. I = p​2/2ρc−v​2ρc/2 дзе p — амплітуда гукавога ціску, v — амплітуда вагальнай скорасці часцінак, ρ — шчыльнасць асяроддзя і c — скорасць гуку ў ім. Адзінка І.г. ў СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЬША́НЬ,

горы ў Кітаі, на Пн вял. лукавіны р. Хуанхэ. Даўж. 650 км. Выш. за 2187 м. Шэраг кулісападобных глыбавых хрыбтоў са спадзістымі паўн. і стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Радовішчы каменнага вугалю, жалеза. На верхніх частках паўд. схілаў горныя стэпы, па цяснінах хвойнікі і бярозавыя гаі, па далінах рэк зараснікі лаўралістай таполі. На паўн. схілах участкі мяшаных лясоў, паўпустыні.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)