АПРАЦО́ЎКА ў музыцы,

у шырокім сэнсе — змяненне арыгінальнага нотнага тэксту муз. твора з пэўнай мэтай: прыстасаванне яго для выканання інш. складам выканаўцаў (аранжыроўка), прывядзенне ў адпаведнасць з тэхн. узроўнем пэўнага кантынгенту выканаўцаў (аблегчанае пералажэнне або, наадварот, віртуозная транскрыпцыя), стварэнне акордавага суправаджэння да аднагалосай мелодыі (гарманізацыя), мадэрнізацыя твора. Апрацоўкай называюць таксама далучэнне інстр. суправаджэння да нар. песні або яе харавое выкладанне.

Апрацоўкай нар. мелодый займаліся з канца 18 ст. многія вядомыя кампазітары (І.​Гайдн, Л.​Бетховен, І.​Брамс, М.​Балакіраў, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, А.​Лядаў і інш.). Падобныя апрацоўкі паступова вылучыліся ў самаст. муз. жанр, які атрымаў вял. развіццё ў многіх нац. кампазітарскіх школах, у т. л. ў беларускай.

С.​Г.​Нісневіч.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ,

здольнасць актыўнага асяроддзя выклікаць вярчэнне плоскасці палярызацыі святла, што праз яго праходзіць. Натуральная аптычная актыўнасць абумоўлена несіметрычнай будовай малекул рэчываў (цукар, камфора, вінная кіслата і інш.; гл. Аптычная ізамерыя) або выклікана спецыфічнай арыентацыяй малекул (іонаў) у элементарных ячэйках крышталёў (кварц, кінавар і інш.). Крышталі такіх рэчываў не маюць пунктаў, восяў і плоскасцяў сіметрыі, заўсёды існуюць у 2 люстраных формах — правай і левай (гл. Энантыямарфізм). Штучная аптычная актыўнасць выяўляецца ў выніку вонкавых уздзеянняў, напр., магн. поля (гл. Фарадэя эфект). Аптычная актыўнасць вымяраецца з дапамогай палярыметраў, цукрамераў, спектрапалярыметраў і інш. На аснове аптычнай актыўнасці ў малекулярнай фізіцы і хіміі распрацаваны метады даследавання прасторавай структуры малекул, палімераў, крышталёў, унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЛАХ ((Barlach) Эрнст) (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),

нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.​В.​Гётэ (1923) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Э.Барлах. Сустрэча. 1926.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТ-ЦІШЫ́НСКІ ((Bart-Ćišinski) Якуб) (сапр. Барт; 20.8.1856, в. Кукаў, Германія — 16.10.1909),

сербалужыцкі паэт, драматург. Прадстаўнік нац. культ. руху лужыцкіх сербаў. Садзейнічаў фарміраванню сучаснай верхнялужыцкай мовы, распрацоўваў новыя для лужыцкай л-ры жанры. Аўтар «Кнігі санетаў» (1884), зб-каў «Формы» (1888), «Сербскія гукі» (1897), «Кроў і край» (1900), «Святло з вышыні» (1911), драм «Стары Серб» (1878), «У крэпасці» (1880). Эпічная паэма «Жаніх» (1876, выд. 1926) пра ролю сялянства ў адраджэнні Лужыцы. Перакладаў з польскай, рус., чэшскай моў. На бел. мову яго творы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Зарыцкі, М.​Танк, А.​Траяноўскі.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Там, дзе Шпрэвя шуміць. Мн., 1969;

Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986.

М.​М.​Трус.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЁНЫ,

цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.

Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 10​32 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.

А.​І.​Болсун.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎ-МУСА́ТАЎ (Віктар Эльпідзіфоравіч) (14.4.1870, г. Саратаў, Расія — 8.11.1905),

рускі мастак. У 1890—91 і 1893—95 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1891—93 у Пецярбургскай АМ. З 1899 член і адзін з кіраўнікоў Маскоўскага т-ва мастакоў, з 1904 член «Саюза рускіх мастакоў». Выпрацоўваў своеасаблівую жывапісную манеру, заснаваную на вытанчана-прыглушанай гармоніі каларыту, блізкага да пастэлі, на спалучэнні глыбока індывід. перапрацоўкі пленэрнага жывапісу з дэкаратыўнасцю агульнага вырашэння карціны. Асн. творы: «Майскія кветкі» (1894), «Агава» (1897), «Габелен» (1901), «Вадаём» (1902), «Ізумрудныя каралі» (1903—04), «Куст арэшніку» (1905). Яго творчасць паўплывала на станаўленне сімвалізму ў рус. жывапісе пач. 20 ст., асабліва на мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа».

В.Барысаў-Мусатаў. Вадаём. Фрагмент. 1902.

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСА́НА (Bassano; сапр. да Понтэ; da Ponte) Якопа

(каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),

італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.

Літ.:

Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.

Я.​Ф.​Шунейка.

Я.Басана. Пакланенне пастухоў. 1568.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАЛЬЁНАК (Ягор Ягоравіч) (н. 19.9.1946, в. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1968). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творы вызначаюцца тонкім лірызмам і глыбінёй пачуццяў, у іх вобразы роднай Віцебшчыны, гіст. мінулае Беларусі. Адметнасць яго жывапісных палотнаў у тонкай, празрыстай акварэльнасці. Асн. работы: «Цвіце стары сад» (1974), «Лета на Віцебшчыне» (1977), «Ажыны» (1980), «Дзяцінства светлы дзень» (1981), «Дзе сон-трава» (1986), «Адыходзіць дзень» (1988), «Бабіна лета» (1989), «Май», «Адвечная цішыня», «Раніца» (усе 1990), «Восеньскі світанак», «Напрадвесні», «Прысутнасць» (усе 1993), «Успамін», «Прыйшоў Ілля», «Сціш» (усе 1994), «Да спакою», «Марыва» (абодва 1995), нізка пастэляў «Родны край» (1993—94) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Я.Батальёнак. Раніца. 1990.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫСКА́Ф (ад грэч. bathys глыбокі + skaphos судна, лодка),

самаходны глыбакаводны апарат. Складаецца з корпуса-паплаўка, запоўненага лёгкай вадкасцю, напрыклад спец. бензінам са шчыльн. да 500 кг/м³, цыстэрны з баластам, акумулятарнай батарэі і назіральнай кабіны — батысферы, дзе знаходзіцца экіпаж і спец. апаратура. Звонку батыскафа ўстаноўлены электрарухавікі з грабнымі вінтамі. Апусканне на глыбіню і ўсплыванне батыскафа рэгулююцца баластам. Выкарыстоўваецца для гідрафіз., біял., геал. і інш. даследаванняў марскіх глыбіняў. Першы батыскаф пабудаваны і выпрабаваны швейц. вучоным А.​Пікарам у 1948. У 1960 яго сын Ж.​Пікар дасягнуў глыбіні каля 11 км (Марыянскі жолаб у зах. частцы Ціхага ак.).

Батыскаф: 1 — рухавік; 2 — рубка; 3 — паказальнік вертыкальнай скорасці; 4 — батысфера; 5 — цыстэрна з баластам; 6 — цыстэрна паплаўка.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕК ((Beck) Юзаф) (4.10.1894, Варшава — 5.6.1944),

дзяржаўны дзеяч Польшчы. У 1-ю сусв. вайну афіцэр польскіх легіёнаў Ю.Пілсудскага ў складзе аўстра-венг. арміі, потым у Войску Польскім, палкоўнік. У 1922—23 ваен. аташэ ў Францыі. Удзельнік перавароту Пілсудскага ў маі 1926. У 1932—39 міністр замежных спраў; падрыхтаваў падпісанне польска-герм. дагавору аб ненападзенні (1934), дамогся ад кіраўніцтва Чэхаславакіі перадачы Польшчы Цешынскай Сілезіі (1938), процідзейнічаў правядзенню Сав. Саюзам палітыкі «калект. бяспекі» і адхіліў яго прапановы аб аказанні польск. боку ў выпадку нападзення дапамогі (май 1939), спадзеючыся на падтрымку Англіі і Францыі. Пасля паражэння Польшчы на пач. 2-й сусв. вайны пераехаў з урадам у Румынію, дзе быў інтэрніраваны.

С.​Б.​Каўн.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)