ГАРСІ́Я РО́БЛЕС ((García Robles) Альфонса) (н. 20.3.1911, г. Самора-дэ-Ідальга, Мексіка),

мексіканскі дыпламат. Д-р права (1933). Скончыў Нац. ун-т у Мехіка (1933), вучыўся ў Парыжы (1934—37) і Гаагскай акадэміі міжнар. права (1938). Міністр замежных спраў Мексікі (з 1975). Пасол Мексікі пры ААН (з 1971), з 1977 яе пастаянны прадстаўнік у Камітэце ААН па раззбраенні. З 1985 старшыня Камітэта ААН па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1982 (з А.​Мюрдаль) за ўклад у справу раззбраення.

А.Гарсія Роблес.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́ЛА,

калючая частка джалячага апарату самак перапончатакрылых насякомых; відазменены яйцаклад (страціў функцыю адкладкі яец і ператварыўся ў орган абароны і нападзення). У спакоі Дж. знаходзіцца ўнутры канцавога сегмента брушка, пры неабходнасці высоўваецца і ўтыкаецца ў цела ахвяры. У Дж. ёсць канал, па якім у ранку паступае ядавітая вадкасць са спец. залоз. Дж. пчалы вышчарбленае, часам застаецца ў ахвяры і пчала гіне. Дж. таксама ёсць у скарпіёнаў — іголка з унутр. пратокай ядавітай залозы. Дж. памылкова наз. язык змей.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПО́НЫ (Du Pont),

сямейная фін. і прамысл. група ў ЗША. Заснавальнік — Э.​І.​Дзюпон дэ Немур (1771—1834), сын П.С.Дзюпона дэ Немура. У 1802 ён пабудаваў у пас. Уілмінгтан (штат Дэлавэр) парахавы з-д. Разбагацелі на ваен. бізнесе ў час англа-амер. вайны 1812—14, амер.-мекс. вайны 1846—48, грамадз. вайны ў ЗША 1861—65, 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры Т.​К.​Дзюпоне (1863—1930) узнік хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані» (1899).

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКО́НТ, Дракон (грэч. Drakōn),

старажытны афінскі заканадавец, архонт. Пры ім у 621 да н.э. на каменных плітах запісаны прававыя звычаі. Паводле законаў Д. скасоўвалася права радавой арыстакратыі на кроўную помсту, карныя функцыі перадаваліся арэапагу. Разам з тым прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні для тых, хто спакушаўся на чужую ўласнасць (напр., пакаранне смерцю за крадзеж зерня, агародніны). У 594 да н.э. крымінальныя нормы заканадаўства Д. змякчыў Салон. Выразы «драконаўскія законы», «драконаўскія меры» захаваліся ў прымаўках і азначаюць жорсткія мерапрыемствы.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯ́НЫ ВУ́ГАЛЬ,

сітаваты высокавугляродзісты прадукт піролізу драўніны. З 1 м³ сыравіны атрымліваюць 140—180 кг Д.в., шчыльнасць якога залежыць ад віду драўніны: найменшая 260 кг/м³ (елка), найб. 380 кг/м³ (бяроза). Яго элементны склад вызначаецца т-рай піролізу, напр., прамысл. Д.в. (піроліз пры 450—550 °C) мае 80—92% вугляроду, 4—4,8% вадароду, 5—15% кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці актыўнага вугалю, крышт. крэмнію, серавадароду, як паліва ў побыце (цеплата згарання 30—35 МДж/кг).

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДРАНА́ТАР,

машына для транспартавання і раўнамернага размеркавання вадкіх вяжучых матэрыялаў на аснове гудрону (пераважна бітумаў) пры буд-ве і рамонце дарог. Мае цеплаізаляваную цыстэрну, награвальную і цыркуляцыйна-размеркавальную сістэмы, помпу. Бітум у гудранатары награецца да 150—200 °C, потым разліваецца. Найб. пашыраны самаходныя гудранатары (аўтагудранатары) з цыстэрнай ёмістасцю да 7 тыс. л. Бываюць таксама прычапныя, паўпрычапныя і ручныя (для рамонту дарожных пакрыццяў).

Да арт. Гудранатар. Аўтагудранатар з цыстэрнай на 3500 л і шырынёй размеркавання 4 м.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЯ́МЫ (араб. гулям літар. юнак, маладзец, раб),

1) рабы ў сярэдневяковых мусульм. краінах.

2) Пастаянная конная гвардыя ў Абасідаў халіфаце. Стваралася пры халіфе Мамуне [813—833], вербавалася з прывезеных з-за мяжы маладых рабоў пераважна цюрк. Паходжання.

3) Воіны прыдворнай гвардыі ў сярэдневяковых мусульм. дзяржавах (наз. таксама мамлюкі).

4) Радавыя воіны апалчэння ў сярэдневяковай Асманскай імперыі.

5) У Дэлійскім султанаце гвардзейцы-рабы цюрк. паходжання, а таксама іх камандзіры, якія сталі дэлійскімі султанамі (апошнія правілі ў 1206—90-я г.).

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІАРА́БІК (ад гумі + лац. arabicus аравійскі),

камедзь арабская, празрыстая вязкая вадкасць, якую выдзяляюць розныя віды акацый і якая зацвердзявае на паветры. Уяўляе сабой комплекс поліцукрыдаў, у саставе якіх глюкоза, арабіноза, рамноза, глюкуронавыя к-ты. Раней гуміарабік выкарыстоўвалі ў медыцыне як сродак, што памяншае раздражненне слізістых абалонак пры выкарыстанні некат. лекаў, для прыгатавання пілюль і эмульсіі у прам-сці — у якасці клеючага рэчыва і як стабілізатар некат. злучэнняў. З развіццём хіміі палімераў гуміарабік практычна страціў сваё прызначэнне.

т. 5, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАЎ (Аляксей Ільіч) (19.1.1923, в. Капцева Смаленскай вобл., Расія — 30.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў палкавую школу танкістаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1944. Вызначыўся 30.6.1944 пры вызваленні Барысава: экіпаж танка — камандзір П.​М.​Рак, механік-вадзіцель АА.Пятраеў, радыст Д. — прарваўся ў заняты ворагам горад, 17 гадзін вёў бой, вызваліў 200 чал. ваеннапалонных. Экіпаж згарэў у танку. У Барысаве экіпажу танка пастаўлены помнік.

А.І.Данілаў.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАСАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,

падпарадкавальная сувязь, пры якой форма залежнага слова (кампанента) прыпадабняецца да формы галоўнага ў родзе, ліку і склоне. Грамат. паказчык Д. — канчатак; характэрная асаблівасць — змяненне формы асн. кампанента патрабуе адпаведных змяненняў у форме дапасаванага (напр., рыжы ліс, рыжага ліса і г.д). Адрозніваюць поўнае Д. (залежны кампанент цалкам дубліруе форму галоўнага і не мае самаст. грамат. значэння) і няпоўнае Д. (ахоплівае толькі асобныя формы галоўнага, напр., на станцыі «Маскоўская», з прафесарам Пятровай).

Т.​Р.​Рамза.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)