МІХЕ́ЕВА (Тамара Міхайлаўна) (н. 13.11.1938, в. Гарадзец Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі і альгалогіі. Д-рбіял.н. (1992). Скончыла БДУ (1960), працуе ў ім. Навук. Працы па таксанамічнай разнастайнасці альгафлоры Беларусі, прадукцыйных магчымасцях фітапланктону ў водных экасістэмах, змене структуры і асаблівасцей функцыянавання фітапланктону пры эўтрафаванні вод.
Тв.:
Пико- и нанофитопланктон пресноводных экосистем. Мн., 1998 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАСКУЛЬПТУ́РА (ад морфа... + скульптура),
адносна невял. формы рэльефу (яры, лагчыны, марэнныя грады, дзюны, карставыя паглыбленні і інш.), утвораныя пераважна экзагеннымі працэсамі; звычайна з’яўляюцца дэталямі морфаструктуры. Паводле працэсаў акумуляцыі і дэнудацыі адрозніваюць М., абумоўленую дзейнасцю водных патокаў, ледавікоў, ветру і інш. Падзяляецца на сучасную (адлюстроўвае існуючыя морфакліматычныя ўмовы) і рэліктавую, у якой захоўваецца палеазанальнасць. Пры стабільнасці фізіка-геагр. умоў, цыклічнасці іх характару развіваецца спадчынная М. На Беларусі пераважае рэліктавая ледавіковая М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДРА́НКА (Paris),
род кветкавых раслін сям. трыліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. чатырохлістая (P. quadrifolia). Трапляецца ў лясах, ярах, хмызняках.
М. чатырохлістая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з паўзучым карэнішчам. Сцябло прамастойнае. Лісце яйцападобнае або ланцэтнае, амаль сядзячае, сабранае ў кальчак у верхняй ч. сцябла. Кветка адзіночная, верхавінкавая. Плод — шызавата-чорная ягада, нагадвае вока вароны. Расліна лек.; ядавітая, асабліва ягады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДСКІ (Яўген Нікандравіч) (н. 25.12.1918, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Канд.мед.н. (1966). Засл. ўрач Беларусі (1968). Засл. работнік вышэйшай школы (1978). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1941), у 1954—90 працаваў у ім (у 1965—79 рэктар). Навук. працы па абязбольванні пры аперацыях на верхніх дыхальных шляхах і вуху, эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў, прафілактыцы ангін, хранічнага танзіліту і інш.
Тв.:
Научно-исследовательская работа студентов. Мн., 1989 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫЯ АПА́ДКІ,
вадкія і цвёрдыя ападкі, якія на працягу сутак выпадаюць адначасова або паслядоўна, пераходзяць з аднаго віду ў другі. Пры тэарэт. разліках М.а. лічаць толькі тыя, якія складаюцца з сумесі снежных камякоў (або ледзяных круп) з дажджавымі кроплямі. На Беларусі адзначаюцца з канца вер. да мая (11—13% ад агульнай сумы ападкаў за год). За год бывае 15—30 сутак з М.а., колькасць іх павялічваецца з Пд на Пн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАВІ́НА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася больш за 200 родаў, у т. л. Бжоскі, Гулевічы, Златніцкія, Язерскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранага мяча над сярэбранай кацельнай дужкай. Першапачатковы колер поля чырвоны. Клейнод — над прылбіцай з каронай сагнутая ў калене залатая нага ў засцерагальным узбраенні. Існуе варыянт герба з крыжам замест мяча. Герб вядомы з канца 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́ТКІ, календула (Calendula),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 20 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Цэнтр. Еўропе. На Беларусі культывуюць Н. лекавыя (C. officinalis) і палявыя (C. arvensis).
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя. Лісце простае, прадаўгавата-ланцэтнае. Кветкі жоўтыя або аранжавыя ў кошыках на доўгіх адзіночных кветаносах. З Н. лекавых атрымліваюць няшкодны харч. фарбавальнік жоўтага колеру для сыроў і тлушчу. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ЛЕНЧ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася каля 400 родаў, у т. л. Малахоўскія, Машынскія, Рачынскія, Чарнкоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай круглай павязкі, звязанай унізе (першапачаткова павязка не была звязанай). Клейнод — над прылбіцай з каронай жаночая постаць у чырв. сукенцы і з сярэбранай павязкай на галаве, трымаецца рукамі за аленевыя рогі. Вядомы з 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ НАСТА́ЎНІК СССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася высокапрафес. настаўнікам, выкладчыкам і інш. работнікам агульнаадукацыйных устаноў і інш. за заслугі ў пед. і выхаваўчай дзейнасці, за дасягненні ў працы, высокае прафес. майстэрства і ўдзел у грамадскім жыцці. Уведзена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 3.7.1979. Існавала да 1991 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕННЯВО́ДЧАЯ ГАСПАДА́РКА,
сельскагаспадарчае прадпрыемства па размнажэнні высакаякаснага насення раянаваных і перспектыўных сартоў і гібрыдаў с.-г. культур. Н.г. атрымлівае эліту насення з эксперым. баз, вучэбных ці элітных гаспадарак і вырошчвае насенне I—II рэпрадукцый для забеспячэння імі гаспадарак зоны ці раёна. На Беларусі больш за 500 Н.г. Для атрымання чыстагатунковага, здаровага і высокаўраджайнага насення ў Н.г. выкарыстоўваюць інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур, з улікам біял. асаблівасцей культуры і сорту.