збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш. Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,
міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,
адна са старажытных правасл.-хрысц. цэркваў. Узнікла ў пач. 4 ст., калі хрысціянства Грузіі стала дзярж. рэлігіяй. Да 5 ст. Грузінская праваслаўная царква была падначалена антыяхійскаму патрыярху, узначальваў яе архіепіскап. У 487 пасля абвяшчэння аўтакефаліі — каталікос, з 11 ст. — каталікос-патрыярх. Пасля далучэння Грузіі да Расіі Грузінская праваслаўная царква ў складзе рус.-правасл. царквы на правах экзархата (1811). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 груз. духавенства ліквідавала экзархат і абрала каталікоса-патрыярха, абвясціўшы аўтакефалію, што стала прычынай разрыву з Рус.правасл. царквой. У 1943 Маскоўская патрыярхія прызнала аўтакефалію Грузінскай праваслаўнай царквы. Мае адрозненні ад правасл. царквы ў літургічных правілах, асобныя літургічныя святы. Сучасная Грузінская праваслаўная царква мае 13 епархій, 10 манастыроў, 2 духоўныя школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НА ФО́РМУЛЫ,
формулы інтэгральнага злічэння, якія звязваюць паміж сабой інтэгралы розных тыпаў. Самая простая з іх, вядомая яшчэ Л.Эйлеру (1771), звязвае падвойны інтэграл па плоскай паверхні S з крывалінейным інтэгралам па яе мяжы L:
; яе фіз. сэнс: паток вадкасці, якая цячэ па плоскасці са скорасцю V(Q, -P) праз мяжу L, роўны інтэгралу ад інтэнсіўнасці (дывергенцыі) крыніц і сцёкаў, размеркаваных па паверхні S. Дзве інш. формулы, што звязваюць інтэгралы па аб’ёме і па паверхні, якая яго абмяжоўвае, апублікаваны Дж.Грынам у 1828 у сувязі з даследаваннямі па тэорыі патэнцыялу. Гл. таксама Астраградскага формула, Стокса формула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭГАРЫ́НЫ (Gregarinia),
падклас прасцейшых кл. спаравікоў. Больш за 150 родаў, 800—1000 відаў. Паразіты кішэчніка і поласці цела насякомых, кольчатых чарвей, ігласкурых, абалоннікаў. Найб. вядомыя: грэгарына ўзброеная (Corycella armata), грэгарына прусаковая (Gregarina blattarum), грэгарына паліморфная (G. polimorpha).
Даўж. цела 10 мкм — 16 мм, падзяляецца на 3 аддзелы: пярэдні — эпімерыт, якім грэгарыны прымацоўваюцца да сценак кішэчніка гаспадара, сярэдні — протамерыт і задні — дэйтамерыт. Рухаюцца за кошт скарачэння мускульных фібрыл або слупка слізі на заднім канцы. Большасць размнажаецца палавым шляхам, ёсць і бясполае размнажэнне. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюць усёй паверхняй цела. Мяркуюць, што некат. грэгарыны — узбуджальнікі інвазійнай хваробы пчол (грэгарынозу).
Грэгарыны: а — узброеная, б — прусаковая (1 — эпімерыт; 2 — протамерыт; 3 — дэйтамерыт; 4 — ядро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭМ, Грэхем (Graham) Томас (20.12.1805, г. Глазга, Вялікабрытанія — 11.9.1869), англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў калоіднай хіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1836). Скончыў ун-т у Глазга (1826), дзе і працаваў з 1829 (з 1830 праф.). У 1837—55 у Лонданскім універсітэцкім каледжы, з 1854 дырэктар Манетнага двара. Навук. працы па даследаванні дыфузіі газаў і калоіднай хіміі. Устанавіў, што скорасць дыфузіі газу адваротна прапарцыянальная кораню квадратнаму з яго шчыльнасці (закон Грэма, 1829), а таксама наяўнасць унутр. трэння ў газах. Даказаў многаасноўнасць фосфарных кіслот (1833). Упершыню даследаваў золі (калоідныя сістэмы) і ўвёў тэрмін «калоід». Выявіў з’явы дыялізу і осмасу.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСА́Ч, марона,
мірон (Barbus barbus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў многіх рэках Еўропы. На Беларусі ёсць у рэках бас. Нёмана, Дняпра і Зах. Буга; жыве на ўчастках рэк з галечным і камяністым грунтам і хуткай плынню; занесены ў Чырв. кнігу. Мясц. назвы: на Дняпры — мірон, радзей марэна, марона, на Нёмане — келб, або марскі келб.
Даўж. 40—60, часам да 90 см, маса 2—3, зрэдку да 10 кг. Цела доўгае, амаль цыліндрычнае, спінка зеленавата-жаўтаватая, аліўкава-зялёная, брушка белаватае, бураватае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія чырванаватыя. На рыле 4 вусікі (адсюль назва). Корміцца чарвямі, лічынкамі насякомых, малюскамі, ракападобнымі, воднымі раслінамі. Мяркуюць, што ікра ядавітая. Каштоўны прамысл. від.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЦКІ (Леў Сямёнавіч) (17.11.1896, г. Орша Віцебскай вобл. — 11.6.1934),
псіхолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1919—23 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім ін-це эксперым. псіхалогіі, потым у заснаваным ім Ін-це дэфекталогіі. Даследаваў грамадскую, дзіцячую, пед. і клінічную псіхалогію. Крытычна прааналізаваў тагачасныя філас. і псіхал. канцэпцыі («Сэнс псіхалагічнага крызісу», рукапіс, 1926). У кн. «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930—31, апубл. 1960) выклаў культ.-гіст. тэорыю развіцця псіхікі. Вывучаў таксама структуру свядомасці («Мысленне і мова», 1934), якую лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прадпрыемства (дзяржаўнае, грамадскае, кааператыўнае ці прыватнае), што ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск (выданне) кніг, газет, часопісаў, нот, плакатаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі. На Беларусі працуюць (1996) 1273 выдавецтвы, прадпрыемствы і арг-цыі з правам выдавецкай дзейнасці. Сярод іх 13 дзярж. выдавецтваў (бланкавыдавецтва «Белбланкавыд», «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, «Беларускі Дом друку», «Беларусь», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Міжвыдавецкі фотацэнтр», «Навука і тэхніка», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва»), 603 пры прадпрыемствах і арг-цыях з калект. формай уласнасці, 114 пры прыватных прадпрыемствах і арг-цыях, 56 пры грамадскіх арг-цыях, 27 пры НДІ, 26 пры навуч. установах, 20 пры рэліг. арг-цыях і інш. Пра выдавецтвы, якія дзейнічалі на Беларусі, гл. ў арт.Выдавецкая справа.