ЛЯШЧЫ́НСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). За 250 м на ПнЗ ад в. Ляшчынск Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун ружавата-шэрага дробназярністага граніту з уключэннямі крышталёў мінералаў цёмнага колеру (слюды). Даўж. 4 м, шыр. 3,4 м, выш. 0,8 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 10,7 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙНІК (Maianthenum),

род кветкавых раслін сям. лілейных. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — М. двухлісты (M. bifolium). Трапляецца на сухой пясчанай глебе ў хваёвых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см з тонкім паўзучым карэнішчам. Сэрцападобнае лісце (2—3) у верхняй ч. сцябла, чаргаванае, збліжанае. Кветкі дробныя, белыя, духмяныя, у верхавінкавай гронцы. Плод — чырв. ягада, ядомая. Лек. расліны.

Майнік двухлісты.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 21.11.1928, г. Цвер, Расія),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Калінінскі пед. ін-т (1949). З 1964 працуе ў Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1964—70 прарэктар, у 1990—95 рэктар). Аўтар прац па раманскім мовазнаўстве, франц. культуры: «Праблемы лексіка-семантычнай дыферэнцыяцыі раманскіх моў» (1972), «Аўтографы лёсу» (1993). У 1978—84 Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РЫЧАЎ (Міхаіл Іванавіч) (2.6.1919, в. Гуляеўка Сурскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 10.7.1991),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-лейт. (1971). Скончыў Сумскае артыл. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). З 1941 на Паўд.-Зах., Данскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір процітанк. артыл. палка М. вызначыўся ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. Да 1976 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НДЗІН (Герман Капітонавіч) (15.12.1894, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 27.10.1961),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1948). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1941 нач. штаба Зах. фронту і войск Зах. напрамку, нам. нач. штаба Зах. фронту. З ліст. 1941 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба. З 1943 на фронце Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НІЯ (Molinia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.

Малінія блакітная.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ (Анатоль Андрэевіч) (н. 10.3.1937, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1966 у Мінскай абл. клінічнай бальніцы (у 1970—97 заг. Рэсп. цэнтра сасудзістай хірургіі). Навук. працы па сасудзістай хірургіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Хирургическое лечение осложненного истинного варикоза нижних конечностей с коррекцией перфорантных вен (разам з І.​Б.​Аляшкевічам, М.​М.​Хомчанкам) // Заболевания сосудов нижних конечностей. Гродно, 1970.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКІ́ЙСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1997). За 400 м на ПнЗ ад в. Мацкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун граніту сярэднезярністага з кварцава-палевашпатавымі жылкамі таўшчынёй да 3—5 см. Даўж. 3,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,1 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём бачнай часткі 12,8 м³, маса каля 34 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАНІ́Т (ад грэч. mylōn млын),

зборная назва розных паводле саставу і генезісу горных парод, раздробленых у зонах тэктанічных парушэнняў. Першасныя горныя пароды пры перамяшчэнні па разломе пераціраюцца, сціскаюцца, робяцца больш шчыльныя, дробназярністыя; мінералы ў іх набываюць лінейнае арыентаванне, утвараючы характэрную міланітавую (тонкаслаістую) структуру. У выніку працэсаў дынамаметамарфізму, якія часта ўзнікаюць пры такіх абставінах, М. ператвараецца ў сланцаватую метамарфічную пароду (бластаміланіт). На Беларусі зоны міланітызацыі часта трапляюцца ў пародах крышт. фундамента.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНУ́ШКІ (Chrysosplenium),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 55 відаў. Пашыраны ў нетрапічных абласцях Паўн. паўшар’я і ва ўмераным поясе Паўд. Амерыкі. На Беларусі М. звычайныя (Ch. alternifolium, нар. назвы грыжавая трава, пухлінавая трава, залацянка, сабачая мята) трапляюцца ў вільготных і забалочаных месцах, па берагах рэк.

Шматгадовыя травы. Лісце чаргаванае ці супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі дробныя, зеленаватыя або жаўтаватыя ў шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Мінушкі звычайныя.

т. 10, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)