АСУШЭ́ННЕ,

адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.

Асушэнне рабілі за 3 тыс. г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс. г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.

У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн. га (1994), з іх 2,8 млн. га с.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).

Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.

Літ.:

Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;

Аношко В.С. Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978.

Б.​Я.​Кухараў.

Да арт. Асушэнне: пракладка асушальнага канала (злева); укладка керамічнага дрэнажу.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ СІСТЭ́МА КІРАВА́ННЯ (АСК),

сістэма, заснаваная на комплексным выкарыстанні тэхнічных, матэматычных, інфармацыйных і арганізацыйных сродкаў кіравання складанымі тэхн. і эканам. аб’ектамі (напр., прадпрыемствамі), частку функцый кіравання ў якой выконвае чалавек; адзін з кірункаў аўтаматызацыі вытворчасці. Распрацоўка і ўкараненне АСК абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення сістэмы кіравання і планавання нар. гаспадаркі і павышэннем эканам. эфектыўнасці вытв-сці. У залежнасці ад аб’екта кіравання бываюць АСК тэхнал. працэсамі (АСКТП) і аўтаматызаваныя сістэмы арганізацыйнага кіравання (АСАК) розных класаў: кіравання прадпрыемствамі, галіновыя, тэрытарыяльныя, спецыялізаваныя і інш.

Асн. функцыі АСАК: планаванне вытворча-эканам. дзейнасці, аператыўнае кіраванне вытв-сцю, арганізацыя матэрыяльна-тэхн. забеспячэння і збыту прадукцыі, кантроль якасці і інш. АСКТП вырашаюць задачы выканання тэхналогіі вытв-сці вырабаў, тэхнал. рэжымаў, правілаў эксплуатацыі абсталявання, правілаў бяспекі і інш.; забяспечваюць прынцып спецыялізацыі вытв-сці. АСКТП уздзейнічае на кіроўныя аб’екты ў тым жа тэмпе, што і тэхнал. працэсы, якія ў іх працякаюць, і кіруе сістэмай як адзіным цэлым (яе тэхн. і праграмныя сродкі ўдзельнічаюць у распрацоўцы кіроўных рашэнняў). Аб’яднаныя АСКТП і АСАК утвараюць інтэграваныя АСК. Пры стварэнні і выкарыстанні АСК выкарыстоўваюцца экстрэмальныя мадэлі, матэматычнае праграмаванне, дынамічнае праграмаванне, сеткавае планаванне, статыстычныя мадэлі і інш.

На Беларусі першая АСК укаранёна на Мінскім трактарным з-дзе (1966). Работы па тэарэт. праблемах АСК праводзяцца ў БДУ, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі; па стварэнні і ўкараненні ў вытворчасць — навукова-вытв. аб’яднанні «Цэнтрасістэма».

Літ.:

Автоматизация управления. М., 1984;

Технические средства управления в АСУ. М., 1985;

АСУ сегодня и завтра. Мн., 1988;

АСУ на промышленном предприятии: Методы создания: Справ. 2 изд. М., 1989.

Г.​В.​Рымскі, Р.​С.​Сядзегаў.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТА́ВА (італьян. ottava ад лац. octava восьмая) у акустыцы, пазасістэмная безразмерная адзінка частотнага інтэрвалу. Абазначаецца — акт. 1 акт. — інтэрвал паміж дзвюма частотамі, лагарыфм адносіны якіх пры аснове 2 роўны адзінцы, што адпавядае адносіне верхняй гранічнай частаты да ніжняй гранічнай частаты, роўнай 2.

У музыцы, 1) восьмая ступень дыятанічнага гукарада. Мае аднолькавую назву з зыходнай, аднародная з ёю ў гучанні, але адрозніваецца вышынёю.

2) Самы нізкі па вышыні з абертонаў, якія ўваходзяць у склад кожнага гуку; лічбы ваганняў актавы і зыходнага гуку суадносяцца як 2:1.

3) Частка муз. гукарада, якая ўключае 7 асн. ступеняў дыятанічнага гукарада ці 12 гукаў (паўтонаў) храматычнай гамы ад «до» да «сі». Усяго ў муз. гукарадзе 7 поўных і 2 няпоўныя актавы: субконтрактава (3 верхнія гукі — A2, B2, H2), контрактава, вялікая, малая, 1-, 2, 3, 4, 5-я (адзін ніжні гук — C​5) актавы. Найб. поўнае ўяўленне пра падзел гукавой шкалы на актавы дае клавіятура фп. (гл. рыс.).

4) Інтэрвал, які ахоплівае 8 ступеняў дыятанічнага гукарада і складаецца з 6 цэлых тонаў.

5) Назва самага нізкага баса (актавіст) у практыцы харавых спеваў.

У паэзіі — васьмірадковая страфа з цвёрдым спалучэннем рыфмы: першыя 6 радкоў аб’яднаны дзвюма перакрыжаванымі рыфмамі, а 2 апошнія — сумежнымі (АбАбАбвв), з чаргаваннем мужчынскіх і жаночых клаўзул. Узнікла ў італьян. нар. паэзіі, росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння (Л.​Арыёста, Т.​Таса, Л.​Камоэнс). Актавай напісаны «Дон Жуан» Дж.​Байрана, «Домік у Каломне» А.​Пушкіна. У бел. паэзіі да актавы ўпершыню звярнуліся Я.​Купала («Спроба актавы») і М.​Багдановіч («Актава»).

Да арт. Актава.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),

грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц. адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.​Б.​Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз. к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.

Літ.:

Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;

Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

Т.Ваўжэцкі.

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́НДЖАННЕ,

спосаб апрацоўкі харч. прадуктаў (пераважна сала, мяса, рыбы, сыру) для павышэння стойкасці пры доўгім захоўванні і надання ім спецыфічных смакавых якасцей; адзін са спосабаў кансервавання. Заснаваны на бактэрыцыдным і бактэрыястатычным дзеянні дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей і парашкоў. Разнавіднасці вэнджання — абсмажванне і запяканне ў дыме.

Прамысл. вэнджанне робіцца ў спец. вяндлярных прыстасаваннях дымам ад няпоўнага згарання драўніны ліставых парод: халоднае пры т-ры 18—22 °C працягласцю прыблізна 3—7 сутак (мясных прадуктаў) і 20—40 °C працягласцю 0,5—3 сутак (рыбных); гарачае пры т-ры 35—50 °C на працягу 12—48 гадз і 80—160 °C на працягу 0,5—6 гадз. Пры мокрым вэнджанні вяндлярныя вадкасці наносяць на прадукты, дадаюць у фарш (пры вырабе каўбас) або ў сумесь для салення (пры вырабе вяндліны) Выкарыстоўваецца і эл. (паскораны) спосаб вэнджання, пры якім іанізаваныя токам часцінкі дыму накіравана рухаюцца ў эл. полі высокага напружання і асядаюць на паверхні прадуктаў. На Беларусі здаўна свіныя лапаткі, кумпякі, каркавіну, каўбасы вэндзілі ў дамашніх вяндлярнях, комінах, лазнях, ёўнях. На паліва ішлі трэскі, стружкі, пілавінне дубу, вольхі, клёну, ясеню, каштану, яблыні, грушы. Каб надаць вяндліне прыемны пах, палілі ядловец (з іголкамі і шышкаягадамі), ельнік з шышкамі.

К.​В.​Фамічэнка.

Бытавое вэнджанне: а — у драўлянай бочцы без дна (1 — грунт, 2 — цэгла, 3 — мешкавіна, 4 — вешала з прадуктамі, 5 — падтопак); б — у трубе (1 — газавая гарэлка, 2 — цэгла, 3 — пілавінне для дымаўтварэння, 4 — фольга з адтулінамі); в — у цаглянай вяндлярні (1, 4 — засаўкі, 2 — перакладзіна з вешаламі, 3 — жалезны ліст для раўнамернага размеркавання дыму, 5 — печка, 6 — паддон з тлеючым пілавіннем).

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР РАСІ́І, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі,

тэатр оперы і балета; адзін з цэнтраў рускай і сусв. музычна-тэатр. культуры. Засн. ў 1776 у Маскве на базе трупы, створанай антрэпрэнёрам М.​Медоксам і кн. П.​В.​Урусавым. Спектаклі даваліся ў доме графа Р.​І.​Варанцова, з 1780 — у будынку на вул. Пятроўка (наз. Пятроўскі т-р), з 1824 — у сучасным будынку (арх. В.​Бавэ, паводле праекта А.​Міхайлава; рэканструяваны ў 1856, арх. А.​К.​Кавас). Напачатку ставіліся замежныя і першыя рус. оперы і балеты, пазней — шэдэўры сусв. класікі і сучасных кампазітараў. З пач. 20 ст. сусв. прызнанне атрымала рус. вакальная (Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Л.Собінаў і інш.) і балетная (К.Гельцэр, А.Горскі і інш.) школы, звязаныя з дзейнасцю Вялікага тэатра Расіі. З 1919 акадэмічны. У 1924—59 у памяшканні б. Опернага т-ра Зіміна працаваў філіял Вял. т-ра, у 1961—89 спектаклі ішлі і ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі Палац). У розныя гады ў т-ры працавалі: дырыжоры М.Галаванаў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў; спевакі В.Барсава, Н.Абухава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, І.Архіпава, Г.Вішнеўская, У.Атлантаў, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, І.Сіняўская, Т.Мілашкіна, Б.Рудэнка, Ю.Гуляеў, А.Вядзернікаў, Ю.Мазурок; салісты балета Г.Уланава, Я.Лепяшынская, М.Сямёнава, М.Плісецкая, Н.Бяссмертнава, К.Максімава, У.Васільеў, М.Ліепа, В.Гардзееў, Н.Сямізорава, Н.Ананіяшвілі; рэжысёры Л.​Баратаў, Б.Пакроўскі; балетмайстры Л.Лаўроўскі, Ю.Грыгаровіч, мастакі В.​Рындзін, В.​Левенталь і інш. Маст. кіраўнік — дырэктар т-ра У.​Васільеў (з 1995). У 1920—60-я г. пры т-ры працавала Маскоўскае харэагр. вучылішча.

Літ.:

Грошева Е. Большой театр СССР в прошлом и настоящем. М., 1962;

Сегодня на сцене Большого театра, 1776—1976: К 200-летию Большого театра: [Сб. ст.]. М., 1976.

Вялікі тэатр Расіі.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ ((Garibaldi) Джузэпе) (4.7.1807, г. Ніцца, Францыя — 2.6.1882),

нацыянальны герой Італіі, адзін з гал. дзеячаў Рысарджымента. Генерал (1849). З 14-гадовага ўзросту плаваў на караблі бацькі, потым служыў на флоце Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1832 пазнаёміўся з Дж.Мадзіні. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання мадзіністаў у Генуі завочна прыгавораны да пакарання смерцю (1834). Эмігрыраваў у Паўд. Амерыку. У Браз. імперыі ўдзельнічаў у барацьбе рэспубліканцаў з манархістамі (узначальваў флатылію паўстанцаў рэспублікі Рыу-Гранды), у т.зв. Вялікай вайне 1839—52 Аргенціны супраць незалежнага Уругвая ў складзе уругвайскіх войск камандаваў італьян. легіёнамі. Вярнуўся ў пач. Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. На чале атрадаў валанцёраў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1848—49. Ініцыятар стварэння Рымскай рэспублікі 1849. Пасля яе падзення, не здолеўшы прабіцца на дапамогу Венецыі, з вял. стратамі дасягнуў П’емонта, адкуль высланы ўладамі. З 1849 жыў у Амерыцы. У 1854 вярнуўся ў Італію. У час Аўстра-італа-франц. вайны 1859 камандаваў добраахвотніцкім корпусам альпійскіх егераў. У час Рэвалюцыі 1859—60 у Італіі ўзначальваў паход «Тысячы». На чале корпуса добраахвотнікаў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1866. У 1862 і 1867 намагаўся ўзбр. шляхам вызваліць Рым ад панавання папы. Па просьбе часовага рэв. ўрада Францыі ўзначаліў Вагезскую армію ў франка-прускую вайну 1870—71. Пасля 1871 жыў на в-ве Капрэра, дзе і памёр Яго імем наз. батальён італьян. інтэрнацыяналістаў, які ўдзельнічаў у Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 (гл. Гарыбальдзі батальён), і італьян. партыз. атрады ў 2-ю сусв. вайну (гл. Гарыбальдзійскія брыгады).

Тв.:

Рус. пер. — Мемуары. М., 1966.

У.​Я.​Калаткоў.

Дж.Гарыбальдзі.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІЙ (лац. Helium),

He, хімічны элемент VII групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 2, ат. м. 4,0026. Прыродны гелій складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​4He (99,999862%) і ​3He. Належыць да інертных газаў. Адзін з найб. пашыраных элементаў космасу (2-і пасля вадароду). Адкрыты ў 1868 астраномамі Ж.​Жансэнам і Н.​Лок’ерам у спектры сонечнай кароны (назва ад грэч. helios — Сонца). У атмасферы 5,27∙10​−4% па аб’ёме (​4He утвараецца пры α-распадзе радыенуклідаў торыю, урану і інш. элементаў). Ядры ​4He — альфа-часціцы. Гелій маюць некат. прыродныя газы (да 2% па аб’ёме) і мінералы. Вылучаны ў 1895 У.Рамзаем з мінералу клевеіту.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -268,39 °C (самая нізкая сярод вадкасцей), шчыльн. 0,17847 кг/м³ (0 °C). Адзіны элемент, які не цвярдзее пры нармальным ціску нават пры т-ры, блізкай да 0 К, tпл -271,25 °C (ціск 3,76 МПа). Горш за інш. газы раствараецца ў вадзе, характарызуецца выключнай хім. інертнасцю. У прам-сці атрымліваюць з газаў прыродных гаручых метадам глыбокага ахаладжэння. Выкарыстоўваюць пры зварцы, рэзцы металаў, перапампоўванні ракетнага паліва, у вытв-сці цеплавыдзяляльных элементаў, паўправадніковых матэрыялаў (у якасці ахоўнага асяроддзя), у аэранаўтыцы, для кансервацыі харч. прадуктаў і інш. Гелій вадкі — квантавая вадкасць. Пры т-ры 2,17 К (-270,98 °C) і ціску пары 0,005 МПа (т.зв. λ-пункт) у вадкім ​4He (бозэ-вадкасць) адбываецца фазавы пераход другога роду (ад He I да He II). He I бурна кіпіць ва ўсім аб’ёме, He II — спакойная вадкасць, якой уласціва звышцякучасць. Выкарыстоўваюць у крыягеннай тэхніцы як холадагент, вадкі ​3He — адзінае рэчыва для вымярэння т-ры ніжэй за 1 К.

В.​Р.​Собаль.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.​Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.​Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛІЗ (ад грэч. glykys салодкі + ...ліз),

адзін з цэнтральных шляхоў расшчаплення глюкозы з цукроў ці поліцукроў у жывёльных, раслінных і многіх бактэрыяльных клетках; ферментатыўны анаэробны працэс негідралітычнага распаду вугляводаў (пераважна глюкозы) да малочнай к-ты. Адыгрывае значную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў, забяспечвае клеткі энергіяй ва ўмовах недахопу кіслароду, а ў аэробных умовах з’яўляецца стадыяй, якая папярэднічае дыханню. У гліколізе адзначаюць 3 этапы (гл. схему). На 1-м этапе (рэакцыі 1—4) малекула глюкозы пераўтвараецца ў 2 малекулы гліцэральдэгід-3-фасфату (з выкарыстаннем 2 фасфатных груп і энергіі, якая выдзяляецца пры гідролізе адэназінтрыфасфату — АТФ). На 2-м этапе (рэакцыі 5, 6) альдэгідная група кожнай з 2 малекул гліцэральдэгід-3-фасфату акісляецца да карбаксільнай, а энергія, якая пры гэтым выдзяляецца, ідзе на сінтэз АТФ з адэназіндыфасфату (АДФ) і неарганічнага фасфату, адначасова адбываецца аднаўленне нікацінамідадэніндынуклеатыду (НАД) да нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ). На 3-м этапе (рэакцыі 7—9) 2 малекулы фасфату, якія далучыліся да цукру на 1-м этапе, пераносяцца назад на АДФ, у выніку чаго ўтвараецца АТФ і кампенсуюцца затраты АТФ на 1-м этапе. Сумарны выхад энергіі пры гліколізе зводзіцца да сінтэзу 2 малекул АТФ (на 1 малекулу глюкозы), якія ўтварыліся ў рэакцыях 5 і 6. У большасці клетак жывёл піруват, які ўтвараецца пры гліколізе, поўнасцю акісляецца ў мітахондрыях да CO2 і H2O. У анаэробных арганізмаў і тканках (шкілетныя мышцы) гідроліз — асн. крыніца клетачнага АТФ. Малекулы пірувату, застаючыся ў цытазоле, могуць пераўтварацца ў залежнасці ад віду арганізма ў лактат (у мышцах, некат. мікраарганізмах) або ў этанол + CO2 (у дражджах, гл. Браджэнне).

А.​М.​Ведзянееў.

Схема гліколізу.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)