БУ́ФЕРНЫЯ РАСТВО́РЫ,

растворы, якія падтрымліваюць пастаяннае значэнне вадароднага паказчыка (pH), акісляльна-аднаўляльнага патэнцыялу ці інш. характарыстык пры змяненні саставу ці канцэнтрацыі. Найб. пашыраны водныя кіслотна-асноўныя буферныя растворы: растворы слабай к-ты ці асновы са сваёй соллю, напр. воцатнай к-ты CH3COOH і яе натрыевай солі CH3COONa. Значэнне pH гэтых раствораў амаль не мяняецца пры змяненні канцэнтрацыі яго кампанентаў або пры дабаўленні невял. колькасці моцнай к-ты ці шчолачы. Выкарыстоўваюцца ў хім. аналізе для правядзення рэакцый пры пэўных значэннях pH. Буферныя растворы адыгрываюць важную ролю ў жывых арганізмах (напр., у крыві пастаянства pH падтрымліваецца буферны раствор з карбанатаў і фасфатаў) і ў захаванні ўрадлівасці глебы (гл. Буфернасць глебы).

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВЫ́Я АДХО́ДЫ,

разнастайныя паводле складу і фіз.-хім. уласцівасцяў рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці чалавека. Падлягаюць выдаленню або ліквідацыі для папярэджання забруджвання навакольнага асяроддзя. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў бытавых адходаў з’яўляюцца крыніцай біятычнага, механічнага, хім. і інш. відаў забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршаюць яго сан.-эпідэміялагічныя, аздараўленчыя і эстэт. вартасці. Нейтралізацыя адмоўнага ўплыву бытавых адходаў звязана з распрацоўкай спосабаў іх выкарыстання як сыравіны і крыніцы энергіі для розных галін нар. гаспадаркі (напр., харч. адходы як другасныя кармы для жывёлы, рэшткі металу і паперы — сыравіна для другаснай іх вытворчасці і інш.). Ствараюцца цэнтралізаваныя сістэмы выдалення і апрацоўкі вадкіх і цвёрдых бытавых адходаў (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1659.

Адбывалася ў маі—снежні 1659 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 супраць рас. войска. У пач. 1657 пасля 18-месячнай аблогі рас. войскі з казакамі І.​Нячая штурмам захапілі Быхаў. У 2-й пал. 1658 Нячай здрадзіў цару і перайшоў на бок Яна II Казіміра. Сваёй рэзідэнцыяй ён зрабіў Стары Быхаў. Войска рас. ваявод Змеева і Лабанава-Растоўскага 14.5.1659 падышло да горада і пачало яго новую аблогу, якая працягвалася да 4 снеж. і скончылася начным штурмам. Поспеху штурму садзейнічала здрада членаў гар. магістрата і каменданта Быхаўскага замка немца Шульца. Шмат было забіта абаронцаў замка, у т. л. Нячай, знішчана палонная шляхта. У адбудаваным замку размясціўся рас. гарнізон.

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ТА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца пры бэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.

Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗЗУ́БЫЯ КІТЫ́, вусатыя кіты (Mysticeti),

падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 3 сям.: гладкія кіты (Balaenidae), шэрыя кіты (Eschrichtiidae), паласацікавыя (Balaenopteridae). 10—11 відаў. Найб. вядомыя блакітны кіт, сейвал, фінвал, грэнландскі (палярны) кіт, паўднёвы, шэры, малы паласацік, гарбач. Пашыраны ў Сусветным акіяне. Мігрыруюць.

Даўж. да 33 м, маса да 160 т. Самкі большыя за самцоў. Зубы закладваюцца, але рассыпаюцца ў зародку; замест іх у верхняй сківіцы развіваюцца рагавыя пласціны (180—400 пар), вядомыя пад назвай кітовы вус. Праз яго кіт адцэджвае з вады дробных жывёлін (малюскаў, ракападобных, дробную рыбу), якімі корміцца. Нешматлікія. Колькасць скарачаецца. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў.

Бяззубыя кіты: 1 — малы паласацік; 2 — паўднёвы; 3 — грэнландскі; 4 — шэры; 5 — гарбач.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРСЕ́НЕЎ (сапр. Паўлішчаў) Іван Мікалаевіч

(23.4.1889, Масква — 25.12.1951),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1907—08). Працаваў у МХТ (з 1911), МХАТ 2-м (1924—36, з 1928 маст. кіраўнік). З 1938 гал. рэж. Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола. З 1939 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Яго рэжысёрскія і акцёрскія работы вызначаліся высокай культурай. Сярод пастановак: «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Так і будзе» (1944) К.​Сіманава, «Фронт» А.​Карнейчука (1942), «За тых, хто ў моры» Б.​Лаўранёва (1947). З роляў: Гельмер («Нора» Г.​Ібсена), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.​Растана) і інш. Здымаўся ў кіно («Маці», «Вялікі грамадзянін»).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН (Міхаіл Паўлавіч) (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),

дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 1823 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.​І.​Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НСА ((Wałęsa) Лех) (н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялогу і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.

Л.Валенса.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, ацэтылцэлюлоза,

вытворныя цэлюлозы (воцатнакіслыя эфіры) формулы [C6H7O2(OH)3-x (OCOCH3)x] n; тэрмапластычныя палімеры. Мал. м. 25—115 тыс., 52—61,5% звязанай воцатнай кіслаты, т-ра размякчэння 190—210 °C, шчыльн. (1,29—1,33)∙10​3 кг/м³, нерастваральныя ў вадзе, спірце. Ацэтат цэлюлозы, які мае 60—61,5% воцатнай кіслаты (трыацэтат), у тэхніцы наз. першасным, пры яго частковым гідролізе ўтвараецца другасны ацэтат цэлюлозы з колькасцю воцатнай кіслаты 52—58%. Ацэтаты цэлюлозы няўстойлівыя да разбаўленых кіслот і шчолачаў, маюць добрыя валокна- і плёнкаўтваральныя ўласцівасці. Трыацэтат атрымліваюць апрацоўкай бавоўнавай ці драўніннай цэлюлозы воцатным ангідрыдам, другасны — амыленнем трыацэтату водным растворам воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ацэтатнага валакна, электраізаляцыйных плёнак і кінаплёнак, пластмасаў (напр., этролы).

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БАЧКІН (Барыс Андрэевіч) (18.1.1904, г. Саратаў — 17.7.1975),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1963). Герой Сац. Працы (1974). Праф. (1966). Вучыўся ў маскоўскай студыі «Маладыя майстры» (1920—21). У 1948—75 (з перапынкам) у Малым т-ры ў Маскве. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць вызначалі разнастайнасць фарбаў, тонкі, лірычны настрой. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна), Улас («Дачнікі» М.​Горкага) і Іванаў (аднайм. п’еса А.​Чэхава, рэжысёр абодвух). Здымаўся ў кіно: Чапаеў (аднайм. фільм), Андрэй («Сяброўкі»), у т. л. на кінастудыі «Савецкая Беларусь»: Мікуліч («Вяртанне Нейтана Бекера»), Дубовік («Двойчы народжаны»), Макар Бобрык («Першы ўзвод»). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951, 1977.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)