АКМЕІ́ЗМ (ад грэч. akme найвышэйшая ступень чаго-н., росквіт),
мадэрнісцкая плынь у рас. паэзіі 1910-х г. Супрацьпастаўляўся сімвалізму з яго адрывам ад рэальнага жыцця і імкненнем да містычнага, незразумелага. Сярод тэарэтыкаў і прыхільнікаў акмеізму — М.Гумілёў («Спадчына сімвалізму і акмеізм», 1913), С.Гарадзецкі («Некаторыя плыні ў сучаснай рускай паэзіі», 1913), В.Мандэльштам, Г.Ахматава і інш., якія дэкларавалі канкрэтна-пачуццёвае ўспрыняцце і адлюстраванне свету, паэтызавалі мінулую культуру і біял. пачатак у чалавеку (адсюль другая назва акмеізму — адамізм, ад імя Адам), выступалі за вяртанне слову яго першапачатковага, не сімвалічнага, сэнсу. Акмеісты аб’ядналіся ў «Цэх паэтаў» (1911 — 14; 1920—22), выдавалі час. «Гиперборей» (1912—13), альманахі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп.г. Аасія),
1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).
2) Свабодны ад лёду ўчастак ў Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Бу Вялікую Айчынную вайну,
кіруючыя парт. органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Мінскі (з 1941), Віцебскі, Пінскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Магілёўскі і Палескі (з 1943). Узначальвалі дзейнасць падп. 11 міжрайкомаў, 6 міжрайпартцэнтраў, 8 гаркомаў, 2 гаркомаў-райкомаў, 166 райкомаў КП(б)Б (у т. л. 5 райкомаў г. Мінска), якія аб’ядноўвалі больш за 1200 пярвічных парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях і 184 тэр.падп.парт. арг-цыі, больш за 35 тыс. камуністаў. Дыслацыраваліся ў зонах буйных партыз. фарміраванняў. Мелі друкаваныя органы (гл. ў арт.Друк падпольны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БРЫС (ад ням. Abriß чарцёж, план),
контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіі — схематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.
2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх.праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.
3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл.Контур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕРВА́ЦЫЯ,
1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.
рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1974), нар.арт.СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т імя А.М.Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм.т-ра імя В.Ф.Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.К.Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),
распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РТМАНЕ ((Artmane) Вія) (сапр.Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),
латышская актрыса. Нар.арт.СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РНЫЯ МУЗЕ́І.
Вывучаюць, збіраюць, экспануюць, прапагандуюць і папулярызуюць помнікі нар. дойлідства, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру народаў і краін.
Архітэктурныя музеі часта маюць форму т.зв. паркаў-музеяў або музеяў пад адкрытым небам, дзе сабраны звезеныя з розных рэгіёнаў помнікі нар. драўлянага дойлідства [навукова-даследчы архітэктурны музей імя А.В.Шчусева ў Маскве (1964), «Скансен» у Стакгольме, Латвійскі этнагр. музей пад адкрытым небам, Музей нар. побыту Літвы, Дзярж. музей нар. архітэктуры Украіны, Львоўскі музей нар. дойлідства і побыту, Музей нар. дойлідства і побыту Грузіі і інш.]. На Беларусі з 1970 дзейнічае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),
1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.
2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.